Чаму зубра лічаць жывым сімвалам-увасабленнем беларускай зямлі? Растлумачыў Ігар Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Марзалюк-1 30.09.2023.jpg

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова аб гаспадары Белавежскай пушчы, аб магутным зверы, які з’яўляецца сімвалам Беларусі – зубры. Пачнем!

Зубр – цар беларускага запаведнага леса. Дзіва што. Даўжыня яго цела дасягае 3,5 метра, вышыня (у карку) — да двух метраў, а вага – каля тоны і болей. У зубра вельмі магутная пярэдняя частка тулава, але галава невялікая, шыя кароткая і тоўстая. Ніводны драпежнік не адважыцца напасці на яго. Хіба што раней на такое наважваўся толькі мядзведзь. Зубры жывуць статкам. Па 20-30 асобін. Магутны самец бароніць сваіх крэўных, але галоўны не ён, а яго гаспаданыня – магутная, спрактыкаваная і абазнаная ў жыцці зубрыца. Зубры не агрэсіўныя, яны не нападаюць першымі.

У мінулым зубры вадзіліся па ўсёй Беларусі, панавалі ў нашых лясах. Але ўжо ў канцы XVIII стагоддзя засталіся толькі ў Белавежскай пушчы. Яшчэ напачатку XX стагоддзя тут жыло больш за 700 галоў. Але прыйшой час Першай сусветнай вайны. І яны аказалія бездапаможнымі перад чалавечай прагнасцю і жорсткасцю. Апошняга зубра ў Белавежы забілі ў 1919 годзе. У 1946 годзе на беларускую тэрыторыю Белавежскай пушчы перадалі пяць зуброў з Польшчы. Пачалося адраджэнне гэтых волатаў на роднай зямлі, іх вяртанне да саміх сябе, да сваіх, беларускіх, лясоў.

Марзалюк-2 30.09.2023.jpg

Як гэта сімвалічна. Адраджэнне і вяртанне зубра да дому, да сябе. Як і адраджэнне і вяртанне нашага народа да сябе, адбудова і ўзнаўленне намі нашага нацыянальнага дому, нашай дзяржавы. Вяртанне і ўз'яднанне сваёй зямлі і сваіх да сваіх.

Але задамося іншым пытаннем. Хто ўпершыню зрабіў зубра сімвалам нашай зямлі. Калі гэта сталася? Адказ бяcспрэчны і відавочны. Вялікі беларускі, які пісаў на лацінцы, паэт Беларусі, паэт эпохі Рэнесансу Мікола Гусоўскі (ці іначай Гусавянін) упершыню апеў гэтага велічнага і магутнага звера ў сваёй несмяротнай паэме «Песня пра зубра».

У «Песні пра зубра» Мікола Гусоўскі апявае зубра ў якасці сімвала нашай зямлі, дзяржавы – ВКЛ. А вось постаць вялікага князя Вітаўта для паэта была сімвалам былой магутнасці той дзяржавы, часам яе максімальнага росквіту. Зубрыныя ловы, паляванне на зубра ў часы Вітаўта выступае як элемент здачы славы, вучоба мужнасці і праверкі спрыту воіна па пераадоленню самаго сябе, ўласнага страху. Зубр і той, хто на яго палюе, быццам бы мераюцца мужнасцю, спрытам, адвагай. І перамогу здабывае той, хто самы спрытны, хуткі, моцны, загартаваны духам. Баязлівец жа можа памерці толькі ад аднаго выгляду, аднаго грознага позірку звера.

Марзалюк-16 30.09.2023.jpg

Зубр для нашага вялікага паэта – гэта не проста звер. Ён сімвал і нашай краіны, і нашай прыроды і ўвасабленне рыс нашага нацыянальнага характару. Прыгадайма, з чаго пачынаецца гэтая вялікая паэма. Гледзячы на відовішча бою быкоў у Італіі, Мікола Гусоўскі прыгадвае зубрыныя ловы, велічныя паляванні ў Белавежы. Але праз гэтае супрацьпастаўленне Гусоўскім у паэме пачынаецца больш шырокае супрацьпастаўленне дзвюх цывілізацый – заходняй і ўсходняй. Заходняй і ўсходняй душы. Чужога і нашага нацыянальнага Я.

Гусоўскі ачалавечвае вобраз зубра, надзяляе яго душой, гонарам, сумленнем. Праз успаміны пра пушчу і зубрыныя ловы паэтам прыгадваецца «пачатак пачаткаў сэнсу жыцця і пачуцця святога – радзіма».

Марзалюк-4 30.09.2023.jpg

«Думкай ляціш быстракрылай ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці, вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах родных лясоў разгубіўся, і кліч – не даклічаш... »

Важнейшай задачай выхавання, правільнага жыцця, паводле Гусоўскага, з'яўляецца фарміраванне ў чалавеку грамадскіх, калектывісцкіх пачаткаў. Перавагі сумеснага ладу жыцця над жыццём самотнай адзінкі паказваюцца на прыкладзе зубрынага статка. Магутнасць зубра і яго сіла памяншаецца і чэзне, як толькі ён адаб'ецца ад сваіх суродзічаў, страціць з імі сувязь і іх падтрымку.

Марзалюк-13 30.09.2023.jpg

Гусоўскі падкрэслівае, што тое самае характэрна і для людзей «чалавек у адзіночку не ведае сваіх пераваг». Таму чалавек не можа быць шчаслівым адзін, не можа паўнавартасна расці, выхоўвацца, здабываць і памнажаць свае маральныя якасці без іншых людзей, без дапамогі грамадства.

