Адкуль узяўся БЧБ-сцяг і якія прататыпы былі да яго? Марзалюк аб сапраўднай гісторыі сімвала

Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.  

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:  
Дзень добры добрым людзям! Несумненна, любая сімволіка, акрамя фарбаў і знакаў, нясе пэўны кантэкст, з'яўляецца той ці іншай праграмай, якая фармулюецца тады, калі ўзнікае нацыя і дзяржаўнасць, мае таму пэўныя ідэалагічныя канстанты.  

Калі мы кажам пра сімволіку, у Сярэднявеччы нацыянальных сцягоў не існавала. Былі дзяржаўна-генеалагічныя, як і гербы. А ўласна нацыяналізацыя гэтых сімвалаў адбылася ў эпоху фарміравання нацый. А гэта ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя. Важнейшы момант пабудовы любой дзяржавы – гэта фарміраванне ўласнай ідэнтычнасці. І сімвалы тут іграюць вялікую ролю.  

Уладар кожнага ўсходнеславянскага княства, а пазней, у эпоху Вялікага Княства Літоўскага, і кожны аддзел шляхецкага апалчэння, меў уласны сцяг (штандар). Ён мог мець звыклы для нас выгляд сцяга, калі мацаваўся да дрэўка збоку. Такі сцяг і называўся ўласна штандарам. Сцяг, які мацаваўся да гарызантальнай перакладзіны, звісаючы з яе долу, называўся звычайна харугвай. Сцягі-штандары, харугвы, якія выкарыстоўваліся і ў Полацкім Княстве, і ў ВКЛ, мелі чырвоны колер. Паводле меркавання асобных даследчыкаў, на полацкім штандары была змешчана выява ільва (сімвал Хрыста ў Славе), а з другога боку – Багародзіца.

Ігар Марзалюк:  
Існуе нічым не падмацаванае сцвярджэнне, нібыта бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся ў Беларусі з часоў ВКЛ. Гэта не адпавядае сапраўднасці. І пры Грунвальдзе, і пазней, на працягу ўсяго свайго існавання, войска ВКЛ выкарыстоўвала чырвоныя сцягі (штандары і харугвы). З аднаго боку на дзяржаўным штандары ВКЛ быў змешчаны герб «Пагоня», а з другога – Багародзіца. Сцягам Рэчы Паспалітай быў чырвона-бела-чырвоны штандар з выявай герба ВКЛ («Пагоні») і герба «Кароны» – Польскага каралеўства (Белага Арла).

Дарэчы, польскі нацыянальны сцяг бела-чырвонага колеру стаў нацыянальным сімвалам Польшчы і палякаў толькі ў 1831 годзе. Вельмі красамоўны і той факт, што паўстанцы Каліноўскага ў 1863 выкарыстоўвалі харугву з агульнапольскімі барвамі-колерамі. Іх сцяг – бела-чырвоны. На чырвонай паласе – блакітны шчыт з польскім гербам, Белым Арлом, на белай паласе такі самы шчыт з гербам ВКЛ – «Пагоняй».

Самы ж першы праект беларускага нацыянальнага сцяга быў створаны беларускім архітэктарам, прадстаўніком беларускага руху, які паходзіў з мсціслаўскай шляхты – Лявонам Вітанам Дубейкаўскім. У 1916 годзе ён зрабіў чарнавы накід сцяга, выкарыстаўшы традыцыйныя славянскія колеры – сіні, чырвоны і белы. На белым фоне, у левым куце прамавугольнік чырвонага колеру, ад якога адыходзяць сінія палосы. У 1917 годзе ў лістападзе ён прапанаваў іншы варыянт сцягу. Сцяг з праекта Лявона Дубейкоўскага меў выгляд прастакутнага палотнішча белага колеру, левы сегмент сцяга каля дрэўка займала вертыкальная чырвоная паласа. Па сярэдзіне сцяга (па гарызанталі) праз усё палатно праходзіць блакітная палоска.

