Марзалюк: беларуская праваслаўная готыка – яскравы прыклад самабытнасці. Што вядома пра гэты стыль архітэктуры?
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра ўнікальны і непаўторны сімвал беларускай вечнасці – пра праваслаўную беларускую готыку. Пачнём!
Готыка. Пры гэтых словах найперш прыгадваюцца французскія гатычныя саборы, няўрымсліва імкнучыя, як промні свету, як языкі полымя, да горных вышыняў, да Бога. Гатычны сабор – гэта прамоўленая ў цэгле форма малітвы чалавека эпохі Сярэднявечча да Хрыста. Гатычны храм імкнецца да неба, узлятае да Творцы, як гарачая малітва палкага верніка.
А што ж беларуская готыка? Знаёмімся з яе першаадкрывальнікам. Мікалай Шчакаціхін. Велікарус, які адкрыў беларусам і ўсяму навуковаму свету СССР і Еўропы ўнікальную з’яву – беларускую готыку. Ужо ў 1923-1924 гадах чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па гісторыі беларускага мастацтва. Чытаў па-беларуску. Прыехаўшы з Расіі і самастойна вывучыўшы нашу мову, бліскуча ёю авалодаўшы.
Гэтыя лекцыі і ляглі ў аснову яго знакамітых нарысаў па гісторыі беларускага мастацтва. Праз вывучэнне нашых замкаў і нашых храмаў ён вылучыў і ўсебакова абгрунтаваў існаванне такой унікальнай і непаўторнай з’явы, як беларуская готыка. Ён адзначаў безумоўны першапачатковы ўплыў на ўзнікненне гэтай архітэктурнай традыцыі з боку нямецкіх майстроў. Але з цягам часу на глебе гэтай традыцыі ўзнік наш непаўторны беларускі гатычны стыль. Мікола Шчакаціхін пісаў аб гэтым так: «Захоўваючы чыста готыцкія схемы, асабліва ў сваіх асноўных канструкцыйных прыёмах, а таксама ў некаторых нутраных дэталях, будовы гэтыя ў той самы час ужо настолькі ўхіляюцца ў агульнай сваёй кампазіцыі ад пачатковых сваіх першаўзораў і набываюць настолькі адменны ад усіх вядомых нам заходня-еўропейскіх готыцкіх помнікаў характар, што ў іх ужо прыходзіцца бачыць зусім асобную архітэктурную групу, якая стварае нейкі новы адменнік готыцкага архітэктурнага стылю. Такім чынам, калі да XVI стагоддзя мы можам казаць толькі аб готыцы ў Беларусі (пры гэтым ласьне аб нямецкай готыцы), дык пачынаючы з гэтага часу мы павінны ўжо казаць аб асобнай беларускай готыцы, укладаючы ў гэтае паняцце не толькі тэрытарыяльны, але таксама і формальна-стылістычны сэнс».
Калі кажам аб з’яўленні беларускай гатычнай традыцыі, то яна сягае ў XIII cтагоддзе. Першымі будынкамі, пабудаванымі з скарыстаннем гатычных тэхнік, былі так званыя вежы-столпы, якія мы называем не зусім правільна данжонамі. Чаму не правільна? Бо нашы вежы не мелі каміноў, не мелі сістэмы ацяплення. А такая ўласцівасць была характэрна для вежаў нямецкай традыцыі, якія называлі бергфрыдамі. Да ліку такіх вежаў адносіцца і ацалелая Камянецкая вежа, альбо, як яе яшчэ называюць, Белая Вежа.
Але сёння, паўторымся, гаворка пра царкоўную готыку. Найперш пра праваслаўную. Сучасныя гісторыкі беларускай архітэктуры лічаць, што XIII-XV стагоддзі былі пераходным часам ад традыцый візантыйскіх, старажытнарускіх да новай, гатычнай архітэктуры. У праваслаўным дойлідстве Беларусі самымі старажытнымі помнікамі такога кшталту лічацца храмы ў Гародні (сучасны Гродна) і Наваградку (сучасны Навагрудак).
Ігар Марзалюк:
На Старым замку ў Гродна на месцы разбуранай Ніжняй царквы, помніка гарадзенскай школы дойлідства, у канцы XIII стагоддзя была пабудавана так званая Верхняя царква. Яе будаўнічая тэхніка – красамоўны прыклад спалучэння старой і новай будаўнічай традыцый. Гэта знайшло адлюстраванне найперш у муроўцы храма. Палова сцен храма выкладзена са старажытнай плінфы (цэглы, набліжанай да квадрата), а другая – з вялікапамернай цэглы-пальчаткі (звыклай для нас прамавугольнай формы, з нанесенымі барознамі на адзін бок цагліны, адсюль і назва – пальчатка).
