Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць у Беларусі

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, а мовы – без яе носьбіта, сообщили в программе «Беларусь.Новости».

Гэтае свята было абвешчана на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Дарэчы, менавіта паводле дадзеных Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры беларуская мова – самая мілагучная ў свеце пасля італьянскай. І, як кажуць гісторыкі, самая старажытная сярод славянскіх.

Родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына народа, якая яднае пакаленні. Вытокі беларускай мовы паходзяць з гаворкі крывічоў, дрыгавічоў і радзІмічаў. У яе фанетыцы і лексіцы і зараз можна знайсці архаічныя рысы. Гісторыя беларускага пісьменства налічвае не менш за 10 стагоддзяў.

Іван Саверчанка

Іван Саверчанка, дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:
У даўнія часы сфарміраваліся і фанетыка нашай мовы, і лексічны склад. Але яна ва ўзаемадзеянні з іншымі народамі яна актыўна брала і запазычвала лексіку, новыя з’явы, і гэты працэс працягваецца да нашага часу. І мова зараз валодае велізарным патэнцыялам. Больш за тое, я лічу, што наша беларуская мова з’яўляецца протамоваю славянскіх народаў. Бо мы ведаем, і гэтая гіпотэза мае пацвярджэнне, што прарадзімай славян, ядром славянскай цывілізацыі, з’яўляецца беларускае Палессе. І адсюль пачалося рассяленне славянства па ўсёй цэнтральнай і ўсходняй Еўропе.

Сёння беларускай мовай ўсё часцей карыстаецца моладзь. Родныя словы гучаць не толькі ў сферах культуры і адукацыі, але і ў лічбавай і медыяпрасторы. На беларускай мове шмат чытаюць. У 2025 годзе, напрыклад, пабачылі свет амаль 150 беларускіх выданняў.

Віктар Іўчанкаў

Віктар Іўчанкаў, прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта:
Пытанняў вельмі шмат. І вось, напрыклад, ладзіцца зараз шмат канферэнцый, і ў прэс-цэнтрах, і ў прэсе. Таму вельмі важна падкрэсліць такое трыадзінства вось гэтай з'явы: і Дзень роднай мовы, існаванне і функцыянаванне беларускай мовы – гэта адукацыя, культура і, безумоўна, медыяпрастора. Таму што на медыяпрастору зараз ускладваюцца абсалютна новыя задачы, якія раней выконвалі літаратура, кінематограф, ці тэатр; сёння свет становіцца медыяцэнтрычным.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць у Беларусі

Нагадаем, у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але па выніках апошняга перапісу насельніцтва больш як 60 % жыхароў назвалі беларускую як родную.