Марзалюк: Мсціслаў – велічная слава нашай гісторыі, сімвал нашай гордай і няскоранай беларускай вечнасці
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра дыяментавы горад. Так калісьці назваў наш старажытны Мсціслаў, прыгожы куточак Магілёўскай вобласці, вялікі Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч.
Мсціслаў называюць і беларускім Суздалем, і сэрцам гістарычнай беларускай Смаленшчыны. А яшчэ яго называюць маленькай усходнебеларускай Вільняй. Бо да сёння ў горадзе ацалелі і захаваліся 19 помнікаў архітэктуры XVII-XIX стагоддзяў. Пра характар горада і яго людзей невымоўна сведчаць і старажытныя прымаўкі: «Мсціслаў многіх сціснуў» і «Мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы».
Першая пісьмовая згадка горада ў летапісе – 1135 год. Мсціслаў быў другім па значнасці горадам Вялікага Княства Смаленскага. Ён з’яўляўся другой рэзідэнцыяй дынастыі смаленскіх князёў. З 1180 года Мсціслаў стаў сталіцай удзельнага княства. Мсціслаў – кландайк для археолага, а археалагічныя крыніцы горада, яго культурны слой – найбольш поўны і дасканалы летапіс.
Самыя старажытныя помнікі Мсціслава – гарадзішча Дзявочая гара і Замкавая гара – колішні дзядзінец-замак сярэднявечнага Мсціслава. Найбольш старажытным паселішчам у межах горада з'яўляецца гарадзішча «Дзявочая гара». Яна размешчаная на правым беразе рэчкі Віхра. Гэты помнік археалогіі існаваў ужо ў эпоху бронзавага (II тысячагоддзе да н.э) і ранняга жалезнага веку (з сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э і да I стагоддзя н.э). Пазней помнік выкарыстоўваўся і ў якасці свяцілішча. Пры раскопках было знойдзена чалавечае ахвярапрынашэнне – рэшткі лобных ці цемянных касцей маленькага дзіцяці.
Ігар Марзалюк:
На паўднёвым захадзе ад Дзявочай горы знаходзіўся ўмацаваны дзядзінец-крэпасць. Тут жылі князь, дружына і найбольш заможная частка гараджан. У эпоху ВКЛ старажытны дзядзінец пачаў называцца замкам. Таму і гара да сёння называецца Замкавай. Замкавая гара ў горадзе Мсціславе з’яўляецца ўнікальным помнікам археалогіі. У СССР старажытны дзядзінец Мсціслава быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей усесаюзнага значэння.
Помнік у 60-80 гг. XX стагоддзя на працягу 15 палявых сезонаў даследаваўся вядомым маскоўскім археолагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам Леанідам Васільевічам Аляксеевым. Былі раскапаны драўляныя дамы і гаспадарчыя будынкі XII-XIII стагоддзяў. Захаваліся і рэшткі драўляных маставых таго часу. Пры раскопках былі знойдзены рэшткі ўнікальнай васьмікутнай пабудовы – вежы канца XV-XVI стагоддзяў. Як меркаваў Аляксееў, яна магла выконваць і функцыі абарончай вежы-данжона, і цэрквы адначасна. Гэта быў праваслаўны храм, прыстасаваны разам з гэтым для абароны.
Сярод самых унікальных знаходак – берасцяная грамата пачатку XIII стагоддзя, а таксама касцяныя пласціны-накладкі на калчан для стрэл XIII стагоддзя.
Ігар Марзалюк:
Пры раскопках знойдзены цікавыя двухстворкавыя нацельныя крыжы XIII стагоддзя з надпісам «Богородица, помогай». Гэта так званыя энкалпіёны. «Энколпіос» з грэчаскай мовы перакладаецца як скрыначка. У сярэдзіну такога крыжа клаліся фрагменты мошчаў святых. Большасць такіх рэчаў выраблялі з бронзы. Набывалі іх вельмі заможныя людзі. У Мсціславе знойдзены адзін такі крыж у шоўкавым мяшочку. Ён мог належыць прадстаўніку княскай сям’і, альбо вельмі багатаму чалавеку.
