Марзалюк: з Полацка пачаўся беларускі свет. І ён будзе існаваць пад абаронай святой Еўфрасінні

Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. 

 

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння мы працягваем размову аб велічы полацкай традыцыі ў беларускай гісторыі дзяржаўнасці, у беларускай культуры, велічы беларускага духу. Размова пойдзе аб вялікай беларускай святой, аб заступніцы і абаронцы зямлі беларускай – прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Бацька яе – полацкі князь Святаслаў (у хрышчэнні Георгій Усяславіч). Назвалі дзяўчынку Прадславай. І не памыліліся. Ёй, унучкі славутага Усяслава Чарадзея, была наканавана сапраўды вялікая будучыня. 

На жаль, мы не можам сказаць дакладна, калі нарадзілася наша вялікая святая, наша вялікая асветніца. Даследчыкі спрачаюцца дасюль і называюць розныя даты яе нараджэння – гэта і 1101 г., і 1110 г. і нават 1120 г. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю. Кнігі і малітва – вось што адрознівала князёўну ад іншых з самага дзяцінства. У 12 год, а гэта час паўналецця ў тою эпоху для дзяўчыны, яна прымае манаскі пастрыг, адмаўляецца выконваць волю бацькі, які марыў яе выдаць замуж (вядома, за князя).

Манаскае імя Еўфрасінні ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «радасць». Полацкі епіскап Ілля бласлаўляе яе жыць пры Сафійскім саборы. Затворніцай, у келлі. У скрыпторыі (так называлася месца для перапісвання кніг) пры багацейшай бібліятэцы сабора Еўфрасіння «начала книгу писати своими руками». І вось ёй сніцца сон. У гэтым сне ў яе келлю тройчы прыходзіць анёл, бярэ яе за руку, вядзе ў недалёкае Сяльцо і прамаўляе: «Тут належыць быць табе!» Ведаем, што каля 1128 г. епіскап Ілля блаславіў яе на ўпарадкаванне жаночага манстыра ў Сяльцы, побач з Полацкам, на беразе Палаты. 

Ігар Марзалюк:
У Сяльцо Еўфрасіння ўзяла толькі кнігі, «ими же утешает ми ся душа и сердце веселит». Менавіта тут, у Спаса-Прэабражэнскім манастыры, манаства прынялі родная сястра Еўфрасінні Градыслава (з імем Еўдакія) і стрыечная сястра Звяніслава (з імем Еўпраксія). У гэтым манастыры Еўфрасіння заснавала адну з першых на землях усходніх славян жаночую школу. Не проста школу, а жаночую школу! Адну з самых першых на землях Усходняй Еўропы. Не толькі манахіні, але і свецкія дзяўчаты навучаліся тут.

Да 1161 г. дойлід Іаан па замове Еўфрасінні будуе ў манастыры мураваную Спаскую царкву. Узор полацкага дойлідства. Унікальнасць храма ў адзін голас адзначалася ўсімі мастацвазнаўцамі і гісторыкамі архітэктуры. Гэта і высотнасць збудавання, якая дасягаецца дзякуючы наяўнасці шматступенчатага вертыкальнага аб’ёму, а таксама ўнікальнага дэкору.

Буйнамаштабныя археалагічныя даследаванні апошніх гадоў у ходзе рэстаўрацыі Спаскай царквы ўвогуле былі ашаламляльнымі і сенсацыйнымі, прынеслі ўражваючыя адкрыцці, дазволілі кардынальна пераглядзець нашы ўяўленні пра першапачатковы выгляд гэтага дзівоснага храма. Пры раскопках былі адкрыты сінхронныя часу будаўніцтва храма галерыі, якія атачалі яго з двух бакоў. А гэта значыць, што плошча храма была значна большай. Тое, што засталося сёння, толькі яго цэнтральная частка.

Але яшчэ больш беспрэцэдэнтным археалагічным адкрыццём стаў раскапаны падземны храм пры Спаскай царкве. Ён быў створаны і задуманы як усыпальніца для бацькі Еўфрасінні – князя Святаслава-Георгія. Дадзены храм быў археалагічна даследаваны ў 2018 годзе. Падземнае памяшканне складалася з двух частак. Яно пакрыта скляпеннем вышынёй у захаванай частцы 1,98 метра. Каля ўсходняй сцяны знойдзены алтар з плінфы, у бакавых сценах усходняй часткі зафіксаваны сляды двух прамавугольных нішаў. Наяўнасць алтара сведчыць аб тым, што выкарыстоўвалася менавіта для правядзення багаслужэння. Фактычна ўся ўсходняя частка гэтай пабудовы з’яўлялася алтаром, а ўся пабудова разам – невялікай царквой. Падземны храм быў збудаваны сінхронна, у адзін час, разам з Спаскаю царквою. Падкрэслім – гэтаму храму ў той час няма нідзе аналагаў ні ў Старажытнай Русі, ні ў праваслаўным свеце ўвогуле! Падобныя на яго збудаванні пачнуць з’яўляцца толькі ў пачатку XIV стагоддзя. 

