Ігар Марзалюк: Кірыла Тураўскі вучыў, што самае галоўнае – адносіны чалавека і Бога
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння мы пачнем гаварыць пра наша беларускае Палессе, пра веліч традыцый Турава і Тураўскай зямлі – магутнага княства на поўдні Беларусі.
26 верасня 2020 года ў кафедральным Свята-Духавым саборы Мінска ў часе ўрачыстай вячэрняй службы на свята Узвіжання над вернікамі быў узняты Тураўскі крыж. Наша адноўленная cвятыня. Ініцыятыва аб яго аднаўленні зыходзіла ад беларускага археолага П.Ф. Лысенкі. Першапачаткова ён зрабіў металічны крыж-рэканструкцыю.
Да крыжа прымацаваныя былі чатыры старажытныя абразкі, якія Пётр Фёдаравіч знайшоў у 1962 годзе, падчас раскопак Тураўскага гарадзішча. Даследчык вызначыў каштоўную знаходку як часткі напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма. Гісторык марыў, каб калі-небудзь той крыж быў узноўлены, падобна да крыжа Еўфрасінні Полацкай. І так урэшце сталася. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін назваў аднаўленне Тураўскага крыжа знакавай падзеяй для ўсёй краіны, сімвалам аднаўлення духоўных традыцый і сувязі пакаленняў: «Мы адраджаем святыні, каб пакінуць іх нашчадкам».
Ігар Марзалюк:
Тураў, Тураўская зямля – святая для кожнага беларуса зямля. Палессе – сэрца і душа славянства, сэрца і душа беларушчыны. Сімвал нашай неўміручасці, нашай велічы, духоўнасці і дзяржаўнасці. Археолаг Пётр Фёдаравіч Лысенка, якога, на жаль, з намі ўжо няма, у свой час любіў падкрэсліць, што па значнасці і колькасці беларускіх культурных каштоўнасцяў Тураў супернічае з Полацкам. Тураў – край паданняў і легендаў. Народная традыцыя суадносіць заснаванне горада з князем Турам. Гэтаму не пярэчаць і летапісы. Пад 980 годам змешчаны запіс, у якім паведамляецца, што Рагвалод «пришелъ и-заморья, имяше власть свою в Полотьскѣ, а Туры Туровѣ, от негоже и Туровци прозвашася».
А яшчэ з князем Турам звязваюць Тураў калодзеж. Месца Тур-калодзежа шануецца як святыня ўжо больш 1000 год. У ХІХ стагоддзі ўсім вандроўнікам, якія цікавіліся славутымі мясцінамі старыны, паказвалі Тур-калодзеж, які, па паданню, быў з трыма днамі: медным, срэбраным і залатым. Паданне гаворыць, што калі прарвеццца залатое дно, то настане канец свету, зямля ператворыцца ў акіян.
Ігар Марзалюк:
Тураў быў не толькі галоўным племянным цэнтрам дрыгавічоў, але яшчэ і важным язычніцкім цэнтрам. Язычніцкае капішча-свяцілішча было выяўлена ў ходзе археалагічных раскопак у культурным слоі X стагоддзя. Яно нічым не саступае свяцілішчу, якое было створана Уладзімірам Святаслававічам у той час у Кіеве, мае аналагічную структуру.
Тураў у 988 г. становіцца сталіцай самастойнага княства, а хутка была ўсталявана і Тураўская епіскапія. На працягу XI – пачатку XII стагоддзяў Тураўскае княства займала вельмі важнае месца ў сістэме княстваў Старажытнай Русі. Яно належыла старэйшай спадчыннай лініі ў сям'і кіеўскіх князёў. Пры падзеле Старажытнай Русі паміж сынамі вялікага князя Кіеўскага яно вылучалася старэйшым сынам. Тураўскія князі ў XI– XII стагоддзях чатыры разы пераходзілі на кіеўскі вялікакняскі стол. Па-просту – шлях у Кіеў, на самы галоўны княскі ўсходнеславянскі прастол, ішоў праз Тураў.
