Марзалюк: што рабіць з тэзісам, нібыта назва «Беларусь» прыдумана ў Маскве ды прымусова нам накінута?
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Чаго толькі не пачуешь пра назву нашай краіны, нашай дзяржавы і нашага народа, пра Беларусь. Ёсць такія «спецыялісты», якія лічаць, што яна ўвогуле для нас не ўласцівая, што нібыта расійцы для нас яе прыдумалі, з Масквы прывезлі. Ну а як было на самай справе? Спачатку тэзісна.
Тэрмін «Русь» ды вытворныя ад яго тэрміны «рускія», «русіны», прынамсі з сярэдзіны XII – пачатку XIII стагоддзя, выкарыстоўвалі нашы з вамі продкі. Менавіта тыя, хто спавядаў праваслаўе. На тэрыторыі ж сучаснай Гродненскай вобласці, захадзе Мінскай і Віцебскай абласцей у той самы час жылі паганцы (язычнікі) – балты, продкі сучасных літоўцаў. Іх яшчэ аўкштайтамі ці верхнімі літоўцамі ў навуковай літаратуры завуць. Яны першапачаткова гаварылі на балцкіх дыялектах, блізкіх да сучасных літоўскіх.
Менавіта іх разам з іншымі балтамі хрысцілі ў каталіцызм Ягайла і Вітаўт у XIV стагоддзі. З цягам часу, пад уздеяннем сваіх праваслаўных суседзяў, яны моўна асіміляваліся і пачалі гаварыць па-беларуску. Працэс гэты быў доўгі, расцягнуты на стагоддзі. Мы з вамі – беларусы. Большая частка з нас з’яўляецца спадкаемцамі Русі Літоўскай (ці Белай Русі), гэта значыць – усходнеславянскай Русі або русінаў праваслаўнага веравызнання, меншая ж – спадкаемцы літвінаў, рыма-католікаў. Гэтыя літвіны сталі пераходнай этнічнай катэгорыяй, якая паступова асімілявалася ў моўным і ментальным планах.
А што ж рабіць з тэзісам аб тым, нібыта назва «Беларусь» прыдумана ў Маскве ды прымусова нам накінута? Адкажам для пачатку лаканічна – хлусня. І паспрабую на фактах вас у гэтым пераканаць. На самай справе азначэнне «Белая Русь» з’явілася як раз у лацінамоўнай, заходнееўрапейскай традыцыі. Самая старажытная згадка Белай Русі змешчана ў так званым Дублінскім рукапісе, у геаграфічным трактаце «Апісанне земляў», які датуецца 1255 годам. Трактат гэты зараз захоўваецца ў бібліятэцы Англійскага універсітэта у Дубліне (Ірландыя).
Крыніца надзвычай каштоўная для нашай гісторыі. Аўтар трактата – каталіцкі манах, місіянер-падарожнік, які прапаведаваў ва Усходняй Еўропе. Ён нават быў на каранацыі караля Міндоўга – заснавальніка ВКЛ. Гэты місіянер апісвае тэрыторыю Прыбалтыкі ды адзначае, што «сумежная з Руссю зямля Літва» ляжыць на ўсход ад Жамойці. Але самае галоўнае для нас – першая згадка сучаснай назвы нашай краіны – Белай Русі (іn Alba Ruscia).
Ігар Марзалюк:
Беларускі даследчык Вячаслаў Чамярыцкі, прааналізаваўшы гэта паведамленне, прыйшоў да наступных высноў. Цытата: «Геаграфічны кантэкст гэтага гістарычнага запісу (пералічваюцца землі: Прусія, Яцвезь, Жамойць, Літва, Латгалія, Лівонія, Эстонія) дазваляе зрабіць выснову, што тут аўтар пад Белай Руссю разумее суседнюю з прыбалтыйскім рэгіёнам частку Русі – Заходнюю Русь. Такое геаграфічнае становішча займала тады ўсходнеславянская тэрыторыя прыблізна ад Пскова да Турава. Якую канкрэтна яе частку ў дадзеным выпадку апісваў аўтар трактата, цяжка сказаць пэўна i дакладна. Але, хутчэй за ўсё, тут маецца на ўвазе сучасная Усходняя або Цэнтральная Беларусь».
