«Скарбніца нацыянальнай культуры». Ігар Марзалюк пра важнасць дзяржаўных сімвалаў
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. У першым выпуску пагаворым пра знакі велічы і духу – старажытныя гербы Беларусі.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Мы пачынаем новы сезон. Пачынаем новы праект. Праект – «Сімвалы беларускай вечнасці». Ён пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Пра іх найперш і будзем гаварыць. А таксама пра нашых знакавых асобаў і герояў. Пра вялікіх людзей. Пра выбітныя помнікі нашай архітэктуры, мастацтва, пра нашы перамогі і дасягненні. Пра нашых герояў. Пра нашу зямлю пад белымі крыламі. А значыць – пра беларускую вечнасць. Пра гераізм, мужнасць і няскоранасць. Пачнем!
Для любой дзяржавы яе важнейшым, існуючым у непарыўным трыадзінстве, сімвалам з'яўляюцца герб, сцяг і гімн. Герб, сцяг, гімн – гэта неад’емныя атрыбуты дзяржаўнасці і суверэнітэту. Яны адлюстроўваюць культурны і духоўны стан грамадства, яго традыцыйныя каштоўнасці, светапогляд, адносіны да ўлады.
Вывучэнне гісторыі і сутнасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі мае велізарнае значэнне для фармавання пачуцця супольнай нацыянальнай агульнасці. Герб, сцяг, гімн – гэта скарбніца нацыянальнай культуры, адлюстраванне на ўзроўні сімвалаў гісторыі народа і яго дзяржаўнасці. Яны з’яўляюцца прадметамі нацыянальнага гонару, аб’ектамі адлюстравання патрыятычных пачуццяў. Любоў і павага да Айчыны непарыўна звязана з правільным выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі. Герб, сцяг, гімн як афіцыйныя геральдычныя сімвалы займаюць адметнае месца ў любой дзяржаве.
Герб, сцяг і гімн з’яўляюцца спецыфічным адлюстраваннем дзяржаўнай ідэалогіі і культуры, падкрэсліваюць міжнародны статус краіны. Дзяржаўныя сімвалы для краіны, якая ашчадна захоўвае і шануе сваю гісторыю і цэніць уласныя дасягненні – гэта важнейшы палітычны, ідэалагічны і сацыяльна-культурны набытак. Сёння пра знакі велічы і духу – старажытныя гербы Беларусі. Тэрмін «герб» – вытворны ад нямецкага «die Erbe» – «спадчына». Дзяржаўны герб – гэта тып гербавай эмблемы з адметным прававым статусам, які абазначае дзяржаву ў якасці тэрытарыяльнай і адміністрацыйнай цэласнасці, з’яўляецца сімвалам суверэнітэту.
Дзяржаўны герб – афіцыйна зацверджаны адметны знак. Функцыяй дзяржаўнага герба з’яўляецца візуалізацыя дзяржаўнай улады, яе палітычнай, адміністрацыйнай і тэрытарыяльнай прыналежнасці. Дзяржаўны герб пазначае прысутнасць дзяржавы ў асобе яе ўстановаў, паўнамоцтваў, а таксама выкарыстоўваецца для непасрэднай ідэнтыфікацыі канкрэтнай дзяржавы ў шэрагу іншых дзяржаваў (у міжнародных структурах). Выява дзяржаўнага герба на пячатках, бланках, грашовых знаках гарантуе адказнасць дзяржавы і сведчыць аб яе правамоцнасці ў дадзенай галіне праваадносінаў.
Усё пачыналася з гордых знакаў Рурыкавічаў. Дынастыі князёў, якія панавалі на землях гістарычнай Русі. На землях сучаснай Беларусі, еўрапейскай часткі Расіі, Украіны. Для нас усё пачыналася з нашага Полацка. З якога, для нас беларусаў, пачаўся свет. З яго гербаў – гербаў гістарычнай Белай Русі. Святой зямлі нашай. Пад абаронай Хрыста і Покрывам Багародзіцы. З крыжа Еўфрасінні Полацкай. Але па парадку.
На беларускіх землях спрадвеку існавала ўласная сістэма сімвалаў і знакаў. У цэлым яна супадае з агульнай усходнеславянскай сімвалічнай азначанасцю сусвету. Бадай што першым афіцыйным сімвалам маладой дзяржаўнасці нашых зямель можна і патрэбна лічыць графічную пячатку полацкага князя Ізяслава, сына вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча і гордай полоцкай князёўны Рагнеды. Яна была знойдзена ў 1954 годзе, у ходзе археалагічных раскопак. Адціснутая на свінцовай пласцінцы пячатка ўтрымлівае варыянт знака Рурыкавічаў, уладароў Старажытнай Русі, – трызубец з крыжом наверсе і надпісам «Ізяслаў». Нездарма зараз менавіта трызубец Ізяслава з’яўляецца гербам Заслаўя. Горада, які быў заснаваны сынам гордай полацкай князёўны і Уладзіміра Святаслававіча, хрысціцеля Русі – Ізяславам. Тым самым Ізяславам, пры якім Полацкая зямля адрадзіла ўласную дынастыю і зноў стала самастойнай.
Суверэнітэт Полацкай зямлі ўвасабляўся ў асобе князя, тагачасная дзяржаўная сімволіка адпавядала княскаму гербу-трызубу. Таму так важна для нас пячатка полацкага князя Ізяслава Ўладзіміравіча. Яна датуецца канцом Х ст., часам не пазней за 1001 год, год смерці князя. На захаваным яе баку змешчана выява княжацкага знака ў выглядзе трызуба Рурыкавічаў і імя: «ИЗЯС[лав]ОС». У адрозненне ад трызуба бацькі Уладзіміра Святаслававіча знак Ізяслава меў такі важны элемент, як крыж.
