Які звер лічыцца сімвалам Расіі і беларускага народа? Растлумачыў Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

02.png

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра звера, які звычайна лічыцца сімвалам Расіі – пра мядзведзя. Але і ў нашых продкаў гэта ні абы які звер. Таму сёння пра вобразы і сімвалы мядзведзя ў беларускай культуры. Пачнём!

Беларусы, як і большасць славянскіх народаў, лічылі, што мядзведзь  то радня чалавеку. Паводле нашых павер’яў і легендаў касалапы мішка спачатку сам быў чалавекам. Зверам ён стаў за свае грахі. Існуе некалькі легендаў на гэты конт. Згодна адной з іх першы мядзведзь быў старцам, гэта значыць вандроўным жабраком. Пабачыўшы Бога, які ішоў таксама ў вобразе старца, ён вырашаў спалохаць канкурэнта, каб той не хадзіў па яго акрузе і не адбіваў яго хлеб. Для гэтага ён залез пад мост і зароў з пад таго маста. А Бог яму і кажа: «Будзеш жа ты раўці ўвесь свой век». Так той старац і стаў мядзведзем, толькі ступні чалавечыя.

01.png

Другая легенда яшчэ менш кампліментарная. Згодна яе мішка паходзіць ад гультаяватая мужыка, які дзёр чужыя борці і краў з іх мёд. Суседзі вырашылі за лепшае вешаць іх высока на дрэвах. А так як мужык моцна раз’еўся, стаў пузатым, то па дрэвах поўзаць яму было ўжо цяжка. Таму і пайшоў ён шукаць чараўніка, каб той дапамог яго бядзе. Каб прыдумаў, як яму лепей па дрэвах лазіць. Прыйшоў на чужы двор. Гаспадара няма. А побач вісіць борць з пчолкамі. Нізка так вісіць. Спакусіўся злодзей на чужы мёд. А тут і чараўнік да хаты вярнуўся. Пабачыў злодзея на сваім падворку і сказаў: «Ну, з гэстае пары й ты, й твае дзеці, й ўсё тваё котла будзеце толькі пчол драць». І абярнуў таго чалавека ў мядзведзя. Так от адкуль узяўся мядзведзь».

Але ў лясістых мясцінах беларускай Віцебшчыны, яшчэ і ў XIX стагоддзі мядзведзя паважна называлі бацюхнай. І адзначалі адмысловае мядзведжае свята – Камаедзіцу. Адбывалася гэта па старым стылі 24 сакавіка, па новым 6 красавіка, напярэдадні Дабравяшчання. У гонар мядзведзя рыхтавалі спецыяльныя, мядзведжыя стравы. Гатавалі сушаны рэпнік, а таксама аўсяны кісель, і абавязкова гатавалі адмысловую рытуальную гарохавую кашу. Каб залагодзіць мядзведзя яе адносілі ў лес, касалапаму на пачастунак. А так як каша зліпалася ў камы, то і ўсё свята атрымала назву – Камаедзіца, ад словаспалучэння «камы есці».

03.png

Добра паеўшы ўсе клаліся на лавы і «качаліся» з боку на бок. Рабілася гэта каб мядзведзь у добрым гуморы падняўся з бярлогі ды нікога не зачапіў. У той час яшчэ гурбы снега ляжалі і ў лесе, і на палетках. Пасля гэтага беларускія сяляне выварочвалі свае футры і кажухі поўсцю навонкі ды імітавалі забавы мядзведзяў. Барукаліся, гулялі, танчылі. Моладзь весела качала адно другога ў гурбах, кідалася снежкамі, скачвалася з горак. Уся працэдура рытуала займала не менш двух гадзінах.

Калі мядзведзь хутка ўставаў увесну з бярлога, ды быў заўважаны неўзабаве людзьмі, гэта давала надзею на добрае лета і багаты ўраджай. У Бягомльскім раёне гэтае свята з цалкам выкананым адпаведным рытуалам, адзначалася яшчэ зусім нядаўна, у мінулым, XX стагоддзі. На ўсходзе Беларусі, у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці, яшчэ і ў пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя маладых бацькі жаніха на падворку сустракалі ў вывернутых кажухах. Такім чынам, на сімвалічным узроўні багацці маладой сям’і жадалася багацце і мядзведжае здароўе.

Справа ў тым, што ў старажытных славян мядзведзь быў увасабленнем другога па значнасці, пасля Перуна, Боства – Вялеса. Вялес – бог багацця, бог жывёльнага статка, добры бог пазамагільнага света, дзе ён пасе душы продкаў-радзіцеляў – у іраі (іначай выраі). Вялес, Цар пазамагільнага света, у беларускім фальклоры адрозніваецца ад звычайнага мядзведзя афарбоўкай – ён белага колеру. Таму прысніць белага мядзведзя, ці пабачыць яго ў Пушчы, на яве, па беларускіх павер’ях, было дрэнным знакам, знакам набліжэння хуткай смерці кагосьці з крэўных. 

4.png

Продкі былі перакананыя – калі ў хаце завяліся нячысцікі, дробныя чарцяняты, якіх звычайна звалі злыднямі, то можна праваслаўнага бацюшку папрасіць хату перасвяціць, альбо ў якасці альтэрнатывы запрасіць павадыра з ручным мядзведзем. Бо былі пэўныя, што чорт мядзведзя баіцца больш, чым крыжа і ладана. Мядзведжы ікл, ці кіпці мядзведзя, то найлепшыя абярэгі і ад зглазу, і ад заразных хваробаў. Але тут было адно маленькае але…

Гэта так толькі ў тым выпадку, калі ты ўласнаручна здабыў звера. Прыбітая лапа мядзведзя над варотамі сарая, згодна беларускіх павер’яў, надзейна засцерагае хатнюю жывёлу ад заразных хваробаў. Такую лапу нашы сяляне называлі «скоцім богам». У стайнях, каб засцерагчы коней ад хваробы і нячыстай сілы, прыбівалі чэрап мядзведзя.

