Ігар Марзалюк: «Жывым сімвалам дзяржавы ў старажытнасці з’яўляўся яе кіраўнік – князь»

Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. У другім выпуску пагаворым пра сімвалы дзяржаўнай улады.

marz

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Жывым сімвалам дзяржавы ў старажытнасці з’яўляўся яе кіраўнік – князь. Няма князя – няма дзяржавы. Няма дынастыі – дзяржава гіне. Таму так важна было значэнне князя, а таксама ўсіх тых сімвалаў, атрыбутаў дзяржаўнай улады, якія былі звязаны з ім. Сёння пагаворым пра гэта.

Аўтарытэт князя быў вынікам разумення легітымнасці ўлады, якая ў хрысціянскай традыцыі абапіраецца на словы апостала Паўла: «Усякая ўлада ад Бога». Асобу князя і вышэйшае права, носьбітам якога ён лічыўся ўжо ў сілу свайго нараджэння, успрымалі як Божы промысел, бясспрэчны абсалют, бясспрэчную ісціну.

Найважнейшым элементам легітымацыі княжацкай улады ў хрысціянскай усходнеславянскай традыцыі быў рытуал інтранізацыі, альбо «паднясенне» князя на «дедни і отни стол». Ён праводзіўся, як правіла, у нядзелю альбо святочны дзень. Працэдура «настолования» пачыналася ўрачыстым уваходам князя ў горад з удзелам вернікаў і духавенства. Князя сустракаў мітрапаліт (калі гэта было ў Кіеве) або епіскап (у Полацку, Тураве) і суправаджаў яго да кафедральнага сабора. Інтранізацыя полацкіх князёў праходзіла ў саборы Святой Сафіі. Падчас урачыстай літургіі князь здзяйсняў пакланенне Хрысту і Маці Божай. Потым ён «сядаў» на «дедний і отний стол» (тое, што мы сёння называем прастолам, тронам), які знаходзіўся ў кафедральным саборы.

marz

Ігар Марзалюк:

Пасля абраду пасаджэння адбывалася сустрэча князя з народам і заключэнне рада (пагаднення, дамовы), што мела не толькі юрыдычнае, але і сакральнае значэнне: яно сімвалізавала яднанне ўладара з падданымі. Крыжацалаванне і прысяга ўладара на крыжы мелі важнейшае значэнне ў гэтым рытуале. Фінальнай часткай абраду было шэсце князя на свой двор (рэзідэнцыю) і ўрачысты баль там з прадстаўнікамі горада і духавенства.

Дадзены рытуал быў выкананы і пры пасаджэнні на кіеўскі стол у 1068 годзе легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея. У 1068 годзе пасля паражэння Яраславічаў ад полаўцаў на рацэ Альце кіеўскаму князю Ізяславу прыйшлося бегчы ад раз’юшаных кіяўлян. Зняволенаму ў кіеўскі поруб Усяславу зноў усміхнулася ўдача. Вераломна парушыўшыя ўласную клятву на крыжы аб яго недатыкальнасці пасля спалення Менску, крывавай бітвы на Нямізе і зняволіўшыя яго ў Оршы Яраславічы, Ізяслаў і Усевалад вымушаны былі ратавацца ўцёкамі. Кіяўляне вызвалілі полацкага князя са зняволення, сабралі веча і ажыццявілі абрад інтранізацыі.

marz

Людзі ж закрычалі і пайшлі да вязніцы Усяслава. Ізяслаў жа, бачачы гэта, пабег са Усеваладам з двара, людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы ў 15-ы дзень верасня і праславілі яго сярод княжацкага двара. Двор жа княжы разрабавалі незлічонае мноства золата і серабра, у манетах і злітках. Ізяслаў жа збег у Польшчу.

Ігар Марзалюк:

Нездарма аўтар «Слова аб палку Ігаравым» называе спадчынай Усяслава не толькі Полацкае княства, але і ўсю Рускую зямлю. Усяслаў марыў ператварыць сваё княства ў звышдзяржаву. Ён хацеў скарыць і падпарадкаваць Полацку ўсю Усходнюю Еўропу. Полацкая Сафія – увасобленая ў цэгле мара аб імперскіх амбіцыях легендарнага полацкага Чарадзея, якія, на жаль для нас, не былі рэалізаваны.

Адзіны культурны ўзор, адзіны сімвалічны рад скарыстоўвалі і Полацк, і Кіеў, і Ноўгарад, будуючы саборы Святой Сафіі і выказваючы такім чынам прэтэнзіі на гегемонію сваіх цэнтраў у Старажытнай Русі. З гэтай канцэпцыяй самым непасрэдным чынам была звязана канцэпцыя «Новага Іерусаліма», які атаясамліваўся «з другім Рымам» і ўспрымаўся як духоўны і свецкі цэнтр свету, а хрысціяне – як «новы Ізраіль», абраны Богам народ, які атрымаў божаскую благадаць пасля непрыняцця іудзеямі навукі Хрыста. Ва ўсходнехрысціянскай, праваслаўнай традыцыі такім цэнтрам свету лічыўся Канстанцінопаль, у рыма-каталіцкай – Рым, дзе знаходзілася сталіца вышэйшай духоўнай і свецкай улады – Папы Рымскага і імператара.

marz

Ігар Марзалюк:

Менавіта амбіцыямі Усяслава на гегемонію ва ўсходнеславянскім свеце неабходна тлумачыць узвядзенне Полацкай Сафіі. Калі Кіеў, Ноўгарад і Полацк будавалі гэтыя саборы, то такім чынам прэтэндавалі на мадэляванне самога цэнтра хрысціянскага свету, Візантыйскай імперыі, Канстанцінопаля са Святой Сафіяй і імкнуліся сцвердзіць статус Богаабранасці сваёй сталіцы і зямлі. Па сутнасці, князі Ноўгарада, Кіева і Полацка аспрэчвалі права на статус сакральнага цэнтра менавіта свайго дзяржаўнага ўтварэння і вяршынства сваёй дынастычнай лініі рода над астатнімі князямі Рурыкавічамі. Адсюль і такая папулярнасць шасціканцовага Святога Крыжа.

