Ігар Марзалюк: Магілёў – сапраўдны сімвал нязломнасці беларускага духу і традыцыі

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра велічны сімвал няскоранасці беларускага духа, пра гісторыю горада, які ўжо ў XVII стагоддзі называлі Богам абраным. Размова, безумоўна, будзе ісці пра Магілёў. Пачнем!

Горад як чалавек. Ён мае свой пачатак, адлічвае сваё нараджэнне, як правіла, праз згадку ў летапісе ці ў якім-небудзь іншым пісьмовым дакуменце. Афіцыйная дата нараджэння Магілёва – 1267 год. Змешчана гэтае паведамленне ў рускамоўным перакладзе XIX стагоддзя «Хронікі Сурты і Трубніцкіх, помніку гарадскога летапісання XVII-XVIII стст». Але, як паказваюць вынікі нашых археалагічных даследаванняў магілёўскага замка, гістарычнага цэнтра горада, усё пачалося значна раней.

Вельмі важным этапам у асваенні тэрыторыі гістарычнага цэнтра Магілёва была хваля славянскай, крывіцкай каланізацыі IX-XI стст. Аб гэтым сведчаць матэрыялы вялікай курганнай групы, што знаходзілася побач з замкам (зараз тэрыторыя сучаснага парка Горкага) у міжрэччы Дняпра і Дубравенкі. Курганы былі распаханы толькі ў 80-х гадах XIX ст. У іх былі знойдзены срэбраныя пярсцёнкі, шкляныя залачоныя пацеркі, кераміка. У некалькіх насыпах былі адшуканы арабскія срэбраныя манеты – дырхамы пачатку VIII-IX стст. Самая старажытная манета датавана 704 г., а пяць іншых – 752 г., 803 г., 807 г. і 810 г. адпаведна.

Але самыя вялікія адкрыцці былі зроблены ў выніку археалагічных даследаванняў, якія я праводзіў шмат год на тэрыторыі магілёўскага замка. Раскопкамі ўстаноўлена, што ў канцы Х – пачатку ХІ стст. на гары «Магіла» былі ўзведзены першыя ўмацаванні. Перад іх будаўніцтвам было распалена рытуальнае вогнішча, вугальная праслойка ад якога выразна прасочвалася ў прадмацерыковым пласце. З напольнага боку паўночная частка гарадзішча першапачаткова была ўмацавана двумя радамі драўляных гародняў.

З поўдня ў гэтый жа час быў насыпаны вал з чырвонай гліны. Таму сёння можна лічыць даказаным факт існавання на гэтай тэрыторыі ўмацавананага старажытнарускага паселішча з канца X – пачатку XI стст., росквіт якога прыпадае на XII – сярэдзіну XIII стст. У гэты ж час на тэрыторыі будучых Пакроўскага (ці, як магілёўцы кажуць, на «Падміколлі») і Задубровенскага пасадаў існавалі неўмацаваныя паселішчы, сінхронныя магілёўскаму гарадзішчу на тэрыторыі гары «Магіла».

Пры раскопках знойдзена шмат донцаў посуда з клейнамі ў выглядзе княскага знака – трызуба. Найбольш раннія знакі суадносяцца з сімволікай Уладзіміра Святаслававіча, Хрысціцеля Русі. Асобныя знакі з нашых раскопак расійскі даследчык Сяргей Бялецкі вызначае як княскія знакі сына Ізяслава Полацкага – Усяслава Ізяславіча. А ён, як вядома, памёр у 1003 годзе. 

 

Ігар Марзалюк:
Але самай каштоўнай знаходкай, якая больш пэўна дазваляе вызначыць час узнікнення Магілёва, з’яўляецца бронзавая трапецыявідная падвеска з выявай княскага знака-трызуба Уладзіміра Вялікага (ці Уладзіміра Чырвонае Сонейка, Уладзіміра Святога). З другога боку падвескі змешчаны знак у выглядзе так званага «працвілага крыжа». Такім чынам, рэч можа быць датавана часам не раней за 988 год, год хрышчэння Русі, але і не пазней за 1015 – год смерці князя Уладзіміра.  

