Ігар Марзалюк: аперацыя «Баграціён» – сімвал вызвалення няскоранай нацыстскімі катамі Беларусі
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры дорбрым людзям! Прыгадаем пра велічннае змаганне за вызваленне Беларусі. А таксама і пра Беларускую стратэгічную наступальную аперацыю «Баграціён». Пачнем!
Як вядома, вызваленне тэрыторыі БССР ад нямецкіх нацыстаў праходзіла ў два этапы. Першы – восень 1943 – зіма 1944 годы. У гэты час была вызвалена Усходняя і частка Паўднёвай Беларусі. 23 верасня 1943 года Чырвоная Армія вызваліла першы беларускі раённы цэнтр – Камарын, а 26 лістапада 1943 года – першы абласны цэнтр Беларусі – Гомель. Вызваленню Радзімы актыўна садзейнічалі беларускія партызаны. Напярэдадні вызвалення Беларусі (з 19 верасня па 1 лістапада) яны ажыццявілі другі этап «Рэйкавай вайны».
У выніку аперацыі быў паралізаваны рух не толькі чыгуначнага транспарту, але і аўтатранспарту нямецка-фашысцкіх войск. Да пачатку 1944 года пераможная Чырвоная Армія разам з беларускімі партызанамі вызваліла 40 раёнаў рэспублікі, у тым ліку амаль поўнасцю Гомельскую вобласць, часткі Віцебскай, Магілёўскай і Палескай абласцей. Рэчыца стала першым беларускім горадам, у гонар вызвалення якога 18 лістапада 1943 года у Маскве быў дадзены артылерыйскі салют.
Адразу пачынаецца аднаўленне дзяржаўнага жыцця. У тым ліку і заканадаўчых органаў Рэспублікі. З 21 па 24 сакавіка 1944 года адбылася шостая сесія Вярхоўнага Савета БССР. Паседжанні праходзілі ў прыгарадзе Гомеля – Новай Беліцы, паколькі ў разбураным абласным цэнтры застаўся толькі адзін будынак. Партыйнае і савецкае кіраўніцтва рэспублікі вызначыла першачарговыя задачы аднаўлення ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце, жыллёвым будаўніцтве і інш. На гэтай сесіі было прынята рашэнне аб пашырэнні паўнамоцтваў рэспублікі: аб стварэнні наркаматаў абароны і замежных спраў.
Другі этап вызвалення тэрыторыі Беларусі – правядзенне Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» (з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года). Немцам здавалася, што ў Беларусі наступу не будзе. Вясной 1944 года на беларускім кірунку захоўвалася стабільнасць. Група армій «Цэнтр» утрымлівала свае пазіцыі. У выніку наступлення войскаў Чырвонай Арміі восенню 1943 – зімой 1944 года утварыўся выступ у лініі фронту, так званы «беларускі балкон».
Яго ўтрыманню нямецкае камандаванне надавала велізарнае значэнне. Чаму? Ды таму, што ён прыкрываў галоўныя напрамкі: усходне-прускі і варшаўска-германскі. Таму немцы гэтую лінію абароны назвалі надзвычай пафасна – «Фатэрлянд» («Айчына»). Трэба ім аддаць належнае – яна была ўмацавана так старанна, што кожны нямецкі салдат меў бранявы шчыт для вядзення стральбы!
Аперацыя па ліквідацыі «беларускага балкона» рыхтавалася ўсебакова. Было зразумела, што з наскоку нічога не атрымаецца. Да дакладнай прапрацоўкі ўсіх дэталей наступленння ў Беларусі савецкае камандаванне вымушалі крывавыя няўдачы наступальных аперацый Заходняга фронту ў 1943 – пачатку 1944 года супраць цэнтральнай групіроўкі немцаў.
Прыгадайма, якія сілы ворага супрацьстаялі нашай арміі. Група армій «Цэнтр» (камандуючы генерал-фельдмаршал Эрнст Буш, з 28 чэрвеня – генерал-фельдмаршал Вальтер Модэль) налічвала прыкладна 850 тысяч чалавек, 3,2 тысячы пушак, 500 танкаў і 600 самалётаў. Нацыстамі былі створаны моцна ўмацаваныя лініі абароны па берагах рэк, так званы «ўсходні вал». Загадам Адольфа Гітлера ад 8 сакавіка 1944 года статус «умацаванага раёна» (УР) быў прысвоены 12 гарадам, якія знаходзіліся ў межах дзеяння групы арміі «Цэнтр»: Мінску, Барысаву, Слуцку, Магілёву, Бабруйску, Віцебску, Оршы, Брэсту, Баранавічам, Пінску, Лунінцу і Вільні. Вакол гарадоў будаваліся тры лініі абароны, будынкі ператвараліся ў апорныя пункты абароны. 7 красавіка 1944 года каменданты гэтых УРаў прысягнулі ўтрымліваць іх да апошняга салдата, нават пры поўным акружэнні.
