Марзалюк: творы Янкі Купалы – то коды нашай беларускай душы, унікальнасці і самабытнай непаўторнасці
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размове пойдзе аб нашым вялікім паэце, нашым Янкі Купале. Аб нашым нацыянальным прароку. Пачнём!
Сапраўднае імя Янкі Купалы (зарэгістраванае ў афіцыйных дакументах аб нараджэнні) – Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. (па новым стылі) у фальварку Вязынка Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці). Бацькі – Дамінік Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна – паходзілі з дробнай шляхты Ясь як старэйшы сын быў галоўным памочнікам бацькі па гаспадарцы.
Пасля смерці бацькі ў 1902 г. Ясю, каб пракарміць сям’ю, давялося на працягу шасці гадоў (1902-1908 гг.) працаваць і на сваёй гаспадарцы, і шукаць работу ў іншых месцах. Ён быў хатнім настаўнікам, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Таму Янка Купала выдатна ведаў, што такое фінансавая нястача і якім горкім потам здабываецца хлеб штодзённы.
У гэты ж час ён пачынае пісаць. Першыя спробы пяра, першыя вершы, былі напісаны па польскі. Але ў хуткім часе ён зразумеў, што для яго арганічна пісаць на той мове, на якой ён думаў, на мове свайго сэрца і сваіх пачуццяў, на беларускай мове. Ва ўласнай аўтабіяграфіі ён пазней так пісаў аб гэтым сваім рашэнні. Цытата:
У 1904 г. трапляюцца мне ў рукі беларускія пракламацыі і рэвалюцыйныя брашуры на беларускай мове. Гэта канчаткова вырашыла, што я беларус і што адзінае маё прызначэнне – служыць свайму народу ўсімі сіламі сваёй душы і сэрца.
Найбольш ранні з вядомых твораў, напісаных па-беларуску, – «Мая доля», датаваны 15 ліпеня 1904 г. 15 мая 1905 г. у мінскай газеце «Северо-Западный край» быў надрукаваны, зараз хрэстаматыйны, верш «Мужык» – першы апублікаваны твор паэта на беларускай мове. З гэтага ж часу замест афіцыйнага імя – Іван Луцэвіч – літаратар пачаў ужываць псеўданім Янук Купала.
У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік Я. Купалы – «Жалейка», дзе былі надрукаваны вершы 1905-1907 гг. і паэма «Адплата кахання». Псеўданім аўтара зборніка Янук Купала памылкова выдаўцом зборніка, Браніславам Эпімахам-Шэпілай, быў напісаны як Янка Купала. І з таго часу менавіта такім псеўданімам пачаў карыстацца Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
У 1908-1909 гг. Янка Купала жыў у Вільні, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва» і бібліятэкарам у адной з прыватных бібліятэк. У 1909-1913 гг. Я. Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, там ён вывучаў тэорыю і гісторыю літаратуры. У 1910-1913 гг. былі створаны паэмы «На Куццю», «На Дзяды», «Яна і я», рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», драматычныя паэмы «Сон на кургане», «На папасе».
Восенню 1910 г. выйшаў з друку другі Купалаў зборнік – «Гусляр». У 1913 г. быў выдадзены трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця». Працаваў Я. Купала і на ніве драматургіі. Камедыя «Паўлінка» стала адным з найбольш адметных і знакавых беларускіх драматургічных твораў, неад’емным элементам і візітоўкай беларускіх тэатраў.
Летам 1915 г. у сувязі з набліжэннем нямецкіх войск Купала выязджае з Вільні і з верасня 1915 г. знаходзіцца ў Маскве. У гэты час ён займаўся ў народным універсітэце А.Л. Шаняўскага на гісторыка-філасофскім факультэце. У студзені 1916 г. узяў шлюб з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. У хуткім часе быў прызваны ў армію. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Увесь 1918 г. Купала пражыў у Смаленску. З 1915 і да 1918 года Янка Купала практычна нічога не пісаў.
У канцы кастрычніка 1918 г. пасля доўгага творчага маўчання Купала стварае вершы «Для Бацькаўшчыны», «У дарозе», «Песня», «Свайму народу», «На сход!» Паэт пакутліва перажываў тыя падзеі, сведкамі якіх ён быў. Беларусь, яе будучыня, вось што хвалявала яго перш за ўсё З студзеня 1919 г. Я. Купала пастаянна жыў у Мінску. Працаваў бібліятэкарам ва ўстанове Народнага камісарыята асветы.
У Мінску знаходзіўся і падчас польскай акупацыі (жнівень 1919-ліпень 1920 г.), у пачатку 1920 г. перанёс цяжкую хваробу. З прыходам Чырвонай Арміі працаваў рэдактарам розных беларускіх выданняў, намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы, у рэдакцыі часопіса «Вольны сцяг». У гэты час Янка Купала шмат выступаў як публіцыст.
У сваіх артыкулах ён выказваў свае думкі аб шляхах здабыцця Беларуссю ўласнай дзяржаўнасці, уласнага нацыянальнага самавызначэння. Лічыў, што сацыяльная рэвалюцыя мусіць і павінна спалучацца з рэвалюцыяй нацыянальнай. У гэты ж час ён піша шмат вершаў ды здзяйсняе пераклад на літаратурную беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым», а таксама пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал».
З 1921 да 1930 г. Я. Купала актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім і культурна-мастацкім жыцці Рэспублікі. Ён браў чынны ўдзел у стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў, уваходзіў у склад камісіі па стварэнні Інстытута беларускай культуры. Быў абраны правадзейным членам Інбелкульта, рэарганізаванага ў кастрычніку 1928 г. у Акадэмію навук Беларусі, узначальваў літаратурна-мастацкую секцыю Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы.
