Марзалюк: Еўдакім Раманавіч Раманаў – наш няўрымслівы Радзіміч, наш волат беларускага духу

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Марзалюк-14 09.09.2023.jpg

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:

Адшумела свята беларускага пісьменства, свята беларускай кнігі ў Гарадку. Набліжаецца 11 верасня, дзень нараджэння Еўдакіма Раманавіча Раманава – вялікага беларускага этнографа, фалькларыста, археолага. Чалавека, які зрабіў каласальна шмат для захавання неацэнных скарбаў нашага народа. Яго мовы, літаратуры, гісторыі.

11 верасня – не просты дзень. Па праваслаўных святцах гэта дзень ушанавання Іаана Прадцечы, ці Івана Галавасека, па беларуску, па народнаму, кажучы. Вялікі сын беларускага народа пабачыў свет Божы ў Новай Беліцы Гомельскага павета Магілёўскай губерні. Зараз гэта месца знаходзіцца ў межах сучаснага Гомеля. Хлопчык паходзіў з беднай мяшчанскай сям’і. Ужо з дзяцінства ён напоўніцу зведаў, што такое ліха, нястача сродкаў.

Марзалюк-2 09.09.2023.jpg

У 1867 годзе хлопчык паступіў у Гомельскую прагімназію. Неўзабаве ў 1869 годзе памерла яго мама. Горкае гэта слова – сірата. Горкая доля. Каб працягваць вучыцца, наймаецца рэпетытарам да купца. У 1870-м пасля заканчэння прагімназіі спрабуе паступіць у Магілёўскую гімназію, паспяхова здае ўступныя экзамены, але… У навучанні адмоўлена, афіцыйна таму, што «не аказалася вакансій». Яшчэ адно фіяска – не атрымалася стаць вольнаслухаючым ва ўніверсітэце. Але ён не быў з тых, хто здаецца і апускае рукі. 17-гадовы хлопец у 1872 годзе здае экстэрнам экзамены на атрыманне звання народнага настаўніка. Працаваў настаўнікам 14 гадоў, а потым быў інспектарам народных вучылішчаў. З 1886 па 1895 год. Е. Раманаў працаваў інспектарам вучылішчаў Віцебскай губерні, да выхаду ў адстаўку ў 1906 годзе ён служыў на аналагічных пасадах у Гродзенскай і Магілёўскай губернях.

Выдатны знаўца навуковай спадчыны нашага героя, беларускі этнограф Бандарчык пра пачатковы этап яго дзейнасці пісаў так. Цытата:

«У час работы настаўнікам народных школ Е. Раманаў працягвае займацца павышэннем самаадукацыі, вывучае гісторыю (у тым ліку летапіс Нестара), розныя параўнаўчыя і гістарычныя граматыкі, чытае класіку рускай літаратуры і інш. Паглыбіўшыся ў вывучэнне гісторыі, літаратуры і мовы, Е. Раманаў пераканаўся ў тым, што руская навуковая грамадскасць дрэнна ведае беларускі край, яго народ, культуру і “багацейшую скарбніцу - беларускую мову, якая нагадвала мову Нестара і прадстаўляе або прынамсі яшчэ нядаўна прадстаўляла сабой невычарпальны запас рысаў старажытнарускай мовы».

Марзалюк-18 09.09.2023.jpg

У 1877 годзе Е. Р. Раманаў дасылае ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Расійскай акадэміі навук 400 беларускіх слоў на літару «А» выпісаных ім са збору фальклорных твораў. Яму, на хвіліначку, было толькі 22 гады… Пяць гадоў працаваў Е.Р Раманаў над «Вопытам слоўніка беларускай мовы» і «Кароткай беларускай граматыкай»… А потым была галоўная працай яго жыцця – «Беларускі зборнік». Гэта найвялікшая беларуская энцыклапедыя таго часу. Ды хіба толькі таго!

