У чым сімвалічнае значэнне 7 лістапада 1917 года для беларускага народа? Растлумачыў Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння паразважаем аб сімвалічным значэнні 7 лістапада 1917 года – дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі для пауставання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Пачнём!
Вельмі часта можна пачуць. Для Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя – то абсалютнае зло. Бач ты, проста «злачынныя» бальшавікі захапілі ўладу, ды ўсё, што рабілі, было скіравана дзеля таго, каб знішчыць беларускую нацыю і беларускі народ. Таму з 1917 года, такія «знаўцы» пераскокваюць адразу ў часы «Вялікага тэрору», у 1937 – 1938 год. Асабліва займальна выглядаюць людзі, якія маюць такія погляды, але пры гэтым называюць сябе чамусьці беларускімі нацыяналістамі.
Для агульнага развіцця, для тых, хто дрэнна ведае гісторыю Беларусі. Нагадаю. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі, Беларусі, як палітычнага суб’екта, проста не існавала. Ніякай дзяржаўнасці. У Расійскай імперыі мы былі не больш, не менш, а проста «Северо-Западный край», не існавала ніводнай беларускай школы, ніхто не прызнаваў факт існавання беларускай нацыі і беларускай мовы. Не кажу ўжо пра вышэйшую адукацыю.
Беларускі нацыянальны палітычны рух узнік як сацыялістычны, народніцкі. Гэта значыць «чырвоны» рух. Першая беларуская палітычная партыя – Беларуская сацыялістычная Грамада – была сацыялістычнай, марксісцкай партыяй. Яна спавядала ідэі сацыяльнага вызвалення, была марксісцкай па ідэалогіі і нацыянальнай па духу. І большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі ў той ці іншай ступені падтрымалі Кастрычнік 1917 года. Менавіта ў Петраградзе, пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўвесну разгортвае сваю дзейнасць БСГ і Беларуская рабочая сацыял-дэмакратычная партыя. Левыя ідэі былі надзвычай папулярныя сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў. У тым ліку і бальшавіцкія, камуністычныя. Чаму?
Адказ просты. Пазіцыя бальшавікоў, у першую чаргу Леніна і Сталіна ў нацыянальным пытанні. Відавочны факт – не толькі царскі ўрад, але і Часовы ўрад чхаць хацеў на нацыянальныя інтарэсы беларускага народа і паслядоўна адмаўляў усе патрабаванні нашых нацыянальных дзеячаў у пытаннях дзяржаўнасці. Нават аб аўтаноміі нічога чуць не хацелі. Нагадаю. З беларускай дэлегацыяй, якія з'явіліся ў Петраград для перамоваў аб аўтаноміі, ніхто размаўляць не стаў. Таму Зміцер Жылуновіч, на той момант старшыня Прэзідыума ЦК БСГ, на Дэмакратычнай нарадзе ў верасні 1917 года ў Петраградзе асуджаў Часовы Ўрад за адмову прызнання права нацый на самавызначэнне.
Іншая справа – бальшавікі. Нацыянальная палітыка Леніна была сапраўды геніяльнай і наватарскай для свайго часу. І надзвычай рэалістычнай. Ён выдатна разумеў, што дзякуючы ёй ён абыграе і пераможа ўсіх сваіх палітычных апанентаў. Так і сталася.
Нагадаю, што праграма РСДРП(б) прызнавала права нацый на самавызначэнне, аж да аддзялення і стварэння самастойнай нацыянальнай дзяржавы. Ужо першыя дакументы новай Савецкай дзяржавы, а менавіта Дэкрэт аб міры і Дэкларацыя праў народаў Расіі (15 лістапада 1917 г.) – абвяшчалі:
Роўнасць і суверэннасць народаў Расіі. Права народаў Расіі на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Адмену ўсіх і ўсякіх нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў. Вольнае развіццё нацыянальных меншасцяў і этнаграфічных групаў, якія насялялі тэрыторыю Расіі.
Тэзіс аб федэратыўным уладкаванні Расійскай савецкай рэспублікі быў афіцыйна абвешчаны ў «Декларации прав трудящегося и эксплуатируемого народа», прынятай III Усерасійскім з’ездам Саветаў 25 студзеня 1918 года разам з пастановай «О федеральных учреждениях Российской республики». У складзе Савета народных камісараў быў утвораны Народны камісарыят па справах нацыянальнасцяў (Наркомнац), які ўзначаліў І.Сталін.