Але немцы, паўторымся, не чакалі наступлення ў Беларусі. Германскае камандаванне чакала ўдару ва Украіне. Яны меркавалі, што задачай савецкіх вайсковых фарміраванняў будзе абваліць «беларускі балкон». Але іх чакаў неспадзяваны сюрпрыз – нечаканае наступленне Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі. Галоўнае перадумаць, перахітрыць і падмануць ворага. Задача падрыхтоўчага этапа складалася ў тым, каб стварыць уражанне, што савецкія войскі рыхтуюцца да абароны, а не да наступлення.
Пастаўкі тэхнікі, боепрыпасаў ажыццяўляліся толькі ноччу, прымалі да 100 цягнікоў за ноч, з наступленнем раніцы ўсё маскіравалася, спецыяльна выдзеленыя самалёты правяралі маскіроўку. У сувязі з тым, што па прапанове Канстанціна Ракасоўскага адзін з галоўных удараў 1-ы Беларускі фронт павінен быў наносіць у балоцістай мясцовасці, салдаты загаддзя рыхтаваліся да пераадолення рачулак, балот, вучыліся арыентавацца ў лесе, майстравалі балотныя лыжы (так званыя макраступы), валакушы для лёгкай артылерыі, ды іншыя прыстасаванні для танкаў. Планы баявых аперацый, загады пісаліся ад рукі, у эфіры панавала поўнае маўчанне.
У выніку нямецкае камандаванне групы армій «Цэнтр» «праспала», так бы мовіць, не заўважыла канцэнтрацыю 2 млн 400 тысяч салдат, больш за 3 тысячы пушак і мінамётаў, 5 200 танкаў, каля 6 тысяч самалётаў і на гэта падобнае. Наадварот, немцы вырашылі, што рашаючае наступленне Чырвонай Арміі плануецца на поўначы Украіны, і перакінулі больш за 4 тысячы танкаў з Беларусі, пакінуўшы тут менш за 600 машын. Галоўнакамандуючы групіроўкай генерал-фельдмаршал Эрнст Буш за тры дні да пачатку савецкага наступлення адбыў у адпачынак. Сярод часткі нямецкіх ваенных існавала ўпэўненасць, што група армій «Цэнтр» рыхтуецца да маршу на Маскву.
22 чэрвеня 1944 года немцы арганізавалі ў Мінску культурную акцыю, якая прысвячалася «святу вызвалення ад жыда-бальшавізму». Гэта іх паганая, антысеміцкая лексіка. Па вуліцах Менску пад нацысцкімі і бел-чырвона-белымі сцягамі маршыравалі беларускія здраднікі-нацыяналісты разам з сваімі нямецкімі гаспадарамі. Нішто, як ім здавалася, не прадвяшчала блізкага канца акупацыі. Якая для здраднікаў, натуральна, была вызваленнем. Як няўдалую спробу наступлення ацаніла нямецкае камандаванне разведку боем, якую ажыццявілі ў гэты дзень савецкія войскі. Нямецкія ўлады прадаўжалі рабаваць матэрыяльныя каштоўнасці, вывозіць людзей з акупіраванай тэрыторыі. Займаліся звыклай справай – генацыдам нашага народу.
У тыле акупантаў у гэты час актывізавалі дзейнасць партызанскія брыгады і атрады агульнай колькасцю 143 тысячы чалавек. Гэта была сапраўдная партызанская армія, якая парушала камунікацыі, сувязь, знішчала баявую сілу і тэхніку ворага. За тры дні да пачатку наступлення савецкіх войскаў, у ноч на 20 чэрвеня беларускія партызаны ажыццявілі трэці этап «рэйкавай вайны» з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак. Дзеянні партызан былі высока ацэнены праціўнікам ужо пасля вайны. Адзін з былых афіцэраў Вермахта ў 1960 годзе пісаў – пачуйце і ацаніце яго словы. Цытата:
Партызаны Беларусі за адну ноч 19–20 чэрвеня ўзарвалі ўсё чыгуначнае палатно і паралізавалі транспартную сістэму.
Ажыццяўлялі аперацыю «Баграціён» войскі 4-х франтоў: 1-ы Прыбалтыйскі, 3-і, 2-і і 1-ы Беларускі, Дняпроўская ваенная флатылія, войскі супрацьпаветранай абароны, беларускія партызаны, 1-я армія Войска польскага. Каардынавалі іх дзеянні маршалы Георгій Канстанцінавіч Жукаў і Аляксандр Міхайлавіч Васілеўскі. У адпаведнасці з планам аперацыі прадугледжваўся прарыў абароны праціўніка на шасці накірунках. Асаблівае значэнне надавалася разгрому моцных флангавых груповак у раёнах Віцебска і Бабруйска, што забяспечвала ўмовы для імклівага прасоўвання буйных сіл у накірунку Мінска.
