Марзалюк: Максім Багдановіч – сімвал нашай высокай паэзіі, унікальнасці нашага нацыянальнага шляху
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! У кожнага народа ёсць паэты, якія не проста ствараюць тэксты. Іх вершы – то ўвасабленне нацыянальнай душы народа, сведчанне неўміручасці нацыянальнай мовы. І ў нас, беларусаў, ёсць свая літаратурная тройца геніяльных паэтаў – Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас. Сёння размова пра нашага Максіма Кніжніка, нашага Максіма Багдановіча. Пачнем!
Ён нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў будучай нашай сталіцы, у сэрцы сучаснай Беларусі, у Мінску. Яго тата, Адам Багдановіч, быў бліскучым знаўцам беларускай этнаграфіі, яго кніжка «Пережитки древнего миросозерцания белорусов» і сёння не страціла сваёй навуковай актуальнасці. Бабуля Максіма па бацьку, Ганна, ведала безліч беларускіх народных казак, паданняў, абрадаў, якія запісваў яе сын Адам.
Настаўніцкая Нясвіжская семінарыя – то Алма Матар Адама Ягоравіча. Ён працаваў і настаўнікам вясковай школы, і выкладчыкам гарадскога пачаткова вучылішча ў Мінску, і ацэньшчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродна. А потым – у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Па юнацтву не цураўся палітыкі, падтрымліваў сувязі з нарадавольцамі. Падкрэслім, рэвалюцыянерамі, нелегаламі. Дзякаваць Богу, абышлося.
Мама Максіма, Марыя Апанасаўна Мякота, паходзіла са старажытнага беларускага роду, які шляхецтва пацвердзіць у часы Расійскай імперыі не здолеў. Яе дзед Апанас за гераізм і мужнасць, які ён засведчыў падчас Крымскай вайны 1853 – 1856 гадоў, атрымаў пажыццёвае дваранства, пасля служыў чыноўнікам у горадзе Ігумен (зараз Чэрвень).
У родзе было шмат праваслаўных святароў. Дзяцінства маці нашага генія было горкім. Пасля смерці бацькі яна апынулася з малодшай сястрой у Мінскім прытулку. Але на здольную дзяўчынку звярнула ўвагу жонка мінскага губернатара і ўзяла яе да сябе на выхаванне. Марыя скончыла Мінскае трохкласнае жаночае вучылішча, а потым была земская настаўніцкая школа ў Пецярбургу, педагагічная практыка.
У 1888 годзе Адам і Марыя пабраліся шлюбам. У 1890 годзе з’явіўся на свет божы старэйшы брат Максіма – Вадзім. І амаль праз два гады народзіцца і ён сам. 3 1892 года сям’я жыла ў Гродна. Тут народзіцца малодшы брат Максіма – Леў. Дзеці, разам з мамай, у 1895 годзе вясеннія ды летнія месяцы бавілі ў гасцях у яе старэйшай сястры Стэфаніі ў вёсцы Вяззе, зараз гэта Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.
Тут дзеці пазнаёміліся не толькі з сялянскім побытам, вясковай прыродай, але і з жывой беларускай мовай, у ходзе сваіх гульняў з вясковымі хлапчукамі. Ад гэтага, што праўда, маці перажывала сапраўдны шок. Яе гарадскія хлопчыкі і ляпаюць нейкія словы па мужыцку! Авохці, як сорамна! Цытата:
«...Вось толькі кепска, што сталі гаварыць па беларуску і часам такое слоўца ўлупяць, што хоць пад зямлю праваліся». А потым быў страшны і трагічны кастрычнік 1896 года, калі пасля нараджэння сястрычкі Максіма, Ніны, у маці пачаліся сухоты – хуткацечны туберкулёз, у выніку – смерць. Маленькі Максім вельмі пакутліва перанёс смерць мамы. Ён быў яе любімцам, «пестунком». Пазней бацька прыгадваў, што Максім у дзяцінстве быў «маленькім падабенствам маці».
У канцы 1896 года Адама Ягоравіча перавялі па службе ў Ніжні Ноўгарад. У бацькі было не простае сямейнае жыццё, шмат выпрабаванняў. Але пра сыноў сваіх не забываў ніколі. У яго была вялікая бібліятэка, ён старанна рыхтаваў хлопцаў да паступлення ў гімназію. Максім заўсёды прызнаваў выключнае значэнне для себе бацькоўскага выхавання, бацькоўскага ўплыву. Цытата:
«Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу… Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры…».
