Андрэй Альгердавіч – сімвал велічы і славы, сімвал нашай беларускай гістарычнай вечнасці
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям!
Сёння размова пойдзе пра героя бітвы на Куліковым полі, чалавека, без якога немагчыма ўявіць гісторыю беларускай дзяржаўнасці ў XIV стагоддзі, – пра Андрэя Альгердавіча, вялікага князя полацкага. Пачнем!
У 2018 годзе падчас археалагічных даследаванняў старажытнага Пскова, у ходзе раскопак Варлаамаўскай вежы, навукоўцы знайшлі віслую свінцовую пячатку Андрэя Альгердавіча. З вонкавага боку – Пагоня, з другога – кірылічны надпіс «Пячатка князя Андрэя Альгердавіча».
А яшчэ ў Пскове, у царкве Раства, якая знаходзіцца ў Даўмонтавым горадзе, ёсць фрэска з выявай Дзмітрыя Салунскага і выявай князя. Нашага князя, нашага героя, Андрэя Полацкага. Фрэска была створана каля 1390 года. Не кожны князь пры жыцці мог заслужыць на такую славу, на ўшанаванне сваёй персоны ў храме, побач з лікамі святых…
Мы пачалі з Пскова не выпадкова. На тое ёсць важкія прычыны. Княская кар’ера Андрэя як самастойнага ўладара пачалася як раз у Пскове. З лёгкай рукі свайго бацькі, Альгерда, ён стане пскоўскім князем у 1342 годзе і будзе князяваць тут першы раз да 1348 года. Біцца з крыжакамі, адстойваць інтарэсы Пскоўшчыны… Брама гэтага горада, сталіцы гордай вечавой рэспублікі Паўночнай Русі, будзе гасцінна адчынена для яго яшчэ не аднойчы. Ён будзе тут князяваць з 1377 па 1381 і з 1394 па 1399 гады.
Але самым галоўным і жаданым месцам для яго будзе родная Полацкая зямля і дарагі яго сэрцу полацкі княскі пасад. Пасад, на які ён як нашчадак віцебскіх князёў па жаночай лініі меў поўнае права. І гэта права прызнавалі за ім гордыя палачане – паўнавартасныя грамадзяне Полацкай зямлі. Нагадаем. Полацк не страціў сваёй дзяржаўнай суб’ектнасці і пасля таго, як ён увайшоў у склад ВКЛ. Бо ўвайшоў ён на ўмовах дамовы, «ряда».
Сувязь Полацка з Вільняй, з вялікакняскай уладай тады зводзілася толькі да ўдзелу ў вайсковых паходах вялікіх князёў літоўскіх ды выплатай даніны. Аб самастойнасці полацкіх князёў, сведчыць і іх тагачасны тытул – «вялікі князь» у ўсходнеславянскіх і «кароль» у лацінскіх і нямецкамоўных крыніцах. У Полацкай зямлі ў часы Андрэя Альгердавіча другой службовай асобай быў намеснік, які паходзіў з полацкіх, найбольш уплывовых «старшых» баяр і ачольваў баярскую раду.
Галоўным суб’ектам права былі так званыя «палачане» – полацкае веча, яго кіроўная верхавіна. Калі ўжываць у дачыненні іх сучасную лексіку, то гэта своеасаблівыя тагачасныя полацкія дэпутаты. Яны разам з князем і епіскапам вырашалі пытанні вайны і міра, вызначалі ўмовы знешняга гандлю, падаткі. Яны таксама ратыфікавалі і міжнародныя дамовы.
У Полацку Андрэй пачаў княжыць у 1348 годзе і заставаўся тут да 1377/78 года. У гэты час Андрэй вядзе актыўную знешнюю палітыку. Андрэй ні на хвіліну не забываўся пра Ордэн, змагаўся з галоўнымі ворагамі палачан таго часу – з крыжаносцамі. У 1377 годзе памірае Альгерд. Па запавету бацькі за Андрэем было замацавана Полацкае княства, на што ён запатрабаваў пісьмовага пацверджання з боку сваіх братоў.
Яго грызла крыўда. Ён, старэйшы сын ад першага шлюбу, сын віцебскай княгіні Марыі, не атрымаў вялікакняскі стол у Вільні. Бацька спыніў свой выбар на Ягайле, сыне Улляны Цвярской. У барацьбе за Вільню Андрэй пацярпеў паражэнне і разам з дружынай з’ехаў з Полацка на княжэнне ў Пскоў, а адтуль у 1378 годзе праз Ноўгарад выправіўся на службу ў Маскву. Да Дмітрыя Іванавіча, будучага Данскога. І дапамагаў, як спрактыкаваны воін, уладару Масквы, на ўсю моц.
Яму было наканавана адыграць выключна важную ролю ў эпахальнай бітве супраць Арды. У 1380 годзе Андрэй Альгердавіч быў на Кулікоўскім полі. Беларускія воіны разам з маскоўскімі ратнікамі здабылі славу перамогі, разбілі Мамая. Вораг Андрэя, вялікі князь Ягайла, таксама ішоў на Кулікова поле. На дапамогу Мамаю. Але так і не дайшоў. Бо ішоў паволі… Чаму? Адназначнага адказу няма. Магчыма баяўся, што яго ў значнай ступені праваслаўныя воіны не выказвалі захаплення выступіць супраць адзінаверцаў? Ці хацеў саслабіць абодва бакі канфлікту? Дакладна і адназначна сказаць нешта на гэты конт сёння цяжка.
