Марзалюк: мы ганарымся нашым гербам. За ім плён працы нашых дзядоў і прадзедаў, стварыўшых БССР
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. Пагаворым пра вытокі і генэзіс дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, а таксама пра яго папярэднікаў – гербы БССР.
Ігар Марзалюк,
член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі
навук, доктар гістарычных навук,
прафесар:
Новы і прынцыпова іншы
накірунак атрымала беларуская геральдыка
пасля лютаўскіх і кастрычніцкіх падзей
ў 1917 годзе. У гэты перыяд актывізавалася
імкненне да стварэння новай рэвалюцыйнай
сімволікі з пэўным улікам мясцовых
асаблівасцей, пачала пераважаць
аднастайнасць у мастацкім вырашэнні і
рэзка звузілася сама колькасць
эмблематычных сродкаў.
Савецкая атрыбутыка на працягу сямі дзясяткаў гадоў з’яўлялася своеасаблівай формай прапаганды ідэй сацыялізму. Пад непасрэдным уплывам савецкай эмблематыкі фарміравалася афіцыйная геральдыка былых сацыялістычных, а таксама шэрагу маладых краін Азіі, Афрыкі, якія ўваходзілі ў сферу палітычных, ваенных і эканамічных уплываў СССР.
Ігар Марзалюк:
Пасля
перамогі народаў СССР у Вялікай Айчыннай
вайне і пачатку эпохі дэкаланізацыі
назіраецца актыўны ўсплеск цікавасці
да савецкіх эмблематычна-геральдычных
прынцыпаў, што адлюстроўвалася ў
паўтарэнні кругавой канструкцыі герба
і абкружванні яго рознымі каласамі,
галінкамі і гэтак далей, ва ўжыванні
іншых элементаў і прыёмаў савецкай
эмблематыкі. У гэтых гербах як бы
адлюстроўваліся мэты ўсталявання
сацыялізму ва ўсіх краінах свету, пэўныя
рысы грамадскага ладу ў Савецкім Саюзе.
Дзяржаўны герб БССР быў зацвержаны 6 ліпеня 1923 года на другой сесіі ЦВК. Дапрацоўка малюнка герба была даручана мастаку Дубасаву. Сам жа праект дзяржаўнага герба СССР быў зроблены Усеваладам Корзунам. Па тых нешматлікіх звестках, якія маюцца аб ім, вядома, што ён паходзіў з Беларусі, працаваў тапографам, і ў той час, калі быў аб’яўлены конкурс на стварэнне герба СССР, знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Маскве.
Ігар Марзалюк:
Канстытуцыя
СССР 1924 года дае наступнае апісанне
гэтага герба: на фоне зямнога шара –
скрыжаваныя серп і молат, у ніжняй частцы
– узыходзячае сонца. Усе гэта абкружана
вянком з каласоў, перавітых чырвонай
стужкай шэсць разой – па колькасці
рэспублік, краі стужкі пакінуты вольнымі.
На кожным вітку ленты надпіс «Пролетарии
всех стран, соединяйтесь!» на шасці
мовах рэспублік: рускай, украінскай,
беларускай, азербайджанскай, армянскай,
грузінскай. Уверсе – пяціканцовая
зорка.
Ігар Марзалюк:
Трэба
адзначыць, што да 1924 года ўжо сфарміраваліся
асноўныя прынцыпы савецкай эмблематычнай
традыцыі. Галоўныя для яе сімвалы –
серп і молат, якія былі закліканы
адлюстроўваць вобразы мірнай працы,
ідэйнай згуртаванасці і непарыўнай
сувязі, саюза рабочых і сялян.
На першым этапе гэтыя сімвалы, вельмі простыя і лаканічныя, лёгка даступныя для разумення грамадствам, якое была выхавана на даволі моцным геральдычным падмурку, знайшлі шырокае разуменне ў масавых колах не толькі расійскага, але і замежнага пралетарыяту.