Наркамнацу былі пастаўлены наступныя задачы: а) Забяспечыць мірнае суіснаванне і братэрскае супрацоўніцтва ўсіх нацыянальнасцяў і плямёнаў РСФСР, а таксама і звязаных дамовамі аб сяброўстве і супрацоўніцтве савецкіх рэспублік; б) Садзейнічаць іх матэрыяльнаму і духоўнаму развіццю з улікам адметнасцей іх побыта, культуры і эканамічнага стану; в) Назіраць за правядзеннем у жыццё нацыянальнай палітыкі савецкай улады.
Нагадаем вядомае выслоўе – Ленін таму перамагаў сваіх апанентаў, што жыў палітыкай і ў палітыцы 24 гадзіны ў суткі. Ён імкнуўся ведаць максімальна поўна і аб такой з’яве, як беларускі нацыянальны рух. Факт красамоўны – у бібліятэцы Леніна была брашура вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, Антона Луцкевіча «Белорусы», выдадзеная ў 1909 годзе.
Ужо ў жніўні 1917 года Іосіф Сталін, галоўны эксперт бальшавіцкай партыі ў нацыянальным пытанні, так лічыў сам Уладзімір Ільіч Ленін, надаваў належную ўвагу нашаму нацыянальнаму руху ды пісаў пра «з’езды ўкраінцаў, фінаў, беларусаў». Сам Ленін у сваёй знакамітай працы «Удержат ли большевики государственную власть?» у кастрычніку 1917 года пісаў не меньш, не больш, як пра «немедленное восстановление полной свободы для Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман».
Нельга не пагадзіцца з тымі гісторыкамі, якія даўно звярнулі ўвагу на тую акалічнасць, што Беларусь Ленін паставіў у адзін шэраг з Фінляндыяй і Украінай. Прызнаў прынцыповае права нашага народа на ўласную дзяржаўнасць. Так, сапраўды, сярод бальшавікоў былі і вялікадзяржаўныя шавіністы, якія спавядалі банальны вялікарускі нацыяналізм. Але не яны вызначалі падыходы партыі ў нацыянальным пытанні.
Студзень 1918 года 3 Усерасійскі з’езд Саветаў. Ленін сустракаецца з дэлегацыямі. Ад дэлегатаў Магілёўскай губерні ён чуе пытанне. Як яму бачыцца будучыня Беларусі? Ленін «сказаў сваім суразмоўцам, што асабіста не ўяўляе Беларусь інакш, як толькі свабоднай савецкай сацыялістычнай рэспублікай: настане такі дзень, калі яна будзе створана, як ужо створана Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка». Сказаўшы гэта, Ленін дадаў, што «беларускі народ здольны будзе стварыць сваю свабодную дзяржаву толькі ў саюзе і пры непасрэднай дапамозе рускага народа».
Як бачым, ён не сумняваўся, задоўга да абвяшчэння ССРБ (так 1 студзеня 1919 года называлася БССР), што такой рэспубліцы, рэспубліцы нацыянальнай, беларускай, быць! Стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі падтрымлівалі такія беларускія дзеячы як Зміцер Жалуновіч, Алесь Чарвякоў, беларускія эсэры. У выніку – узнікаюць беларускія секцыі РКП(б), якія ў канцы снежня 1918 года стануць сузаснавальнікамі КП(б)Б.
Кіраўніцтва партыі бальшавікоў паставіла апошнюю кропку ў пытанні аб беларускім народзе і яго права на самастойнае развіццё, на дзяржаўнасць, якое пасля гэтага ніколі не аспрэчвалася да канца існавання СССР, у 1921 годзе. Нагадаю выступленне Іосіфа Сталіна, яго «Заключительное слово по докладу об очередных задачах партии и национальном вопросе на X съезде РКП(б)», прачытанае 1 сакавіка 1921 года:
«Далее, я имею записку о том, что мы, коммунисты, будто бы насаждаем белорусскую национальность искусственно. Это неверно, потому что существует белорусская нация, у которой имеется свой язык, отличный от, русского, ввиду чего поднять культуру белорусского народа можно лишь на родном его языке. Такие же речи раздавались лет пять тому назад об Украине, об украинской нации. А недавно еще говорилось, что украинская республика и украинская нация – выдумка немцев. Между тем ясно, что украинская нация существует, и развитие ее культуры составляет обязанность коммунистов. Нельзя идти против истории. Ясно, что если в городах Украины до сих пор еще преобладают русские элементы, то с течением времени эти города будут неизбежно украинизированы. Лет сорок тому назад Рига представляла собой немецкий город, но так как города растут за счет деревень, а деревня является хранительницей национальности, то теперь Рига – чисто латышский город. Лет пятьдесят тому назад все города Венгрии имели немецкий характер, теперь они мадьяризированы. То же самое будет с Белоруссией, в городах которой все еще преобладают небелоруссы».
