Марзалюк: словы дэвіза з нашага гімна – словы аб неўміручасці і вечнасці нашай краіны
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям. Сёння мы пагаворым пра беларускія дэвізы і вітанні. Пра іх узнікненне, пазітыўны і негатыўны змест. Першыя беларускія дэвізы, беларускія заклікі-вітанні апелявалі да права беларусаў мець годны, чалавечы статус на сваёй зямлі, мець права распараджацца сваёй краінай. А не пабірацца ў чужынцаў, не прасіць сваё, тое, што належыць твайму народу па праву. Менавіта таму напрыканцы XIX – пачатку XX стагоддзяў (у эпоху барацьбы за сваю нацыянальную і сацыяльную годнасць) найбольш папулярнымі лозунгамі-заклікамі, якімі звычайна скончваліся прамовы і публіцыстычныя артыкулы, былі несмяротныя словы: «Загляне сонца і ў наша ваконца!», а таксама палымянае, упершыню агучанае нашым нацыянальным геніем, нашым Янкай Купалай «Людзьмі звацца!».
Былі і партыйныя беларускія лозунгі. Вытворныя ад агульнамарксісцкіх, сацыялістычных, рэвалюцыйных. Беларуская сацыялістычная грамада выкарыстоўвала не толькі чырвоны сцяг, але і лозунг «Працавітая бедната ўсіх краёў, злучайся!» Гэта быў афіцыйны дэвіз БСГ. І ніякі іншы. Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (беларускіх эсэраў) дэкларавала свой лозунг-дэвіз: «Змагайся, як мага – зможаш!» З 1917 года ўсімі беларускімі дзеячамі выкарыстоўваўся дэвіз-заклік «Няхай жыве вольная Беларусь». У хуткім часе з’явіцца і варыянт «Няхай жыве Савецкая Беларусь!» А як жа вокліч «Жыве Беларусь!», з кароткім адказам «Жыве!», давайце разбяромся. Адразу дамовімся. Не будзем спасылацца на выдадзеную Янкай Купалам у 1908 годзе зборнік «Жалейка», дзе ёсць фраза «Гэта крык, што жыве Беларусь». Гэта не дэвіз, не ўстойлівая моўная формула. Так у пачатку XX стагоддзя ніхто не вітаўся. Не выкарыстоўваў як баявы кліч. Нават бэнээраўцы яшчэ яго не ведалі. Ён быў уведзены як аналаг нацысцкага прывітання з зігаваннем рукой беларускімі нацыстамі ў 1941 годзе ў акупаванай Беларусі. Антон Адамовіч, беларускі калабарант, у падкантрольнай нацысцкай беларускамоўнай газеце «Раніца» у 1944 годзе ў Берліне, падкрэслім – у гітлераўскім Берліне, у артыкуле «Нашыя нацыянальныя эмблемы» пісаў літаральна наступнае:
«Прыблізна ад пачатку сучаснае вайны дэвіз «Жыве Беларусь» знайшоў сабе шырокі ўжытак і агульнае прызнанне ў якасці нацыянальнага прывітання, лёгка і хутка выцесніўшы другую, малаарыгінальную, выразна на ўкраінскі ўзор створаную формулу «Слава Беларусі». Гэты ўжытак быў афіцыйна ўведзены для беларускай вайсковасці (вайсковыя фармацыі БКА, СС, чыгуначныя, паліцыйныя) і моладзі (школы, «Саюз беларускае моладзі»)».
Асабліва шырокае ўжыванне знаходзіць нацыянальны дэвіз пры вітанні, прычым прывітальнай поўнай формуле «Жыве Беларусь!» адпавядае кароткая адказная «Жыве!». Абедзве звычайна суправаджаюцца гэтак званага арыйскага прывітання. У апошнім адрозніваюцца два віды: вялікае і малое прывітанне. Вялікае прывітанне, як ужо было апісана, палягае ўва ўзняцці правай рукі, паднятай перад сабой (далоней уніз, кончыкі пальцаў на ўзроўні вачэй), і ўжываецца ў урачыстых абставінах. Пры малым прывітанні правая рука ўздымаецца на ўзровень чала, далонь выпрастаная, рука ў локці сагнутая. Гэта прывітанне ўжываецца ў звычайных абставінах у дачыненні да сяброў і знаёмых».