10 чэрвеня 1925 г. Савет Народных Камісараў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) прысвоіў Янку Купалу – першаму з беларускіх пісьменнікаў – ганаровае званне народнага паэта Беларусі і таксама пастанавіў прызначыць паэту пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай працы. З 1928 г. Я. Купала – правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. – Акадэміі навук Украіны.
У 1922 г. быў выдадзены зборнік «Спадчына», у які ўвайшлі вершы, напісаныя ў кастрычніку – снежні 1918 г. У трагікамедыі «Тутэйшыя», напісанай у 1922 г., прагучала ідэя нацыянальнай незалежнасці і самабытнасці Беларусі як ад Польскага нацыяналістычнага Захаду, так і ад вялікадзяржаўнага шавіністычнага імперскага Усходу. У вострай сатырычнай форме выкрываліся прыстасаванства і нацыянальны нігілізм. Слова «зносак» – стала з тых часоў словам-сімвалам нацыянальнага рэнегацтва і прадажнасці.
У 1925 г. выйшаў зборнік «Безназоўнае», складзены пераважна з вершаў 1919-1924 гг. Тэма змешчанай у ім аднайменнай паэмы «Безназоўнае» – нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасцвярджэнне беларускага народа. У 1930 г. выдадзены зборнік вершаў Я. Купалы «Адцвітанне», у які галоўным чынам увайшлі творы, напісаныя да 1915 г. і ў 1918-1919 гг.
У 30-х гадах Янка Купала зведаў усю горач беспадстаўных паклёпаў, абвінавачванняў у так званай «нацдэмаўшчыне». Выклікі ў ДПУ, цкаванне ў прэсе… Як вынік – 20 лістапада 1930 года спроба скончыць жыццё самагубствам. Дзякаваць Богу, што тая спроба не была ўдалай… Ужо ў снежні 1930 года ў газеце «Звязда» Янка Купала мусіў каяцца ў грахах, якія ён не здзяйсняў, ды абяцаў «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву».
У наступны перыяд Купала выбіраўся членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Мінскага гарсавета, быў членам рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы тэксту Канстытуцыі БССР. У маі 1934 г. прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў. У студзені 1939 г. Я. Купала быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У кастрычніку таго ж года разам з групай беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У 1941 г. за зборнік «Ад сэрца», куды ўвайшлі паэма «Тарасова доля» – паэтызацыя жыццёвага лёсу ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі і вершы, напісаныя ў 1937-1939 гг., якія ўслаўлялі савецкую рэчаіснасць, Я. Купалу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені.
У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у Маскве, потым у пасёлку Пячышчы каля Казані. У вершах і публіцыстычных выступленнях заклікаў беларускі народ да змагання з ворагам, да барацьбы з нацысцкімі акупантамі. Купала быў членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта. У чэрвені 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды яго 60-годдзя.
28 чэрвеня ён трагічна загінуў (упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха) у гасцініцы «Масква»... Беларусь страціла свайго нацыянальнага генія і прарока. У 1962 г. ён вяртаецца на Радзіму. Урна з прахам паэта перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Яшчэ ў 1930 годзе, у Вільні, у гонар 25-гадовай творчасці Янкі Купалы ў Вільні, Рызе і Дзвінску (зараз Даўгаўпілс) выбітным дзеячам беларускага нацыянальнага руху Антонам Луцкевічам была прачытана публічная лекцыя «Янка Купала як прарок адраджэння”. Услухаемся ў словы Антона Луцкевіча, якія на маю думку, вельмі слушна і трапна перадаюць важнасць творчасці Купалы і для ўсяго Свету і для Беларусі. Цытата:
Купала творыць цэннасьці агульналюдзкага значэньня. Ён – запраўды вялікі мастак слова; ён ужо дагнаў такіх вялікіх вучыцялёў сваіх, як Адам Міцкевіч, як Пушкін, як Шаўчэнка, з каторымі Купалу раўнавала бесстаронная літаратурная крытыка йшчэ тады, калі ён быў толькі на паўдарозе свайго творчага шляху. Ён – такі ж сучасны нам, такі ж «сонечны», як адзін з найвялікшых расейскіх паэтаў сучаснасьці – Бальмонт.
… Трэба ўсё ж такі адзначыць, што матывы нацыянальнае і сацыяльнае барацьбы знаходзяць у Купалы найбольш яркае выяўленьне. Ён увесь аддаецца ідэі ўсебаковага адраджэньня й вызваленьня беларускага працоўнага народу і дае сынтэз змаганьня нацыянальнага і сацыяльнага – сынтэз, які характарызуе творчасьць Купалы ад пачатку да канца. …каторага з поўным правам можам назваць Прарокам Нацыянальнага Адраджэньня, Прарокам Перамогі Працоўных.
У сучаснай незалежнай Беларусі помняць, ведаюць і шануюць той інтэлектуальны подзвіг, які здзейсніў гэты Тытан Беларускага Духу. 7 ліпеня 2020 года, у час 140-гадовага юбілею Янкі Купалы, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка так ахарактарызаваў дзейнасць і творчасць Янкі Купалы. Цытата:
Для многіх пакаленняў знакаміты Пясняр стаў шляхаводнай зоркай, прыкладам ахвярнага служэння Айчыне. Паэт, драматург, публіцыст, ён сваімі творамі адкрываў беларусам багацце і прыгажосць роднай мовы, хараство пейзажаў, славутую гісторыю нашай краіны.
Янка Купала – то наш нацыянальны Космас. Яго творы – то коды нашай беларускай душы, коды ўнікальнасці і самабытнай непаўторнасці беларускасці. Таму Янка Купала – то геній беларускага слова, сімвал нашай, беларускай вечнасці!