Марзалюк: Вільня можа быць за межамі Беларусі, але заўсёды мусіць заставацца ў нашым сэрцы
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння мы пачнём размову пра горад нашай мары – нашу гістарычную сталіцу. Нашу «Крывіцкую Мекку» – нашу Вільню.
Дык што з Вільняй? Ці маем мы права лічыць яе сваёй сталіцай, сваім, беларускім, горадам? Хто яго заснаваў? Заснаваў менавіта як горад, а не сельскае паселішча? Адразу скажу – размова не пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў. Размова пра гістарычную праўду. І пра нашу гістарычную спадчыну. Беларускую спадчыну.
У сувязі з гэтым дарэчы будзе прывесці некалькі красамоўных фактаў, якія ўмацоўваюць тэзіс аб найістотнейшай ролі нашых продкаў у асваенні і засяленні колішніх балцкіх земляў, гістарычнага Віленскага краю. Яны знайшлі адлюстраванне ў археалагічных крыніцах, звестках тапанімікі і этнаграфіі. На паўночным усходзе Віленшчыны існуе цэлая серыя тапонімаў «Крывічы», «Крывіцішкі».
Паселішчы з такімі назвамі не маглі паўстаць пазней, чым у XII стагоддзі, або ў крайнім выпадку ў XIII стагоддзі, таму што нават ва ўсходнеславянскім асяроддзі дадзеная назва выйшла з ужытку не пазней за канец XII стагоддзя. Для гэтага рэгіёну характэрна вялікая колькасць паселішчаў з назвай Gudeliai (тэрмінам gudas літоўцы вызначалі прадстаўнікоў усходнеславянскага насельніцтва, гэты тэрмін у літоўскай мове да гэтага часу адносіцца да беларусаў).
Ігар Марзалюк:
Яшчэ больш уражваючыя матэрыялы былі атрыманы падчас раскопак Кернавы і яе наваколля. Кернаве – мястэчка, што знаходзіцца ў 35 кіламетрах к паўночнаму захаду ад Вільні, у Шырвінтскім раёне сучаснай Літоўскай Рэспублікі. У літоўскай гістарыяграфіі Кернава пафасна называецца літоўскай Трояй, рэзідэнцыяй Міндоўга.
Археалагічныя даследаванні помніка паказалі, што значная частка насельніцтва ў XIII-XIV стагоддзях была носьбітамі «высокай» усходнеславянскай культуры. Гэта датычыцца і часткі дружыны, і іх сем’яў. Знойдзеныя касцяныя пісалы (літоўцы былі непісьменнымі), крыжы-энкалпіёны (літоўцы былі язычнікамі), шыферныя прасёлкі, шкляныя паліхромныя бранзалеты, падвескі-крыны, усходнеславянскія скроневыя кольцы.
Аб цесных сувязях з Верхнім Панямоннем, Наваградкам (сучасным Навагрудкам) красамоўна сведчаць ювелірныя ўпрыгожванні галаўных жаночых вянкоў. Частка з іх выканана ў той жа ювелірнай форме, якая была знойдзена ленінградскім археолагам Фрыдай Давыдаўнай Гурэвіч пры яе раскопках Наваградка. Пахавальная абраднасць гэтага насельніцтва, у адрозненне ад літоўскай язычніцкай прадстаўлена малаінвентарнымі хрысціянскімі пахаваннямі ў грунтавых могільніках. Балты сваіх нябожчыкаў палілі на вогнішчах.
Ігар Марзалюк:
Дадзеныя факты вельмі красамоўна сведчаць аб прысутнасці ў найбліжэйшым атачэнні Міндоўга прадстаўнікоў усходнеславянскага баярства, дружыннікаў з тэрыторыі Верхняга Панямоння, досыць вялікай колькасці ўсходнеславянскага насельніцтва, якія жылі на землях этнаграфічнай Літвы ўжо ў той час. Падкрэслім, размова ідзе аб эліце – дружынніках, іх жонках і гараджанах-рамесніках.
Першая пісьмовая згадка Вільні – 1323 год. Але матэрыялы археалагічных раскопак сведчаць, што горад узнік на некалькі стагоддзяў раней. Як і тое, што заснавальнікамі горада і стваральнікамі яго гарадской культуры былі зусім не балты-літоўцы. Вільня ў XIV стагоддзі мела наступныя абарончыя збудаванні: Верхні Замак (быў размешчаны на гары Гедыміна, ці Замкавай гары) і Ніжні Замак, які прылягаў да гары Гедыміна і быў абнесены абарончымі сценамі. Трэці замак, ці Крывы горад, быў размешчаны на так званай Лысай гары (гара Алтарыя).