Ігар Марзалюк:
Горад падтрымліваў актыўныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам, меў манастыры, а ў ХII стагоддзі вылучыў выдатнага прапаведніка ў асобе Кірылы Тураўскага. На вуліцах старажытнага Турава ў той час можна было пачуць і пабачыць грэкаў – асвечаных манахаў, носьбітаў высокай кніжнай культуры і ведаў. Кірыла Тураўскі выхоўваўся ў асяродку грэчаскіх інтэлектуалаў, якія на той час жылі ў Тураве, пры двары княгіні Варвары, а сама ж тураўская княгіня, на хвіліначку, была сястрой візантыйскіх імператараў.
Дарэчы, тут знойдзена Тураўскае Евангелле – рукапіснае евангелле-апракос, створанае ў XI стагоддзі, напісанае кірыліцай. Яно з'яўляецца адным з найбольш ранніх помнікаў славянскай кніжнай пісьменнасці і найбольш ранняй кнігай на беларускіх землях, якая дайшла да нашага часу. На жаль, захавалася толькі 10 аркушаў. Тураўскае евангелле па сваім складзе ўяўляе сабой «апракос кароткі» – зборнік евангельскіх чытанняў на перыяд ад Пасхі да Духава дня на ўсе дні тыдня, а ад гэтага часу да Вялікага посту – толькі на суботнія і нядзельныя. На старажытных аркушах захаваліся розначасовыя запісы, якія засведчылі, што ў пачатку XVI стагоддзя гэтая кніга належала царкве Праабражэння ў Тураве. А яшчэ менавіта ў Тураве была знойдзена першая на Беларусі кірылічная азбука, выразаная на самшытавым грабеньчыку.
Ігар Марзалюк:
Аб велічы Турава сведчыць і падмурак старажытнага праваслаўнага сабора. Храм закладвалі ў 50-70‑х гадах XІІ стагоддзя па добраславенні багаслова і епіскапа Кірылы Тураўскага. Сабор быў разбураны 3 мая 1230 года ў выніку моцнага землятрусу, эпіцэнтр якога знаходзіўся ў Карпатах. Дзіўна, але так. Падлогу храма ўпрыгожвалі маёлікавыя (рознакаляровыя) пліткі. Тураўскі храм нагадвае Успенскі сабор ва Уладзіміра-Валынскім, а таксама некаторыя збудаванні Кіева, але яму ўласцівы адметныя спецыфічныя рысы.
Ніхто так не ўславіў старажытны Тураў, як святы Кірыла Тураўскі. Нарадзіўся ён каля 1113 года ў арыстакратычнай сям’і. Ён атрымаў класічную грэчаскую адукацыю. Яго літаратурна-багаслоўская спадчына сведчыць, што акрамя славянскай ён валодаў грэчаскай мовай, прайшоў вышэйшы курс граматыкі, глыбока ведаў Свяшчэннае Пісанне, устаўную, апакрыфічную, агіяграфічную і святаайцоўскую літаратуру. Каля 1123 года Кірыл прыняў пострыг у тураўскім Мікалаеўскім манастыры.
Ігар Марзалюк:
У 1143 годзе ён прыняў святарскі сан, стаў іераманахам, а праз год настаяцелем Мікалаеўскага манастыра ў сане ігумена. Кірыл быў надзвычай патрабавальны і да сябе, і да манаскай браціі. Гэта выклікала незадаволенасць у многіх. Ён адмаўляецца ад ігуменства і прымае затворніцтва, становіцца столпнікам. Гэта значыць, пасяляецца ў слупе (столпе – асобна стаячай вежы) і цалкам прысвячае сябе малітве. Аднак каля 1159 года, паводле «малення князя і народа», Кірыл вымушана пакінуў затвор і стаў епіскапам тураўскім. Палымяныя пропаведзі Кірыла прынеслі яму славу ва ўсім усходнеславянскім, праваслаўным свеце. Златавустам звалі яго!
