Марзалюк: белы бусел над Беларуссю – то сімвал нашага святога неба, хараства і чысціні нашай краіны!
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння мы пачнем разважаць аб тых прадстаўніках беларускай флоры і фауны, якія з’яўляюцца нацыянальнымі, народнымі, сімваламі Беларусі. Беларуская птушка бусел, беларускі звер – зубр, беларуская кветка – васілёк. Сёння размова будзе прысвечана буслу. Пачнем!
Бусел, бацян, лялека, ці лелека – то па праўдзе крылаты сімвал Беларусі. Птушка, да якой у нас, беларусаў, асобыя адносіны. Нагадаем: беларуская папуляцыя буслоў па колькасці чацвертая ў свеце. Іначай кажучы, кожны дзясяты ў свеце бусел гняздзіцца ў нашай краіне. І не проста гняздіцца. Ён жыве побач з намі, у нашых вёсках, пад апекай беларускага чалавека. І так на нашай зямлі было спрадвеку: бусел ахоўваецца нашымі людзьмі, яго буслянкі неад’емны элемент беларускага вясковага пейзажу.
Шанаванне бусла – то спрадвечная сакральная практыка, яшчэ дахрысціянская, характэрная для нашых продкаў. Бусел – то не проста птушка. У міфалогіі нашага народа бусел – гэта ці анёл, ці чалавек, пакараны Госпадам Богам за цікаўнасць. Усе нашыя паданні сведчаць, што бусел – гэта ператвораны ў птушку чалавек. Продкі лічылі, што гэтая птушка, як і мы, людзі, мае душу. Бусел разумее чалавечую мову. Ён моліцца Богу і плача слязьмі. Таму і селяцца буслы побач з сваёй раднёй. Намі. Беларусамі. Побач з нашым, чалавечым жытлом. А гняздзяцца толькі побач з вельмі добрымі людзьмі.
У беларускім фальклоры захавалася некалькі паданняў аб узнікненні буслоў, аб іх паходжанні ад чалавека. Прыгадаем іх. У адным з паданняў апавядаецца аб тым, што Бог сабраў у мех усіх змей, завязаў яго і паклікаў чалавека. Госпад загадаў яму, каб той панёс і ўтапіў мех у балоце. Пры гэтым яму было катэгарычна забаронена яго развязваць. Але тут на сцэну выступае самы цікаўны персанаж беларускага, ды не толькі беларускага, фальклора – жонка... Жонцы мужык не здолеў даць рады. Яна так прыступілася, так прыстала да яго з патрабаваннямі, каб мужык паказаў, што ў меху, што той капітуляваў перад магучым напорам уласнай кабеты. Вырашыў зрабіць маленькую дзірачку і паглядзець. Змеі толькі таго і чакалі – гады распаўзліся хто куды. За гэтае свавольства Бог і зрабіў чалавека птушкай ды наканаваў яму: «Будзеш хадзіць па балоце, пакуль не збярэш усіх!» Ад сораму ў чалавека пачырванелі нос і ногі. Так і ходзіць ён па балоце па сённяшні дзень.
Дзеля аб’ектыўнасці скажам, што ў шэрагу паданняў мужчына без жончыных просьбаў наталіў смагу ўласнай цікаўнасці і сам прыняў рашэнне той мех развязаць...
«...Бог даў буслу мяшок:
– Нясі за сем гор і за сем рэк і ўкінеш там да прапасці.
А той бусел – дзе ж ён будзе нясці! Бачыць, што там нешта варушыцца. А лёгкі мех, як пярына. І не вытрымаў. Трэба ж развязаць, паглядзець, што. Развязаў. А там начало ўсе гадства вылазіць… І Бог сказаў:
– Будзе гэта тваім пажыўленнем. Раз ты не паслухаў Мяне, не выканаў Майго прыказання, будзе гэта тваім пажыўленнем. Ты будзеш яго есці.
Бусел зачырванеўся, яму брыдка стала. А Бог і кажа:
-Гэты руменец будзеш насіць назаўшы.
Таму ў бусла дзюба чырвоная. І ногі. Маленькі, як народзіцца – сівенькія. А як падрасьце – чырванеюць.»