Але зубр – гэта яшчэ і сімвал свабоды. А свабода – то адна з неабходных умоў маральнага здароўя чалавека і грамадства ўвогуле. Сімвалам гэтай свабоды выступае родная краіна, яе бязмежныя прыродныя прасторы, якія ствараюць пачуццё фізічнай і духоўнай незалежнасці. Пушча выступае сімвалам, які дэманструе, што «перад законам і правам лясным на здабытак – роўныя ўсе там».

Галоўны прынцып узаемадачыненняў паміж прыродай, увасабленнем якой выступае зубр, ды людзьмі выступае разумная раўнавага, ашчаднае карыстанне гэтым багаццем, неабходным чалавеку для жыцця. Таму паляванне як крыніца існавання або сродак падрыхтоўкі воінаў выклікае ў яго, паэта, станоўчую маральную ацэнку. Але забойства дзеля забавы раз'юшаных зуброў, калі «радзі пацехі» гінуць людзі, ён рашуча асуджае.

Марзалюк-9 30.09.2023.jpg

Мікола Гусоўскі апявае родную, беларускую прыроду. Прырода, запаветны лес – гэта тое, што робіць з чалавека чалавека, выхоўвае ў ім пачуццё высакародства і любові да роднай зямлі. Гусоўскі ўхвалявае княжацкі ўказ, які забараняе паляванне на самку зубра і яе патомства, з пагардай ставіцца да тых, хто жыве толькі хцівай прагай да абагачэння, марнуючы і знішчаючы прыродныя багацці. Пушча, для яго – прыродны храм, які сведчыць аб дасканаласці створанага Богам свету, тут «асалода самаму сэрцу і воку… тут адпачынак і дзейнасць спалучацца трапна». Таму і хрысціянскія святыні трэба рабіць усё прыгажэйшымі, бо «храма веліч імкнецца розум недасведчаных накіраваць». Ідэя хрысцінская храма, для яго, увасаблена ў дасканаласці і харастве нашага леса.

Марзалюк-12 30.09.2023.jpg

«Знае народ, што лясы нашы – скарб неацэнны,

Ён не зьмяняе яго нат на золата».

Зубр увасабляе веліч і даўніну нашай гістарычнай, народнай традыцыі, ён сімвал нашай зямлі, нашага славянскага свету, таксама як сімвалам старасвеччыны роднай моўнай традыцыі для Гусоўскага з’яўляецца наш старажытны кірылічны алфавіт, які прыйшоў да нас ад грэкаў, з Візантыі, у часы хрышчэння Русі. Прыгадаем тыя радкі:

Марзалюк-14 30.09.2023.jpg

«З выгляду зубар ня праўдзіць свае апісаньні,

Што прыпісаць усю моц намагаліся пысе.

Не, не такі прыгажун мой, бароў нашых слава!

З кнігаў вучыў я славянскіх наш сьвет

старавечны,

З граматаў рускіх, пісаных скрозь літарай

грэцкай.

Вязь абэцадля народ наш для собскай карысьці

Ўзяў бо у грэкаў, ды роднае гутаркі гукі

Ў літары ўліўшы чужыя, сабою застаўся.

Кожны ж народ із глыбокай сваёй даўніною,

Хто б ён ні быў, а на ім старавечча адбітак…

Ды, як наш зубар, зьвяра мо няма ўжо на

сьвеце,

Толькі пад зоркай паўночы іх лёс захаваў нам.»

Зубр у Гусоўскага ўвасабляе і сімвалізуе наш нацыянальны характар. Ён дужы і магутны. Але першым не нападае. Ён не драпежнік, не агрэсар, не прагне чужой крыві, але бароніць, да апошняга бароніць, родны дом і родную сям'ю, люта і зацята. І ён заўсёды прагне міру, прага дробнай, нікчэмнай помсты для яго не ўласціва. Ён такі, як яго зямля, як яе народ, які жыве на гэтай зямлі спрадвеку:

Марзалюк-7 30.09.2023.jpg

Хай хіжаком не раўня, ўсіх іх наш зубар

люцейшы,

Але людзей не кране, як яго не зачэпяць:

Толькі няспынна глядзіць, рух найменшы

цікуе,

Пільна на варце стаіць і сябе, і сямейкі.

Створаў смялейшых няма ў гушчарох нашых

родных.

Бачыш часьценька – пасецца спакойна, а

вочы

Сочаць усё, касавурацца ўправа і ўлева.

Ты аж замёр, звералоўца, ты шчэз між кустамі,

Дзе там! Ён бачыць! Міргнеш – і прыкмеціць

адразу!

Шоргат слабенькі, няўзнак трэсне сучок пад

нагою, –

Вушы свае нашатырыць, уміг страпянецца!

Калі не зазьзяе твой меч і ня бліскае дзіда,

Сьмела мінай у яго на ваччу — не зачэпіць,

Толькі ўтаропіцца тупа й стаіць нярухома,

Вокам праводзіць цябе, аж пакуль не схаваўся.

Розна бывала… Здаралася з ім сутыкнуцца:

Спыніць хаду, гляне скоса – і болей нічога.

Але як собіць на самку з цялём напароцца,

Ледзь зварухнешся, ухопіш за зброю з

гарачкі, –

Ўвомірг разьярыцца й бор агалосіць рыканнем,

Знакам шалёнага гневу: як смееш трывожыць!

Ды як адбой ты заб'еш і прабуеш уцёкаў,

Выйдзеш з бяды непамяты, ўздагон ён ня

рыне!

Марзалюк-8 30.09.2023.jpg

Такім чынам, зубр для нас, для беларусаў, з'яўляецца жывым сімвалам-увасабленнем спрадвечнай магутнасці нашай зямлі, сімвалам разумнай і добрай сілы, сімвалам нашага нацыянальнага харакатару, сімвалам беларускай вечнасці!