Марзалюк: Уладзімір Караткевіч – наш літаратурны геній, наш сімвал культурнай самабытнасці

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра чалавека, які з'яўляецца сімвалам высокай беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя, вялікага сына беларускага народа Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Пачнем!

Ён нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у г. Оршы Віцебскай вобласці. Сярод яго продкаў – гараджане, святары, чыноўнікі, настаўнікі. У яго бацькоў было трое дзяцей: сын Валерый (1918 — загінуў у 1941 г.), дачка Наталля (1922-2003), сын Уладзімір. У 1938 годзе хлопчык ідзе ў школу ў роднай Оршы.

Пачатак вайны застаў маленькага Валодзю Караткевіч ў Маскве

Пачатак вайны застаў маленькага Валодзю ў Маскве. Ён гасцяваў у старэйшай сястры Наталлі, на той момант студэнткі. Хлопчык едзе ў эвакуацыю, у Разанскую вобласць, потым на Урал. Маленькі Валодзя ірваўся на фронт, рабіў некалькі спробаў туды ўцячы, але яго нязменна вярталі. Сям'я зведала гора стратаў – яшчэ ў кастрычніку 1941 загінуў старэйшы брат – Валерый. Жонка брата была закатавана акупантамі на захопленай нацыстамі тэрыторыі. А потым быў 1944 год. Векапомнае вызваленне. Увосень таго ж года сям'я вяртаецца ў Оршу.

Запомнім два горада Беларусі, якія лічыў Уладзімір Караткевіч найважнейшымі месцамі сілы – родная Орша і родны для рода па маці Рагачоў. Там, у Рагачове, яшчэ ў 1914 годзе яго дзед, Васіль Грынкевіч пабудаваў дом. І ў тым доме быў яго, Уладзіміра, асобны пакой, дзе яму надзвычай хораша пісалася.

Як у Пушкіна было Болдзіна, так у Караткевіча быў Рагачоў, дзедавы дом. Быў дзед, які расказваў яму беларускія легенды і паданні, на жывой, народнай, беларускай мове. Прыгадаем яго вершаваныя радкі аб гэтай дзедавай сядзібе:

«…Тут добра так, як нідзе, 
У старасвецкай хаце, 
У дзедаўскім родным гняздзе».

«…Тут добра так, як нідзе,  У старасвецкай хаце,  У дзедаўскім родным гняздзе».

Што да адукацыі. Пасля заканчэння роднай аршанскай школы ён паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі. Талент паэта і пісьменніка ў яго прачнуўся вельмі рана. Першыя вершы ён напісаў у 6 год. Студэнтам складаў вершы на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах.

Ужо летам 1950 г. малады пісьменнік стварае першы варыянт сваёй знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». У 1954 годзе ён скончыў універсітэт. Два гады аднастаўнічаў у Кіеўскай вобласці. А ў ліпені 1955 года ў часопісе «Полымя» ён друкуе верш «Машэка». З гэтага часа пачынаецца перапіска маладога-пачаткоўца з волатам беларускай паэзіі – Максімам Танкам, галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

У ліпені 1955 года ў часопісе «Полымя» Уладзімір Караткевіч друкуе верш «Машэка»

Караткевіч вяртаецца на радзіму ў 1956 і да 1958 года настаўнічае ў 8-й сярэдняй школе горада Оршы. Ён шмат напружана і плённа працуе, піша. У красавіку 1957 г. Уладзімір Караткевіч быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. У 1958 г. выйшаў першы зборнік вершаў паэта «Матчына душа». У гэты ж час ён дапрацаваў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха.

У 1958-1962 гг. Уладзімір Караткевіч вучыцца ў Маскве. Спачатку на Вышэйшых літаратурных курсах, а з 1960 г. – на Вышэйшых сцэнарных курсах. З 1962 г. ён пастаянна жыў у Мінску. З гэтага часу Караткевіч цалкам аддаецца творчай працы, роднаму беларускаму слову і роднай беларускай літаратуры. 60-я гады мінулага стагоддзя сталі часам яго творчага росквіту.

Кнігі

У 1964 г. аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» было ўпершыню апублікавана. У 1960-я гг. Караткевічам створаны раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесць «Зброя», легенда «Ладдзя Роспачы» (1964 г., апублікавана ў 1968 г.). У 1971 г. быў напісана першапачаткова для ўкраінскага чытача і выдадзены асобнай кнігай на беларускай мове ў 1977 г. нарыс пра зямлю Беларусі, яе гісторыю, прыроду і культуру «Зямля пад белымі крыламі». З таго часу гэты вобраз устойліва замацоўваецца за Беларуссю.

А яшчэ ён напіша найлепшае эсэ пра любы майму сэрцу Мсціслаў і назаве яго «Дыяментавы горад». Ён і надалей працягваў шмат пісаць. П'есы, апавяданні, аповесці, вершы, дзіцячыя казкі. А яшчэ была супраца з беларускім тэлебачаннем, яго аўтарская перадача «Спадчына», прысвечаная гісторыі і культуры Беларусі.

