Ігар Марзалюк: «3 Ліпеня для нас – cвята жыцця, nрыумф Божай справядлівасці над д’ябламі-далакопамі»
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям. Сёння размова пра Дзень Незалежнасци, пра 3 Ліпеня. Пра дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра нашу вялікую перамогу і нашу нацыянальную свабоду. Пачнем!
Можна пачуць ад асобных надзвычай «прасунутых» і «адораных»: пры чым незалежнасць Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны? І другі тэзіс – што вы да той вайны прычапіліся? Іншых падзей няма?
Што тут скажаш… Калі беларус кажа «вайна», яму не трэба ўдакладненняў. Для яго гэта слова азначае апошнюю вайну. Мільёны загубленых суайчыннікаў. Для беларуса тыя падзеі і калектыўная траўма, горыч па стратах сукрэвічаў і гонар за свой народ, за перамогу над абсалютным злом. 3 Ліпеня для нас – свята жыцця, трыумф Божай справядлівасці над д’ябламі-далакопамі, што неслі нам смерць. Адсюль лагічнасць гэтай даты. Без яе нас бы сёння не існавала. Ні фізічна, ні ментальна. Не было б такога народа. І такой дзяржавы б не было.
Акупацыя Беларусі нарадзіла такую з’яву нашай гісторыі, як усенароднае супраціўленне акупантам. Нацысты і іх прыхільнікі сутыкнуліся ў нас з актыўным і пасіўным супрацівам з боку большасці мясцовага насельніцтва. Партызанскі і падпольны рух у Беларусі не мае сабе роўных у гісторыі Другой сусветнай вайны ўвогуле, а не толькі Вялікай Айчыннай. Чым больш жорстка акупацыйны рэжым нішчыў наш народ, тым больш упартым, самаадданым і непрымірымым станавілася беларускае супраціўленне.
Прыгадайма пра партызанскі рух. Хто складаў касцяк беларускіх партызанскіх атрадаў? Адказ просты: наша беларуская моладзь. Сапраўды, сярод партызан пераважалі людзі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў (45 % ад агульнай колькасці) і ад 26 да 45 гадоў (42 % ад агульнай колькасці). У барацьбе з нацыстамі прымалі ўдзел і беларускія жанчыны, удзельная вага якіх сярод партызан дасягала 16 %. Амаль 9 % ад усіх удзельнікаў партызанскіх фарміраванняў складалі дзеці і падлеткі. Многім з іх так і не было наканавана стаць дарослымі.
Згадаем Марата Казея, які ў 13-гадовым узросце ўступіў у партызанскі атрад у Мінскай вобласці, а затым стаў разведчыкам штаба 200-й партызанскай брыгады імя Канстанціна Ракасоўскага. Акрамя разведвальнай дзейнасці ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых рэйдах і дыверсіях. Ці ўспомнім добрым словам імя віцебскай падпольшчыцы Зіны Партновай, якая ў 16-гадовым узросце ўступіла ў атрад імя Клімента Варашылава ў Віцебскай вобласці. Дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў агітацыйна-прапагандысцкай рабоце, прымала ўдзел у дыверсіях супраць акупантаў. У дыверсіях супраць акупантаў у Палескай вобласці удзельнічаў юны Віця Сініца.
Усе яны і многія іншыя ахвяравалі сваім жыццём. Бо не хацелі жыць пад нацысцкім ярмом. Яны былі беларускімі партызанамі. Змагаліся за супольную Савецкую Радзіму і за свой нацыянальны дом, за сваю рэспубліку, за БССР. Прыгадаем «Прысягу беларускага партызана». Цытата:
«Я, грамадзянін вялікага Савецкага Саюза, верны сын гераічнага беларускага народа, клянуся, што не выпушчу з рук зброі, пакуль апошні фашысцкі гад на нашай беларускай зямлі не будзе знішчаны.
Я абавязваюся няўхільна выконваць загады сваіх камандзіраў і начальнікаў, строга трымацца воінскай дысцыпліны. За спаленыя гарады і вёскі, за смерць нашых дзяцей, за катаванні, гвалты і здзекі над маім народам я клянуся помсціць ворагу жорстка, бязлітасна і няспынна.