Ёсць значна больш гумарыстычна-з’едлівыя версіі паданняў і легенд. Паводле аднаго з паданняў, калісці жыў-быў скупы пан. Гэты скупідом варыў сваім слугам на ежу жаб, вось за гэта яго і пераўтварылі ў бусла ды пакаралі есці ўсялякае гадства да скону вякоў. Ці іншае паданне, пра касца. Які так быў заняты ўласнай працай, так утрапёна касіў на ўласнай сенажаці, што не адказаў на прывітанне Хрыста, які праходзіў побач. За гэта ён застаўся без штаноў, у белай кашулі і чорнай камізэльцы ды перакінуўся ў птушку бусла.
I ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтай пары ніяк сабраць не можа. Нават нягледзячы на тое, што для дапамогі паслана яму жонка і дзяці. Згодна паданням лічылася, што менавіта з прычыны сваей крэўнасці да чалавека ён не адыходзіць далека ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей. Тую хату і нават сядзібу, дзе бусел уладкуе сваё гняздо, можна лічыць шчаслівай, а Пярун ніколі не ўдарыць нават паблізу гнязда.
Пры ўсім пры гэтым. Падкрэслім яшчэ раз. Бусел для нас – святая птушка. Разам з ластаўкай, голубам, жаўранкам, салаўём. Забойства бусла – то вялікі грэх. Грэх таго ж узроўню, што і забойства чалавека. Бусел – то птушка-вяшчун. Па буслу гадалі. Вельмі шмат залежыла ад таго, якім чалавек убачыць у весну першы раз бусла. Калі бусел брудны – то лета будзе мокрым. Калі першы раз бачыш бусла нерухомага – то гэта да хваробы ног.
Пабачыць бусла ўпершы раз вясной у палёце лічылася, наадварот, добрай прыкметай. Гэта азначала, што увесь год будзеш «лётаць» і ногі не будуць балець. Калі бусел стаіць – то значыць вырасце высокі лён. Калі ж бачыш адразу пару буслоў, то тут увогуле чароўная разнастайнасць рэалізацыі прыемнага і не прыемнага на бліжэйшы час. Бо калі бусла і бусліху бачыць дзеўчына, то гэта значыць, што хутка яна пойдзе замуж.
Калі ж пару бачыць мужчына, а ў яго кішэні ў той момант ёсць грошы або ключы – то гэта да памнажэння багацця, а як кішэня пустая – то да страт і фінансавых нястачаў. А яшчэ можна было гарантаваць сябе ад сустрэчы са змеямі. Для гэтага трэба было, як толькі першы раз пабачыш бусла, адразу узяць з-пад нагі зямлі, а потым кінуць яе ў ваду. Затым такой вадой трэба было апырскаць дом, сябе і сваіх сямейнікаў, хатнюю жывёлу.
Па паводзінах бусла варажылі, ці будзе ўрадлівым і багатым год. Ці наадварот, ён прынясе цяжкасці і няшчасці? Калі з буслова гнязда скідвалася яйка, то гэта азначала, што год будзе вельмі добрым. За кошт яйка хлеба купіш. Але крый божа, калі з гнязда буслы выкінуць уласнае птушаня. Гэта азначала неўражай і нястачу. Год будзе неўражайны. Хлеба не купіш і за дзіця. А яшчэ гэтая прыкмета вяшчала смерць кагосці маладога ў вёсцы…
Беларус усяляк прывабліваў бусла, птушку шчасця, да ўласнай хаты. Дапамагаў буслу з будвўніцтвам гнязда. Зацягваў на дрэва старыя колы, бароны. Пры гэтым клаў туды, акрамя ўсяго іншага, кавалкі медзі і жалеза, клалі медныя грошы – капейкі, пятакі... То рабілася наўмысна. Лічылася, што падобная практыка будзе спрыяць таму, што бусел будзе засцерагаць ваш дом ад пажару, ад маланкі-перуна. Але самае вялікае шчасце, самая лепшае – калі бусел паселіцца на страсе вашага дома, зробіць там буслянку. Гэта значыць, што маланка ў ваш дом не патрапіць ніколі. Агонь будзе абыходзіць і ваш дом, і вашы гаспадарчыя пабудовы.
