Ігар Марзалюк: «Псы-рыцары марылі заваяваць і каланізаваць землі нашай дзяржавы»
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння наш аповед будзе прысвечаны легендарнай асобе зямлі Гарадзенскай – гарадзенскаму старасту Давыду.
Прыгадаем, 200 год існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рускага прайшлі пад знакам крывавага супрацьстаяння з хцівым ворагам – крыжакамі-тэўтонамі. Псы-рыцары марылі заваяваць і каланізаваць землі нашай дзяржавы. Гародня (зараз Гродна) была адным з самых жаданых гарадоў для крыжакоў. Горад знаходзіўся на вастрыі ўдараў рыцарскіх набегаў («рэйзаў»). З 1280 года і да пачатку XV стагоддзя на горад і яго ваколіцы крыжакі ажыццявілі каля 20 нападаў. Горад імі неаднаразова спальваўся і разбураўся.
Першая аблога горада крыжакамі ў 1284 годзе стала фатальнай для яго абаронцаў з-за здрады двух братоў, прусаў па этнічным паходжанні, якія адкрылі вароты магістру Конраду Тырнбергу. Горад быў разрабаваны і спалены. Зіма 1296 года была таксама нялёгкай. Замак выстаяў, але большая частка гарадскіх пасадаў была аддана агню і мячу, а 200 чалавек былі ўзяты ў палон. Паходы 1296, 1305, 1306 і 1311 гадоў скончыліся для крыжакоў нічым. Замак вытрымаў усе штурмы няпрошаных гасцей.
Самым жа страшным ворагам крыжакоў у першай чвэрці XIV стагоддзя быў гарадзенскі стараста Давыд. Паўторымся, гэта легендарная асоба ўвайшла ў беларускую гісторыю пад імем Давыда Гарадзенскага. Менавіта ён стаў страшным кашмарам для тэўтонаў. І гэта не пустыя словы, не проста мастацкі вобраз. Угледзімся ў дзеі гэтага вялікага сына нашай зямлі.
Давыд Гарадзенскі (нарадзіўся каля 1238, памёр у 1326 годзе) быў сынам нальшанскага князя Даўмонта, які ў 1266 годзе з’ехаў з Крэва з баярамі ў Пскоў пасля крывавай міжусобнай барацьбы з Міндоўгам, якога ён і забіў, змываючы кроўю нанесеную яму крыўду. Маці ж нашага героя была князёўна Марыя Дзмітрыеўна, унучка Аляксандра Неўскага. Пасля смерці бацькі Давыд у 1299 годзе вяртаецца на зямлю продкаў, у Вялікае Княства Літоўскае, у Гародню. Праваслаўнага князя Давыда вельмі высока цаніў вялікі князь літоўскі Гедымін. Давыд стаў кашталянам Гарадзенскага замка. Гедымін парадніўся з Давыдам, выдаў за яго сваю дачку Бірутэ.
У 1305 годзе сумесна з Гедымінам Давыд ушчэнт разбіў пад сценамі Гародні войскі крыжакоў пад камандаваннем каменданта Брандэнбурга комтура Конрада Ліхтэнхагена. 1306 год быў не менш паспяховым для Давыда. Ён з’яўляўся душой абароны гарадзенскага замка супраць войска комтура Кёнігсберга Эбэрхарда Вірненбурга. Сотня рыцараў і некалькі тысяч лёгкаўзброеных воінаў (да 6 тысяч чалавек) вымушаны былі зняць аблогу і сысці ні з чым.
Асабліва праславілі Давыда яго дзеянні супраць войска крыжакоў, узяўшых у аблогу ў верасні 1314 года Наваградак (зараз – Навагрудак). Рыцараў у тым паходзе ўзначальваў сам магістр ордэна Генрых фон Плоцке. Давыд Гарадзенскі з невялікім конным атрадам паспяшаўся на дапамогу абкружаным наваградчанам. Перабіўшы ахову ў колькасці 30 чалавек, ён захапіў ваенны лагер рыцараў. У рукі гарадзенскіх воінаў патрапіў вайсковы рыштунак, правіянт, 500 коней і ўвесь непрыяцельскі абоз. Ўсе прамежкавыя стаянкі крыжакоў, пакінутыя імі на зваротную дарогу, таксама былі знішчаны Давыдам.
Рыцары былі вымушаны зняць аблогу Наваградка і пачалі вяртанне дадому. Гэта дарога стала апошняй у жыцці для многіх з іх. Люты голад быў тым самым страшным і нябачным ворагам, які іх праследаваў. Штохвілінна і штогадзінна. Былі з'едзены ўсе коні, рыцарства было вымушана харчавацца травой і карэннямі, многія памерлі ад знясілення. Толькі праз 6 тыдняў шляху рэшткі войску магістра змаглі вярнуцца дадому.
