Якая гістарычная традыцыя беларускай адвакатуры? Растлумачыў Ігар Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра гісторыю адвакатуры і адвакатаў Беларусі. Пачнем!
Адразу скажам, што пытанне гэтае даволі грунтоўна вывучана беларускімі гісторыкамі права. Іх напрацоўкі, вынікі даследаванняў выкарыстаны пры падрыхтоўцы дадзенага тэксту. Найперш гэта тычыцца даследаванняў Гур’евай Алены Аляксандраўны, якая плённа працуе над гісторыяй інстытута адвакатуры Беларусі ХVI-XVIII стагоддзяў.
Прычыны ўзнікнення інстытута адвакатуры на нашых землях большасць навукоўцаў звязваюць з увядзеннем у дзеянне Статута ВКЛ 1529 г., які вывеў на першае месца значэнне пісанага права, а не звычаёвага, тым самым паклаўшы пачатак новаму этапу ў развіцці судаводства. Пасля яго выдання ўзнікае мноства пытанняў адносна тлумачэння закона аб падсуднасці спраў, іскавай даўнасці, няяўкі ўдзельнікаў судовага працэсу на суд. Усе гэтыя акалічнасці з неабходнасцю абумовілі і з’яўленне на нашых землях інстытута адвакатуры, прафесійных абаронцаў – адвакатаў.
Першае заканадаўчае замацаванне права ўдзелу адваката ў судовым працэсе было сфармулявана менавіта ў Статуце 1529 г., акрамя таго нормы Статута замацоўвалі спаборніцкі характар судовага разбіральніцтва. Статут усталёўваў прынцып адзінства права і судовага працэсу для ўсіх жыхароў Княства: «иж вси подданые наши, так вбогие, яко и богатые, которого раду колве або стану были бы, ровно а одностайным тым писаным правом мають сужоны быти». Непасрэдна аб адвакатах (пракуратарах, як іх тады звалі) згадвалася ў арт. 10 (О прокураторы) раздзела 6 Статуту 1529 г., які забараняў удзел чужаземцаў у якасці адваката ў справах «о именя, о шкоды, о кгвалты».
Такім чынам Статут фактычна пацвердзіў датыхчасовае існаванне адвакатуры на землях ВКЛ, у тым лiку на землях сучаснай Беларусі. Датычыў адвакатаў і арт. 9 раздзела 6 Статуту 1529 г., які хаця і не успамінае ў сваім змесце аб «пракураторы», але рэгулюе прынцыпы прадстаўніцтва стараны ў працэсе, гэта значыць і пракуратора, але і не толькі, бо ў той час акрамя адвакатаў-пракуратараў прадстаўнікамі стараны ў судзе таксама выступалі і іншыя наёмныя прадстаўнікі (дзякі, пісары, служэбнікі, шляхціцы, духоўныя асобы, родзічы і сябры).
Пазней Статут 1566 г. сфармуляваў правілы адвакацкай этыкі, што такое добра, што такое дрэнна для абаронцы, устанавіў адказнасць за парушэнне адвакатам сваіх абавязкаў. У Статуце 1588 г. пытанням удзелу адвакатаў у судзе прысвечана 6 артыкулаў, у якіх гэтыя абавязкі падрабязна ўрэгуляваны.
У XVI ст. інстытут прафесійных абаронцаў характэрны больш для гаспадарскага суда, куды часцей за ўсё звярталіся радавітыя феадалы. А ў мясцовых судах працэс звычайна ішоў без усялякага прадстаўніцтва. Аднак у працэсе судовай рэформы XVI ст. паступова адвакаты пачалі дзейнічаць пры гарадскіх і земскіх судах, а з утварэннем Галоўнага суда (Трыбунала) пачалі дзейнічаць і пры ім.
Статутамі ВКЛ упершыню на заканадаўчым узроўні былі прадугледжаны як правы і абавязкі, так і адказнасць адвакатаў за нядобрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў. Да прыняцця Статута ВКЛ 1566 г. заканадаўчая распрацоўка асноўных і найбольш важных палажэнняў аб дзейнасці пракуратараў, у тым ліку замацоўваючых іх арганізацыйнае афармленне як прафесійнай супольнасці, было практычна завершана, што прывяло да ўвасаблення ў Статуце 1566 г. адзінага адносна стройнага прававога інстытута, які рэгуляваў дзейнасць адвакатаў.
Падабенства асноўных нарматыўных палажэнняў і часам іх дубліраванне адносна дзейнасці пракуратараў у Статутах 1566 і 1588 гадоў сведчаць аб тым, што інстытут прафесійнай адвакатуры на працягу гэтага перыяду ўжо стала існаваў і быў досыць звыклай з’явай. Больш дакладная рэгламентацыя адвакацкай дзейнасці і ўнясенне новых палажэнняў у Статут 1588 г. былі вызваны патрабаваннямі практыкі. Увогуле нормы Статута 1588 г. былі такога высокага ўзроўню, што яны дзейнічалі да XIX ст. і выкарыстоўваліся заканадаўствам наступных стагоддзяў.
Абаронца павінен быў добрасумленна выконваць свае абавязкі. Здрада свайму даручыцелю разглядалася як здрада слугі свайму пану і магла карацца смерцю. За нядобрасумленнае вядзенне справы адвакат караўся турэмным зняволеннем на чатыры тыдні і павінен быў выплаціць усе страты, якія па яго віне панёс даручыцель. Прычыны няяўкі і дзеянні адваката ў выпадку іх узнікнення рэгламентаваліся Статутам 1588 г. У выпадку хваробы адвакат павінен быў папярэдзіць свайго даверніка і суд. Асабліва жорстка караліся пракуратары за няяўку на працэс без слушных на тое прычын.