Выбар Андрэя Полацкага, як і яго сукрэвічаў, быў адназначны. І ён быў на баку Масквы, супраць Мамая, супраць Арды. Услухаемся ў радкі «Задоншчыны», помніка старажытнарускай літаратуры XV стагоддзя, прысвечанага Кулікоўскай бітве. Услухаемся ў радкі аб нашых героях.
«О соловей, летняя птица, что бы ты, соловей, выщекотал славу великому князю Дмитрею Ивановичю и брату его князю Владимеру Андреевичю, и земли Литовской дву братом Олгордовичем, Андрею и брату его Дмитрею, да Дмитрею Волыньскому! Те бо суть сынове храбры, кречаты в ратном времени и ведомы полководцы, под трубами повити, под шеломы възлелеаны, конець копия вскормлены, с востраго меча поены в Литовской земли».
Беларускія палкі пад кіраўніцтвам Андрэя Полацкага і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча пакрылі сябе несмяротнай славай падчас Кулікоўскай бітвы. Закаваныя ў латы полацкія воі князя Андрэя былі грознай сілай. Познія крыніцы сцвярджаюць, што палачан было каля двух тысяч воінаў. Андрэй узначаліў палкі правай рукі. Гэта значыць правы фланг маскоўскіх войскаў. Ён быў сапраўдным рыцарам – храбрым і адважным. Змагаўся ў адным шэрагу са сваімі баярамі, са сваімі дружыннікамі.
Татары нанеслі рэзкі ўдар па флангам. Потым, як правіла, мусіў адбыцца захоп суперніка ў кальцо і поўнае яго знішчэнне. І спачатку здавалася, што ўсё ідзе па татарскаму плану, па плану Мамая. У лютай, бязлітаснай сечы яны змялі, скрышылі палкі «левай рукі» і частку цэнтра. Але полацкія дружыны князя Андрэя стаялі на смерць. Трымалі строй, не зламалі баявога парадка. Гінулі, але не адступалі, не ўцякалі.
План ардынцаў пачаў разбурацца. У самы крытычны момант боя, калі здавалася, што перамогу можа здабыць Арда, у бітву ўступіў свежы «засадны» полк пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго Гедымінавіча – Уладзіміра Бабрака Валынскага. Воінамі засаднага палка камандавалі таксама Дзмітрый Альгердавіч і князь Уладзімір Андрэевіч Серпухоўскі. Над ідучымі ў бой воямі лунаў грозны спеў спрадвечнага гімна нашай зямлі – Багародзіцы.
Нечаканая атака рэзерва вырашыла канчатковы вынік бітвы. Вораг ратаваўся ўцёкамі. Перамога на Кулікоўскім полі была поўнай. Полацкія воіны Андрэя Полацкага пад яго кіраўніцтвам перайшлі ў контрнаступ, пачалі пагоню за ворагам: «и побегоша татарсции полци, а христианский полци за ними гоняюще, бьюша и секуща».
Увесну 1381 года выбухнула паўстанне ў Полацку. Палачане не хацелі бачыць сваім князем паганца Скіргайлу, стаўленіка Ягайлы. Андрэй вяртаецца ў Полацк. Полацк бяруць у аблогу верныя Ягайле войскі. У гэты ж час да аднаасобнай улады ў Вялікім Княстве прыходзіць Кейстут. Ён захоплівае Вільню, арыштоўвае Ягайлу і яго маці. Скіргайла бяжыць да немцаў. Войскі адыходзяць ад Полацка.
Але Андрэй не доўга цешыўся спакоем. Вяртанне на вялікакняскі стол Ягайлы ў 1382 годзе нічога добрага для Андрэя не абяцала. Неўзабаве ад рук Ягайлы гіне Кейстут. А сам Ягайла рашуча разбурае мару Альгерда аб саюзе з Масквой, аб аб’яднанні пад скіпетрам Вільні ўсіх земляў былой Старажытнай Русі і робіць стаўку на Польшчу. Не таго хацеў бацька Ягайлы Альгерд, не таго хацела яго маці Ульяна. А хацелі яны не больш, не менш, як саюза Вільні і Масквы праз дынастычны шлюб Ягайлы і дачкі Дзмітрыя Іванавіча.
Ён мусіў і сам хрысціцца і хрысціць усіх сваіх падданых у праваслаўе. Але дзеля Польскай кароны Ягайлаў стаў Уладзіславам, польскім каралём, хрысціў Літву на каталіцызм, заключыў Крэўскую унію, умовы якой, па сутнасці, прыводзілі да страты незалежнасці Вялікага Княства, дыскрымінавалі праваслаўную знаць і прыніжалі праваслаўную веру. Андрэй быў праваслаўным. І страту дзяржаўнасці на карысць Польшчы прыняць не мог. Таму і выступіў надзвычай рэзка супраць Крэўскай уніі.