У хроніках крыжакоў згадваецца напад на Вільню ў 1390 годзе, калі імі быў захоплены Крывы горад. Ён быў разбураны, спалены і пасля гэтага штурму больш не ўзнаўляўся. Гара Алтарыя знаходзіцца цяпер амаль у цэнтры горада пры ўпадзенні рэчкі Вілейкі ў раку Вілію. На тэрыторыі Крывога горада ў Вільні найбольш раннія культурныя слаі датуюцца XII-XIII стагоддзем, яны носяць выразны ўсходнеславянскі характар. Раскопкі на гары Гедыміна далі ўсходнеславянскія матэрыялы XI-XIV стагоддзяў, характэрныя для гарадской старажытнарускай матэрыяльнай культуры.
Ігар Марзалюк:
У ходзе археалагічных раскопак на тэрыторыі Ніжняга замка, які знаходзіўся на месцы сучаснай кафедральнай плошчы, найбольш раннія даты па радыёвугляроду, па С14, дазваляюць датаваць драўляныя маставыя часам 990 плюс-мінус 90 гадоў таму. У XI–XII стагоддзях на гэтай тэрыторыі ўжо існаваў рамесны пасад. Матэрыяльная культура сведчыць аб дамінаванні ўсходнеславянскага насельніцтва ў гэтай частцы Вільні.
Знойдзены тыповыя для ўсходнеславянскай высокай культуры самшытавыя грабяні, шыферныя (гэта значыць зробленыя з ружовага сланцу) прасёлкі, шахматныя фігуркі, скураны абутак, каменныя ліцейныя формы, крыжы-энкалпіёны XII-XIV стагоддзяў, тыповая ўсходнеславянская кераміка і іншыя рэчы. Драўляныя пабудовы маюць прамыя аналагі з раскопак Менска і Бярэсця.
У канцы XIII — пачатку XIV стагоддзя ў Вільні была заселена не толькі гара Гедыміна з прылеглай да яе тэрыторыяй і Крывы Горад, але на тэрыторыі сучаснага старога горада таксама яго ўсходняя частка — «Civitas Rutenica» – «Русінскі горад». У гэты перыяд дадзеная тэрыторыя, заселеная праваслаўнымі продкамі беларусаў, з'яўлялася найбольш зручным месцам для жыцця ў горадзе. Да княскага замка ўсяго 500 метраў. А гэта – гарантыя бяспекі ў тым ліку. Менавіта тут было перакрыжаванне ўсіх дарог, усіх накірункаў, а значыць і найбольш зручнае месца для гандлю і гандляроў.
Ігар Марзалюк:
Грунтовыя воды ў гэтым месцы стаялі высока, таму і праблем з пітнай вадой, з калодзежамі не было. Як вядома паганская, балцкая Літва прыняла хрысціянства толькі ў 1387 годзе. Раскопкі некропаля XIII стагоддзя ў Вільні (у раёне вуліц Бокшту, Інгаштой-Спаскай) сведчаць, што ніякіх іншых жыхароў, акрамя праваслаўных, на пачатковым этапе існавання горада ў ім па просту не было. Радыевугляродныя даты па могільніку на вуліцы Бакшта сведчаць, што хаваць тут нашых праваслаўных продкаў русінаў пачалі ўжо ў трэцяй чвэрці XIII стагоддзя. Ніякіх паганцаў, ніякіх трупаспаленняў – нічога літоўскага, балцкага.
А вось усходнеславянскіх, праваслаўных пахаванняў за 10 год раскопак вывучана каля 700. І ўсё гэта – да першай згадкі Вільні ў 1323 годзе. Наша, беларуская, самая старажытная прысутнасць у горадзе, выразна маркіруецца праваслаўнымі цэрквамі. Яны будаваліся па перыметру населенай русінскім (старабеларускім) насельніцтвам тэрыторыі. У пачатку XIV стагоддзя будуюцца першыя тры цэрквы на тэрыторыі «Civitas Rutenica» — Святой Параскевы (Пятніцкая), Прэсвятой Багародзіцы і Святога Мікалая (Успенія). Пік развіцця праваслаўя, яго залаты час – першая палова – сярэдзіна XIV стагоддзя. На гэтыя часы, часы князявання Альгерда, прыпадае пік будаўніцтва праваслаўных цэркваў у Вільні.