Крыж на цэнтральнай мачце Трызуба стане адметным знакам характэрным менавіта для полацкіх князёў – які змяшчалі на іх пячатках. І не толькі. Гэты горды знак з любоўю быў адціснуты менскім ганчаром на донцы гаршка і знойдзены на помніку, які з’яўляецца вытокам нашай сталіцы. На Гарадзішчы, на летапіснай Менцы. У гэтым годзе беларускі археолаг, Андрэй Вайцэховіч знайшоў гэту ўнікальную знаходку ў ходзе сваіх археалагічных раскопак. Для вас, дарагія гледачы, упершыню мы яе дэманструем на нашым тэлеканале. Эксклюзіўна. Першымі з першых!
Прыгадаем, менавіта Ізяслаў прыклаў выключныя намаганні па распаўсюджванню хрысціянства і асветы на нашых землях. Быў, па сутнасці, хрысціцелем Полацкай зямлі. Менавіта як князя асветніка характарызуе Ізяслава Полацкага летапісец: «Быў ён ціхі і лагодны, смірны і літасцівы, і слёзны, і ўмільны, і доўгацярплівы. Паважаў духоўны і манаскі сан, быў старанным у чытанні боскіх пісанняў».
Важнейшым сімвалам Полацкай зямлі пасля яе хрышчэння стаў шасціканцовы крыж. Крыж, які мы сёння звыкла завём крыжом Еўфрасінні Полацкай. Сама Еўфрасінія выкарыстоўвала асабістую пячатку з выявай святой. Шасціканцовы крыж у Полацкім княстве вядомы з першай паловы XII ст. Ён быў выбіты на гэтак званым трэцім камені полацкага князя Барыса Рагвалода і на камені ягонага сына Рагвалода Васіля (датаваны 7 мая 1171 г.). Славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, сімвал нашай Беларусі, быў зроблены майстрам-ювелірам Лазарам Богшам у 1161 г.
Звычайна крыж такой формы называюць патрыяршым ці латарынгскім. Але крыж Еўфрасінні – гэта так званы Узвіжальны Крыж. Узвіжанне Крыжа сама па сабе надзвычай цікавая гісторыя. Яна звязана са знакамітай візантыйскай імператрыцай Аленай і яе сынам, імператарам Канстанцінам. Як вядома, Узвіжанне, або Звіжанне, – назва аднаго з восеньскіх свят, якое прыпадае на 27 верасня. Па праваслаўным календары ў гэты дзень адзначаецца Узвіжанне Крыжа Гасподня ў гонар падзей 335 года, калі імператрыцай Аленай у выніку раскопак на Галгофе быў знойдзены крыж, на якім распялі Ісуса Хрыста. Крыж быў урачыста падняты, адсюль і назва свята – Узвіжанне. Паўсюдна Беларусы ў гэты дзень ішлі ў царкву, каб пацалаваць Жыватворны Крыж, маліцца за хворых, нядужых, бедных. Казалі: «Калі на Узвіжанне з верай памаліцца каля Крыжа, то ён і мёртвага падыме».
Сама Еўфрасіння Полацкая называла створаны па яе замове Узвіжальны Крыж Чэсным Крыжам. Чэсны Крыж. Крыж Узвіжання, сімвал Хрыстовай перамогі.
Менавіта Узвіжальны Крыж ратуе Усяслава Чарадзея з кіеўскага палону, у які ён трапіў праз подласць і парушэнне крыжацалавання кіеўскіх князёў. І адбылося гэта як раз на Узвіжанне. Так сведчыць летапісец, аўтар «Аповесці мінулых гадоў», апавядаючы пра Усяслава Полацкага пад 1068 г., калі той сядзеў у порубе ў Кіеве: «В день бо Въздвиженья Всеслав, вздохнув, рече: «О кресте честный! Понеже к тобе веровах, избави мя от рва сего». Бог же показа силу крестную на показанье земле Русьстей, да не преступають честнаго креста, целовавше его...».
І кіеўскае веча ўзнесла полацкага князя на кіеўскі стол – зрабіла Вялікім Князем усёй Кіеўскай Русі. Чэсны і Узвіжальны Крыж — гэта Cвяты Крыж. Звернем увагу на далейшыя словы летапісца аб яго ўласцівасцях: «Понеже велика есть сила крестная: крестомь бо побежени бывають силы бесовьскыя, крест бо князем в бранех пособить, в бранех крестом согражаеми вернии людье побеждають супостаты противныя, крест бо вскоре избавляеть от напастий призывающим его с верою. Ничтоже ся боять беси, токмо креста…».
Святы Крыж з’яўляўся сімвалам перамогі над бесамі і ворагамі і меў не толькі рэлігійны сэнс. Яго можна лічыць сімвалам Полацкага княства ў Х — пачатку ХІІ ст., бо ён часта выкарыстоўваўся князямі полацкае дынастыі, быў увасоблены на іх асабістых пячатках.
Менавіта с гэтых сімвалаў, з княскага знака Ізяслава і крыжа Еўфрасінні Полацкай пачынаецца наша геральдычная традыцыя, непарыўна звязаная з гісторыяй нашай дзяржаўнасці і самым старажытным дзяржаўным утварэннем на нашых землях – Полацкім Княствам, Полацкай зямлёй.