Не ўсе даследчыкі пагаджаюцца з гэтымі высновамі шаноўнага мэтра, класіка беларускага крыніцазнаўства. Хтосьці лічыць, што гэты тэрмін у крыніцы пазначае землі Вялікага Ноўгарада, другія даводзяць, што тут маюцца на ўвазе старажытнарускія землі, сумежныя з Літвой і Яцвягіяй, ад Драгічына над Бугам (наша гістарычная Беласточчына) да Полацка.
Першая згадка Белай Русі, якая бяспрэчна адносіцца да сучаснай тэрыторыі нашай краіны, – «Хроніка Польшчы» падканцлера Яна з Чарнкова, створаная ў XIV стагоддзі. Ён пісаў літаральна наступнае: «У 1382 г. Ягайла, сын Альгерда, вялікі князь літоўцаў, якога годам раней ягоны дзядзька Кейстут паланіў разам з маткаю, закаваў у ланцугі і пасадзіў у вязніцу ў нейкай крэпасці Белай Русі, што завецца Полацк, на свята Пяцідзесятніцы ўцёк з гэтай вязніцы і пры падтрымцы знаці Літвы захапіў крэпасць Вільню».
У1512 г. прафесар Кракаўскай акадэміі Ян са Стабніцы апублікаваў у Кракаве геаграфічны трактат «Уводзіны ў касмаграфію Пталемея». Паводле Яна са Стабніцы Русь траякая: яе першая частка пралягае з усходу да Польшчы, а яе галоўным горадам з’яўляецца Львоў, другая частка – гэта Падоллле са сталіцай у Камянцы. Трэцяя частка – Белая Русь. Ён так назваў усе «рускія» (гэта значыць сучасныя беларускія) землі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Вялікі Ноўгарад. Польскі вучоны Марцін Кромер свядома ўжываў назву Белая Русь да тэрыторыі нашай краіны.
У першым выданні «Гісторыі палякаў», датаваным 1558 г., пад гэтым тэрмінам ім разумеецца ўся Русь Літоўская. У 1575 г. Кромер падрыхтаваў і выдаў у Франкфурце-на-Одэры гісторыка-геаграфічны даведнік пад назвай «Польшча, або пра становішча, народы, звычаі, кіраванне і дзяржаўны лад Польскага Каралеўства». У гэтай працы «Белая Русь» – «рускія» (гэта значыць сучасныя беларускія) землі ВКЛ, Смаленшчына, паўднёвыя часткі Наўгародччыны і Пскоўшчыны – землі ў вярхоўях рэк Вялікая, Ловаць, Дняпро і Дзвіна, страчаныя ВКЛ у 1486-1537 гг.
Ігар Марзалюк:
Назва «Белая Русь» трывала замацавалася за сучаснай Паўночна-Усходняй Беларусссю, перш за ўсё за Полаччынай, ужо ў 1980-х гадах XVI стагоддзя. Тады ж у польскамоўнай хроніцы Мацея Стрыйкоўскага, меўшай назву «Хроніка Польская, Літоўская, Жамойцкая і ўсёй Русі» (выдадзена ў 1582 годзе), з’яўляецца тэрмін «літоўскія беларусакі» (Biełorussacy litewscy), у старабеларускім перакладзе перададзены як «белорусцы». Мацей Стрыйкоўскі першым ужыў тэрмін «беларусы» у сэнсе, надзвычай блізкім да сучаснага. Вялікі беларускі гісторык Мікола Улашчык падкрэсліў, што Biełorussacy litewscy – правобраз сучаных беларусаў, калі ўлічыць, што межы Літвы пасля Люблінскай уніі ў асноўным супадалі з межамі сучаснай Беларусі (асабліва з межамі з Расіяй і Украінай).