Беларускі археолаг і гісторык Дзяніс Дук мяркуе, што прападобная Еўфрасіння творча развіла ідэю затворніцтва ў падземным памяшканні паводле вядомага ёй так званага «галубца» Сафійскага сабору ў Полацку. «Галубец» – гэта падземнае памяшканне Сафійскага сабора. Але ў Спаскім манастыры гэта падземнае памяшканне атрымала дадатковыя функцыі – стала храмам-усыпальніцай. Адпаведна, вытокі дадзенай традыцыі ўзніклі ў Полацку, а канструктыўныя рашэнні – у тэхналогіях будаўніцтва Сафійскага сабора.

Унікальныя і фрэскі храма. І асабліва іх ідэалогія. Прыгадаем, што Еўфрасіння жыла ў век братазабойчых міжусобных войнаў, калі брат ішоў на брата. Парушаючы клятвы, прысягі, дамовы. Таму галоўны роспіс храма – гэта адначасна і гімн адзінству рода полацкіх князёў, гэта ўвасобленая ў фрэсках малітва, вечная малітва аб Радзіме і тых, хто гэтай Радзімай кіруе – князях Рагвалодавічах-Ізяслававічах. Сярод расчышчаных у 2011 годзе фрэсак Спаскай царквы адно з цэнтральных месцаў займае выява святога Фёдара Цірона ў поўны рост у выглядзе воіна. Усяслаў Брачыслававіч (Чарадзей), па адной з найбольш аргументаваных на сёння версій, быў хрышчаны менавіта ў гонар Фёдара Цірона. 

На найбольш значных месцах храма гэта фрэска суседнічае з выявамі святых Барыса і Глеба, Рамана і Вячаслава і знаходзіцца сіметрычна выяве святога патрона бацькі прападобнай Еўфрасінні Полацкай – Георгія Пераможца.

Такім чынам, галоўныя пазіцыі ў афармленні храма займалі нябесныя апекуны найбольш значных князёў полацкай дынастыі: деда Еўфрасінні Усяслава-Фёдара, яе старэйшых дзядзек Барыса і Глеба, дзядзькі Рамана, а таксама яе бацькі. Святы Вячаслаў Чэшскі, як мяркуюць даследчыкі, мог з’яўляцца нябесным патронам яе брата Вячаслава. 

Ігар Марзалюк:
У гэты ж час па замове Еўфрасінні Лазар Богша, слынны полацкі ювелір, стварае напрастольны крыж, выкананы з дрэва і аббіты залатымі і срэбнымі пласцінамі. Крыж шасціканцовы, даўжыня яго каля 52 сантыметраў. 3 абодвух бакоў знаходзілася 20 іконак з выявамі святых, архангелаў і апосталаў царквы. Пад залатымі і срэбнымі пласцінамі крыжа была змешчана кроў Хрыстова, дрэва Жыватворчае, часцінкі Гроба Гасподняга, Гроба Багародзіцы, кроў святога Дзмітрыя, мошчы святых Стэфана і Панцеляймона. Па бакам крыжа ў надпісу чыталася дата вырабу, імя заказчыцы і страшнае закляцце супраць злодзеяў. На адваротным баку было выразана імя майстра: «Господи, помози рабу своему Лазарю, нареченному Богши, съделавшему крест сий для церкви святого Спаса и Офросиньи».

Нацыянальная святыня прапала ў 1941 годзе. Падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі ў 1992 годзе было вырашана яе аднавіць. Што і было зроблена. У 1997 годзе адноўлены старажытны крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай быў асвечаны і пакладзены ў храме Праабражэння Гасподняга ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. 

Еўфрасіння Полацкая заснавала яшчэ і Багародзіцкі мужчынскі манастыр, пабудавала ў ім каменную царкву у гонар прасвятой Багародзіцы.

Скарыстаўшы роднасныя сувязі з візантыйскім імператарам Мануілам Камнінам, яна звярнулася да яго і да патрыярха Канстанцінопальскага Лукі з просьбай даслаць у Полацк адну з найвялікшых праваслаўных святынь – абраз Божай Маці Эфесскай, напісаны, па паданню, святым апосталам і евангелістам Лукой. 