Першая фіксацыя ў пісьмовых крыніцах словаспалучэння «Жыве Беларусь!» у якасці нацысцкага вітання з адначасовым «зігаваннем» пераносіць нас у акупаваную Заходнюю Беларусь верасня 1941 года.
«Службовая асоба палявой жандармерыі ў сваім данясенні аб паездцы 25 верасня 1941 года ў Верцялішкі, Скідзель, Дубну і Каменку распавядае аб высакамерных паводзінах жыхара Верцялішак Паўла Яновіча, які быў прызначаны для нагляду за паліцыяй у гэтых мясцінах. У выніку актыўнай дзейнасці Яновіча беларускае насельніцтва ў Верцялішках вітаецца выключна словамі «Жыве Беларусь!» з адначасовым падняццем правай рукі. Бургамістрам Жыдомлі і Каменкі ён сказаў, што іх пасады ў будучым будуць запоўнены членамі Беларускага нацыянальнага камітэта».
Ігар Марзалюк:
Патлумачу. Гэты беларускі нацыяналіст-актывіст гэткім чынам праводзіў акты застрашвання польскага насельніцтва, польскай інтэлігенцыі і польскіх бурмістраў, што пайшлі немцам служыць. Ды тлумачыў, што ім, палякам, канец. Пры Адольфе Гітлеры хутка будуць галоўнымі яго сапраўдныя памагатыя – беларускія нацыяналісты. Крыніца захоўваецца ў архіве. У слаўным горадзе Гродна.
Вокліч «Жыве Беларусь!», з водгукам «Жыве!» стаў фірменным прывітаннем беларускага аналага Гітлерюгенда – Саюза беларускай моладзі (СБМ). Чытаем статут СБМ: «Раздзел 5. Сяброўскія дачыненні. Пункт 4. Прывітаннем і развітаннем з'яўляецца падняцце правае рукі са словамі: «Жыве Беларусь!» – «Жыве!».
Загады кіраўнічага штаба СБМ дэталізуюць як гэта рабілася:
Ігар Марзалюк:
«Для азначэння юнацкай дысцыпліны і прыналежнасці да аднае вялікае сям'і кожны юнак павінен аддаваць пашану старэйшым і кіраўніком. Аддаванне пашаны павінна быць хуткае і бадзёрае. Аддаванне пашаны на месцы: пры набліжэнні старэйшага юнак прымае асноўную паставу і падымае правую руку, выпростваючы ў локці на вышыню правага вока проста перад сабою. Пры гэтым ён вачыма праводзіць старэйшага і вітае яго словамі: «Жыве Беларусь!». Пасля прывітання рука хутка апускаецца ўніз. Падчас пераходу старэйшага прывітанне пачынаецца 6 крокаў уперад і 2 крокі за юнаком».
Не грэбавалі выкарыстоўваць гэты баявы кліч і гаўляйтары Беларусі, калі яны звярталіся да сваіх малодшых братоў – беларускіх нацыстаў. Часопіс СБМ «Жыве Беларусь». № 1, 1943 год. Цытата: «Прывітальны ліст Спадара Генеральнага Камісара. Менск. 14 жніўня 1943 года». Гэта такі бацькоўскі наказ актывістам СБМ ад Вільгельма Кубэ, аўтарскаму калектыву часопіса, блаславенне на кіпучую нацыстоўскую дзейнасць. Выбачаюся за словы, якія буду цытаваць. Яны не мае. Яны Вільгельма Кубэ: «Часопіс павінен у добра прадуманых артыкулах выражаць супольны скарб ідэяў кадраў кіраўнікоў і быць для беларускай моладзі зброяй у змаганьні супраць бальшавізму і жыдоўства. У ім павінен выражацца здаровы дух моладзі Новай Эўропы і культывавацца сувязь і вернасць да нямецкага народу і да правадыра Адольфа Гітлера. Разам з гэтым зместам новага часопісу павінна быць любасць да беларускай Бацькаўшчыны і беларускага народу. Шлю свае найлепшыя пажаданні беларускай моладзі і ейнай працы. Хай жа станецца сымбалем тое вызнанне, якое часопіс бярэ за сваё імя: «Жыве Беларусь!».