Ігар Марзалюк:
Кітайскі, натуральны шоўк – гэта сімвал вельмі высокага статусу і багацця ў той час. Рэч простым людзям недаступная. На поўдзень і паўднёвы захад ад Замкавай гары быў размешчаны вакольны горад – гэта значыць умацаваны гарадскі пасад, дзе жылі гандляры і рамеснікі. Тут археолагі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў, дарэчы мсціслаўцы, знайшлі развал печы-домніцы, дзе плавілі жалеза з балотнай руды, а таксама рэшткі касцярэзнай майстэрні XIV-XV стагоддзяў, а таксама рэшткі гуты – месца, дзе мсціслаўскія майстры выраблялі шкляныя вырабы ў XVI-XVIII стагоддзях.
Я ганаруся тым, што меў шчасце ў ходзе сваёй навуковай кар’еры, падчас уласных археалагічных экспедыцый, спрычыніцца да таямніцаў гэтай зямлі, якая надзвычай шчодра адарыла мяне адкрыццямі. У 2014 г. упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі пад маім кіраўніцтвам былі адноўлены археалагічныя даследаванні на Замкавай гары. Вынікі прац пераўзышлі ўсе чаканні. Ёсць у археалогіі метад датавання па зрубах, ці спілах дрэва. Ён называецца дэндрахраналагічным і дазваляе вельмі дакладна датаваць па часу рубкі дрэва культурны слой помніка археалогіі.
Самая старажытная мсціслаўская маставая, знойдзеная намі, датуецца часам не раней за 1098 г. і не пазней за 1120 г. Даследаванне старажытных умацаванняў паказала, што вал Мсціслава меў тыповую для таго часу канструкцыю – драўляны зрубны каркас быў забіты глінай, краі вала абпалены да цэглападобнага стану. На грабяні вала была ўзведзена драўляная сцяна ў выглядзе клецяў-зрубаў. Дэндрадата, атрыманная ў 2015 г., дазваляе сцвярджаць, што магутны вал старажытнага горада з драўлянымі сценамі-умацаваннямі быў узведзены ў вельмі кароткачасовым храналагічным інтэрвале – 1052-1053 гг. А значыць, Мсціслаў як горад існаваў ужо ў сярэдзіне XI стагоддзя. Таким чынам, 1053 год – сапраўдная дата нараджэння Мсціслава.
Ігар Марзалюк:
А яшчэ намі была знойдзена самая старажытная гаспадарчая яма на Замкавай гары – з рэшткамі зламаных і выкінутых рэчаў, пабітых гаршкоў, датаваных другой паловай – канцом X стагоддзя. І тут яшчэ адна неспадзяванка – я трымаю у руках гліняную бразготку ў выглядзе коніка, якая калісьці вісела над дзіцячай калыскай. Больш за 1000 год таму!
У ходзе тых раскопак было знойдзена шмат цікавейшых рэчаў і упрыгожванняў. У тым ліку і своеасаблівая берасцяная грамата XII стагоддзя– накрамзоленыя дзіцячай ручкай дрэнначытабельныя літары і знакі. Своеасаблівая пропісь. Унікальнае сведчанне пра маленькага чалавечка, які спасцігаў азы пісьменнасці.
Увогуле, у старажытным Мсціславе ўжо ў той час было даволі шмат пісьменных людзей. Аб гэтым сведчаць знаходкі прыладаў для пісьма – пісалаў. Чытаць і пісаць умелі і мсціслаўскія жанчыны. Яны падпісвалі ўласныя каменныя праселкі, зробленыя з ружовага сланцу. Такія рэчы выкарыстоўвалі для павелічэння інэрцыі верацяна. На адных праселках прадрапаны асобныя літары-ініцыялы, а на іншых – імёны ўладальніц цалкам.
Ігар Марзалюк:
Для захавання драўніны над раскопам быў узведзены часовы тэнт, а потым і будынак, стылізаваны пад княскія харомы XII-XIII стагоддзяў. Кансервацыя драўніны праводзілася пад навуком наглядам беларускага археолага, даследчыка старажытнага Берасця і Віцебска, кандыдата гістарычных навук дацэнта Лявона Калядзінскага. Зараз гэта музейны аб’ект, які можна наведаць, дакрануцца да вечнасці. Можна пабачыць адноўленую вежу-данжон, часткова рэканструяваныя вежы і сцены старажытнага замка.