Ігар Марзалюк:
Сімволіка
перакрыжаваных сярпа і молата фіксуецца
ў сакавіку 1918 года, калі па загаду СНК
у друкарні імя Фёдарава быў падрыхтаваны
малюнак першай дзяржаўнай пячаткі
Савецкай Расіі. Як згадаваў Бонч-Бруевіч,
які займаў тады пасаду кіруючага справамі
Саўнаркама, старшыні ЦК і СНК Расійскай
Федэрацыі, Уладзіміру Леніну вельмі
спадабаўся праект, але ён быў супраць
мяча, які знаходзіўся ў цэнтры кампазіцыі.
Упершыню шырокае ўжыванне сярпа і молата
ў якасці дамінуючай эмблемы прыпадае
на святкаванне рэвалюцыйнага свята –
Першамая 1918 года.
Ігар Марзалюк:
Першы
герб Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі
Беларусь нічым не адрозніваўся ад герба
РСФСР, акрамя надпісу на стужках. У
студзені 1919 года ЦК РКП(б) было прынята
рашэнне аб утварэнні Літоўска-Беларускай
ССР. На пасяджэнні 27 лютага 1919 года
Цэнтральных выканаўчых камітэтаў
рэспублік быў распрацаваны праект
Канстытуцыі новай аб’яднанай рэспублікі
і давалася апісанне яе герба: ён уяўляў
сабой копію папярэдняга з тым адрозненнем,
што да беларускамоўнага тэксту дадаваліся
надпісы на літоўскай, польскай, яўрэйскай
і рускай мовах.
Як вядома, юрыдычна гэтае палітычнае ўтварэнне праіснавала да ліпеня 1920 года, калі распалася падчас наступлення польскіх легіянераў. Услед за гэтым адбылося другое абвяшчэнне БССР – прынята Дэкларацыя аб незалежнасці БССР. Варта адзначыць, што да сённяшняга дня яшчэ не знойдзена ніводнай выявы герба Літбела. Хутчэй за ўсё, яго проста не існавала, а дзяржаўныя органы карысталіся пячаткамі, на якіх была толькі пісьмовая (наратыўная) інфармацыя. У тым жа 1920 годзе ва ўжыванне быў узяты папярэдні герб ССРБ.
Ігар Марзалюк:
Узнікненне
ў 1922 годзе СССР парадзіла ініцыятыву
да пошукаў новага герба нашай рэспублікі,
які б у дастатковай меры падкрэсліваў
адзінства ўсёй краіны і ў той жа час,
хоць бы ў даволі вузкіх межах жанру,
высвечваў яе асаблівыя рысы і тым самым
не выступаў абсалютнай копіяй герба
Савецкай Расіі.
З гэтай мэтай у канцы лютага 1924 года быў аб’яўлены конкурс на стварэнне герба рэспублікі. На пасяджэнні Саўнаркама, якое адбылося 27 снежня 1926 года, былі разгледжаны прапанаваныя праекты. Лепшым прызнаны праект кіраўніка Беларускага дзяржаўнага мастацкага тэхнікума ў Віцебску мастака Волкава. Пасля ўнясення правак (чырвоная стужка з белай каймой па краях была заменена на чырвоную) ён быў зацверджаны на VIII Усебеларускім з’ездзе Саветаў 11 сакавіка 1927 года. У прамове першага сакратара ЦК КП(б)Б Крыніцкага падкрэслівалася, што дзяржаўны герб БССР мае «характар шрыфту беларускай мовы часткова ў стылі Скарыны».
Другая Канстытуцыя БССР 1927 года дае наступнае апісанне герба рэспублікі (раздзел XIII, артыкул 74): «Дзяржаўны герб Беларускае Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі складаецца з малюнку ў праменнях усходзячага сонца сярпа і молата, якія змешчаны крыж на крыж ручкамі ўніз і абкружаны вянком; гэты вянок складаецца злева з жытніх каласоў, пераплеценых канюшынаю, а справа – з дубовае галінкі; унізе паміж абедзьвюма палавінамі вянка перавіты чырвонаю стужкаю, на якой змешчаны надпісы на беларускай, яўрэйскай, расійскай і польскай мовах: «Пралятарыі ўсіх краін, злучайцеся!» і ніжэй – ініцыялы БССР. Уверсе гербу знаходзіцца пяціканцовая зорка».
