Марзалюк: савецкія салдаты назаўсёды для нас застануцца вызваліцелямі ад карычневай чумы
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добрым людзям! Сёння пагаворым пра наш беларускі даробак, даробак беларускага народа, беларускіх працаўнікоў у нашу святую, супольную Перамогу. А таксама пра нашу, удзячную беларускую памяць.
Мы ўжо казалі і пра гераізм беларускага супраціўлення ў часы акупацыі, і пра мужнасць беларускіх воінаў і палкаводцаў. Сёння размова пра тых, хто набліжаў Перамогу, ахвярна працуючы ў тыле. Яшчэ да эвакуацыі прамысловая вытворчасць БССР, на не занятых на той момант нацыстамі тэрыторыях Магілёўскай і Гомельскай абласцей, была скіравана на задавальненне ваенных патрэб.
У прыватнасці, гомельскія заводы «Гомсельмаш» і «Рухавік рэвалюцыі» займаліся рамонтам вайсковай тэхнікі, станкабудаўнічы завод імя Кірава і Навабеліцкі лесакамбінат перакваліфікаваліся на вытворчасць супрацьтанкавых мін. Гомельскія чыгуначнікі абсталявалі 30 перасоўных майстэрань для рамонту ў палявых умовах ваенных аўтамабіляў. Рамонтам танкаў і трактароў займаліся ў Клімавічах і Мазыры.
Але хуткае прасоўванне войскаў Вермахта ўглыб Беларусі вымушала праводзіць эвакуацыю прадпрыемстваў. Вывесці ўдалося 120 з іх. І гэта было таксама подзвігам! У 1942 годзе больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў і 1,5 мільёны беларусаў актыўна працавалі ў савецкім тыле, штодзённа павышаючы абараназдольнасць усяго Савецкага Саюза. Стваральная праца савецкага тылу, у тым ліку і нашых суайчыннікаў-беларусаў, стала адным з фактараў змянення ў канцы 1942 года на карысць Чырвонай Арміі суадносін па асноўных відах ваеннай тэхнікі на савецка-германскім фронце.
З лета 1943 года гэта перавага стала яшчэ больш адчувальнай. Так, па сярэднегадавым выпуску гармат палявой артылерыі СССР пераўзыходзіў Германію больш чым у 2 разы, супрацьтанкавых гармат – у 2,6, мінамётаў – у 5 разоў. Улічваючы той факт, што на прадпрыемствах абароннай прамысловасці была занята, ў асноўным, працаздольная частка мужчынскай паловы насельніцтва, і яно ж у асноўным ваявала на франтах, увесь цяжар сельскагаспадарчай вытворчасці ў гады ваеннага ліхалецця на сваіх плячах вынеслі жанчыны, састарэлыя людзі, падлеткі і дзеці.
Помнім пра іх подзвіг. Нашых бабуляў і прабабуляў, іх дзяцей, нашых бацькоў. Іх штодзённы гаротны, галодны і халодны подзвіг. Іх мужнасць. У імя фронта і перамогі. Самааддана ў савецкім тыле працавалі чыгуначнікі з Беларусі. Шматлікія з іх увайшлі ў склад паравозных калон асобага рэзерву пры Наркамаце шляхоў зносін. З работнікаў Беларускай чыгункі пераважна былі ўкамплектаваны 3-я і 4-я калоны, якія забяспечвалі бесперабойны рух цягнікоў, дастаўку людзей і грузаў на фронт.
У савецкім тыле працавала каля 100 эвакуіраваных з БССР работнікаў вышэйшай школы і навуковага сектара, звыш за 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары і шэраг работнікаў культуры, асветы, аховы здароўя. Усе яны таксама рабілі істотны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. Навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Акадэміі навук БССР сканцэнтравалі ўвагу на вырашэнні праблем, якія маглі прывесці да ўзмацнення ваеннай магутнасці Савецкага Саюза, павелічэння яго сыравінных рэсурсаў, знаходжання новых метадаў лячэння і вынаходніцтва новых медыкаментаў.
Цесную сувязь з Чырвонай Арміяй, народам прадэманстравалі работнікі культуры. З першых дзён вайны былі створаны франтавыя брыгады Беларускага тэатра оперы і балета. Ваенная тэматыка займала ключавое месца ў творчасці беларускіх кампазітараў і мастакоў. Беларускія кінааператары на базе Маскоўскай студыі-хронікі штомесячна выпускалі кіначасопіс «Савецкая Беларусь». Пры Усесаюзным радыёкамітэце была створана беларуская рэдакцыя радыёвяшчання, якая штодзённа выпускала радыёперадачы.