З аднаго боку ў храме прасочваюцца старыя традыцыі гарадзенскай школы дойлідства – скошаныя куты храма, устаўкі з адшліфаваных камянеў на фасадзе, а з другога – гатычныя нервюрныя зводы. Пры раскопках знойдзена шмат так званай нервюрнай (профільнай) цэглы, выкананай спецыяльна для выкладкі скляпенняў храма. Унутраная прастора царквы была перакрыта крыжовымі скляпеннямі. Нервюры скляпенняў былі зроблены з цэглы стрэлападобнай формы.
Пачаткам XIV стагоддзя датуецца створаная ў Наваградку царква Святой Багародзіцы. Для яе таксама характэрны нервюрныя гатычныя скляпенні. Але ў адрозненне ад Гарадзенскай Верхняй царквы, яна ўжо выканана ў больш дасканалай тэхніцы. Асобная размова – то каталіцкая і праваслаўная гатычная архітэктура Вільні. Там кожны храм варты асобнай размовы і асобнага аповеда. Скажам толькі адно: віленская сакральная готыка ўладна аказвала ўздзеянне на храмавае будаўніцтва і тых помнікаў гатычнай архітэктуры, якія сёння знаходзяцца як на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь, так і на беларускай Беласточчыне, што зараз у складзе Польшчы. У апошнім выпадку маем на ўвазе Супрасльскую святыню.
Цікава вось што. Вывучэнне беларускіх цэркваў паказала, што ў нашым праваслаўным дойлідстве засваенне гатычных традыцый адбывалася адначасова з перапрацоўкай сістэмы праваслаўнага крыжова-купальнага тыпу храма. І праваслаўным храмам, і касцёлам XVI стагоддзя былі ўласцівы аднолькавыя прыёмы арганізацыі ўнутранай прасторы, афармленне фасадаў ды завяршэнне аб'ёмнай кампазіцыі. Але непарушнай традыцыяй праваслаўных беларускіх храмаў таго часу застаецца трохапсідная алтарная частка.
У пачатку XVI стагоддзя з’яўляецца самая самабытная група праваслаўных гатычных храмаў – храмы-крэпасці, абарончыя храмы. У іх гэтых дзівосных гатычных праваслаўных бажніцах нашай зямлі прасочваецца імкненне да максімальнай дэкаратыўнасці ў аздабленні фасадаў, у знешнім афармленні. У гэты час нараджаецца самабытны тып абарончага чатырохвежавага храма. І самы старажытны, ацалелы храм – гэта Сынкавіцкая царква Святога Арханёла Міхаіла. Царква ў плане ўяўляе з сябе няправільны прамавугольнік. Першае, што адразу кідаецца ў вочы, – шэраг ніш на фасадзе, якія былі першапачаткова атынкаваны.
Гэта, дарэчы, тыповы прыём, уласцівы для дэкору мураванага гатычнага храма. Царква знаходзіцца на ўскрайку вескі Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Ёсць прыгожая легенда аб тым, што нібыта храм заснаваў сам князь Вітаўт у падзяку за прытулак, аказаны яму мясцовымі жыхарамі, калі ён ратаваўся пасля ўцёкаў ад Ягайлы. Але гэта не адпавядае сапраўднасці. Архіўныя крыніцы сведчаць, што храм быў пабудаваны ў першай палове XVI стагоддзя.
Усходні і заходні фасады царквы заканчваюцца франтонамі трохвугольнай формы. Карніз царквы раздзелены байніцамі-машыкулямі на асобныя часткі, якія ўдала гарманіруюць з поясам паўцыркульных арачак алтарных апсід і ўсходніх вежаў. Франтоны ўпрыгожаны шматлікімі нішамі розных формаў і памераў. У дэкаратыўным афармленні Сынкавіцкай царквы прасочваецца шэраг аналогій з замкам у Міры. Таму асобныя даследчыкі выказваюць меркаванне аб тым, што і Мірскі замак, і Сынкавіцкую царкву ўзводзілі адны і тыя ж майстры. Аднак беларускі даследчык Алесь Кушнярэвіч паказаў, што яшчэ больш агульных рысаў ёсць у архітэктуры Сынкавіцкай царквы і Троіцкага храма першай паловы XVI ст. у Вільні.