У 1980 г. у сувязі з 50-годдзем Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

У 1980 г. у сувязі з 50-годдзем Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Да гэтай жа даты было прымеркавана выданне Выбраных твораў пісьменніка ў 2-х тамах. У 1982 г. выйшаў асобным выданнем раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), за які Уладзіміру Караткевічу ў 1983 г. прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

25 ліпеня 1984 г. на 54-м годзе жыцця Уладзімір Караткевіч памёр. Пахаваны ён у Мінску на Усходніх могілках. Ужо пасля смерці Уладзіміра Караткевіча за раман «Чорны замак Альшанскі» ён быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа 1984 г. У 1987-1991 гг. быў выданы Збор твораў Уладзіміра Караткевіча ў 8 тамах.

Раман «Нельга забыць»

Сёння маем поўны збор твораў нашага нацыянальнага прарока, энцыклапедыю прысвечаную яму асабіста, яго літаратурнай творчасці. Больш чым на дваццаць моў народаў свету, у тым ліку на англійскую, французскую, нямецкую, іспанскую, рускую, польскую, украінскую і іншыя перакладаліся творы Уладзіміра Караткевіча.

Уся творчасць Уладзіміра Сямёнавіча была знітавана з гістарычным мінулым Беларусі, з'яўляецца ўзорным прыкладам ахвярнага служэння нашаму народу і нашаму беларускаму мінуламу. Услухаемся ў ягоныя словы, яны і сёння гучаць надзвычай актуальна. Цытата:

«Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучыню.
...Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. 
…Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца».

«Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучыню».

Караткевіч для нас – бацька беларускай гістарычнай раманістыкі. Цэнтральнае месца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча займаюць «Каласы пад сярпом тваім» — самы вялікі і самы таленавіты беларускі гістарычны раман. Я ў каторы раз паўтару – для нашай літаратуры ён тое ж самае, што для рускай «Вайна і мір» Льва Талстога. Раман гэты быў прынята чытачамі, падкрэслім, ва ўсім СССР, з захапленнем. Яго перакладалі на рускую мову. Неаднаразова. Гэта твор пра мужнасць, пра веліч духа, пра пошук беларусамі саміх сябе. Пра вельмі супярэчлівы час. Час перад адменам прыгону, час перад паўстаннем 1863 года.

Хтосьці і сёння спрабуе ўпікнуць яго затое, што Караткевіч нібыта ідэалізуе ў гэтым рамане беларускую шляхту. Ён пра іншае. Пра абавязкі эліты, нобіляў, перад беларускім простым чалавекам, беларускім селянінам. Гэта паэзія ў прозе аб беларускай традыцыі і культуры, пра мазольны пот нашага селяніна, пра сацыяльную і палітычную знявагу і крыўду, якую цярпеў наш народ ад уласных здраднікаў і хцівых чужынцаў.

Якім болем, якой пагардай, прасякнуты радкі Караткевіча скіраваныя да здрадзіўшых свайму народу шляхціцаў-рэнегатаў, забыўшых і родную мову, і родны народ, і родную гістарычную традыцыю. Цытата:

«А што ў іх за душою? — горка сказаў князь. — Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чарналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!».

«А што ў іх за душою? — горка сказаў князь. — Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чарналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!».

Галоўны герой твора – Алесь Загорскі. Нашчадак княскага роду наўмысна выгадаваны ў сялянскай хаце па загаду дзеда. Ён бароніць не панскую, а сялянскую Беларусь, не забываючы пра веліч гісторыі і традыцыі ўсяго народа, усіх нашых продкаў, усіх сацыяльных станаў. Нацыя для Караткевіча – то калектыўнае, шматгалосае беларускае «Я» паяднанае ўласнай гісторыяй, мовай, традыцыяй. Тое, што ўкладае Уладзімір Караткевіч у вусны бацькі Алеся Загорскага. Услухаемся і пачуем:

«– Гэта тваё, – сказаў ён. – Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць».

«— Гэта тваё, — сказаў ён. — Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць».

Алесь Загорскі – то вобраз прадстаўніка беларускай нацыянальнай эліты, якая нараджаецца ў няспыннай барацьбе свайго народа, бароніць яго і супраць польскіх, і супраць велікарускіх шавіністаў. Усіх тых, хто замест Беларусі бачыў ці «Крэсы Всходні», ці «Северо-Западный край». Ён за Беларусь. За нашу самастойнасць і моўную самабытнасць. Цытата:

«Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, — перахопленым горлам сказаў Алесь. — А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. — Ён павысіў голас. — Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова «магнат» лепшае за слова «барын»? Досыць, панюхалі».

«Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, — перахопленым горлам сказаў Алесь. — А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. — Ён павысіў голас. — Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова «магнат» лепшае за слова «барын»? Досыць, панюхалі».

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, наш літаратурны геній, наш сімвал культурнай самабытнасці і незалежнасці, наш сімвал беларускай вечнасці

Беларусь.Новости