Згодна з планам аперацыі яе здзяйсненне адбывалася ў два этапы. Першы этап наступальнай аперацыі «Баграціён» – 23 чэрвеня – 4 ліпеня 1944 года. Асноўныя сілы трох франтоў былі накіраваны на Мінск з мэтай акружэння і знішчэння групы армій «Цэнтр». Войскі 1-га Прыбалтыйскага, 1-га і 3-га Беларускіх франтоў наносілі ўдары па флангах нямецкай групы армій «Цэнтр», а 2-га Беларускага пераследавалі адыходзячага ворага, не даючы яму магчымасці апамятацца. У выніку правядзення беларускай наступальнай аперацыі ўтварылася некалькі «катлоў».
У так званым віцебскім «катле» праціўнік страціў каля 20 тысяч салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тысяч палоннымі. 29 чэрвеня была ліквідавана бабруйская групоўка гітлераўцаў у складзе 6-ці дывізій. Раніцай 3 ліпеня 1944 года 2-гі танкавы корпус пад камандаваннем Аляксея Сямёнавіча Бурдзейнага, пераадолеўшы супраціўленне ворага, уварваўся ў Мінск. Першым гэта зрабіў экіпаж танка на чале з Дзмітрыем Фролікавым. Услед за танкістамі ў горад увайшлі 11-я і 31-я арміі 3-га Беларускага фронту. У сярэдзіне дня ў горад уступіў 1-ы танкавы корпус генерала Міхаіла Фёдаравіча Панова, а за ім – 3-я армія 1-га Беларускага фронту. Савецкім байцам прыходзілася пераадольваць упартае супраціўленне немцаў. Баі прадаўжаліся цэлы дзень і закончыліся позна вечарам 3 ліпеня.
На усход ад Мінска трапіла ў акружэнне 105-тысячная групоўка гітлераўскіх войскаў. У мінскім «катле» было знішчана 70 тысяч і ўзята ў палон каля 35 тысяч гітлераўскіх салдат і афіцэраў, у тым ліку 12 генералаў. У выніку ажыццяўлення ваенных дзеянняў нямецкая група армій «Цэнтр» пацярпела катастрафічнае паражэнне. Галоўныя сілы былі разбіты. У цэнтры германскага фронту ўтварыўся 400-кіламетровы пралом, закрыць які за кароткі час вораг не змог. Савецкія войскі атрымалі магчымасць паскорыць свой рух на захад.
16 ліпеня 1944 года у Мінску адбыўся ўрачысты парад партызан, у якім удзельнічала больш за 30 тысяч чалавек. Парад прымаў камандуючы 3-м Беларускім фронтам Іван Данілавіч Чарняхоўскі, кіраўнікі партыйных і савецкіх рэспубліканскіх органаў. Другі этап аперацыі «Баграціён» – 5 ліпеня – 29 жніўня 1944 года. Пасля вызвалення сталіцы БССР наступленне кожнага з франтоў павінна было развівацца па разыходзячыхся кірунках на захад ад Мінска.
Савецкія войскі 16 ліпеня вызвалілі Гродна, а 28 ліпеня – Брэст. У ходзе Беларускай наступальнай аперацыі была разгромлена група армій «Цэнтр» і іншыя вайсковыя групоўкі праціўніка. Савецкія войскі вызвалілі ад германскіх акупантаў частку тэрыторыі Літвы і Латвіі, выйшлі на мяжу з Усходняй Прусіяй і Польшчай. Неабходна пазначыць, што мэтай вайсковай аперацыі «Баграціён» быў разгром нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр». Поўнае вызваленне Беларусі стала яе вынікам.
Каб паказаць усяму свету маштабы перамогі ў ходзе аперацыі «Баграціён», 17 ліпеня 1944 года ў Маскве быў арганізаваны «парад» нямецкіх ваеннапалонных. У поўнай цішыні, нягледзячы на прысутнасць тысяч масквічоў і замежных гасцей, па вуліцах горада на працягу чатырох гадзін ішлі ваеннапалонныя нямецкія генералы, афіцэры, салдаты, усяго 57 600 чалавек.
Аперацыя «Баграціён» для нас – то сімвал вызвалення нашай няскоранай нацыстскімі катамі краіны-партызанкі, нашай Беларусі. Сімвал нашай, беларускай, гордай, нескоранай вечнасці!!!