Храм абарончы. Таму і вежы храма да ўзроўню карніза маюць байніцы рознай формы. Унутры вежаў зроблены вінтавыя ўсходы. Яны вядуць на паддашак, дзе ў завяршэнні сцен маецца баявая галерэя. Галерэя таксама складаецца з двух тыпаў байніц, якія чаргуюцца паміж сабой. Першы тып – то байніцы машыкулі. Такія, дарэчы, ёсць і на сценах замка ў Міры.
Яны прызначаліся для таго, каб праз іх ліць вар, смалу, скідваць камяні на ворага. Але ў храме гэтыя байніцы, хутчэй за ўсё, было зручна выкарыстоўваць для абстрэлу подступаў да храму. Іншы тып байніцаў быў зроблены ў дастаткова глыбокіх і высокіх нішах, якія завяршаюцца паўцыркульнай перамычкай. Раструбы шчок расшыраюцца ўнутр. Нішы вялікіх памераў дазвалялі абстрэльваць праз байніцы як подступы, так і прылеглую да храма тэрыторыю.
Ігар Марзалюк:
Другой дзівоснай гатычнай мураванай мелодыяй з’яўляецца Маламажэйкаўская, ці іначай названая ў літаратуры Мураванкаўская праваслаўная царква, што знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. Большасць даследчыкаў датуе час яе стварэння першай паловай XVI стагоддзя, дзесьці паміж 1516 і 1542 гадамі. Сцены храма маюць таўшчыню каля двух метраў, узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі, выкладзенай цэглай пальчаткай на вапнава-пясчанай рошчыне.
Памеры цэглы дазваляюць сцвярджаць, што такія самыя будаўнічыя матэрыялы былі ўжыты пры пабудове Троіцкай і Мікалаеўскай цэркваў у Вільні, Барысаглебскай царквы ў Навагрудку. Вельмі цікавыя скляпенні храма. Гэта так званыя сотавыя скляпенні. Упершыню сотавыя скляпенні выкарыстаны ў Саксоніі ў 70-х гадах XV стагоддзя. Найбольш раннія прыклады ў Чэхіі, Славакіі і Польшчы датуюцца апошняй чвэрцю XV стагоддзя. У літоўскім і беларускім дойлідстве гэтыя скляпенні былі характэрны для першай паловы XVI стагоддзя. Муравпанкаўская царква, у адрозненне ад Сынкавіцкай, не была ўпрыгожана фрэскавым роспісам, а толькі пакрыта тынкоўкай.
Сённяшнія граніцы аддзяляюць нас ад выдатнага помніка беларускай готыкі – царквы Супрасльскага манастыра на нашай Беласточчыне. Гэта храм нашай знакамітай Супрасльскай лаўры. Першай беларускай лаўры. Храм быў пабудаваны на левым беразе ракі Супрасль на сродкі берасцейскага старасты, навагрудскага ваяводы, маршалка Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра Хадкевіча ў 1505-1511 гадах.
Інтэр'ер помніка перакрывалі крыжовыя, зорчатыя і сотавыя скляпенні. А яшчэ непаўторную прыгажосць храму стваралі яго фрэскавыя роспісы. Дзівосныя праваслаўныя роспісы, створаныя ў поўнай адпаведнасці з візантыйскай традыцыяй. Творцамі гэтага хараства былі сербскія фрэскапісцы. Сербскія манахі, што нашлі гасцінны прытулак на нашых землях. Ведаем, што групай жывапісцаў кіраваў сербскі майстра Нектарый. Стыль супрасльскіх фрэсак вельмі блізкі да твораў мараўскай школы сербскага манументальнага жывапісу. Нектарый кіраваў таксама працай па стварэнні іканастаса гэтай дзівоснай царквы.
Вось такая гісторыя. Яна невымоўна сведчыць аб здольнасці нашага народа творча выкарыстоўваць лепшыя тэхналогіі і прыёмы, у тым ліку і ў нашых заходнееўрапейскіх суседзяў, але пры гэтым захоўваць сваю традыцыю, сваю душу, сваю існасць, свой шлях да Бога.
Беларуская праваслаўная готыка – яскравы прыклад беларускай цярпімасці, беларускага сумоўя, самабытнасці беларускай культурнай традыцыі. Сімвал нашай, беларускай вечнасці!