Чаму Аль-Кітабы – жывое сведчанне жыватворнай беларускай традыцыі? Растлумачыў Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння размова пойдзе аб унікальнай з'яве беларускай культуры – беларускіх тэкстах напісаных арабскім пісьмом. А гэта значыць, што будзем гаварыць пра беларускіх татараў і створаныя імі кнігі – Аль-Кітабы. Пачнем!
Як вядома, сяліцца на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, на беларускіх землях, татары пачалі яшчэ ў пачатку XІV стагоддзя. Гедымін, Кейстут, Альгерд запрашалі татар на ваенную службу. У 1319 г. у бітве з Тэўтонскім ордэнам татары складалі перадавы атрад войска Гедыміна. Конніца залатаардынскага хана Джанібека брала ўдзел у паходах Альгерда ў 1350 і 1352 гг. Частка з гэтых татараў і засталася ў Вялікім Княстве.
Але найбольшая колькасць татараў на нашых землях з'явілася напрыканцы XIV стагоддзя. Гэта былі нашчадкі хана Тахтамыша, ягоныя паплечнікі, выгнаныя з Залатой Арды і гасцінна прынятыя вялікім літоўскім князем Вітаўтам. Былі сярод іх і палонныя, якіх грозны Вітаўт пад час сваіх паходаў прывёў з Крыму. Татары былі выдатнымі воінамі, атрымалі прывілеі, права вольна спавядаць уласную рэлігію.
Разам з намі яны бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве, ды і не толькі ў ёй. Яны верна служылі сваёй новай Радзіме і зямлі, якая стала таксама і іх зямлёй. Для іх тут назаўжды, як яны прысягалі на сваіх шаблях на вернасць княству «...пясок, вада і дрэвы будуць агульнымі», агульнымі з намі.
За 600 гадоў, якія татары жывуць разам з намі на беларускай зямлі, яны вельмі многае перанялі ад нас, але і істотна паўплывалі на нас, на нашу культуру і побыт. Яны перадалі нам шмат сваіх сакрэтаў і карысных ведаў у конегадоўлі, агародніцтве, гарбарстве. Нямала слоў татарскага паходжання зараз ужываецца ў беларускай мове.
Напрыклад, «баран», «гурт», «кабан», «качка», «каўбаса», «тавар», «кішэнь», «сабака», «тытунь» ды іншыя. Беларускія татары ў мінулым гэта не толькі выдатныя воіны, не толькі якасныя агароднікі, якія славіліся найлепшай рассадай па ўсёй Беларусі ў той час, гэта яшчэ і высокая культура, увасобленая ў іх пісьмовых помніках, нашай супольнай з імі спадчыне. Татарскія карэнні, дарэчы, меў такі знакаміты беларускі паэт, як Францішак Багушэвіч. Ды хіба толькі ён адзін!
З цягам часу беларускія татары асіміляваліся ў моўным плане, перайшлі на беларускую мову ў штодзённым побыце, але захавалі сваю веру, іслам, іншыя традыцыі ўласнай культуры. Ужо ў XVI-XVII стагоддзях большая частка татараў не ведала татарскай мовы, а гаварыла па беларуску. Пераход на беларускую мову абумовіў і пераклады Аль-Кітабаў – рэлігійных кніг беларускіх татараў, напісаных па беларуску, але арабіцай.
Дарэчы будзе сказаць што карэннае татарскае насельніцтва нашай краіны ў пераважнай большасці размаўляла і працягвае размаўляць на беларускай мове. Пад час перапісу 1989 г. 8 тысяч беларускіх татараў назвалі роднай мовай беларускую. Аб гэтай акалічнасці ў мусульманскай газеце «Жыццё» былі змешчаны такія вершаваныя радкі:
«Йшлі гады, і нашчадкі татар-мусульман
Беларускую мову з павагай прыдбалі,
Але веру ў Алаха, свяшчэнны Каран,
Мы на векі вякоў захавалі»
Аль-Кітаб у перакладзе з арабскай мовы азначае «кніга». Змест Кітабаў – апісанне мусульманскіх рытуалаў, падзей, звязаных з жыццём прарока Мухаммеда, маральна-этычныя павучанні для моладзі пра шанаванне бацькоў, госця, сірот, старых і вучоных, суседзяў, варажба па літарах Карана, разгадка сноў, усходнія легенды, казкі, авантурныя ўсходнія прыгодніцкія аповесці.
У кітабах змяшчаліся таксама розныя гістарычныя паданні беларускіх татар. Акрамя Кітабаў існуюць Тэфсіры (гэта значыць тэксты з цытатамі з Карана па-арабску і парадкавым каментарыем па-беларуску ці па-польску), Тэджвіды (правілы чытання Карана), Хамаілы (малітоўнікі).
Такім чынам, мы беларусы, адзіны ўсходнеславянскі народ, які ў гісторыі развіцця ўласнай пісьменнасці мае тры алфавіты: наш спрадвечны, кірылічны, лацініца, якую выкарыстоўвалі ў часы заняпаду беларускай мовы і арабіца!
Лічыцца, што першыя тэксты запісаныя па беларуску арабіцай з'явіліся ў татарскім асяроддзі ўжо ў XVI ст. Разам з гэтым самы старажытны ацалелы беларускамоўны Аль Кітаб датуецца XVII стагоддзем. Пазней Кітабы пісаліся і па-польску. Але зыходнай славянскай мовай, на якой створаны літаратурныя помнікі татар ВКЛ, была беларуская.