Так, Статут прадугледжваў пакаранне смяротнай карай абаронцы, які не явіўся ў суд, сказаўшыся хворым, а на наступным судовым пасяджэнні не згадзіўся прысягнуць пра сваю хваробу. Пры жаданні бок мог адмовіцца ці перадаць паўнамоцтвы на вядзенне справы іншаму пракуратару. Немалаважным было тое, што з асобамі, якія папрасілі суд прызначыць ім адваката, але не маглі заплаціць, абаронца абавязаны быў працаваць бясплатна. Пракуратар, які адмаўляўся ад іх абароны або замаруджваў такія справы, пазбаўляўся пасады. Гэта наконт карыслівасці, калі што…
Інстытут адвакатуры і яго тэрміналагічнае вызначэнне складваліся паступова разам з гістарычным развіццём дзяржаўнасці, і, адпаведна, прававой сістэмы. Менавіта формы арганізацыі рымскай адвакатуры, як рэспубліканскага перыяду, так і часоў Імперыі, паклалі пачатак узнікненню і развіццю інстытуту адвакатуры ў еўрапейскіх дзяржавах, у тым ліку і на Беларусі. Станаўленне адвакатуры, як прававога інстытуту, на Беларусі адбылося ў перыяд Вялікага Княстава Літоўскага, дзяржавы, палітыка-эканамічным цэнтрам якой былі беларускія землі.
Аднак у гэты перыяд яшчэ не было сфарміравана аднастайнага тэрміналагічнага вызначэння судовага абаронцы і прававога дарадчыка, таму ў гістарычных судовых дакументах мы знаходзім розныя тэрміны, пад якімі хаваюцца асобы, што займаліся абарончай дзейнасцю і аказвалі юрыдычныя паслугі на платнай аснове. На ўжыванне таго ці іншага тэрміну ўплывалі не толькі характэрныя асаблівасці беларускай мовы, але і тэндэнцыі ў развіцці юрыдычнай тэрміналогіі Заходняй Еўропы і ў тым ліку Польшчы.
Сёння можна сказаць аб наступнай гістарычнай эвалюцыі паняцця «адвакат» з выяўленнем яго гісторыка-тэрміналагічных асаблівасцяў:
- пракуратар (ад лац. procurator – прафесійны юрыст, прадстаўнік, давераная асоба) – гэта адзін з найстаражытнейшых тэрмінаў, узнікненне якога было звязана, па-першае, з гістарычнай пераемнасцю тэрміналогіі рымскага права і ўвядзеннем на тэрыторыі Беларусі на працягу XIV–XVI стст. Магдэбургскага права, і, па-другое, яго замацаваннем у трох Статутах Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст.;
- умацаваны – чыста беларуская назва, якая з канца XVI ст. актыўна ўжывалася ў судовых дакументах побач з тэрмінам пракуратар, і, перш за ўсё, азначала асобу, якая была ўпаўнаважана (умацавана) сваім давернікам на прадстаўленне інтарэсаў у судзе;
- пленіпантэнт (ад лац. pleni potens – паўнамоцны) – тэрмін, запазычаны з рымскага права праз Польшчу, які пачаў згадвацца ў судовых дакументах побач з пракуратарам, пачынаючы з другой паловы XVII ст. і азначаў даверанаю асобу ў судзе, якая перш за ўсё прадстаўляла адзін з бакоў (істца ці адказчыка);
- патрон (ад лац. patronus — абаронца, заступнік) – пераемна ўспрымаецца з польскага заканадаўства на беларускіх землях Рэчы Паспалітай з канца XVII ст. і становіцца дамінуючым у XVIII ст.;
- павераны (ад рым. mecenas) – вызначэнне, якое з’явілася з бытуючага ў народзе пазначэння чалавека, што валодае пазнаннямі ў сферы юрыспрудэнцыі, і якому давяралі вядзенне сваіх спраў «procurator mercenarius» (платны, прафесійны абаронца): пачало сустракацца ў канцы XVII ст.;
- палестрант – з’яўленне ў судовай тэрміналогіі вышэйадзначанай назвы было звязана з утварэннем Палестры (адвакатуры), аб якой упершыню афіцыйна згадваецца ў 1726 годзе ў Рэчы Паспалітай.
Уласна тэрмін адвакат (ад лац. advocatus ад advoco – заклікаю, запрашаю) пачынае сустракацца ў архіўных дакументах з XIX ст. і паступова выціскае ўсе астатнія назвы.
У гісторыі беларускай адвакатуры для мяне ёсць адвакат №1 – «мужыцкі адвакат», наш вялікі беларускі паэт Францішак Багушэвіч. З 1884 года ён працаваў прысяжным павераным – адвакатам у Віленскім акруговым судзе. Вельмі хутка яго пачалі там зваць «мужыцкім адвакатам», бо ён бараніў у першую чаргу сялян. Браўся за іх не грашовыя, не прыбытковыя справы. І ганарыўся гэтым…
Ён ім дапамагаў – простым, пакрыўджаным, прыніжаным людзям. Вельмі часта задарма, па-людску, як сукрэвіч сукрэвічам. Сучаснікі паэта, беларускія сяляне, пра яго, беларускага шляхціца, пакінулі ўдзячныя ўспаміны: «Добры быў чалавек, ой добры. Любіў ён нас, сялян. З намі заўсёды ахвотна размаўляў на беларускай мове»
Інстытут абароны чалавека ў судзе, то інстытут, скіраваны на дасягненне максімальна справядлівага прысуда, а значыць і сацыяльнай справядлівасці. Гістарычная традыцыя беларускай адвакатуры – то сімвал нашай, беларускай вечнасці!