Такія падвескі мелі мечнікі – асобы на дзяржаўнай службе князя, меўшыя судовыя паўнамоцтвы, а таксама абавязаныя збіраць падаткі. Гэта значыць, што прадстаўнік княскай адміністрацыі выконваў свае функцыі ў Магілёве не пазней за 1015 год. Таму Магілёў быў заснаваны менавіта ў гэты час. Так што 1015 год – гэта сапраўдная дата ўзнікнення горада і ў 2025 годзе ёсць усе падставы адзначыць 1010 год з моманту заснавання Магілёва.

Для Магілёва XII – першай паловы XIII стст. характэрны тыповыя прыкметы невялікага горада Кіеўскай Русі: гарадскі культурны слой, насычаны шклянымі бранзалетамі, зброяй, кавалачкамі шлакаў, медзі, срэбра, бронзы... Вельмі цікавай знаходкай, што паходзіць з напластаванняў ХІІ – ХІІІ стст., з’яўляецца музычны інструмент – варган. У культурным слоі быў знойдзены ўнікальны бранзалет з рамбічным арнаментам і кірылічным надпісам ЖООД.

Паводле меркавання Іны Калечыц, гэта скажоннае грэчаскае слова, якое перакладаецца як зямля. Так што жыхары Магілёва ў ХІІ – першай палове ХІІІ стст. былі не толькі пісьменнымі, але яшчэ і грэчаскую мову ведалі. Знойдзены даволі вялікі кавалак плінфы, старажытнай цэглы з рэшткамі рошчыны. Такія знаходкі дазваляюць выказаць меркаванне аб наяўнасці ў Магілёве мураванай царквы ўжо ў XII ст. Гэта ўскосна пацвярджаюць і старажытныя хрысціянскія пахаванні таго часу на гарадзішчы, побач з пляцоўкай, на якой яшчэ ў 1604 годзе размяшчалася старажытная, ветхая ўжо на той час замкавая праваслаўная царква. Аб наяўнасці хрысціянізаванага насельніцтва ў XII-XIII cтст. сведчаць знаходкі крыжоў-энкалпіёнаў.

У сярэдзіне ХІІІ ст. умацаванні Магілёва былі спаленыя. У заходняй частцы помніка, у межах вала, зафіксаваны рэшткі драўлянай вежы, якая, мяркуючы па яе запаўненню, таксама згарэла ў сярэдзіне ХІІІ ст. У гэты час Магілёў быў узяты штурмам – наяўнасць у культурным слоі гэтага часу слядоў магутнага пажару, знаходкі мангольскіх наканечнікаў стрэл – зрэзняў, пасечаных рубячай зброяй чалавечых касцей, паказваюць на тое, што жыхары Магілёва зведалі чорны лёс Гомеля, Вішчына, гарадзішча Свіслач на дняпроўскай Бярэзіне, Бярэсця, якія былі спалены туменамі Бату-хана.

Прысутнасць у верхняй частцы насыпа вала матэрыялаў, характэрных для другой паловы XIII-XIVстст. дазваляе сцвярджаць аб тым, што ўмацаванні былі даволі хутка адноўлены, для падсыпкі вала быў скарыстаны старажытнарускі культурны слой, а жыццё на помніку ў гэты час да рэшты не згасла. У канцы XIV ст. Магілёў згадваецца ў «Списке русских городов дальних и ближних», які быў змешчаны ў археаграфічным спісе Наўгародскага Першага летапісу малодшага ізвода. У гэтым спісе Магілёў аднесены да гарадоў кіеўскіх «А се киевские гроди… Чечерск, Тетерин, Попова Гора, Пропошеск, Речица, Могилев, Быхов, Лучин». У гэты час ён ужо быў адміністрацыйным асяродкам воласці і належыў каралеве Ядвізе. Успамін аб горадзе сустракаецца ў спісе замкаў і земляў вялікага князя Свідрыгайлы, датаваны 1431 годам. Увогуле, з другой паловы XV ст. Магілёў устойліва замацоўваецца на старонках пісьмовых крыніц.