Шасціканцовы Святы Крыж быў добра вядомы ў гэты ж час і ў іншых манархіях Еўропы. Паўсюль ён меў візантыйскі радавод і з цягам часу паўсюль ператварыўся ў герб. Так было ў Венгрыі, Латарынгіі, Польшчы і ВКЛ. У Польшчы і ВКЛ шасціканцовы крыж у якасці геральдычнага сімвала стаў выкарыстоўвацца дзякуючы Уладзіславу ІІ Ягайлу, які быў добра знаёмы з праваслаўнай культурай, бо і гадаваўся ў беларускім Віцебску. Таму мы можам сцвярджаць, што асабісты герб польскага караля і вялікага князя літоўскага Уладзіслава ІІ Ягайлы, вядомы пад назвай Бойча, меў у аснове выяву менавіта Святога Крыжа, гэта значыць наш старадаўні, спрадвечны сімвал Полацкай зямлі. Нашай Полацкай зямлі. Герб Бойча выглядае наступным чынам – у блакітным полі залаты падвойны крыж. Былі і іншыя сімвалы, па якіх адразу можна было пазнаць князя.

marz

Ігар Марзалюк:

Падчас бітваў, а ў бітвах князь ішоў першым, яго пазнавалі па так званым залатым шаломе. Такі ўнікальны сімвал княскай улады некалькі год таму быў знойдзены ў нашым Бабруйску. Ён датуецца канцом X стагоддзя. Гэта так званы залаты шлем. Насамрэч ён бронзавы, але быў пакрыты срэбнымі пласцінамі і пазалочаны звонку.

Пасля яго знаходкі я выказаў меркаванне, што ён мог належыць легендарнаму ўладару – полацкаму князю Ізяславу, сыну Уладзіміра Святога і Рагнеды Полацкай. І сёння, пасля шалёнай крытыкі ў інтэрнэце, на гэты конт паўтару: у мяне няма іншай княскай постаці, іншага прэтэндэнта, іншага ўладальніка на гэты шлем. У гэты час і ў гэтым месцы.

marz

Ігар Марзалюк:

І яшчэ адзін унікальны сімвал улады. Знойдзены таксама ў Бабруйску. Меч XII-XIII стагоддзяў. Багата аздоблены клінок срэбрам, латунню, пазалотай. Падобны меч уручаў князь бацька свайму сыну, калі садзіў яго на стол прыгарада – гэта значыць, малодшага горада сваёй зямлі – Віцебска, Друцка, Браслава, Менска… Даручаў яму кіраваць воласцю, дзяльніцай Полацкага, Тураўскага ці Гарадзенскага княстваў. У якасці дзяржаўнай сімволікі Полацкай зямлі, размешчанай на баявых харугвах харобрых полацкіх дружын, выкарыстоўваліся выявы Льва з лілеяй над ім. Лілея – сімвал Багародзіцы. Леў, як вядома, быў агульнапрынятым сімвалам Русі. Леў метафарычна ўвасабляў вобраз Хрыста Пераможцы, Хрыста ў славе. З другога боку Полацкай харугвы вышывалі выяву Багародзіцы. Багародзіца тыпу Знаменне ў Полацку стала спадчыннай. Яна пастаянна прасочваецца на пячатках полацкіх епіскапаў.

marz

Золата і блакіт – гэта сапраўдныя геральдычныя колеры сярэднявечнай Русі. Гэта значыць Кіеўскай Русі. Полацкая зямля не была выключэннем. Золата, жоўты геральдычны колер, колер Сонца – метафарычнае ўвасабленне Ісуса Хрыста. Блакіт сімвалізаваў Покрыў Багародзіцы. Менавіта таму на землях старажытных крывічоў, на землях гістарычнай Белай Русі, землях Полацкага і Смаленскага княстваў, сімвалам іх незалежнасці стаў герб з двумя львамі, зафіксаваны ў «Хроніцы Канстанцкага сабору 1414-1418 гг.»

Ігар Марзалюк:

Паўторымся. Леў – сімвал Хрыста. Золата і блакіт – два колера гэтага герба. Колеры Богаабранасці. Колеры Хрыста і Багародзіцы. Колеры святасці і чысціні. Колеры прамудрасці Божай – Святой Сафіі. Нашай, Полацкай Сафіі. Нашай, беларускай святасці. Гэтыя колеры і гэтыя сімвалы былі сваімі. Былі дарагімі сэрцу не толькі полацкіх ці смаленскіх крывічоў, але і насельнікам іншых беларускіх земляў – радзімічаў і дрыгавічоў. Помнім пра іх. Пра іх сімвалы. Іх веліч і неўміручасць. Пра неўміручасць заснаванай імі на нашых землях дзяржаўнасці.