Першым, хто пачаў вывучаць Кітабы яшчэ ў XIX ст., іх першаадкрывальнікам быў прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта ўсходазнавец Антон Мухлінскі. Ён дарэчы, таксама з нашых татар. У сваёй працы «Даследаванне пра паходжанне і стан літоўскіх татар», якая пабачыла свет у Санкт-Пецербурзе, ён надрукаваў урыўкі з Кітабаў і даў іх першапачатковую характарыстыку. Пасля яго смерці ў 1877 г. тэксты ніхто не вывучаў. Адраджэнне цікавасці да гэтых помнікаў адбылося толькі на пачатку XX ст. Іван Луцкевіч, выдатны беларускі палітычны і культурны дзеяч, а таксама акадэмік Яўхім Карскі, паказалі выключную важнасць Аль Кітабаў для вывучэння беларускай мовы.
Але адной з найлепшых прац па гэтаму пытанню да сённяшняга дня з’яўляецца даследаванне тэкстаў Кітабаў выкананае Антонам Антановічам. Дарэчы, ён таксама з беларускіх татар. У кнізе «Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», якая пабачыла свет у Вільні ў 1968 годзе, ён разгледзеў і апісаў 24 арыгінальныя тэксты Кітабаў XVI-XIX стагоддзяў.
Унікальнасць гэтых помнікаў для беларускіх мовазнаўцаў у тым, што мова Кітабаў, то жывая народная беларуская мова таго часу. Рэч у тым, што калі ў помніках старабеларускай літаратуры існаваў марфалагічна-фанетычны прынцып перадачы гукаў на пісьме, то ў Кітабах, як і ў сучаснай беларускай мове – фанетычны. Што гэта значыць? А гэта значыць тое, што ў старабеларускіх кірылічных тэкстах не ўсе гукі жывой мовы перадаваліся на пісьме. Пісалі, прыкладам, «д», а чыталі і гаварылі «дз». А фанетычны прынцып перадачы гукаў, гэта калі як чуецца, так і пішацца.
У Кітабах, пісаных арабскай графікай, гэты прынцып праведзены надзвычай паслядоўна. Аказалася, што многія гукі беларускай мовы, характэрныя для яе і зараз, узнікла нашмат раней чым да гэтага лічылася. Такім чынам, з дапамогай арабскай графікі, прыстасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна, у параўнанні з пісьмовымі помнікамі, напісанымі кірыліцай, перададзены такія важныя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, як «дзеканне» і «цеканне».
У свой час акадэмік Яўхім Карскі адзначаў гэтую важную акалічнасць арабскаалфавітных рукапісаў якія, цытата:
«даюць шмат цікавага матэрыялу для меркавання аб беларускай мове XVI-XVII стст. Калі б прачытаць і даследаваць усе вядомыя беларускія тэксты арабскім пісьмом, то вельмі можа быць, знайшлося б нямала вельмі цікавых асаблівасцей мовы, непрыметных у помніках, пісаных традыцыйнай арфаграфіяй».
А цяпер давайце паслухаем як гучыць у старажытных кітабах наша жывая, народная, беларуская мова. Цытата:
«Цёмна было, очы сьветласьці не відзелі. Куры не пелі, собакі не брэхалі, дошч ішоў, цёмна было, вецяр веяў. Разумеў, што судны дзень настаў.
…Сюлейман казал собі палац вусокій збудова[ц]і… алі рыба одна мором плыне і стала… рэкла: — Господару Сюлеймане… пан Бог казал мні ў [ц]ебе йесь[ц]і піці просі[ц]ь. Сюлейман рэк: — Міла рыба. Праўда. Ото майеш што йесь[ц]і і пі[ц]і» ( гэта тэкст XVII стагоддзя); «Потым йешчэ варота адчынілісе… там відзеў адзін полк жанок… — Што гэтыйе на сьвеце чынілі? Ангел рэк: Малако свайе прэдавалі. У йіх усіх свае дзеці былі, свае пакінуўшы, чужыйе мамчылі» (тэкст XVIII стагоддзя); «Што прас сон пабачыш. Калі сонца ўпатуху бачыць, гультайом будзе. Калі езьдзіць на караблі, абернецца, госць будзе» (тэкст XIX стагоддзя).
У тэкстах Кітабаў напоўніцу адлюстравалася жывая беларуская лексіка, жывое беларускае слова (спрэчка, заранак, прысмакі, згода, гадаваць), фразеалогія (як вокам міргнуць, як слова сказаць, на свет пусціць, на ногаць, шлюб браць), беларускі сінтаксіс (пайшоў па прароцкую душу, дзякаваць таварышу) і на гэта падобнае. З дапамогай арабскай графікі, прыстасаванай да беларускай фанетыкі, больш дакладна, у параўнанні з пісьмовымі помнікамі, напісанымі кірыліцай, перадаюцца некаторыя гукавыя асаблівасці беларускай мовы, у першую чаргу «дзеканне» і «цеканне».
Такім чынам, Аль-Кітабы і іншыя рукапісы беларускіх татар, пісаныя арабіцай па-беларуску – жывое сведчанне жыватворнай беларускай традыцыі, сімвал беларускага нацыянальнага сумоўя, сімвал нашай, беларускай вечнасці!