«Вызначаў сябе «не прыродным палякам, а беларусам». Кім быў Адам Ганоры Кіркор для нашай краіны? Разважае Ігар Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння мы пагаворым пра вялікага чалавека, народжанага ў 1812 годзе ў мястэчку Слівін Магілёўскай губерні, на землях колішняга Мсціслаўскага княства. Гэта Адам Ганоры Кіркор.
Адукацыю, як вядома, ён атрымаў у Магілёўскай гімназіі і Віленскім шляхецкім інстытуце. Кіркор – гэта эпоха ў вывучэнні гісторыі нашай краіны. Ён і археолаг, і этнограф, і гісторык, і выдавец. Самая лепшая частка яго жыцця была звязана з нашай Вільняй, гістарычнай сталіцай нашай зямлі. Хоць лёс наканаваў так, што ў 1867 годзе ён мусіў з’ехаць у Пецярбург, а потым, да скону дзён, вымушаны быў жыць на чужыне, у Кракаве.
Шмат якія свае працы ён падпісваў псеўданімам Ян з Слівіна. Прыгадваючы гэтак пра мястэчка ў Мсціслаўскім павеце, дзе ён нарадзіўся. Усё жыццё два краявіды заўсёды стаялі перад яго вачыма. Родны, мсціслаўскі, яго мястэчка Слівін, магілёўскія ваколіцы. І не меньш любы віленскі краявід. Горад яго сэнсаў. Горад былой велічы, сталіца дзяржавы, якую ён лічыў сваёй – гістарычнай Літвы.
Залаты час для Кіркора – віленскі перыяд яго жыцця. Чыноўнічы шлях, з якога ён пачынаў сваю кар’еру, не прывабліваў нашага героя. Іншая справа – археалогія, гісторыя, этнаграфія, музеязнаўства. Ён стаў сакратаром губернскага статыстычнага камітэта, актыўна супрацоўнічаў з Віленскай археаграфічнай камісіяй, рыхтаваў да публікацыі надзвычай важныя для гісторыі ВКЛ дакументы.
У 1855 годзе быў створаны Віленскі музей старажытнасцяў. Адам Кіркор атрымоўвае пасаду яго захавальніка. У гэты ж час ён займаецца выдавецкай дзейнасцю. 3 1850 па 1854 гады выдае «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні». З 1857 па 1863 гады – польскамоўны альманах Teka Wileńska. У 1859 годзе ён займеў уласную друкарню, а з 1860 года быў адначасна і рэдактарам, і выдаўцом «Виленского вестника». У гэты час прыйшла і агульнарасійская слава. Яго навуковыя публікацыі, допісы і артыкулы друкаваліся ў Маскве і Пецярбурзе.
Ігар Марзалюк:
Пасля 1863 года сітуацыя змянілася на горшае. К 1865 году выдавец Кіркор стаў банкрутам і ледзь пазбег даўгавой турмы. Перасяленне ў Пецербург і выдавецкая справа ў паўночнай сталіцы таксама скончыліся поўным фінасавым фіяска. Ізноў замаячыла даўгавая турма. Прыйшлося ратавацца ўцёкамі за межы Расійскай імперыі і жыць у Кракаве. Перабівацца з хлеба на квас. Жыць у нястачы, у беднасці.
Але прыгадаем напісаныя ім тэксты, творы гэтага вялікага чалавека. Яго даведнік пра Вільню вытрымаў чатыры выданні. Напісаны лёгкай мовай, цікава і займальна, ён знаёміў чытачоў з памятнымі мясцінамі горада. Кіркор назваў гэтую кнігу «Прагулкі па Вільні». Калі яго чытаешь, то здаецца, што ажываюць вуліцы гэтага дзівоснага горада. Праз цэрквы, касцёлы, старасвецкія камяніцы, плошчы, могілкі ажываюць цэлыя эпохі з гісторыі Вільні, ажываюць людзі, якія жылі ў гэтых дамах, тварылі нашу гісторыю, стваралі культуру. Адна з прагулак прысвечана дарагому сэрцу Кіркора музею віленскіх старажытнасцяў, яго ўнікальным экспанатам.
На старонках выдаванай у Пецербурзе газеты «Новое время» Кіркор пісаў гістарычную публіцыстыку, прысвечаную гісторыі Літвы і Беларусі. Не пакідаў сваіх навуковых заняткаў ён і ў Кракаве. Адна з самых вартасных прац апошняга перыяду жыцця – кніга пра літаратуру славянскіх народаў.
Адама Кіркора помнілі і шанавалі ў навуковым асяроддзі Расіі, нягледзячы на тое, што ён ужо не жыў у імперыі. Як аднаго з найлепшых знаўцаў па археалогіі, гісторыі і этнаграфіі яго запрасілі да працы над трэцім томам «Жывапіснай Расіі», прысвечаным Літве і Беларусі. Гэтае грандыёзнае выданне, шыкоўна ілюстраванае, з выдатнай паліграфіяй і да сёння не страціла сваёй навуковай вартасці. А ў той час увогуле стала адной з найлепшых прац па нашай гісторыі.