У 1586 г. выхадзец з полацкай шляхты паэт Саламон Рысінскі, на той момант пратэстант (нарадзіўся недзе ў 1565 г., памёр у 1625 г.), пры паступленні ў Альтдорфскі ўніверсітэт Германіі 2 снежня 1586 г. пазначае сваё паходжанне лацінскім словам Leucorussus (беларус). Гэта першы чалавек, які сам, свядома, акрэсліў сваю нацыянальнасць як беларускую. Так што імя і прозвішча першага беларуса на Зямлі мы ведаем дакладна.
Пазней, у лісце да нямецкага прававеда Конрада Рытэрсхаўзена ад 15 лістапада 1588 г., Рысінскі назваў сваю радзіму «Леўкарусіяй». Гэта значыць Беларуссю. Яшчэ раз Рысінскі згадвае беларусаў у сваіх каментарыях, калі ён параўноўвае граматыку розных моў і піша, што «прыналежны прыметнік» яшчэ і сёння ўжываюць «Маскавіты, Беларусы і значная частка Літвінаў». Пад апошнімі ён разумеў славянамоўнае насельніцтва гістарычнай Літвы – сучаснай Заходняй Беларусі.
У эпоху Рэчы Паспалітай назіраецца «дрэйф» назвы «Белая Русь» на ўсю сучасную тэрыторыю нашай краіны, у тым ліку і на яе заходнюю, і паўднёвую часткі, якія традыцыйна да гэтага акрэсліваліся як Літва і Палессе. Да сярэдзіны XIX ст. тэрмін «Беларусь» канчаткова замацаваўся ў якасці назвы за ўсёй тэрыторыяй краіны і народа. Мінскі праваслаўны епіскап Галубовіч у 1866 г. ужо ўпэўнена сцвярджаў: «У склад Беларусі ўваходзяць губерні Віцебская, Магілёўская, частка Віленскай, Мінская і Гродзенская».
Мы павінны не забывацца ўшаноўваць таго, хто першым назваў сябе беларусам, а нашу мову паставіў у адзін шэраг з іншымі славянскімі мовамі. Помніць пра Саламона Рысінскага. Лепш Віктар Шніпа, уславіўшага культурны подзвіг Рысінскага ў прысвечанай яму баладзе, не скажаш.
Ты ў князёў Радзівілаў прыдворны паэт.
Ты не рыфмы рыфмуеш, ствараеш свой свет,
У якім беларус мае права, каб жыць
І мець мову сваю, і ісці праз дажджы.
І снягі да вялікага сонца, якім
Наш асвеціцца край, як Іерусалім,
І для ўсіх беларусаў ён будзе святы,
Бо ад Бога наш свет і ўсе мы ў ім браты.
А вайна не ад Бога, вайна ад людзей,
У якіх няма Бога ў душы і нідзе,
І ніколі не будзе, калі не любіць
Сіраціну-бярозу, што ў полі шуміць,
У крынічнай вадзе заімшэлы валун,
І гучанне жалейкі, цымбалавых струн
Не любіць, не казаць анікому тых слоў,
У якіх, як у Храмах анёлы, любоў
Да зямлі, на якой нарадзіўся, памрэш.
І сляза закіпае ў табе, і ўжо верш
На паперу кладзецца, папера жыве,
Нібы новая фрэска ў тутэйшай царкве...
Ігар Марзалюк:
Давайце помніць пра Полаччыну – калыску гістарычнай Белай Русі і беларусаў. Не толькі геаграфічны цэнтр Еўропы, але і гістарычны цэнтр нашай дзяржавы, нашай нацыі. Пра землю, з якой гордая назва – Беларусь, распаўсюдзілася на ўсе астатнія землі нашай дзяржавы.