Але крый вас Божа пакрыўдзіць Бусла! Разбурыць яго гняздо, забіць яго птушанят. Беларусы былі перакананыя. Адплата такога чалавека-лядашчыка не міне. Старыя людзі і сёння распавядаюць, нібыта на свае ўласныя вочы яны бачылі, як раз’юшаны бусел спальваў такую сядзібу, несучы ў сваёй дзюбе галавешку ды падсоўваючы яе пад страху. А яшчэ за здзек над уласным жытлом і птушанятамі ён мог занячысціць калодзеж. Атруціць у ім ваду, укінуўшы ў калодзеж гадзюку. Як казалі – гадства да гадства.
Бусел для нас сімвал шчасця і дабрабыту, захавальнік ураджаю. Там, дзе жывуць буслы, то там і нашаму роду няма пераводу. Усе выдатна ведаюць пра павер’е, шырока распаўсюджанае сярод розных еўрапейскіх народаў, аб тым, што буслы прыносяць дзяцей. Буслы – тыя ж людзі. Таму яны, як і мы, спраўляюць вяселлі, моцна любяць сваіх дзяцей, бароняць і ашчаджаюць іх. Існуе казка, у якой бусел выратоўвае дзяцей з палаючай хаты. Адсюль тлумачэнне яго чорных, быццам закурванных, крылаў, чырвоных ног і дзюбы.
У старажытных рымлян, дарэчы, бусел быў сімвалам сыноўняй пачцівасці да бацькоў. Беларусы вераць, што буслы ствараюць шлюбную пару раз і назаўсёды, і, калі бусліха забіта, бусел можа падняцца ўверх, злажыць крылы і камнем кінуцца на зямлю. А яшчэ буслы – то ўзор дзіцячага клопату аб састарэлых, нямоглых бацьках.
У беларускіх легендах сцвярджаецца, нашы людзі шчыра ў гэта верылі, што буслы-дзеці кормяць сваіх бацькоў да глыбокай старасці, калі тыя ўжо не могуць паклапаціцца пра сябе. Вам на поўным сур’ёзе будуць расказваць аб здарэннях, калі буслы нібыта не давалі перакінуцца агню пад час пажара на дом гасцінных гаспадароў, пры якім знаходзілася яго буслянка. Як яны самі кідаліся на языкі полымя, тушылі іх узмахамі ўласных крылаў, раскідвалі галавешкі.
Буслы не баяцца нас, беларусаў. Яны ведаюць, што мы іх не забіваем, не палюем на іх. І таму, ў выпадку няшчасця, бусел прыходзіць за дапамогай да нашага чалавека. У любым куточку Беларусі вам раскажуць пра тое, як бусел можа пагрукаць дзюбай у дзверы, а потым будзе паказваць чалавеку, ідучы па сцежцы ды азіраючыся на яго, што ў выніку віхуры яго гняздо звалілася. І вам з гонарам раскажуць, што бацяну-буслу дапамглі па суседску, па людску, па беларуску – зацягнулі буслянку на ранейшае месца, аднавілі яго дом.
А яшчэ вам распавядуць, што калі раптоўна грымнуць у вясну нечаканыя марозы, то буслы могуць прыйсці дахаты, пастукаюцца дзюбай у дзверы, папросяцца пагрэцца ў сенцах, дзень ці два, ці тры, а потым пад промнямі сонейка паляцяць па ўласных справах.
У выяўленчым мастацтве бусел быў адным з яркіх сімвалаў перамогі над злом. Звычайна яго адлюстроўвалі ў вобразе птушкі, папіраючай нагамі зямлю. У хрысціянстве бусел увасабляе бязвіннасць, дабрадушнасць. У славянскіх народаў бусел – старажытная птушка-татэм, родапачынальнік, сімвал любові да Радзімы. У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя вобраз бусла сімвалізуе радзіму, чысціню, шчасце. Нездарма наш літаратурны геній, наш Уладзімір Караткевіч, назваў нашу маці Беларусь «Зямлёй пад белымі крыламі».
«Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль. I таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі».
Такім чынам, буслу належыць адно з першых месцаў у народных уяўленнях беларусаў пра птушак. Вобраз бусла ўспрымаецца нашым народам як знак Беларусі і яе зямлі. Бусел выступае ў беларускіх народных уяўленнях як абсалютна разумная icтотa, надзеленая таксама i высокімі маральнымі якасцямі.
Белы бусел над Беларуссю – гэта сімвал нашага святога беларускага неба, то сімвал нашай Беларусі, яе хараства, яе чысціні, наш праўдзівы сімвал беларускай вечнасці!