У «Хроніцы зямлі Прускай» Мікалая фон Ярошына вельмі вобразна апісаны пакуты, якія напаткалі падчас таго паходу крыжакоў:
«З-за пагрозы мяча голаду ніхто не мог нікому спачуваць – усе былі аднолькава роўныя перад ім. Страшныя наступствы галечы пакутліва абцяжарвалі бурную душу маршала, і як ён сябе адкрыта не паказваў вясёлым рыцарам Госпада, цяпер ён рыдаў, пасля чаго аддаў распараджэнне войску, што кожны можа скакаць туды, куды ён хоча, каб выратаваць сваё жыццё.
І памчаліся яны ў вялікай спешцы так, што некаторыя праходзілі ў дзень больш за дваццаць міль і палявалі па шляху на радзіму... З-за жорсткага, моцнага голаду яны выглядалі як счарнелыя ў агні дрэвы, што іх ледзь можна было пазнаць, паколькі ад самай зямлі крывічоў ні адзін з іх на працягу больш за сотню міль, мы ўжо не гаворым пра тое, што еў, а нават не бачыў хлеба. З ацалелых у жывых пасля гэтага паходу некаторыя ў адно імгненне выпусцілі дух ад ежы, якую, вярнуўшыся, нарэшце атрымалі».
У 1318 годзе гарадзенскія дружыны князя Давыда ажыццявілі паход на Прусію, заваявалі і аддалі агню і мячу вобласць Вохеншторф. У 1322 годзе Давыд па просьбе Пскова дапамагае апошняму ў барацьбе з крыжакамі. У сакавіку 1323 года Давыд ізноў прыходзіць на дапамогу пскавічам. Дацкія рыцары захопліваюць частку пскоўскіх зямель, горад Гдоў. Войска гарадзенцаў паспяхова ваюе супраць датчан, разбівае пад сценамі Пскова дацкае войска, выганяе яго з межаў Пскоўскай зямлі і даходзіць да Рэвеля.
Пётр Дусбург паведамляў, што войска Давыда перабіла больш за 5 тысяч чалавек і з багатай здабычай вярнулася на радзіму. Пскавічам супраць крыжакоў Давыд Гародзенскі дапаможа яшчэ раз. У 1323 годзе ён зноў прыйдзе на дапамогу абложанаму Пскову. Гарадзенская дружына разам з пскоўскімі ваярамі зноў выйдзе пераможцам у гэтай сутычцы з крыжакамі і прагоніць рэшткі рыцарскага войска за раку Вялікую.
Вялікі беларускі пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч прысвяціў самаму знакамітаму паходу нашага героя такія радкі:
Трубяць трубы ў Гародні,
Прагнуць мячы крыві...
Збірае войска магутнае
Князь Гародні – Давід:
– Абрыдлі зямлі нашай крыкі,
Крыжакоў расціснем у блін!
Хадзем, зямля Беларуская,
Хадзем вайною вялікай!
Хадзем, народ беларускі,
На Мар’енбург і Берлін!!!
Досыць ім нашага раю!
Не дазволім нас болей крануць!!!
Конь басуе, іграе,
Зямлю капытамі крае,
Зоры вачыма лічыць,
Вушамі – чуе вайну.
Гэта не проста верш. Не проста мастацкая выдумка. Гэта паэтычнае пераасэнсаванне таго, што было на самай справе.
У 1324 годзе, у Вялікі Пост у пачатку сакавіка, рыцарскі атрад напаў на радавы маёнтак Давыда Гарадзенскага ў Верцялішках і цалкам яго разрабаваў і разбурыў. Давыд адказаў паходам у Мазовію, саюзную з крыжакамі. У 1326 годзе Давыд узначаліў сумесны паход войска Польшчы і ВКЛ на Брандэнбург. Войска Давыда агнём і мячом прайшло па нямецкіх землях, дайшло да Франкфурта-на-Одэры, пасля чаго павярнула назад. Немцы палохалі дзяцей яго імем.
Аднак гэты паход стаў апошнім у жыцці легендарнага воіна. Ён быў подла (у спіну) забіты мазавецкім рыцарам Анжэем Гостам. Воіны прынеслі цела свайго правадыра ў Гародню. Князь Давыд быў пахаваны ў горадзе каля сцен Барысаглебскага манастыра, ля храма зямлі Гарадзенскай – Каложы. Прыедзьце ў наша старажытнае Гродна, дакраніцеся да сцен царквы Барыса і Глеба – Каложскай царквы. Прыгадайце Давыда Гарадзенскага. Добрым словам памяніце продкаў. Іх нязломны дух, іх прагу да волі і свабоды! Прыгадайце вобраз Давыда Гарадзенскага – вобраз нязломнага героя-воіна – сімвал нашай беларускай вечнасці!
І помніце, заўсёды помніце словы старажытных рымлянаў: vita brevis – patria eterna. Жыццё кароткае – Радзіма вечная!