Кроў за кроў, смерць за смерць!
Я клянуся ўсімі сродкамі дапамагаць Чырвонай Арміі знішчаць шалёных гітлераўскіх сабак, не шкадуючы крыві і свайго жыцця. Я клянуся, што хутчэй загіну ў жорсткім баю з ворагам, чым аддам сябе. Сваю сям’ю і ўвесь беларускі народ у рабства крываваму фашызму.
Калі ж па маёй слабасці, баязлівасці або злой волі я парушу гэтую прысягу і здраджу інтарэсам народа, няхай памру ганебнай смерцю ад рукі сваіх таварышаў.»
Нягледзячы на карныя экспедыцыі акупантаў і паліцэйскіх батальёнаў, нягледзячы на крывавае знішчэнне мірнага насельніцтва, у выніку паспяховай разведвальнай, дыверсійнай і баявой дзейнасці партызанскіх фарміраванняў падчас Вялікай Айчыннай вайны, ў канцы 1943 года пад кантролем партызан апынуўся шэраг беларускіх раёнаў агульнай плошчай звыш 108 тысяч кіламетраў квадратных, у тым ліку 37,8 тысяч кілометраў квадратных тэрыторыі Беларусі былі цалкам вызвалены ад ворага.
На адваяваных землях функцыянавалі каля 20 партызанскіх зон, сярод якіх: Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Івянецка-Налібоцкая, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Суражская, Сенненска-Аршанская ды інш. У выніку аб’яднання партызанскіх зон складваліся цэлыя партызанскія краі. Адзін з іх дзейнічаў на сутыку беларускай, расійскай і латвійскай тэрыторый, аб’ядноўваючы 14 раёнаў агульнай плошчай звыш 10 тысяч кіламетраў квадратных і насельніцтвам больш за 200 тысяч чалавек. Вялікі партызанскі край існаваў таксама ў міжрэччы Дняпра, Прыпяці і Дзясны.
Помнім, у гады акупацыі ў Беларусі ў барацьбе супраць ворага ўдзельнічалі звыш 374 тысяч партызан, якія былі аб’яднаны ў 1 255 атрадаў. Партызанскія рэзервы складалі больш за 440 тысяч чалавек. Яшчэ каля 70 тысяч чалавек дзейнічала ў падполлі. За гады Вялікай Айчыннай вайны сіламі беларускага супраціўлення быў нанесены істотны ўрон ворагу.
Імі было знішчана амаль паўмільёна салдат вермахта і калабарацыяністаў, было пушчана пад адхон звыш 11 тысяч эшалонаў і 34 бронепаязды, пашкоджана 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена звыш 18 тысяч аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4 710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1 355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў.
Пасля выканання сваёй місіі – вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў – звыш 180 тысяч партызан уступілі ў шэрагі Чырвонай Арміі. За самаадданасць, мужнасць і адвагу ў вызваленчай антыфашысцкай барацьбе больш за 140 тысяч беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 92 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
А зараз колькі слоў пра ўдзел беларусаў у ключавых бітвах Вялікай Айчыннай вайны. На франтах Вялікай Айчыннай вайны вялі барацьбу каля 1,3 мільёна ўраджэнцаў Беларусі. Усе яны мужна і самааддана змагаліся з ворагам. У баявых дзеяннях на франтах і ў партызанах беларуская зямля страціла каля 600 тысяч жыхароў. Нашы дзяды і прадзеды ўнеслі істотны даробак у супольную перамогу народаў СССР. Прыгадаем найбольш красамоўныя прыклады.
Адной з ключавых падзей у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны была абарона Ленінграда. Эскадрай караблёў Балтыйскага флоту, якая ўдзельнічала ў гэтых падзеях, камандаваў ураджэнец Гомельскай вобласці (з Буда-Кашалёва) віцэ-адмірал Валянцін Пятровіч Дрозд. Восенню 1941 года пад яго кіраўніцтвам караблі эвакуіравалі абаронцаў паўвострава Ханка, здзейсніўшы гераічны праход у шторм праз мінную загароду.