Ігар Марзалюк:
У 1162 г. абраз быў прывезены разам з патрыяршай граматай для полацкай ігуменні. Спачатку абраз, які везлі праз Корсунь (Херсанес), па просьбе мясцовых жыхароў прабыў там каля года, а потым прыбыў да Полацка. У 1239 г. дачка полацкаго князя Брачыслава Аляксандра, выходзячы замуж за князя Аляксандра Неўскага, узяла абраз з сабой як блаславенне і падаравала яе гораду Тарапцу, дзе адбылося вянчанне княгіні. Зараз гэтая рэліквія знаходзіцца ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга.

Прападобная Еўфрасіння Полацкая сталася маці ўсяго жаночага ўсходнеславянскага манаства, усіх усходнеславянскіх земляў Старажытнай Русі – сучасных Беларусі, Украіны, Расіі. Яна першая ўсходнеславянская ігумення. Еўфрасіння была хроснай маці дачкі полацкага князя Рагвалода Барысавіча. Яе хрэсніца – першая ігумення манастыра ў Пскове. Яна таксама стане святой, будзе кананізавана з імем Еўфрасіння. Другая хрэсніца – дачка галіцкага князя Яраслава Асмамысла. Так, гэта тая самая Яраслаўна са «Слова пра паход Ігаравы». Плач Яраслаўны – сусветна знакаміты сюжэт з гэтага ўнікальнага помніка старажытнарускай літаратуры.

Напрыканцы жыцця разам з братам Давыдам і сястрой Еўпраксіяй Еўфрасіння адпраўляецца ў падарожжа, у Святую зямлю. Тут, у Ерусаліме, прахварэўшы 23 дні ды адчуваючы набліжэнне смерці, яна просіць, каб ёй прынеслі вады з ракі Іардан. Кліча святара, устае, спавядаецца, прымае прычасце, тройчы кланяецца. Выканаўшы ўсё гэта, яна легла, склала рукі і адышла да Бога.

Ігар Марзалюк:
Лічыцца, што памерла Еўфрасіння ці 23 ці 24 мая 1167 года і была пахавана ў Ерусалімскім Феадосіявым манастыры святой Багародзіцы. У 1187 годзе ўсходнеславянскія манахі забралі раку з астанкамі Еўфрасінні і прывезлі яе ў сэрца Святой Русі – Кіеў. Мошчы Еўфрасінні перазахавалі ў Кіева-Пячорскім манастыры. Перанясенне мошчаў на Радзіму, у Полацк, у Беларусь, адбылося ў маі 1910 г. 

Палачане вераць, што не толькі мошчы, але і душа Еўфрасінні жыве ў манастыры: расказваюць, што цень ігуменні можна ўбачыць у храме і каля яго ў выглядзе схіленай у малітве жанчыны, ён крочыць па двары і бласлаўляе тых, хто просіць. 

У дзень яе памяці 5 чэрвеня ў Полацк штогод прыязджаюць людзі пакланіцца мошчам святой Еўфрасінні. У гэты дзень праводзіцца служба, выносіцца Крыж Еўфрасінні Полацкай. На гэтым мерапрыемстве заўсёды прысутнічае мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Ігар Марзалюк:
Скончым апавяданне аб нашай вялікай святой словамі з яе жыція: «Каким языком, братия, достойно мне похвалить светозарную память преблаженной невесты Христовой Евфросинии! Была бо помощницей обидимых, скорбящих утешением, нагих одеянием, больных посещением и, просто говоря, для всех была всем. Евфросиния сердце свое напояла Божией премудростью. Евфросиния – неувядающий цвет райского сада. Евфросиния – небопарный орел, воспаривший от запада до востока, словно луч солнечный, просветивший землю Полоцкую. Тем же, братия, хвалится Солунь о святом Димитрии, а Вышгород – мучениками Борисом и Глебом; я же хвалюсь: блажен ты, град Полоцк, таковую леторасль возрастивший – преподобную Евфросинию. Блаженны люди, живущие во граде том! Блаженны родители твои, блаженно чрево, из коего изошла преподобная госпожа Евфросиния. Блаженно рождение ее, блаженно воспитание ее! Блажен возраст твой, Евфросиния достохвальная, блажен труд твой и подвиги ради Бога! Блажен твой монастырь, блаженны насельники монастырей Святого Спаса и Святой Богородицы, блаженны люди, тебе послужившие! О преблаженная невеста Христа Бога нашего! Молись к Богу о стаде своем, которое собрала во Христе, Коему подобают всякая слава, честь и поклонение со Отцом и со Святым Духом, ныне и присно и во веки веков!»

З Полацка пачаўся наш беларускі свет, і ён будзе існаваць пад покрывам Багародзіцы, пад абаронай святой Еўфрасінні Полацкай, як будзе існаваць да сканчэння вякоў наша незалежная беларуская дзяржава.