Ігар Марзалюк:
У XVI ст. пачынаецца новы якасны этап у развіцці горада. Магілёў развіваецца з нечуваным да гэтага часу дынамізмам і ў пачатку XVII ст. становіцца адным з буйнейшых гарадскіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. У той час адбыліся змены ў сацыяльным статусе Магілёва – горад быў вылучаны са складу воласці, атрымаў у 1577 годзе Магдэбургскае права. У 1526 г. на месцы старога гарадзішча быў пабудаваны новы замак, які займеў магутную сістэму ўмацаванняў і ахапіў значна большую тэрыторыю за кошт прырашчэння напольнай часткі ва ўсходнім напрамку. Яго плошча склала каля 2 гектараў.

Замак з’яўляўся галоўным цэнтрам планіровачнай структуры Магілёва, да яго сыходзіліся астатнія гарадскія вуліцы, што прыводзіла да ўзнікнення радыяльна-кальцавой сістэмы планіроўкі. Пасля надання гораду Магдэбургскага права апрача замка пачынае развівацца другі раўназначны гарадскі цэнтр – гандлёвая плошча з ратушай.

Магілёў у другой палове XVI – першай палове XVII стст. быў буйнейшым гандлёвым цэнтрам Беларусі. Магілёўскія купцы вялі гандаль з Віцебскам, Менскам, Полацкам, Гародняй, Берасцем, Слуцкам, Слонімам, Наваградкам, Оршай, Ігуменам, Капылём, Мсціславам, Крычавам, Прапойскам, Чавусамі, Чачэрскам, Рэчыцай, Гомелем, Шкловам, Копыссю, Галоўчынам, Бялынічамі, Бешанковічамі, Бабруйскам, Дуброўнай, Улай, Лукомлем, Смалянамі, Талачыном, Заслаўем, Бабром, Барысавам, Быхавам.

Пры вядзенні гандлю з прылеглымі мястэчкамі ў радыусе 10 міляў магілёўскія купцы вызваляліся ад гандлёвых пошлінаў. У гэты час Магілёў актыўна гандляваў з гарадамі Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Чэхіі. У сярэдзіне XVII ст. горад меў самае шматлікае, багатае і ўплывовае купецтва ва ўсім ВКЛ. У сярэдзіне 1643 г. падатак з купцоў плацілі ў наступных памерах: Вільня – 2 400 злотых, Полацк – 1 000, Коўна – 800, Мінск і Пінск – па 450, Гродна і Навагрудак – па 200, а Магілёў – 2 500 злотых.

Гандлем у прылеглых да Магілёва гарадах, мястэчках і вёсках займаліся дробныя гандляры – прасолы. Аналаг расійскіх карабейнікаў. З буйнейшымі гарадамі Беларусі (Брэст, Гродна, Мінск, Полацк, Віцебск), якія знаходзіліся на важнейшых гандлёвых магістралях, вялі гандаль заможныя магілёўскія купцы. Існавала своеасаблівя спецыялізацыя гандлю – футры і скуры купцы Магілёва вялікімі партыямі прывозілі з Віцебска. З Мінскам і Гродна існавалі ўстойлівыя, пастаянныя гандлёвыя сувязі – магілёўская купецтва рэалізоўвала на кірмашах гэтых гарадоў вялікія партыі сваіх тавараў.

Актыўны гандаль ішоў і ў самім Магілёве – ужо ў 1577 годзе ў горадзе было 137 крамаў і 19 ятак рэзніцкіх (мясных лавак). У 1604 годзе толькі пад ратушнай юрысдыкцыяй было 240 крамаў. У 1609 годзе крыніцы пералічваюць у горадзе 361 краму. Паводле Г. Лаўмянскага, у Магілёве напачатку XVII ст. было 388 гандлёвых устаноў.

Да сярэдзіны XVI ст. Магілёў па ступені канцэнтрацыі ў ім рамеснай вытворчасці вырастае ў адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі, а да канца стагоддзя – усяго Вялікага Княства Літоўскага. Дакументы другой паловы XVI ст. называюць каля 40 розных спецыяльнасцяў, якімі займалася рамеснае насельніцтва горада. У першай палове XVII ст. працэс росту рамесных прафесій працягваўся. Пісьмовыя крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што ў той час у горадзе было больш за 80 відаў рамёстваў. Рамеснае насельніцтва Магілёва складала 43-45 % ад агульнай колькасці ўсяго насельніцтва горада.

