Марзалюк: творы Якуба Коласа – сімвал сучаснай беларускай нацыі, нашай беларускай неўміручасці
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра творчасць вялікага беларускага паэта, стваральніка самай геніяльнай паэмы ў беларускай літаратуры, пра Якуба Коласа. Пачнем!
Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы, цяпер ён знаходзіцца ў межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці. Наш герой з сялянаў, ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі – Міхаіл і Ганна паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). У 1890-1904 гг. сям’я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.
Дзядзька Антось, брат бацькі, меў вельмі вялікі аўтарытэт у хлопчыка. Менавіта дзядзька абудзіў у хлопчыка цікаўнасць да літаратуры. Хлопчык два гады ву чыўся ва ўласнай хаце, са старэйшымі братамі, у так званага «дарэктара» – гэта значыць у хлопчыка, які скончыў народную школу. З 1892 па 1894 год хлопчык вучыўся ў народным вучылішчы ў Мікалаеўшчыне. Да 1897 года хлопчык рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю.
У 1898 г. Кастусь паступіў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1902 г. У гэты ж час пачаў пісаць вершы і на беларускай мове. Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі. Пачынаючы з 1905 года малады Міцкевіч актыўна ўключаецца ў рэвалюцыйны рух. 9-10 ліпеня 1906 г. ён прыняў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына. З’езд разагнала паліцыя, а Кастусь Міцкевіч быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам.
1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце «Наша доля» з’явіўся верш «Наш родны край». Гэта першы надрукаваны верш паэта. Менавіта тады ім упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас. З гэтага часу ён пачынае актыўна супрацоўнічаць з беларускамоўнай газетай «Наша ніва». Зімой 1906-1907 гг. Колас у леснічоўцы Смалярня адкрывае прыватную школу. Ён нікога не пытаўся аб гэтым дазволу.
У гэты час ён пачынае складаць навучальны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1907 г. прыехаў у Вільню, некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў «Нашай ніве». Але па загаду паліцыі яго прымушаюць пакінуць горад. У 1908 г. выкладае ў прыватнай школе ў вёсцы Сані (вёска ў сучасным Талачынскім раёне). 15 верасня 1908 г. Якуб Колас кінуты ў вязніцу, асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення.
За што? За актыўныя дзеянні, скіраваныя на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу. Увесь тэрмін пакарання Якуб Колас адбываў у Мінскім астрозе. Гэта не перашкаджала яму пісаць вершы і апавяданні. У 1909 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». У 1910 г. у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў «Песні жальбы».
Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 г. па 1914 г. Якуб Колас настаўнічаў. Спачатку нелегальна, а потым і легальна. Працаваў настаўнікам на Пінскім Палессі. У чэрвені 1913 г. Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай. Шлюб той быў надзвычай шчаслівым. Яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. А потым была Першая Сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыя, пошук Беларуссю свайго дзяржаўнага шляху, трагічны Рыжскі мір, які пакінуў родны кут Якуба Коласа на польскім баку.
А потым – рост і ўмацаванне БССР – беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове, беларусізацыя, росквіт беларускамоўнай культуры ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. І гэты час, адначасна, надзвычай плённы час у яго жыцці і творчасці. У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма «Новая зямля». У 1925 г. у часопісе «Полымя» апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка».
18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927-1929 гг., членам ЦВК у 1929-1931, 1935-1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з’езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў.
У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы. Але разам з гэтым былі і агаворы, і спробы рэпрэсаваць гэтага вялікага чалавека. Першы вобыск у хаце – 1925 год. У 30-х гадах – беспадстаўныя абвінавачванні ў нацдэмаўшчыне. Мусіў публічна каяцца ў памылках, якія не здяйсняў… У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў пад Масквой у Клязьме, Ташкенце, Маскве. З ворагам ён змагаўся мастацкім словам, і прозай, і паэзіяй.