Ігар Марзалюк:  
Аднак перамог праект іншага архітэктара – Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які прапанаваў некалькі варыянтаў, прэтэндаваўшых на статус нацыянальнага сцяга, у тым ліку і бел-чырвона-белага. У ягонай следчай справе, што захоўвалася ў былым архіве КДБ Літоўскай ССР, Душэўскі засведчыў, што ў першай палове 1917 года яму, цытата, «давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, і адзін з іх быў прыняты, а менавіта – бел-чырвона-белы».  

Увогуле, ёсць сведчанні, што на пачатку ў якасці беларускага сцяга хацелі абраць проста белае палатно, як сімвал Белай Русі. Але белы колер быў колерам арыстакратыі і капітуляцыі. І, паколькі сярод ініцыятараў правядзення Усебеларускага з'езда большасць была сацыялісты рознага кшталту, вырашылі на белым фоне (сімвале Белай Русі) правесці чырвоную паласу – колер чырвонага сцяга, колер народнай крыві і вернасці сацыялістычнай рэвалюцыі. Заўважу, гэта пісаў ва ўспамінах у 1944 годзе Антон Адамовіч, які ў вайну стаў калабарацыяністам, якога нельга западозрыць у сімпатыі да камуністаў. 

Таму ўсе размовы, што сцяг выводзіцца з колераў «Пагоні» – нішто іншае, як прыгожая выдумка, якая не мае нічога агульнага са свядомасцю людзей, якія гэты сцяг стваралі, і тым, якія сэнсавыя канатацыі яны ў яго ўкладалі. Дарэчы, яшчэ адзін факт – на Усебеларускім з'едзе побач з БЧБ вісеў чырвоны сцяг – сцяг Беларускай сацыялістычнай грамады, самай старой нацыянальнай беларускай партыі. 

Ігар Марзалюк:  
Дыскрэдытацыя бел-чырвона-белага сцяга адбылася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Немцы не чынілі ніякіх перашкод у выкарыстанні бел-чырвона-белага сцяга беларускімі нацыяналістамі ўжо ў 1941 годзе. Бел-чырвона-белая сімволіка выкарыстоўвалася з 1941 года на бланках і аўсвайсах БНС. Больш таго, 15 снежня 1941 года ў будынку Беларускага дзяржаўнага тэатра (зараз імя Янкі Купалы), немцы супольна з беларускімі нацыяналістамі правялі канферэнцыю школьных інспектараў Беларусі. З галоўным дакладам выступаў сам Вільгельм Кубэ.

Матэрыялы канферэнцыі былі апублікаваны ў першым нумары часопіса «Беларуская школа». У іх паведамлялася: «Тэатр прыбраны быў па-святочнаму. Высока над уваходам абапал нямецкага сцягу красаваліся два беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі». БЧБ-сцягамі разам з нацысцкімі была ўпрыгожана так і сцэна. Але хіба толькі гэта? Рашэннем канферэнцыі, узгодненай з нямецкім кіраўніцтвам, у абавязковым парадку прадпісвалася: «У школе мусіць быць партрэт Гітлера, а паабапал партрэту – беларускія бел-чырвона-белыя сьцягі». Як варыянт – на сцяне калідора, у месцы правядзення лінейкі, змяшчалі нацысцкі і бел-чырвона-белы сцяг.

27 ліпеня 1942 года пры адкрыцці афіцэрскіх курсаў Корпуса Беларускай Самааховы Вільгельм Кубэ падпісаў афіцыйны дазвол на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» узгодненага з ім узору пад час усіх святаў і ўрачыстасцяў. Гэтая пастанова дзейнічала, як сведчыць кінахроніка, фотадакументы і пісьмовыя крыніцы, да канца акупацыі Беларусі. Больш таго, у 1943 годзе была распрацавана яшчэ адна пастанова, якая ўмацоўвала першую. Бел-чырвона-белы сцяг не выклікаў у нацыстаў ніякіх пярэчанняў. Ён, у пастановах і прадпісаннях, супрацьстаўляўся «ілжывай», гэта значыць савецкай, сімволіцы.

Ігар Марзалюк:  
Немцы сумняваліся толькі пра герб, бо «Пагоню» выкарыстоўвалі і літоўцы. Таму ў 1943 годзе Беларуская Рада Даверу прапанавала выкарыстоўваць у якасці беларускага нацыянальнага знака замест «Пагоні» васілёк на бел-чырвона-белым фоне. Але вышэйшая кіраўніцтва СС выказалася супраць, бо васілёк быў сімвалам немцаў-фольксдойчаў, якія служылі ў СС.