Гэта словы Іосіфа Сталіна. Іх вынікам сталі рэальныя справы. Будаўніцтва нашага нацыянальнага дома, БССР. Будаўніцтва сваіх школ, універсітэтаў, Нацыянальнай Акадэміі Навук. Развіццё беларускай мовы, літаратуры, мастацтва. Так у той славутай і слаўнай гісторыі былі і трагічныя старонкі, якія закраналі і наш беларускі народ. Але яны не перакрэсліваюць галоўнага факта. Беларуская нацыя менавіта ў савецкі час канчаткова аформілася, здабыла ўласную дзяржаўнасць на савецкай аснове.
Менавіта таму ў 1941 годзе беларусы ведалі, што яны бароняць. І за што яны ахвяруюць уласным жыццём. А баранілі мы сваю агульную Айчыну – СССР, заснавальнікамі якой былі ў 1922 годзе, а таксама родную Беларусь, свой нацыянальны дом – БССР.
Савецкі Саюз стаў не чырвонай імперыяй, не плавільным катлом, а месцам развіцця і ўмацавання нацый. Савецкая нацыянальная палітыка, заснаваная на падтрымцы слабейшых нацыянальных супольнасцей, умацавання іх культуры, мовы, прыводзіла не да знішчэння, не да гвалтоўнай асіміляцыі, а наадварот – з’яўленнб моцнай нацыянальнай свядомасці. Беларускі народ, падкрэслім гэта асобна, быў прызнаны ў якасці самастойнай усходнеславянскай нацыі, а беларуская мова займела дзяржаўны статус, стала мовай навучання, развіцця, важнейшым сімвалам беларускай адметнасці.
Менавіта ў савецкі час максімальнага развіцця дасягнула беларуская літаратура і беларускае мастацтва. Беларусь стала развіай індустрыяльна-аграрнай рэспублікай. Для Беларусі па вялікім рахунку пасля рэвалюцыі пачаўся прарыў у будучыню — да незалежнасці краіны. Бо прыгадаем, што ні ў эпоху Расійскай імперыі, ні пасля лютаўскай рэвалюцыі нам не свяціла быць нават аўтаноміяй. Бальшавікі вымушаны былі і пайшлі да рэалізацыі ленінскай нацыянальнай палітыкі. Гэта каласальная рэч, бо, што б мы ні казалі, але менавіта ў савецкі перыяд былі закладзены асновы нашай сённяшняй дзяржаўнасці. Дзяржаўная тэрыторыя БССР, эканоміка, якая была створана ў эпоху СССР — без усяго гэтага мы сёння не былі б такімі, якія ёсць.
Мы разумеем адну простую ісціну: немагчыма назваць паспяховай тую краіну і той народ, дзе ўсё пабудавана на каласальным сацыяльным разрыве, велізарнай сацыяльнай дыстанцыі. Мы за свабоду, за ініцыятыву, за дынамічнае развіццё рыначнай эканомікі. Сацыяльныя гарантыі і прынцыповая роўнасць грамадзян — гэта тое, без чаго не магчымае наша нармальнае развіццё і не магчымая наша будучыня.
Грамадства, якое не думае пра слабых, абяздоленых, асуджана на непаспяховасць. Беларусь рэалізавалася сёння як самастойная дзяржава, якая сама, без чужых падказак, імкнецца выбудоўваць сацыяльна-эканамічную і палітычную мадэль, у аснове якой — чалавек, яго правы на годнае жыццё, а не існаванне на мяжы голаду, страху і занядбання. Мы добрыя вучні, бо добра засвоілі тыя ўрокі, што былі ў 1917 годзе.
Таму тыя падзеі, як і дзень 7 лістапада 1917 года, гэта сімвалічная, зыходная кропка адліку нашага шляха да суверэннай, беларускай дзяржавы, а значыць і важнейшы сімвал нашай беларускай вечнасці!