Кірыла Тураўскі вучыў: самае галоўнае – адносіны чалавека і Бога. Розум даецца чалавеку для пазнання Бога, магчымасці ўзвысіцца і пазнаць ісціну. «Веруй і пазнай». Галоўнае, вучыў свяціцель, не здек над целам, не нейкія фізічныя абмежаванні, а дасягненне дасканаласці праз малітву.
Дасягненне благадаці магчыма праз маральнае самаўдасканальванне чалавека, які ідзе па шляху так званага абажэння. Гэта значыць, што праз малітву чалавек мусіць максімальна наблізіцца да першавобраза – да Бога. Кірыла Тураўскі вучыў, што Бог не ў прадметах, а ў веры. Бог дзейнічае толькі ў душы чалавека. Створаны ім свет, прыроднае быццё – гэта наша сфера адказнасці. Наш грэх і наша недасканаласць – прычыны зла і няпраўды ў нашым штодзённым жыцці. Зло – гэта грэх. І мы адказныя за яго, а не Бог.
Ігар Марзалюк:
Праз некаторы час свяціцель пакідае епіскапскую кафедру і цалкам прысвячае сябе напісанню духоўных твораў. Апошнія гады ён правёў у тураўскім Барыса-Глебскім манастыры на Балоні. Спачыў свяціцель Кірыл каля 1183 года. Пахаваны, паводле падання, на тураўскіх Барыса-Глебскіх могілках.
Тураў – гэта яшчэ і каменныя крыжы, што нібыта растуць з зямлі. Больш за 1000 гадоў існуе паданне пра тураўскія крыжы, якія прыплылі ўверх па цячэнні Дняпра і Прыпяці за часамі прыняцця хрысціянства з Кіева. Найбольш вядомы з іх – гэтак званы Тураўскі, або Святы, які цяпер захоўваецца ў Гомельскім абласным музеі, сюды перавезены і два крыжы з Барысаглебскіх могілак. Аднак найбольш знакамітыя два крыжы з Тураўскай Усясвяцкай царквы, якіх у народзе называюць Бацька і Маці, і крыж, які нібыта расце з зямлі на Барысаглебскіх могілках і які называюць Сынам.
Ігар Марзалюк:
Крыж нібыта вылучае цяпло. Таму невыпадкова, што ён стаў аб’ектам паломніцтва – людзі вераць у яго цудадзейную сілу і дапамогу ад хвароб і едуць, ідуць, каб дакрануцца да яго. Побач ляжыць ножык – ім саскрэбваюць каменныя пылінкі ды ўжываць іх у якасці лекаў. Звычай гэты засведчаны этнографамі ў Тураве яшчэ у XIX стагоддзі.
Гэтае апавяданне пра былую веліч Турава, сталіцу магутнага княства, апірышча нашай дзяржаўнасці і святасці, мне хочацца скончыць радкамі беларускага паэта Віктара Шніпа «Балада Турава».
Турыны рог у Тураве гучаў,
І праз туман, як праз стагодзьдзі, з траў
Зноў усплывала сонца, як шалом,
Што, як крывёй, напоўнены сьвятлом.
І пачынаўся дзень, нібы вайна,
І ноч, нібы разьбітая сьцяна,
Нібы Арда, гублялася ў траве,
І ты ўжо ведаў – Беларусь жыве
І будзе, як сьвятлынь у Храме, жыць,
Бо рог турыны ў Тураве гучыць
І жывіць беларускую душу,
І мы, нібы трава пасьля дажджу,
Да сонца цягнемся, што як шалом,
Які напоўнены сьвятым віном,
Якое піць, нібы сябе паліць
За гэты сьвет, дзе нам турыны рог
Гучыць над пыльнай вечнасьцю дарог,
Каб ты і я маглі свой край любіць,
Як любіць Беларусь наш Бог...
Ігар Марзалюк:
Люблю Тураў, люблю Палессе, люблю Беларусь! І спадзяюся, што тое ўзаемна.