Не спынялі работы беларускі друк, Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Беларускія пісьменнікі, паэты і журналісты ваявалі пяром, як штыком. Натхняючы воінаў беларусаў, партызанаў і падпольшчыкаў на ахвярнае змаганне з лютым ворагам. Работнікі народнай адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі сваёй працай зрабілі вялікую справу па ўмацаванні духоўных сіл у барацьбе з нацысцкай навалай. Сваёй творчасцю яны выхоўвалі пачуццё патрыятызму, мужнасці, нянавісці да захопнікаў, натхнялі на непрымірымую барацьбу з ворагам.
Прыгадайма бліскучы па сваё сіле ўздеяння верш Максіма Танка «Родная мова», створаны ім у 1943 годзе:
З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.
Я спадзяюся, што для кагосьці зараз стане больш зразумелым той факт, чаму Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца адной з ключавых падзей беларускай гісторыі навейшага часу. Памяць аб падзеях той вайны, яе выбітных удзельніках, гераічных учынках нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак велізарных страт, якія панесла Беларусь у гады ваеннага ліхалецця, духоўна аб’ядноўвае наша сучаснае грамадства і з’яўляецца адным з асноўных складнікаў гістарычнай свядомасці беларускага народа.
Памяць аб тых людзях, якія прайшлі нялёгкі шлях да вызвалення, і тых, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе з нацысцкай напасцю, наблізіўшы Вялікую Перамогу, а таксама найбольш значных падзеях Вялікай Айчыннай вайны за папярэднія дзесяцігоддзі ўшанавана і да гэтага часу ўшаноўваецца ў шматлікіх мемарыялах, абелісках, помніках. У 1954 годзе у Мінску быў усталяваны велічны помнік воінам Чырвонай Арміі і партызанам, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны – манумент Перамогі, які вянчае выява ордэна Перамогі.
У 1974 годзе гораду Мінску было прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», а ў 1985 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё архітэктурна-скульптурнага комплексу «Мінск – горад-герой». Побач знаходзіцца і новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які быў урачыста адкрыты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным 2 ліпеня 2014 года. На сённяшні дзень музей з’яўляецца не толькі найбуйнейшым у Беларусі сховішчам рэліквій Вялікай Айчыннай вайны, але і адным з найважнейшых цэнтраў грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Да ліку найбольш значных мемарыяльных комплексаў на тэрыторыі Беларусі адносіцца Брэсцкая крэпасць–герой, якая ўвекавечвае подзвіг, які здзейснілі яе абаронцы ў чэрвені-ліпені 1941 года. Скульптурна-археалагічны ансамбль уключае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва. Памяць аб беларускіх вёсках, якія былі спалены нацысцкімі акупантамі і калабарацыяністамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нясе ў сабе мемарыяльны комплекс «Хатынь», які быў адкрыты ў 1969 годзе у Лагойскім раёне Мінскай вобласці.
Гэты комплекс з’яўляецца сапраўдным сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў ваеннага ліхалецця. У цэнтры мемарыяльнага комплексу ўзвышаецца скульптура «Няскораны чалавек» – сімвал подзвігу беларускага народа, які не схіліў галавы перад захопнікамі. У гэтым годзе была адкрыта новая музейная экспазіцыя ў Хатыні. Абавязкова наведайце, калі яшчэ не паспелі там пабыць. Словы не могуць перадаць тых пачуццяў, якія ахопліваюць там любога чалавека, у якога ёсць сэрца і сумленне.
Абавязкова пабудзьце і ў мемарыяльным комплексе у вёсцы Боркі – сімвале усіх спаленых вёсак Магілеўскай вобласці. Пабудзьце ў Але – сімвале болі і смутку ўсіх бязвінна знішчаных і спаленых на нашай Гомельшчыне. Дакраніцеся. Асцярожна і ашчадна. Да надпісаў. Прасякнутых людскім болем і нашым беларускім адчайным жаночым галашэннем.
Можа тады вы зразумееце, чаму нам так ненавісны тыя, хто здрадзіў беларускаму народу ў гады апошняй страшнай вайны. І чаму мы так ашчадна ставімся да помнікаў савецкім салдатам. Якія для нас заўсёды будуць вызваліцелямі Беларусі ад карычневай чумы. Ад забойцаў нашага народа. Попел Трасцянца грукае нам у сэрцы. Званы Хатыні не дазваляюць пазбыцца памяці пра тыя часы.
Нашы Курганы Славы, нашы помнікі, мемарыялы і музеі прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне – то сапраўдныя сімвалы нашай беларускай людскасці, годнасці, сімвалы ахвярнага подзвігу нашага няскоранага народа, сімвалы нашай, беларускай вечнасці!!!