Яшчэ ў 1942 годзе для афіцэраў беларускай самааховы і паліцэйскіх беларускіх батальёнаў была распрацавана павязка са свастыкай і нацыянальным каларытам – краі чырвонай нацысцкай павязкі былі аздоблены белым колерам. Атрымлівалася бел-чырвона-белая павязка з чорнай свастыкай у белым крузе. Захаваўся як яе праект, зацверджаны немцамі, так і фотаздымкі, на якіх мы бачым такія павязкі.

Самаахоўцы і паліцаі насілі бел-чырвона-белыя павязкі (напрыклад, слонімская паліцыя), альбо шэўроны-нашыўкі ў выглядзе БЧБ-сцяжка на левым рукаве ўніформы (60-ты і іншыя паліцэйскія беларускія шума-батальёны). Падобныя нашыўкі мелі таксама і прадстаўнікі беларускіх супрацьпартызанскіх ягдкамандаў, якія набіраліся з беларускіх самаахоўцаў і паліцаяў.

Ігар Марзалюк:  
13 беларускі батальён СД, які адзначыўся жудаснымі злачынствамі пад час акупацыі, таксама выкарыстоўваў гэтыя сімвалы разам з сімволікай СС. Пад гэтай сімволікай, разам з нацысцкай, прысягалі на вернасць Гітлеру жаўнеры БКА – Беларускай краёвай абароны, дапаможнай сілы СС, створанай у 1944 годзе. Батальёны БКА напоўніцу адзначыліся пад час карнай аперацыі «Кармаран» у маі-чэрвені 1944 года супраць партызанаў Барысаўска-Бягомльскай зоны. Яны, разам з літоўскімі паліцаямі, рускімі нацыстамі з дывізіі СС РОНА, немцамі, палілі родныя вёскі, забівалі адзінакроўных братоў.

Потым уся гэтая навалач, усе гэтыя паліцэйскія недабіткі, пасля таго, як іх выкінуць за межы Беларусі, яшчэ паспеюць паслужыць у эсэсаўскай брыгадзе «Беларусь», у складзе 30-й дывізіі Ваффэн СС. Як і памочнікі СС з ліку СБМ, што служылі ў дапаможных частках Люфтваффэ, зенітчыкамі. Натуральна, што пад нацысцкім і бел-чырвона-белым сцягамі.

Падсумуем. На ўзроўні масавай свядомасці старэйшых пакаленняў беларусаў гэты сімвал, БЧБ-сцяг, стаў атаясамлівацца са сцягам паліцаяў, успрымацца як сцяг здрады і здраднікаў. Менавіта таму на рэферэндуме 1995 года беларускі народ і адмовіў яму ў праве быць сімвалам беларускага адзінства, беларускай нацыі і беларускай дзяржавы.

Ігар Марзалюк:  
Як бачым, першым гістарычным беларускім штандарам быў штандар чырвонага колеру. У эпоху існавання Полацкага і Тураўскага княстваў з аднаго боку на ім была выява ільва, на другім – Багародзіцы. У часы Вялікага Княства Літоўскага на штандары з’явілася «Пагоня», а выява Багародзіцы засталася. Так было на працягу стагоддзяў.

Якім нацыянальным і дзяржаўным сімвалам быць, як гэта ні банальна гучыць, вызначае менавіта народ, нацыя, соцыум, прымаючы іх або не. У БССР першапачаткова выкарыстоўваўся сцяг чырвонага колеру. У 1951 быў распрацаваны і прыняты сцяг БССР, ад якого вытворны наш сучасны дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Наш сцяг. Аб ім будзе наступная, асобная размова.  

Гістарычны факт, як вядома, фрагмент рэальнасці. Толькі на праўдзе, толькі на гістарычных фактах можна пабудаваць традыцыі. Ні на мане, ні на паклёпах, ні на хлусні. Мы расказваем вам пра рэальную беларускую гістарычную традыцыю. Пра нашу дзяржаўнасць і пра сімвалы нашай дзяржаўнасці.