Мсціслаў – то намоленая і святая зямля. Месца, дзе размешчаны надзвычай важныя святыні праваслаўнай царквы. Гэта і адзін са славуцейшых у Беларусі манастыроў – Пустынскі манастыр, размешчаны недалёка ад горада. Заснаваны ён, паводле падання, знакамітым героем Грунвальдскай бітвы князем Сямёнам Лугвенам, сынам Альгерда. Лічыцца, што князь заснаваў таксама ў самім Мсціславе Нагорны Мікалаеўскі манастыр, а ў яго ваколіцах – Ануфрыеўскі манастыр.
Ігар Марзалюк:
Мсціслаў меў Магдэбургскае права, быў сталіцай ваяводства. Мсціслаўцы карысталіся сваімі, уласна імі вынайдзеным і адзінкамі вымярэння вагі, даўжыні, аб’ёму. У пісьмовых крыніцах згадваюцца «мсціслаўскі пуд і фунт», «мсціслаўскія локаць і сажань», «мсціслаўская бочка». Мсціслаў – гэта ўнікальная школа кафлярства XVII стагоддзя, і яе знакаміты прадстаўнік – Сцяпан Іваноў па мянушцы Палубес. Менавіта яго кафля аздабляе велічныя помнікі архітэктуры Масквы таго часу і да сёння. Усходнеславянскае друкаванне і не толькі беларускае, але і велікарускае, і ўкраінскае, немагчыма ўявіць без дзейнасці Пятра Мсціслаўца – годнага нашчадка слаўных традыцый Францыска Скарыны.
Пётр Мсціславец разам з Іванам Фёдаравым (дарэчы, апошні быў беларускім праваслаўным шляхцічам, у нашых дакументах яго прозвішча гучыць як Федаровіч) заснавалі першую друкарню ў Маскве і там жа выдалі ў 1564 г. першую ў Расіі друкаваную кнігу – «Апостал». Беларускую навуку нельга ўявіць без стваральніка першага фундаментальнага слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча. Мсціслаўшчына – гэта Радзіма вялікіх вучоных XIX стагоддзя – братоў Куторгаў. Міхаіл Куторга быў выдатным гісторыкам, а яго брат Сцяпан – бліскучым заолагам.
Менавіта з гэтай насычанай нашай традыцыяй і жывым беларускім словам зямлі паходзяць браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Максім Гарэцкі – геніяльны пісьменнік, якога яшчэ называюць беларускім Рэмаркам, стваральнік першай «Гісторыі беларускай літаратуры». Яго брат – знакаміты вучоны-геолаг і мінералог. А яшчэ гэта браты Андрыян і Мсціслаў Прахавы – вучоныя-гуманітарыі. Мсціслаў – філосаф, гісторык, паэт, першы ў Расіі перакладчык Гейнэ і Гафіза, а малодшы Андрыян – гісторык мастацтва і археолаг.
Ігар Марзалюк:
У мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, быў калісьці такі, вучыліся беларускія паэты Аркадзь Куляшоў і Змітрок Астапенка. Мсціслаў выклікаў захапленне ў знакамітага нашага пісьменніка XX стагоддзя Уладзіміра Караткевіча. Апошні напісаў дзівосную мастацка-дакументальную кнігу «Дыяментавы горад. Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі». Раю усім, хто люіць Беларусь, гэту кнігу прачытаць. А потым і прыехаць у Мсціслаў. Пабачыць яго на свае вочы. Адчуць яго магнетызм, як у свой час адчуў Караткевіч. Прыгадайма словы з гэтай кнігі: «Ёсць на свеце гарады, імя якіх для твайго вуха проста сугучча. Прагучала назва, скалыхнула паветра і знікла назаўсёды ці да наступнага разу. Бо нічога за гэтай назвай для цябе не стаіць. Не чуў, не бываў. А і не буду – невялікая страта. А ёсць гарады, звязаныя з табою нябачнай повяззю, самой музыкай свайго імя, або нечым трывалым, што вяжа з імі назаўсёды, нават супраць твайго жадання. Ёсць для мяне некалькі такіх гарадоў на Беларусі. І адзін з іх – горад маёй маці, Мсціслаў».
Мсціслаў – то велічная слава нашай гісторыі, веліч традыцыі, то сімвал нашай гордай і няскоранай беларускай вечнасці!