Марзалюк: Міхаіл Мікешын – наш беларускі Леанарда!
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра чалавека, якога без перабольшвання можна назваць знакавым сімвалам мастацтва Расійскай імперыі, чалавека, які стварыў помнік 1000-годдзя Расіі ў Ноўгарадзе і помнік Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве. Пра нашага вялікага сына Беларусі, клімавіцка-смаленскага паходжання – акадэміка Мікалая Мікешына. Пачнем!
Мікалай Мікешын – улюбёнец лёсу, чалавек, да якога вельмі рана прыйшла слава і поспех. Чалавек, які зрабіў сябе сам. Чалавек, які пры гэтым нязменна падкрэсліваў – я беларус. Чалавек – блізкі сябар украінскага генія Тараса Шаўчэнкі. Пры гэтым адданы манархіст і патрыёт Расійскай імперыі.
Але па парадку. Міхаіл Іосіфавіч нарадзіўся 21 лютага 1835 года ў вёсцы Максімаўка Рослаўскага павета Смаленскай губерні. Пазней сям’я пераехала ў Рослаў. Рослаў, як і Клімавічы, як, дарэчы, і Смаленск, – то ўсё для Мікешына адна зямля, адзін народ, адна краіна – Беларусь. І гэта ён нязменна падкрэсліваў у сваіх дзённіках, успамінах, у сталым узросце. Узгадваючы Рослаў, ён пісаў, што бацька ягоны быў саляным прыставам у гэтым «правінцыйным беларускім паветавым гарадку».
Дзе б ён ні быў, чалавек з сусветнай славай і сусветным прызнаннем, але яго нязменна цягнула дамоў, на Радзіму, у Беларусь. Найперш – у Клімавічы, дзе жыла яго сястра. «Вастру сваю зброю – аловак – і зноў хачу славіць сваю «Эльвіру», сваю радзіму – Беларусь», – пісаў Мікешын. Эльвіра – гэта дух урадлівасці ў свеце эльфаў згодна германа-скандынаўскай міфалогіі.
Прыгадваючы жудасці Айчыннай вайны 1812 года, ён пісаў так: «1812 год у нас, у Беларусі, назвалі спустошаным годам, і, сапраўды, для нашага роду Мікешыных гэты год сцёр дабрабыт нашай сям’і». І яшчэ адна цытата, адзін запіс пра падарожжа ў родныя мясціны ў 1865 годзе: «Каля 15 гадоў таму мне давялося быць на радзіме, у Беларусі…».
Ён нарадзіўся і вырас у вельмі цікавай сям’і. Яго маці, Ганна Дзмітрыеўна, паходзіла са слыннага роду Барташэвічаў-Адалянскіх і выхоўвалася ў адным з найлепшых інстытутаў для высакародных дзяўчат у Варшаве. Там, дарэчы, на танцах, падчас баля, яна пазнаёмілася і вальсіравала з імператарам Францыі – Напалеонам Банапартам. Уражаны яе прыгажосцю імператар французаў падарыў ёй ружу і пальчаткі. Гэта засохлая кветка, як і пальчаткі, захоўваліся ў якасці сямейнай рэліквіі ў доме бацькоў Мікешына.
Пікантнасці гэтаму сюжэту дадавала тая акалічнасць, што яе муж, Іосіф Ягоравіч Мікешын, быў беларускім партызанам Рослаўскай коннай дружыны, якая змагалася з французамі на Смаленшчыне і Магілёўшчыне ў 1812 годзе.
У 1852 годзе 16-гадовы юнак трапляе ў Акадэмію мастацтваў, у Санкт-Пецярбург. Студэнцтва Мікешына было даволі галодным. Сродкаў не хапала, і таму юны мастак не грэбаваў ніякімі падпрацоўкамі. Вось як ён успамінаў пра сваё студэнцкае юнацтва. Цытата:
«Не было у меня в Петербурге, в этом омуте суеты, ни родных, ни знакомых. Аппетитом я обладал чудесным, хотя моему деятельному желудку почти постоянно приходилось тосковать от недостатка работы. Эта-то голодная тоска желудка - лично для меня - послужила самым настоящим толчком к изобретательности... изредка приходилось рисовать на дереве этикетки для обёрток чая, папирос и т.п. с гонораром примерно по одному рублю за рисунок. Подобная работа представлялась очень выгодной, потому что рисунок делался в один день, а рубль, полученный за него, мог кормить меня чуть ли не целую неделю».
Неўзабаве да маладога юнака прыходзіць і першы значны поспех. За карціну «Лейб-гусары ля вадапою» ён атрымлівае Малы сярэбраны медаль. Больш за тое, карціну з выставы набывае сам імператар!