У 1944 г. Якуб Колас удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У канцы 1944 г. вярнуўся ў Мінск. З сярэдзіны 1940-х гг. і да апошняга дня свайго жыцця Якуб Колас працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам Цэнтральнага Камітэта на XX-XXII з’ездах Камуністычнай партыі Беларусі і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру.
У 1946 г. за вершы ваенных гадоў Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені. У 1949 г. – Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 2-й ступені за паэму «Рыбакова хата» (завяршыў у 1947 г.). У 1954 г. завершана аповесць «На ростанях», у якой апісаны падзеі 1906-1911 гг. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі – «У палескай глушы», «У глыбі Палесся»), часткай аднайменнай трылогіі.
13 жніўня 1956 г. Якуб Колас памёр. Памёр за сваім рабочым сталом. Нястомны працаўнік, ахвярны і адданы сын Беларусі. Пахаваны ў Мінску, на Вайсковых могілках. Якуб Колас наш літаратурны прарок – Сонца беларускай паэзіі.
Ужо ў 1920 г. у выдадзенай у Вільні «Гісторыі беларускай літаратуры», якую напісаў вядомы беларускі пісьменнік і літаратуразнавец Максім Гарэцкі, Якуб Колас названы класікам беларускай літаратуры. Услухаемся ў словы беларускага літаратуразнаўца Міхася Тычыны. Цытата:
«У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як «беларускі Гамер», стваральнік нацыянальнай «Іліяды» і «Адысеі» – менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы аб ягоных «Новай зямлі» і «Сымоне-музыку»… Імя Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў сялянства, стваральніка маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры».
І сапраўды. Нельга не пагадзіцца з тым, што менавіта ў «Новай зямлі» ўвасобілася высокая мара Якуба Коласа аб новым узроўні чалавечай і нацыянальнай свядомасці, пра будучыню нашай нацыі, мара аб яе дзяржаўнасці. Нездарма ж паняцце «Новай зямля» перагукоўваецца з евангельскім азначэннем Новага Неба і Новай Зямлі.
З аднаго боку «Новая зямля» – гэта «хутар» лесніка і той кавалак зямлі, які імкнецца набыць Міхал, каб мець магчымасць жыць шчаслівай жыццём у згодзе з навакольным светам, з другога – метафарычнае ўвасабленне агульнанацыянальнай мары аб сваёй Новай Зямлі – нацыянальнай дзяржаве, дзе беларус сам сабе гаспадар. Без ненавіснага чужацкага панства.
А яшчэ ад Коласа, ад яго несмяротнай паэмы «Новая зямля» пачынае жыць такое паняцце ў нашай культуры як «родны кут», гэта значыць, малая радзіма беларускага чалавека. Пафас гэтай паэмы акурат у тым, што Якуб Колас сцвярджае – Беларусы як трымаліся раней, так і надалей будуць трымацца сваёй зямлёй, сваёй тэрыторыяй, сваёй Новай Зямлёй – нацыянальнай дзяржавай.
Паэма Сымон Музыка – то своеасаблівы працяг філасофскіх і гістарычных роздумаў Якуба Коласа аб Беларусі, яе гістарычным мінулым. Паэт паказвае яе ростанямі, на якіх адбываліся чужыя войны, а кроў лілася наша, беларуская. Прыгадаем радкі:
Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Мусіць, Сам Бог, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.І лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,Будаваў астрог народу
І барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.І без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
Якуб Колас – то сумленне нашай нацыі. У імя і дзеля Беларусі ён жыў і працаваў. Прэзідэнт нашай краіны, Аляксандр Лукашэнка ў 2017 годзе назваў Якуба Коласа цытата: «сапраўдным народным песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова адлюстраваў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і лепшыя рысы характара беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы».
Якуб Колас і Беларусь – то азначэнні роўназначныя, то словы сінонімы. Якуб Колас, яго творы – то бяспрэчны і безумоўны сімвал сучаснай беларускай нацыі, сімвал нашай беларускай неўміручасці, сімвал нашай, беларускай, вечнасці!