Жонкі Альгерда былі праваслаўнымі. І Марыя Віцебская, і Ульяна Цвярская рупіліся аб сваёй веры, аднаверцах і родных праваслаўных храмах. Ужо ў другой палове XIV стагоддзя на тэрыторыі Русінскага горада было 10 праваслаўных цэркваў і адзін манастыр. Католікі ж, запрошаныя князем немцы-рамеснікі, з'яўляюцца ў Вільні, як сведчаць дадзеныя археалогіі, не раней апошняга дзесяцігоддзя XIII стагоддзя.
Ігар Марзалюк:
Вялікія змены ў Вільні пачынаюць прасочвацца з сярэдзіны – трэцяй чверці XIV стагоддзя. Менавіта ў гэты час з'яўляецца каталіцкае прадмесце «на Песках», так званы «Нямецкі горад». Каталіцкая частка горада ляжала на захадзе, праваслаўная – на ўсходзе. Ратушная плошча Вільні была натуральным цэнтрам прыцягнення ўсіх частак горада. І старабеларускай праваслаўнай, і каталіцкай, першапачаткова нямецкай.
У пачатку XV стагоддзя ў Вільні было 15 праваслаўных цэркваў і 9 каталіцкіх храмаў. Прыгадайма назвы нашых вуліц. Нашу родную, беларускую тапаніміку Вільні: вуліца Вялікая, Крывая (Лысая) гара, Зялёны мост, Траецкая, Мокрая, Вострая брама, прадмесці Зарэчча, Пагулянка, Паплавы, Папоўшчына…
Вільня для нас – гэта беларускі першадрукар Францішак Скарына і яго кнігі. Нашы, беларускія першадрукі. Не літоўскія. Як хлусяць малапісьменныя і дрэнна адукаваныя сучасныя літоўскія чыноўнікі. Гэта знакамітая друкарня Мамонічаў, з якой выйшаў напісаны па старабеларуску, друкаваны «бітымі літарамі» Статут ВКЛ 1588 года. Гэта заснаваная ў 1579 годзе Віленская Акадэмія, з правамі ўніверсітэту. Гэта горад, насычаны нашай гістарычнай традыцыяй, нашай літаратурай і мастацтвам. Нашай палітычнай думкай. Вялікі горад вялікіх людзей…
Ігар Марзалюк:
Нельга адмаўляць і той факт, што без гэтага горада няма таксама і яўрэйскай, і польскай, і літоўскай культурнай традыцыі. Але гэты факт не адмяняе і іншага факта – што гэты горад заснавалі мы, а не хтосьці іншы.
Лепш за Максіма Багдановіча аб нашай Вільні не скажаш:
Вулкі Вільні ззяюць і гулка грымяць!
Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ў гары зіхацяць
І гараць аганьком вочы змучаных твараў!
А завернеш у завулак – ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасвецкіх будынкаў;
Між каменнямі – мох і сцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыферблат – пільны сведка мінулых учынкаў.
Ціша тут. Маўкліва ўсталі – і сняць
Ў небе копулы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёку чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.
Ўспамяні маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра ўсе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны, загасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І не спім мы адны –
Я, ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.
Ігар Марзалюк:
Падсумуем і запомнім: Вільня ад моманту заснавання і да 1940 года, гэта значыць да перадачы яе Літоўскай Рэспубліцы, заўсёды звалася Вільняй. І ніяк інакш. У разнамоўных гістарычных старажытных тэкстах вы знойдзеце Вільно, Вільна, Вільня, але ніколі – Вільнюс. Бо заснавалі гэты дзівосны горад, гістарычную сталіцу Вялікага княства Літоўскага нашы продкі – усходнія славяне, крывічы. Вільня можа быць за межамі беларускай дзяржавы. Але яна заўсёды мусіць заставацца ў нашым сэрцы, у нашай гістарычнай памяці.
Горад нашай мары. Наш, беларускі Іерусалім, наш сімвал беларускай велічы традыцыі. Наш сімвал беларускай вечнасці.