Прыглядзіцеся ўважліва да карціны і вы адразу пабачыце, што на ёй Мікешын адлюстраваў родныя мясціны, родную Беларусь. Сюжэт цалкам пабудаваны на рэаліях роднай зямлі. І цалкам – з беларускага жыцця. Гусары спыніліся ля калодзежа, каб напаіць коней. Тут яны сустракаюцца з прыгожымі беларускімі дзяўчатамі-пастушкамі. Дзяўчыны апрануты ў прыгожыя сукенкі, расшытыя родным, беларускім, арнаментам. З любоўю і веданнем справы адлюстраваны беларускі краявід – і калодзежны «журавель», і выдзеўбаныя з дубу ночвы, і сялянская хата на заднім плане, і свойская жывёла...
А потым, потым было яшчэ шмат медалёў і напрыканцы Акадэміі быў Вялікі залаты медаль, які даваў права стажыроўкі ў Еўропу на цэлых шэсць год. Але амбітны юнак робіць іначай. У 1859-м, ужо пасля заканчэння Акадэміі, ён рызыкнуў прыняць удзел у дзяржаўным конкурсе на лепшы праект помніка «Тысячагоддзе Расіі» для ўзвядзення яго ў Ноўгарадзе. На конкурс было прадстаўлена 52 праекты.
У выніку Другая прэмія была падзелена паміж акадэмікам Гарнастаевым і архітэктарам Анціпавым, а Першую, у суме аж 4000 рублёў, конкурсны Савет пры Акадэміі прысудзіў Мікешыну. Прыйшла слава, прыйшлі ўсерасійская і агульнаеўрапейская вядомасць і прызванне. А яшчэ – ордэн Святога Уладзіміра і пажыццёвая, неабыякая пенсія. Гэта быў трумф які прадвызначыў жыццё нашага героя да скону. Ён, з таго моманту, найперш скульптар і толькі потым – мастак.
На помніку, дзякуючы Мікешыну, знайшлося месца і Гедыміну, і Альгерду, і Вітаўту, і рупліўцу беларуска-украінскага праваслаўя Канстанціну Канстанцінавічу Астрожскаму. Хацеў Мікешын змясціць на помніку фігуру і свайго сябра – Тараса Шаўчэнку, але тое зрабіць яму не дазволілі. А вось Мікалая Гогаля, якога ізноў такі Мікешын дадаў ад сябе, дазволілі.
Мікешын стварае помнікі Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве, Кацярыне II Санкт-Пецярбурзе і Краснадары, Ермаку ў Новачаркаску, Кузьме Мініну ў Ніжнім Ноўгарадзе, адміралу Грэйгу ў Мікалаеве і Аляксандру ІІ у Растове-на Дану. Менавіта Мікешын – аўтар помніка Педра IV у Лісабоне. Усё не пералічыш. Нагадаем пра яшчэ адзін талент Мікешына. Ён – выдатны ілюстратар-кніжнік. Яго ілюстрацыі аздаблялі паэзію Аляксандра Пушкіна, у тым ліку паэму «Евгений Онегин».
Украіна і Міхаіл Мікешын – гэта асобны, надзвычай важны сюжэт у яго жыцці, пра які можна доўга распавядаць. Скажам толькі, што найлепшыя ілюстрацыі да знакамітага «Вія» Мікалая Гогаля – то малюнкі Мікешына. Але Шаўчэнка – то асобная размова. Ён быў, нягледзячы на свой малады ўзрост, вельмі блізкім сябрам генія украінскай паэзіі.
У сваіх успамінах Мікешын разважаў наконт таго, чым жа ён глянуўся Тарасу Шаўчэнку. І прыйшоў да даволі нечаканай высновы: «Доверчивость своих отношений ко мне находил Кобзарь в моем белорусском происхождении». Як бы там ні было, але менавіта Мікешыну, незадоўга да смерці, Шаўчэнка перадаў свае малюнкі і прасіў захаваць іх, а па магчымасці і апублікаваць. Да апошняга дня яны сябравалі, былі разам. І калі 10 сакавіка 1861 года Тараса Шаўчэнкі не стала, то менавіта Мікешын будзе тым чалавекам, які замалюе свайго сябра ўжо памерлым, спачыўшага вечным сном.
Мікешын разумеў – моц імперыі ў павазе да ўсіх усходнеславянскіх культур і моў. А Шаўчэнка – то сумленне Украіны, сумленне Маларосіі, як яе тады называлі. Сваё стаўленне ў успамінах аб Шаўчэнку акадэмік Мікешын выкажа надзвычай ясна і дакладна:
«Да будет вовеки светла и славна память твоя, Тарас Григорьевич, да научимся мы достойно чтить и ценить подобных тебе народолюбцев, [которых давай боже и велико-, и бело-, и мало-, и червоно-, и всяких иным руссам!]».