Рост колькасці рамеснікаў, наданне гораду Магдэбургскага права прыводзілі да развіцця цэхавай арганізацыі. Першыя згадкі прафесійных цэхаў у Магілёве адносяцца да 70-х гадоў XVI ст. У 1577 годзе у актавай кнізе магістрата згадваецца цэхмістар кушнерскага цэха. З гэтага ж года крыніцы згадваюць існаванне цэха калачнікаў і хлебапёкаў. З 1578 г. згадваюцца цэхі саладоўнікаў, замшавікоў, чабатароў, баўтушнікаў і кавалёў, у 1579 годзе узнік цэх краўцоў, у 1583 – маслабойнікаў, а ў 1590 – цесляроў. Усяго ў Магілёве напрыканцы XVI ст. было 12 рамесных цэхаў. У першай палове XVII ст. да іх дадаліся яшчэ 6 цэхаў. Такім чынам, у Магілёве ў першай палове XVII ст. ужо існавала больш за 17 цэхаў.

Ігар Марзалюк:
Магілёў па тых часах даволі анамальны горад. У тым сэнсе, што людзей, як тады казалі, «лёзных, не аселых», гэта значыць жабракаў, тут была мінімальная колькасць, у параўнанні з іншымі гарадамі тагачаснай Беларусі. Дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё горада знайшло сваё адлюстраванне і ў памерах – плошча гарадской тэрыторыі Магілёва ўжо ў сярэдзіне XVII ст. складала 401 гектар! Не здарма беларускі археолаг і гісторык Міхась Ткачоў называў Магілёў таго часу беларускім Нью-Йоркам!

Магілёўцы не на хвіліну не сумляваліся: росквіт іх горада – то Божае блаславенне! Яны з гонарам казалі ў XVII стагоддзі: «Богам ратуемы сей град Магілёў, праайцец і айцец Яфетавых сыноў». Сыны Яфета – то нашчадкі, у тым ліку, паводле тагачасных, заснаваных на Бібліі ў яўленяў, усіх славян. Больш таго, гараджане сцвярджалі, што Апостал Андрэй блаславіў падчас свайго падарожжа па Дняпры не толькі Кіеўскія горы, але і Магілёўскія!

Магілёў – гэта ўнікальная школа дойлідства, непаўторныя па сваёй прыгажосці храмы, такія, як Мікольская царква. Гэта ўнікальная школа разьбярства, дзівосныя іканастасы і свая школа іканапісу. У XVII ст. склалася магілёўская школа гравюры. У горадзе былі створаны тры гарадскія хронікі. Апошнія помнікі летапісання Беларусі XIX ст. – то магілёўскія помнікі. А яшчэ – выбітныя друкары і друкарская справа. Магілёў быў галоўным апірышчам праваслаўя на Белай Русі, цэнтрам і сталіцай адзінай ацалелай праваслаўнай епархіі ў Рэчы Паспалітай XVIII ст. Горад зацята бараніў сваю мову, сваё старабеларускае слова. Калі паўсюль буяла пальшчызна, калі ўжо ў 1696 годзе быў адменены статус беларускай мовы як дзяржаўнай на карысць польскай, то ў Магілёве яшчэ і ў 1747 годзе імкнуліся весці справаводства ў актавых кнігах магістрата па-беларуску.

У пачатку XX ст. Магілёў называлі маленькай беларускай Прагай, бо горад вабіў і захапляў – сваёй архітэктурай і людзьмі, прыгажосцю краявідаў. Гэта горад, які зацята бараніў сваё і ў гады апошняй вайны. Дзе мужчыны масава ішлі ў гарадское народнае апалчэнне ў 1941, партызанілі, былі падпольшчыкамі. Як маглі ратавалі свой горад, сваіх людзей. Бараніць сваё і сваіх – гэта вельмі па-магілёўску, вельмі па-беларуску.

Магілёў – то сапраўдны сімвал нязломнасці беларускага духу, беларускага характара і беларускай традыцыі, якую ён ашчаджае, любіць і захоўвае. Магілёў – сапраўдны сімвал беларускай гістарычнай вечнасці!