Максім ад самага дзяцінства быў надзвычай упарты ды не надта дысцыплінаваным. Але мог ператрываць любую боль. Пераадолець сябе. Дазволім сабе адзін, але вельмі красамоўны прыклад. У сваіх успамінах яго бацька прыгадваў. Цытата:
«...у 1897 г. з Максімам здарылася маленькая катастрофа: ён адсек сабе зубамі кончык языка. Бегаў ..., паслізнуўся і ўпаў, стукнуўшыся барадой аб падлогу, кончык языка павіс. Поўны рот крыві. ...Хірург стаў прышываць ... Ні гуку, ні стогну. ...праз тыдзень ...кончык прырос, а нітку Максім з’еў».
З 1902 па 1908 года ён вучыцца ў Ніжагародскай гімназіі, тут захапляецца анархізмам ды паралельна здабывае праз свой радыкалізм таўро «недабранадзейнага вучня», што і было прапісана ў яго атэстаце. Неўзабаве анархісцкі запал прайшоў, як і захапленне гэтай ідэалогіяй увогуле. Менавіта ў гімназіі ён пачынае пісаць свае першыя вершы (самы першы верш датаваны 1907 годам), пачынае цікавіцца беларусікай, вывучае беларускую мову, прагна чытае беларускую літаратуру.
Ён падпісаны на газеты «Наша доля» і «Наша Ніва». З лета 1908 года Багдановічы пераехалі ў Яраслаўль, дзе Максім працягваў сваё навучанне ў гімназіі. Максім вывучае лаціну, грэчаскую, італьянскую, французскую, нямецкую мовы. У тым жа 1908 годзе з Максімам здараецца няшчасце – ён захварэў, як і маці, на сухоты. Бацька вязе сына ў Крым, на лячэнне. Гэта адразу ў лепшы бок паўплывала на яго здароўе.
У 1911 годзе малады паэт наведаў Вільню – тады цэнтр высокай беларушчыны, сталіцу нашай культуры і нашай зямлі. Ён тут пазнаёміўся з многімі выдатнымі дзеячамі нашай культуры – Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімахам-Шыпілам. У 1911 годзе Максім паступае, а ў 1916 годзе скончвае Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Яму зусім не хацелася займацца юрыспрудэнцыяй.
Ён марыў пра Санкт-Пецярбургскі універсітэт, хацеў працаваць над дысертацыяй па гісторыі беларускай мовы пад кіраўніцтвам акадэміка Шахматава. Але… Бацька лічыў іначай. І прымусіў сына атрымаць адукацыю, якая павінна была гарантаваць яму сталы кавалак хлеба і адпаведны статус. Быў і яшчэ адзін аргумент – сыры клімат сталіцы, а значыць гарантавана паскораная смерць юнака. Ды і бацька ашчаджаў грошы на навучанне ў універсітэце малодшага сына – Льва, надзвычай таленавітага матэматыка.
У 1915 годзе Максім едзе на паўторнае лячэнне, у Крым. Але жыць яму заставалася вельмі мала. Потым будзе Мінск, абвастрэнне хваробы, выезд у Ялту. Менавіта ў Ялце, 25 мая 1917 года, спынілася сэрца 25-гадовага юнака, а яго тэксты, яго паэзія і яго проза, стануць канонам нацыянальнай беларушчыны, нязломным мурам на шляху тых выспяткаў Госпада Бога, якія марылі знішчыць нашу, Богам і самабытнай гісторыяй дадзеную, нацыянальную душу.
У чым важнасць Багдановіча для нас, не толькі як паэта, але і як ідэолага беларускага нацыянальнага руху? Паэзія Максіма Кніжніка, юнака, якому было наканавана лёсам, пражыць толькі 25 год, стаіць поруч з прыгожым пісьменствам высокіх літаратураў іншых еўрапейскіх народаў. Народаў, мова якіх была мовай культуры і дзяржавы. А Максім, на хвіліначку, пісаў тады на «мужыцкім дыялекце».
Беларушчына была падчаркай на сваёй зямлі. Яна заставалася штодзённым словам простага сялянскага люду, ды злятала з вуснаў беларускай інтылігенцыі, якая падымала яе, як штандар, як сімвал волі і самабытнасці нашай нацыі… Тады, у часы Расійскай імперыі ёй увогуле адмаўлялі ў праве на самастойнасць. Над ёй здекваўся панскі польскамоўны двор і велікарускі прыбыш чыноўнік. І паланізатары і «обрусітелі» аднолькава аплёўвалі і зневажалі яе тады, утоптвалі ў бруд.