Часопіс «Беларус на варце». Друкаваўся ў 1943 – 1944 гадах. З № 1 па № 7 ён выдаваўся як часапіс беларускай паліцыі, а з № 8 як часопіс беларускіх збройных сілаў. Гэта супольны «творчы» праект сям’і Кушаляў – галоўнага апекуна беларускай паліцыі Францішка Кушаля і яго жонкі Наталлі Арсеньевай. Яна працавала таксама і ў гэтым часопісе, публікавалася ў ім.
Разгорнем сёмы нумар «Беларуса на варце» на шостай старонцы. Тут паведамляецца, як 26 сакавіка 1944 года ў 8:30 раніцы ў Менску на пляцы Свабоды, аздобленай БЧБ-сцягамі, прысягалі, цытата: «удзельнікі першай школы афіцэраў і падафіцэраў БКА (Беларускай Краёвай Абароны)». На прыняцці прысягі прысутнічалі: генеральны камісар Беларусі групэнфюрэр СС генерал паліцыі Курт фон Готберг, прэзідэнт БЦР Радаслаў Астроўскі і шэф, галоўны кіраўнік БКА маёр Францішак Кушаль.
Ігар Марзалюк:
Крывавы эсэсаўскі карнік нашага народа, Готберг, вітаў афіцэраў і падафіцэраў па беларуску словамі «Жыве Беларусь!» На што яны тройчы грымнулі ў адказ: «Жыве!». Потым з прамовай выступіў Радаслаў Астроўскі. Ну, а пасля прысягі гэтыя малойцы паедуць паліць вёскі і забіваць усіх, хто патрапіць ім на вочы. І малых, і старых. Як гэта было падчас аперацыі «Кармаран» у Барысаўска-Бягомльскай зоне супраць беларускіх партызан у маі – чэрвені 1944 года.
У БКА, як і ў першай беларускай грэнадзёрскай брыгадзе 30-й дывізіі СС «Беларусь», апошнюю стварылі, хто не ведае, у 1945 годзе, было адно і тое ж вітанне: «Жыве Беларусь!». На яго адказвалі «Жыве!» альбо «Слава Бацькаўшчыне!». БКА была не проста «беларускім войскам», не нейкай саюзнай сілай, хаўрусаваўшай на роўных з нямецкім вермахтам, нямецкай арміяй. Не. Гэта была дапаможная сіла СС. Злачыннай арганізацыі, паводле прыгавору Нюрнбергскага трыбунала. Галоўная яе задача – барацьба з партызанамі, з адзінакроўнымі братамі-беларусамі. У Амерыцы, на эміграцыі, аб гэтым пісаў сам Францішак Кушаль, галоўнакамандуючы той самай БКА, які потым і брыгадай СС «Беларусь» трошкі пакамандаваў. Натуральна, што пісаў у прыватным лісце. Які не планаваўся да публікацыі. Але ж апублікавалі зараз. Напісанае застаецца.
Цытата з ліста Францішка Кушаля:
«Вялікім мінусам БКА было тое, што БКА была падпарадкавана не нямецкаму войску, а войскам СС, і таму немцы ўважалі нас за дапамаговую сілу СС. Аб гэтым факце ў гутарках з амерыканцамі аб нашай збройнай сіле я замоўчваю. Не ўжываю таксама назовы СС, калі даводзіцца пісаць пра БКА нават у нашай прэсе. Усе камандзіры БКА, пачынаючы ад галоўнакамандуючага, былі цалкам пад нямецкім кантролем. Я, прыкладам, быў падпарадкаваны начальніку СС паліцыі Генеральнага камісарыяту Беларусі генералу Готбергу».
Ігар Марзалюк:
Вам, шаноўныя гледачы, вырашаць, як вітацца. Вам вырашаць, чые вы нашчадкі. Партызанаў ці паліцаяў? І чыя дэвізы вам бліжэй, герояў ці здраднікаў. Таму ўсе мы можам, мусім і павінны выкарыстоўваць святыя словы дэвіза з нашага велічнага гімна: «Вечна жыві і квітней Беларусь!». Словы аб нашай неўміручасці, вечнасці нашай вялікай нацыі і краіны.