А яшчэ продкі асцерагаліся называць гэтага грознага і небяспечнага гаспадара лесу па імені. Бо ён пачуе і прыйдзе. І што тады рабіць будзеш? Таму часцей за ўсё яго называлі такімі словамі, як «сам», «гаспадар», «дзядуля», «бацюхна», «млынар», «лешы», «касматы-валахаты», «аўсянік», «бортнік», «касалапы». У звычайным жыцці паляўнічыя называлі яго «мёдаед». Беларусы часта называюць мядзведзя і чалавечымі імёнамі: Мішка, Міхаіл, Марцін, а мядзведзіцу – Маруха.

6.png

Але мядзведзі і Беларусь – то найперш Смаргонь. Славутая Смаргонская мядзведжая акадэмія. Адзіная такая ўстанова ва ўсёй Еўропе ў той час. Перанясёмся ў XVII стагоддзе. 1687 – 1689 гады. Французскі манах, езуіт Філіп Аўрыль падарожнічае па нашых землях, і вось ён трапляе ў Смаргонь і са здзіўленнем натуе свае ўражанні. Цытата:

«… Мне паказалі таксама акадэмію, дзе дрэсіруюць мядзведзяў. Селішча, у якім яны вучацца гэтым вядомым практыкаванням, каб потым паказваць іх з такім спрытам і нават кемлівасцю, завецца Смаргонню… ».

Слава Смаргонскай акадэміі грымела па ўсёй Еўропе. Асаблівага росквіту яна дасягнула пры Каралі Станіславе Радзівіле, па мянушцы Пане Каханку, які валодаў Смаргонню ў 1762–1790 гадах. Па загаду князя кіраўніком «акадэміі» быў прызначаны «цыганскі кароль», Ян Марцінкевіч, рэзідэнцыяй якога быў Мір. Апошні паставіўся да свайго «рэктарства» над мядзведзямі надзвычай адказна. Была набрана група з дваццаці найлепшых цыганоў-дрэсіроўшчыкаў. Яны стала жылі і працавалі ў Смаргонскай акадэміі. Адначасова дрэсіравалі да дзесяці мядзведзяў.

Акрамя гэтага князь Радзівіл дасылаў для дрэсіроўкі яшчэ і некалькіх заморскіх звяроў – малпаў. Мядзведзі ж былі родненькія, беларускія. Іх лавілі ў мясцовых лясах. Жупранская і Налібоцкая пушча былі тымі месцамі, адкуль не па сваёй ахвоце прыязджалі касалапыя студэнты на навучанне. Калі хтосьці іншы хацеў займець уласнага дрэсіраванага мядзведзя, для сябе асабіста, то праблемаў асаблівых таксама не было. Трэба было толькі заплаціць за працу і поўны пансіён дрэсіроўшчыка – яго харчаванне і пражыванне.

Поўны курс навучання – 6 гадоў. Набіралі толькі маладых самцоў мядзведзяў. За гэты час мішак вучылі танчыць на задніх лапах пад гукі бубна, вучылі куляцца, барукацца адзін з другім і кланяцца. Згодна легенды, смаргонскія мядзведзі маглі граць нават на дудзе. У тым ліку і шатландскай! Але то пэўна, што легенда. Але якая сімпатычная. Мядзведзь дуднік, мядзведзь дудар!

9.png

Пасля пачыналіся гастролі. Па ўсёй Еўропе. Гадунцы Смаргонскай акадэміі выступалі з прадстаўленнямі на землях сучаснай Германіі, Францыі, Венгрыі. Прусія, Баварыя, Эльзас – вось далёка не поўны пералік краёў у якіх бліскуча выступалі касалапыя смаргонскія артысты. Увосень яны вярталіся назад, у Смаргонь. Мядзведзям будаваліся лежні-бярлогі, у якіх звяры заставаліся да сярэдзіны лютага. Папрацаваўшы, можна было і паспаць удосталь.

Праіснавала Смаргонская акадэмія да да пачатку XIX стагоддзя. Але памяць аб ёй трывала замацавалася ў беларускай свядомасці. Нават у пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі вандроўных цыган з мядзведзем называлі «смаргонскі вучыцель з вучнем».

11.png

Яшчэ і сёння ў вёсках, што побач з Налібоцкай пушчай, вам раскажуць, быццам бы дрэсіраваныя мядзведзі дапамагалі будаваць самыя старыя пушчанскія касцёлы. Такія як касцёл у Дзераўной і валожынскі касцёл Святога Юзафа. Нібыта мядзведзяў пасля «заканчэння смаргонскай акадэміі» накіроўвалі па размеркаванню туды на працу. Кожнаму з іх на спіну навязвалі кошык, а яны цягалі па рыштаваннях на высокія вежы цэглу. Як толькі яны чулі сігнал «на абед», адразу кідалі сваю ношу і спяшаліся ў своеасаблівую сталоўку, падсілкавацца, пад’есці.

Мядзведзь у беларускай традыцыі – гэта сімвал магутнага звера, грознага і неўтаймаванага. Гаспадар леса. Але нават і яго нашы продкі здолелі выкарыстаць на сваю карысць, дзеля памнажэння славы нашай зямлі. Таму Смаргонская акадэмія – то годны сімвал нашай унікальнай гістарычнай традыцыі, сімвал нашай беларускай культурнай вечнасці. Выток культуры дрэсіроўкі і цыркавога мастацтва Беларусі!

Беларусь.Новости