Побыт, матэрыяльная і духоўная культура нашага народа, дыялекты беларускай мовы, фальклор, казкі і народныя песні – вось змест гэтага велічнага праекта. Еўдакім Раманавіч планаваў выдаць 15 тамоў, аднак пры яго і за яго сродкі, падкрэслім, з 1886 па 1912 год выйшла 9 тамоў. 10 том быў выдадзены ў 1928 годзе, коштам Істытута беларускай культуры. Рукапісныя тамы з 11 па 14 загінулі ў гады вайсковага ліхалецця, у часы Вялікай Айчыннай вайны. Куды знік 15 том – дакладна не вядома і сёння.

Самая эфектыўная фіксацыя, сістэматызацыя і аналіз народнай міфалогіі, фальклору, у тым ліку ўпершыню грунтоўна распрацаваныя і даследаваныя практыкі беларускага вядзьмарства і знахарства – гэта ўсё адзін чалавек. І гэта Е.Р. Раманаў. Пачытайце восьмы выпуск «Беларускага зборніка». Тут шматлікія этнаграфічныя замалёўкі, вуснапаэтычныя творы, міфалагічна-фантастычныя характарыстыкі, якія на час збірання матэрыялаў захоўваліся ў масах сялянскага беларускага жыхарства.

Марзалюк-6 09.09.2023.jpg

А яшчэ былі міфалагічныя і бытавыя казкі, замовы, апокрыфы і духоўныя вершы. І ўсё гэта – «Беларускі зборнік». Толькі ўдумаемся ў лічбы! Ім зроблена звыш за 750 апісанняў вераванняў, забабонаў і прыкмет, каля 210 апісанняў сродкаў народнай медыцыны, 540 народных тлумачэнняў слоў, каля 80 апісанняў дзіцячых гульняў, вялікая колькасць апісанняў абрадаў (радзіных, вясельных, пахавальных, калядных, масленічных, велікодных, сёмушных, купальскіх і інш.).

За паўвекавы перыяд Е. Раманаў сабраў і апублікаваў звыш 8 000 і падрыхтаваў да друку 2 126 фальклорных твораў, з іх казак і паданняў – 831, песень – 3 742, прыпевак – 778, прыказак і прымавак – 2 256, загадак – 1 305. Ніхто тады так уедліва і дэталёва не вывучаў беларускія народныя легенды (асабліва пра асілкаў ці волатаў), ніхто не пакінуў нам такія дакладныя апісанні абрадаў купалляў, кумавання, провадаў русалак, як Еўдакім Раманаў.

А яшчэ было сяброўства і супрацоўніцтва з іншым беларускім волатам духу – акадэмікам Яўхімам Карскім. Раманавым было прапанавана супрацоўніцтва нават як аказанне ўсялякай дапамогі ў працы над манаграфіяй «Беларусы», як прыняцце ўдзелу ў складанні «Праграмы для збірання асаблівасці гаворак беларускай мовы». Матэрыялы па гэтай праграме Е. Раманаў у 1897 г. адаслаў у Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук. Менавіта таму ў Магілёве, у «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях», быў надрукаваны навукова-папулярны артыкул Яўхіма Карскага аб беларускай мове і межах нашага народа. Натуральна, што па просьбе сябра Яўхіма Карскага – Еўдакіма Раманава.

Марзалюк-11 09.09.2023.jpg

Дарэчы будзе сказаць, што магілёўскі перыяд жыцця даследчыка быў надзвычай плённым у яго жыцці. З 1897 па 1903 год Еўдакім Раманаў рэдагуе неафіцыйную частку газеты «Могилёвские губернские ведомости», публікуе тут вялікую колькасць сваіх артыкулаў. У выніку нараджаюцца тры выпускі «Магілёўскай Даўніны».