Ігар Марзалюк:
Жытнія
каласы, на думку тагачасных ідэолагаў,
адлюстроўвалі сельскую гаспадарку, а
дубовая галінка – лясныя багацці
рэспублікі. Пяціканцовая зорка – шлях
да сацыялізму. Колькасць моў – чатыры
– адпаведна, з аднаго боку, асноўным
этнічным групам, якія пражывалі на
тэрыторыі рэспублікі, а з другога – не
стварала палітычных падстаў для ўціску
беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй
Беларусі, перададзенай адпаведна з
Рыжскім дагаворам 1921 года Польшчы.
У артыкуле 21 Канстытуцыі БССР 1927 года была падкрэслена роўнапраўнасць моў у БССР, а наступны артыкул заканадаўча зацвярджаў у сувязі з большасцю беларускага насельніцтва «у рэспубліцы пераважнасць беларускай мовы для адносін паміж дзяржаўнымі, прафесіянальнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі».
Трэцяя Канстытуцыя БССР 1937 года пакінула герб рэспублікі без змен, але разгорнуты ў тыя часы наступ на нацдэмаў і імкненне ўлад знівеліраваць нават вонкавыя адрозненні не маглі не паўплываць і на дзяржаўны герб БССР. 3 мэтай далейшай дапрацоўкі знешняга выгляду герба, прывядзення яго ў адпаведнасць з новымі палітычнымі і ідэалагічнымі рэаліямі часу, што змяняўся вельмі хутка, былі зроблены адпаведныя захады.
28 ліпеня 1938 года на вячэрнім паседжэнні першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР дэпутат Захараў выступіў з прамовай, дзе адзначалася, што «Беларусь з’яўляецца індустрыяльна-калгаснай краінай. У сельскай гаспадарцы пераважаюць большасцю пасевы зернавых і тэхнічных культур – жыта, лён, канюшына. Усё гэта з’яўляецца асноўным багаццем сельскай гаспадаркі, што і павінна быць адлюстравана ў дзяржаўным гербе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». На гэтай падставе дэпутат унёс прапанову аб унясенні змен у дзяржаўны герб: «замяніць вянок з дубовымі лісцямі вянком з жытніх каласоў, пераплеценых клеверам і ільном». Такім чынам, было растлумачана і ідэалагічна абгрунтавана адмаўленне ад папярэдняга герба рэспублікі.
Ігар Марзалюк:
Герб
Беларускай Савецкай Сацыялістычнай
Рэспублікі праіснаваў да распаду СССР.
Пасля рэферэндуму 14 мая 1995 года, па яго
выніках замест герба «Пагоня» быў
уведзены сучасны Дзяржаўны герб
Рэспублікі Беларусь. А зараз пра
сімвалы і сэнсы герба сучаснай беларускай
дзяржавы. Дзяржаўны герб Рэспублікі
Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў
сярэбраным полi залаты контур Дзяржаўнай
мяжы Рэспублікі Беларусь, накладзены
на залатыя промні ўзыходзячага над
зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца
пяціканцовая чырвоная зорка.
Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамi лёну. Вянок тройчы перавiты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкi напiсаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».
Зямны шар – знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця.Чырвоная зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх намераў. У малюнку герба захаваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, любоў да свету.
Ігар Марзалюк:
Гэта
наш беларускі нацыянальны герб. За ім
плён працы нашых дзядоў і прадзедаў,
стварыўшых БССР. Таму мы не саромемся,
а ганарымся пераемнасцю герба Рэспублікі
Беларусь з гербам БССР, нашай першай
нацыянальнай дзяржавы на савецкай
аснове. Мы ганарымся плёнам працы нашых
дзядоў і прадзедаў, нашай мужнай
беларускай няскоранай нацыі.