Адказ Максіма Багдановіча і сёння варта паслухаць усім, у тым ліку і тым заалагічным шавіністам любога нацыянальнага разліву, якія паталагічна ненавідзяць беларускае слова, беларускую мову і наш народ. Цытата:
«За беларускай мовай не хочуць прызнаць самастойнасці і самабытнасці. Не хочуць пагадзіцца з думкай, што на гэтай мове можна выказаць усе рухі чалавечай душы і даць любую літаратурную форму. Я сваёй кніжачкай хацеў паказаць, што ўсё гэта магчыма. А для гэтага трэба было беларускую мову паставіць побач з еўрапейскімі мовамі».
І ён гэта зрабіў. Выданнем несмяротнага «Вянка»! Зрабіў феерычна і бліскуча. Яго вершы – узор выкшталцонай дасканаласці. Недасягальныя ў сваім харастве, вытанчаныя. Беларуская мова, дзякуючы Багдановічу, сталася неўміручай. Яна жыве і будзе жыць у вечнасці. І прамаўляць пра наш нацыянальны космас, нашу душу, пра усе чалавечыя праблемы, якія хвалюць людзей незалежна ад іх нацыянальнасці і расы.
Максім пісаў пра вечныя тэмы для Чалавецтва. Пра праблему выбару, каханне, жыццё і смерць. Ён ажывіў беларускую міфалогію і фальклорную традыцыю. Паклікаў да жыцця і наблізіў да беларускага чалавека яго велічную старажытную спадчыну. Старасвецкія старабеларускія апокрыфы і казкі зазіхцелі яшчэ больш дасканалым ззяннем, аздобленыя дыяментамі моўных формаў, словаў беларускай мовы. Мовы і словаў Максіма Багдановіча. Мовы нашай душы. Мовы нашага сэрца.
Выкарыстоўваючы словы Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага нацыянальная ідэя Максіма Багдановіча выразна носіць характар усялюдскасці і ўсяеўрапейскасці. Беларускі народ для Максіма Багдановіча – носьбіт спрадвечных старажытнаславянскіх сэнсаў, народ, выток і корань якога ў усходнеславянскім адзінстве, у мінулым Старажытнай Русі.
З другога боку, у адрозненне ад Вялікаросіі, беларуская гісторыя, гэта гісторыя усходнеславянскага народа, які зазнаў моцны уплыў заходнееўрапейскай культуры. У Беларусі было магдэбургскае права, рэнесансная культура, характэрная для эліты і гараджанаў, бурна развівалася кнідадрукаванне і адукацыя ў характэрных еўрапейскіх формах.
Выказванні М. Багдановіча могуць выклікаць шок у вузкалобага беларускага этнічнага нацыяналіста. Бо Максім Багдановіч цудоўна ведаў і усведамляў надзвычай выразна, што ўсходнеславянскае адзінства безумоўна існавала. Усе самастойныя ўсходнеславянскія народы ён называе «рускімі», выкарыстоўваючы гэты этнонім як сінонім слова «ўсходнеславянскія». Вось як пра гэта пісаў сам Максім Багдановіч. Цытата:
«Рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню, але шмат часу жылі паасобку, і так сталася з іх тры розныя рускія народы; у кожнага – сваё найменне, свая гаворка, свае звычаі, свае песні, свая вопратка. Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі, завецца ён велікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца украінскім. Мы – трэці народ рускага кораню, завёмся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь. Ёсць паміж нас праваслаўныя, ёсць і каталікі, але народ з нас адзін, бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песні, адна вопратка, адзін лад жыцця».
Максім Багдановіч марыў аб аб’яднаным у любові і сацыяльнай салідарнасці чалавецтве, якое не будзе пры дапомозе зброі і калючага дроту ўзводзіць межы і граніцы. Не будзе дзяліць людзей на лепшых і горшых. Не будзе здеквацца са слабых і нажывацца на горы збяднелых братоў. Свет без галечы. Свет сацыяльнай дзяржавы. Свет без вайны і хцівасці. Наш, Беларускі Свет! Свет, які мы будуем сёння, увасобіўшы яго ў нашых законах, нашай Канстытуцыі, у нашай штодзённасці.
Максім Багдановіч – то сімвал нашай высокай паэзіі, унікальнасці нашага нацыянальнага шляху, нашага, беларускага, ладу жыцця, сімвал нашай, беларускай вечнасці!