Андрэй Полацкі заключае вайскова-палітычны саюз з уладарамі Уладзімірскага вялікага княства, Смаленскага вялікага княства і ўладамі Лівонскага ордэна. Андрэй імкнецца да поўнай незалежнасці Полацкага каралеўства, так называюць яго дзяржаву ў нямецкамоўных крыніцах таго часу. Марыць зрабіць Полацк адзінай сталіцай усіх земляў Літоўскай Русі, земляў тагачаснай Беларусі.
Зімой 1385 – 1386 разам з крыжакамі здзяйсняе ўдалы паход на Літву, дасягае ваколіц Вільні ды вяртае сабе правы на Лукомль і яго воласць. Але ўсе геапалітычныя праекты Андрэя былі марнымі і пазітыўнага выніка не далі. 29 красавіка 1394 года ў бітве пад Мсціславам гіне саюзнік Андрэя – вялікі смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, яго войска разбіта ўшчэнт. Становішча Андрэя Альгердавіча рэзка пагоршылася. Вясна 1387 года – аблога Скіргайлай Андрэя ў Полацку. Горад не паддаецца. Палачане гатовы паміраць за свайго ўладара. Усё вырашае клятваадступніцтва.
Скіргайла кліча Андрэя на перамовы і крывадушна парушыўшы клятву, захоплівае яго ў палон. Разам з ім захоплена яго полацкая баярская рада, набліжаныя. Ён і яго бліжэйшае атачэнне былі адасланы ў Польшчу, дзе па загаду Уладзіслава-Ягайлы ўтрымоўваліся пад хатнім арыштам у замку Хэнціны. Няволя доўжылася сем год. Але побытавыя ўмовы ўтрымання «прынца крыві» адпавядалі яго высокаму статусу.
Пры князі знаходзіліся ўласныя слугі, а таксама яго кухар. На яго ўтрыманні не эканомілі. Да стала князя падавалі рыбу, у тым ліку ласося і вугра, ракаў, грыбы, малако, сыр, масла, белы хлеб, яйкі, буракі, пятрушку, цыбулю, перац. З напояў: мёд, піва, чырвонае віно. Андрэй Полацкі, як сведчаць крыніцы, увогуле не еў мяса, ужываў толькі рыбу.
Андрэй, які заўсёды сябраваў з Вітаўтам, спрычыніўся да таго, каб памірыць яго з Ягайлам. Ні Андрэй, ні Вітаўт, любові да яго, зразумела, не адчувалі. На руках Ягайлы была кроў бацькі Вітаўта – вялікага князя Кейстута. На яго ж сумленні – Крэўская унія і яе прыніжальныя ўмовы для ВКЛ. Але інтарэсы дзяржавы былі важней. І Андрэй лістуецца з Вітаўтам, шукае кампраміс.
Як вынік – 4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Міжусобная вайна была скончана. Свае перасталі забіваць сваіх. Вітаўт стаў фактычным правіцелем ВКЛ. Пры спрыянні Вітаўта і іншых родных братоў Андрэя, якія падпісалі за яго 18 лютага 1394 года паручную грамату, Ягайла мусіў даць яму свабоду. Разам з Вітаўтам, аднадумцам і стрыечным братам, Андрэй пакінуў чужую, варожую для яго, зямлю Польшчы. Яго чакала Полаччына. Яго клікаў Пскоў. Вітаўт, адразу пасля вызвалення, дае яму ў удзел Лукомскае княства.
18 ліпеня Андрэй прыязджае на княжэнне ў Пскоў ды дапамагае пскавічам паспяхова перажыць аблогу наўгародскіх войскаў, адбівае іх штурмы. У тым жа годзе едзе на перамовы ў Вялікі Ноўгарад. Пад час адсутнасці Андрэя Полацкага ў Пскове яго годна замяшчаў сын – князь Іван Андрэевіч. Летам 1399 года ён спяшаецца ў Кіеў, дзеля ўдзелу ў аб’яднаным паходзе войскаў ВКЛ супраць Арды. Але на гэтым скончылася яго вайсковае шчасце. Паражэнне, нанесенае татарамі войску Вітаўта, было страшным. У бітве на Ворскле, ён, герой Кулікоўскай бітвы, 12 жніўня 1399 года, гіне…
Андрэй Альгердавіч марыў і імкнуўся зрабіць Полацкую зямлю Вялікім Княствам. Ён хацеў аб’яднаць усе землі ўсходніх славян, землі Старажытнай Русі. І адной дынастыяй, і адной праваслаўнай верай. І змагаўся супраць смяртэльных ворагаў нашых земляў. Са зброяй у руках супрацьстаяў і крыжаносцам, і Ардзе. У гэтым змаганні ён і адыйшоў на той свет. Як воін, як рыцар… З малітвай на вуснах і з мячом у руках.
Андрэй Альгердавіч – сімвал велічы і славы, горды вялікі полацкі князь, сімвал нашай беларускай гістарычнай вечнасці!