Ігар Марзалюк:
Кім жа лічыў сам сябе Адам Ганоры Кіркор? Адназначна, што не палякам. Хоць польскую мову ведаў выдатна, размаўляў на ёй і напісаў значную частку сваіх твораў. Лічыў сябе грамадзянінам гістарычнай Літвы і ў гэтым сэнсе называў сябе літоўцам, літвінам. Але ён выдатна пры гэтым ведаў, што ён беларус па этнічнаму паходжанню, а ніхто небудзь іншы. У 1861 годзе ён пісаў: «Я – літвін, ніколі не знішчыць ува мне гэтага пачуцця. Я люблю сваю радзіму з усім натхненнем юнака, з усім самаадрачэннем мужа. Сімпатыю да Польшчы я адчуваю настолькі, наколькі лёс яе звязаны з нашым». Пры гэтым у перапісцы са знакамітым расійскім славянафілам Катковым ён вызначаў сябе «не прыродным палякам, а беларусам».
Да яго і яго аднадумцаў адносіцца азначэнне гісторыка Міхала Каяловіча як аднаго з «лепшых людзей» у Вільні 1850-х гадоў, якія лічылі ўжо ў той час, што «гісторыя выпрацавала для беларусаў асобную нацыянальнасьць». Сам Адам Кіркор пісаў у 1872 годзе Юзафу Крашэўскаму: «Ёсць яшчэ думка, моцная і шматлікая, якая не хоча агульнасці ні з Польшчаю, ні з Масквой, ні з маларусамі, а хоча уласнага літоўска-беларускага жыцця, вядома, на федэратыўных пачатках». Ён марыў пра аднаўленне незалежнасці Літвы і Беларусі, марыў пра адраджэнне ВКЛ. Хутчэй за ўсё як раз яго погляды меў на ўвазе Міхал Каяловіч у 1882 годзе, згадваючы аб прыходзячых «з Варшавы праз Кракаў» пажаданнях беларускаму краю «самастойнага развіцця ў шэрагу іншых славянскіх народаў».
Кіркор падкрэсліваў, што Русь і Расія – гэта не сінанімічныя, не тоесныя паняцці. Уласна гісторыя Расіі пачыналася для яго з Маскоўскай дзяржавы. Русь жа – гэта найперш Україна, Беларусь, Пскоўшчына, Вялікі Ноўгарад. Русь, якая стала важнейшым кампанентам гістарычнай Літвы, – гэта княствы Полацкае, Менскае, Віцебскае, Слуцкае, Друцкае, Тураўскае, Аршанскае ды інш.
Менавіта тут у X-XIII стагоддзях праяўляецца вечавая традыцыя як характэрная рыса палітычнага развіцця Русі ў адрозненні ад Маскоўскай Расіі. Кіркор пісаў пра самастойнасць беларускай і украінскай (маларускай) моваў. Паводле яго русінская літаратура – то літаратура беларуская і маларуская (украінская). Песні пра паход Ігара, Скарына, Статуты – усё гэта наша, наша спадчына, сцвярджаў Кіркор.
Ігар Марзалюк:
Кіркор усё жыццё вельмі цікавіўся археалогіяй. Археалогія для яго была важнай крыніцай па старажытнай гісторыі Айчыны. Рэчы, парэшткі старажытных пахаванняў і паселішчаў лічыў за найбольш аб’ектыўныя сведкі мінулага. Таму археалогія, паводле Кіркора, неабвержна даказвала, што славяне і літоўцы былі аўтахтонным насельніцтвам на землях гістарычнай Літвы, тагачаснага Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі. Менавіта яны – Русь і Літва – нарадзілі Вялікае Княства Літоўскае, з вялікай самабытнай гісторыяй і культурай.
Кіркор нават лічыў, што была прамая генеалагічная сувязь дынастыі Гедымінавічаў з полацкімі князямі. Спасылаючыся на Васкрасенскі летапіс, ён сцвярджаў, што дынастыя вялікіх князёў літоўскіх мае полацкае паходжанне, што, па сутнасці, яна славянская, беларуская. Вялікія князі літоўскія, быццам бы толькі прыкідваліся паганцамі са стратэгічных меркаванняў. Аўтар у выдадзеным у «Живописной России» нарысе па гісторыі Беларусі нават змясціў генеалагічную табліцу князёў полацкага дома, з якой вынікала, што і Гедымін, і Альгерд, і Ягайла, і Вітаўт быццам бы маюць полацкае, беларускае паходжанне.