На Ленінградскім фронце праявіў сябе і вядомы беларус Фёдар Арцем’евіч Смалячкоў, які паходзіў з Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласці. Яго па праву лічаць адным з пачынальнікаў снайперскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паколькі 18-гадовы юнак за тры месяцы не толькі знішчыў 125 варожых салдат, але і падрыхтаваў 10 снайпераў.
У разгром варожых войскаў у адной з найважнейшых аперацый Вялікай Айчыннай вайны, Сталінградскай бітве, ўнеслі істотны даробак беларускія партызаны. У самы разгар бітвы на Волзе яны падарвалі чыгуначны мост цераз рэчку Пціч, тым самым рух цягнікоў быў спынены амаль на тры тыдні. Падрыўнікі 2-й Мінскай партызанскай брыгады ў кастрычніку-лістападзе 1942 года пусцілі пад адхон 13 эшалонаў з войскамі, грузамі і тэхнікай праціўніка, якія ішлі на фронт, спалілі 22 масты і падбілі пяць аўтамашын.
Аднак не толькі на Ленінградскім і Сталінградскім франтах праяўлялі сябе выхадцы з Беларусі. Гераічна змагаўся ў Крыме, на Каўказе, Кубані ўраджэнец Віцебскай вобласці Леанід Уладзіміравіч Буткевіч. Усе фільмы Галівудскія пра Рэмба ў параўнанні з нашым героям проста адпачываюць! З’яўляючыся выбітным снайперам, ён за гады вайны знішчыў 327 варожых салдат і афіцэраў, з супрацьтанкавай зброі падавіў 22 кулямётныя кропкі праціўніка, падрыхтаваў 125 снайпераў. Ён вярнуўся да хаты жывым. Бог любіў нашага героя. Яму было наканава жыць і радавацца мірнаму жыццю, якое ён заваяваў і для сябе, і для ўсіх нас.
У баях за Крым і Каўказ, а таксама ў небе Румыніі, Балгарыі, Аўстрыі выдатна праявіў сябе Уладзімір Наржымскі, які паходзіў з Мінскай вобласці. Вайну ён скончыў на Далёкім Усходзе, дзе, правёўшы 35 паветраных баёў, стаў сапраўднай пагрозай для японскіх лётчыкаў. Яшчэ адным вядомым лётчыкам з’яўляўся ўраджэнец Гомельскай вобласці Павел Якаўлевіч Галавачоў. Ён удзельнічаў у абароне Адэсы, вызваленні Украіны і Беларусі, ва Ўсходне-Прускай і Берлінскай аперацыях. Усяго за гады ваеннага ліхалецця Галавачоў здзейсніў 457 баявых вылетаў, у 125 паветраных баях збіў 31 самалёт праціўніка. Сваю апошнюю перамогу ён атрымаў 25 красавіка 1945 года ў небе над Берлінам.
Таленавіты савецкі палкаводзец, штабны афіцэр, а з лютага 1945 года – начальнік Генеральнага штаба Чырвонай Арміі Аляксей Інакенцьевіч Антонаў, які паходзіў з Гродна, хоць і не прымаў непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях, але са снежня 1942 года ўдзельнічаў у распрацоўцы практычна ўсіх значных аперацый савецкіх войск у Вялікай Айчыннай вайне. Ураджэнцамі Беларусі былі і іншыя выдатныя военачальнікі, якія вырашалі важныя стратэгічныя задачы падчас вайны. Прыгадайма толькі беларусаў-маршалаў – Васіля Данілавіча Сакалоўскага, Івана Ігнатавіча Якубоўскага, Сцяпана Акімавіча Красоўскага.
Радзіма належным чынам адзначыла мужнасць, гераізм, самаахвярнасць нашых беларускіх суайчыннікаў. Каля 400 тысяч людзей, ураджэнцаў нашай святой беларускай зямлі, былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі, 448 – удастоены звання Героя Савецкага Саюза, з іх чацвярым (лётчыку Паўлу Галавачову, камандзірам танкавых злучэнняў Іосіфу Гусакоўскаму, Сцяпану Шутаву, Івану Якубоўскаму) гэта званне прысвоена двойчы. 89 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы.
З Ліпеня – гэта сімвал нашай нацыянальнай няскоранасці, моцы нашага духу, нашых гераічных продкаў. Сапраўдны сімвал нашай беларускай вечнасці!