Таму і звярнуўся ён да імператара з лістом з просьбай, каб фігуру геніальнага украінскага паэта змясцілі на помніку «Тысячагоддзя Расіі». Але чад велікарускага шавінізма даваў сябе ў знакі. Таму наш зямляк і пачуў катэгарычнае – не!
Наступнай спробай увекавечыць Шаўчэнку стала скульптура Багдана Хмяльніцкага ў Кіеве. Аўтар гэтай сусветнавядомай скульптуры – ізноў ён, наш беларус, наш Мікешын. Пад коннай скульптурай помніка мусіла быць скульптурная група ў складзе беларуса, вукраінца-маларуса, украінца-чырвонаруса (гэта значыць галічаніна) і велікаруса. А па цэнтры мусіў быць Кабзар, песню якога ўсе яны слухаюць. Твар кабзара мусіў быць тварам Шаўчэнкі. Але помнік у такім выглядзе рабіць ізноў забаранілі.
Яшчэ раз Мікешын паспрабаваў увекавечыць Шаўчэнку на помніку Кацярыне ІІ у Краснадары. Скульптар ад сябе асабіста змясціў украінскага Кабзара-Тараса з хлопчыкам павадыром. Але помнік скончвалі ўжо пасля яго смерці. На ім сапраўды прысутнічала фігура бандурыста, але ўжо без вонкавага падабенства з Тарасам Шаўчэнкай.
Ён ніколі не забываў пра свайго сябра. Ушаноўваючы яго памяць, ён на штогодніх памятных вечарынах выстаўляў малюнкі Тараса Рыгоравіча. Міхаіл Мікешын выдаў і шыкоўна ілюстраваны «Кабзар» у трох выпусках. Ён пабачыў свет у выдаўніцтве Бабкіна ў Санкт-Пецярбурзе ў 1896 годзе на двух мовах: «с малороссийским и русским текстом». Выданне было ілюстравана Мікешыным, а таксама ў кожным з выпускаў узнаўлялася рэпрадукцыя малюнка Шаўчэнкі. Можа таму да яго з такім піетэтам ставіўся Тарас Шаўчэнка, як і ён да вялікага Кабзара украінскага народу, што кожны з іх усім сэрцам і ўсёй душоў любіў родны народ, родную краіну – Беларусь і Украіну адпаведна.
Міхаіл Мікешын у 1865 годзе прыязджае ў Клімавічы, такі маленькі, такі глухі на той час гарадок. Але там жыве сястра. І менавіта сястра пазіравала брату для стварэння скульптур імператрыцы Кацярыны ІІ, яе фігура, яе бюст, увасоблены і на помніку помніку імператрыцы і ў Пецярбурзе, і ў Краснадары. Так што імператрыца то ўсерасійская, а вось фігура – сястрычкі. Родненькая, беларуская, мікешынская.
Ён выдаваў паштоўкі-рэпрадукцыі з беларускімі сюжэтамі. У іх аснову былі пакладзены акурат яго «Беларускія малюнкі». Малюнак «Сцэны з Беларусі» дарэчы падпісаны не абы як – «изобразил белорус Микешин». У Клімавічах Міхаіл Мікешын зрабіў вельмі шмат сваіх беларускіх графічных работ, замалёвак з натуры беларускіх тыпаў – сялян, мяшчан, шляхцічаў. Аб гэтым сведчаць яго малюнкі, на якіх унізе чытаем надпіс – Клімавічы. Да такіх малюнкаў адносяцца наступныя яго творы: «Беларуская дзяўчына», «Жаніх і нявеста», «Дзед і баба», «Банкір і шляхціч». Апошнія замалёўкі ў родных мясцінах, у Клімавічах, ён зрабіў незадоўга да смерці, у 1892 годзе. Гэта малюнак «Паштовая эстафета».
Спачыў вечным сном Міхаіл Мікешын ва ўзросце 60 год. Ён пахаваны на Мікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Санкт-Пецярбурзе. На пахаванні Мікешына было сказана: «Гэта наш Леанарда!».
Ад сябе дадамо: Міхаіл Мікешын гэта наш беларускі Леанарда. Вялікі сын нашай зямлі. Сімвал усходнеславянскай еднасці, сімвал праўдзівай любові да народаў гістарычнай Русі – Беларусі, Украіны, Расіі, сімвал нашай, беларускай, вечнасці!