Залаты век гісторыі Вялікага Княства, зцвердзіў Кіркор, прыпадаў на XIV-XVI стагоддзі. Але з асаблівым замілаваннем ён апісвае часы Вітаўта, калі «Літва, што не баялася ні Польшчы, ні Ўсходняй Русі, ні татараў, падобная была на дужага, смелага, успрымальнага юнака, у якога ёсць усё, апрача ўзмужнеласці і вопытнасці». Вітаўт для Адама Кіркора – ідэальны ўладар, дасягнуўшы максімальнага росквіту дзяржавы.
Ігар Марзалюк:
Адам Кіркор падкрэсліваў унікальнасць тых рысаў у гістарычнай Літве, якія і сёння мы можам лічыць важнейшымі рысамі беларускага ладу жыцця – этнічную, канфесійную і моўную цярпімасць. Ён з гонарам пісаў, што законы абаранялі правы і праваслаўных, і каталікоў, і татараў, і караімаў, і яўрэяў.
Асобная размова – то Польшча і палякі. Кіркор выдатна ведаў, што сапраўдных палякаў, этнічных палякаў па крыві і паходжанню на землях Літвы і Беларусі была мізэрная колькасць. Асноўная маса тых, хто лічыў сябе палякамі, то спаланізаваныя ў часы Рэчы Паспалітай беларусы і літоўцы.
Але і ў гэтым выпадку Кіркор заставаўся верным нашай знакамітай цярпімасці, лічыў, што кожны чалавек мае права на свабодны нацыянальны выбар. Услухаемся ў яго выказванне на гэты конт: «Калі многія беларусы і літоўцы прынялі для сябе польскую нацыянальнасць, польскую мову і ў многім (хоць і не ва ўсім) польскія норавы і звычаі, нарэшце, калі самі сябе яны называюць палякамі, то не толькі з этнаграфічнага, але і з маральнага пункту погляду мы не маем ніякага права называць іх інакш».
З другога боку, збліжэнне Літвы і Польшчы Кіркор ніколі не лічыў добратворным. Ён называў яго «нацягнутым сяброўствам з пярэчаннямі, непаразуменнямі і недаверам». Люблінскую ўнію 1569 года ён увогуле называў палітычнай смерцю ВКЛ. Ды і ўвогуле ўвесь перыяд знаходжання нашых земляў у Рэчы Паспалітай, гэта значыць час з 1569 па 1795 гады, характарызаваў як «шэраг бедстваў і маральнага гвалту, які давёў да маральнага разбэшчвання, а потым і падзення». Своеасаблівым сімвалам польскай падступнасці і здрады ён лічыў постаць Барбары Радзівіл і яе трагічную гісторыю.
Ігар Марзалюк:
Кароль Жыгімонт Аўгуст, палка закахаўшыся, ажаніўся з ёю, але польскае грамадства прыняло літоўскую княгіню варожа, і хутка яна памерла ад атруты. Польскія палітычныя ўплывы, увасобленыя ў дзейнасці езуітаў, пашырэнні фанатызму і нецярпімасці, гэта той самы кубак атруты, які прывёў народы ВКЛ да гістарычнай смерці.
Старасць на чужыне была горкай. Кракаў не радаваў. Снілася Вільня… З сумам ён пісаў: «Кепска жывецца. Нічога не зробіш з літоўскай натурай, паўсюль мне будзе кепска, апрача Вільні. І забівае думка, што ніколі ўжо не пабачу маёй Літвы, ды і костачкі давядзецца тут пакласці, а ў мяне там, у Вільні, прызапашана такое добрае местачка на Росе».
Росы – то могілкі Росы. Знакаміты некропаль на паўднёва-ўсходняй ускраіне Вільні. Гэтым могілкам Кіркор у свой час прысвяціў цэлы раздзел у даведніку «Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах».Там ён пісаў: «Прагулкі па Росе дабратворныя для душы, бо гэтыя могілкі ёсць вялікая кніга жыцця, перад намі разгортваецца сціслая гісторыя тысяч людзей. Гэты філасофскі трактат пра марнасць зямнога свету прымушае нас больш глыбока думаць і адчуваць».
Але Адаму Ганорыю Кіркору не суджана было спачываць на віленскіх могілках. Ён памёр у 1886 годзе ў Кракаве. Развітваючыся з жыццём, адчуваючы подых смерці, наш герой ганарыўся сваім ахвярным служэннем сваёй Айчыне: «Смерць мяне не палохае; я дастаткова пражыў. Зрабіў, што мог паводле сваіх сіл і сродкаў, з чыстым сумленнем магу прызнацца, што маё жыццё для Літвы не прайшло дарэмна».
Як тут не прыгадаць знакамітае выслоўе: «Усе паміраюць, але не ўсе жывуць». Адам Ганоры Кіркор жыў. Жыў дзеля нашай, беларускай гістарычнай вечнасці, нашага краю, нашай традыцыі і нашай дзяржавы.