Асобная размова – навуковы даробак Еўдакіма Раманава ў якасці археолага. Археалагічныя даследаванні на Магілёўшчыне і Віцебшчыне. Ён з'яўляецца зачынальнікам комплекснага падыходу да ўліку археалагічных помнікаў. Ім складзены археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў. Толькі ў Магілёўскай губерні ім былі сабраны абагульняючыя звесткі аб 127 помніках каменнага веку 4 628 курганах, 224 гарадзішчах, 7 замчышчах. Сабраныя ім звесткі пра тысячы гарадзішчаў на тэрыторыі Беларусі і зараз з’яўляюцца важнай крыніцай для сучасных навукоўцаў.

Ён першым з археолагаў паставіў пытанне аб засяленні тэрыторыі Беларусі ў эпоху палеаліта – старажытнакаменнага веку. Сотні стаянак каменнага веку былі адкрыты менавіта ім. Вывучаў старажытныя гарадзішчы жалезнага веку і сярэднявечча. Даследаваў курганныя старажытнасці крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў. Яму належыць гонар адкрыцця Рагваладовага камяня – помніка эпіграфікі са старажытнымі надпісамі каля в. Высокі Гарадзец (цяпер Талачынскі р-н) XII стагоддзя.

Марзалюк-8 09.09.2023.jpg

Еўдакім Раманаў – стваральнік першых навуковых рэкамендацый па раскопках славянскіх курганоў, у якіх дасканала апісана методыка іх вывучэння. Ён аўтар першага сістэмнага вучэбнага дапаможніка па археалогіі Беларусі. Раманаў, дарэчы, з’яўляўся правадзейным членам Маскоўскага геаграфічнага таварыства. Яго ўнікальныя археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі ўзбагацілі фонды многіх айчынных і замежных музеяў. Толькі ў знакамітым Эрмітажы захоўваецца 1 017 экспанатаў, перададзеных ім. Браў удзел у стварэнні Этнаграфічнага аддзела пры Рускім музеі імператара Аляксандра (зараз – Дзяржаўны Рускі музей) у Санкт-Пецярбурзе.

Е.Раманаў з'яўляецца заснавальнікам трох музеяў – Віцебскага, Магілёўскага і Віленскага. У красавіку 1902 года, паводле ініцыятывы вучонага, створана Таварыства па вывучэнні Беларускага краю, якое потым перайменавана, не па яго волі, на «Таварыства па вывучэнню Магілёўскай губерні». Акрамя ўсяго іншага быў загадчыкам секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварства (з 1910 па 1916 год).

Е.Раманаў як ніхто іншы выдатна ведаў так званыя аргатызмы, або беларускую жаргонную лексіку ўмоўных гаворак. Ім быў вывучаны Любецкі лемент (слоўнік жаргону Магілёўскіх жабракоў). Катрушніцкі лемезень (слоўнік жаргону, сакрэтная мова, дрыбінскіх шапавалаў). Дарэчы, жаргоннае слова «лох» (чалавек-прастак) прыдумалі менавіта дрыбінскія беларусы… Раманавым быў сабраны і падрыхтаваны слоўнік умоўных моў Беларусі. І ўсё гэта ён зрабіў першым у навуцы!

Марзалюк-3 09.09.2023.jpg

А яшчэ стварыў уласную, арыгінальную класіфікацію ўсіх гаворак беларускай мовы. А яшчэ ён быў публіцыстам, пісьменнікам, літаратуразнаўцам і выдаўцом мастацкіх твораў на беларускай мове. Друкаваўся пад літаратурным псеўданімам Радзіміч. Ён адным з першых напіша рэцэнзіі на вершаваны зборнік Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская» (1891). Выступіць у ролі выдаўца і прапагандыста паэмы «Тарас на Парнасе». Е. Раманаў на аснове шматлікіх спісаў склаў і апублікаваў тэкст зводнай рэдакцыі гэтай вялікай паэмы. І гэта, на той момант, самае значнае дасягненне маладой беларускай тэксталагічнай навукі.

Запомнім гэта імя і прозвішча – Еўдакім Раманаў. Наш няўрымслівы Радзіміч. Наш волат беларускага духу. Наш сімвал беларускай вечнасці!