Чаму слуцкі пояс лiчыцца сімвалам адраджэння беларускага мастацтва? Растлумачыў Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Марзалюк ИгорьІгар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння размова пойдзе аб славутай беларускай рэліквіі, беларускім сімвале, які ведае кожны беларус – аб слуцкім поясе. Пачнем!
Крыж Еўфрасінні Полацкай, Статут ВКЛ 1588 года, слуцкі пояс – вось што звычайна абавязкова прыгадваецца, калі размова ідзе аб гісторыі Беларусі эпохі Сярэднявечча і Ранняга Новага Часу. Слуцкі пояс – гэта не толькі мінулае, але і сучаснае. Адроджаная тэхналогія па іх вырабу робіць яго і сучасным мастацкім брэндам Беларусі.
Як усё пачыналася? Усё пачыналася з так званай сармацкай моды. Згодна панаваўшай у Рэчы Паспалітай ідэалогіі, уся шляхта той дзяржавы, незалежна ад таго ці яны з Кароны (з Польшчы), ці з ВКЛ, паходзіць ад ваяўнічых сарматаў, якія калісьці заваявалі ўсе гэтыя землі. Сармацкі міф нарадзіў і сармацкую моду ў шляхецкім асяроддзі. Гэта значыць моду арыентаваную на ўсходнія ўзоры, найперш турэцкія, але не заходнееўрапейскія.
Важнейшым элементам такога мужчынскага адзення быў дарагі, шырокі пояс. Такія паясы прывозілі з усходніх краін. Гандаль паясамі ішоў праз Заходнюю Украіну – Галіцыю, якая з даўніх часоў вяла гандаль з Усходам. Купцамі былі галоўным чынам армяне, якія яшчэ ў XIV ст. пасяліліся ў Галіцыі, а таксама часткова туркі і грэкі. Стамбул (Канстанцінопаль) і Львоў сталі галоўнымі цэнтрамі гандлю.
 Найбольш раннімі фабрыкамі, якія выпускалі ўсходнія тканыя паясы былі фабрыкі армян Якуба Пятровіча ў Стамбуле і Яна Маркановіча ў Львове. Паясы, расшытыя залатымі ніткамі былі сімвалам багацця, сімвалам статуса іх уладара, неад’емным элементам параднага шляхецкага касцюма. Такія паясы звычайна называлі персідскімі.

Марзалюк Игорь
Але ў XVIII стагоддзі адбываецца своеасаблівае імпартазамяшчэнне – у слаўным горадзе Слуцку ўзнікае ўласная персіярня. Дзеля аб’ектыўнасці скажам, што першая персіярня ўзнікла ў Нясвіжы, але князь Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька ў 50-х гадах XVIII стагоддзя загадаў перанесці персіярню ў Слуцк. Але лічыцца, што тып пояса, які набыў азначэнне «слуцкі», склаўся першапачаткова ў Нясвіжы.
 Кіраўніком слуцкай персіярні быў запрошаны знакаміты майстар Ян Маджарскі, ці больш правільна – Аванэс Маджаранц, армянін, які да гэтага працаваў у сталіцы асманскай імперыі – Стамбуле (былым Канстанцінопалю) і Станіславе (зараз горад ІванаФранківск у Заходняй Украіне). З 1777 па 1807 год мануфактурай у Слуцку кіраваў яго сын, Лявон. Такім чынам, заснавальнікамі традыцыі, першымі настаўнікамі, якія вучылі беларускіх ткачоў рабіць слуцкія паясы – былі армяне.
Спынімся на гэтым сюжэце больш падрабязна. У 1757 годзе нясвіжскі князь Міхал Казімір Радзівіл (Рыбанька) накіроўвае мясцовых майстроў Іосіфа Барсук, Тамаша Хаецкага і Яна Гадоўскага на вучобу ў Станіслаў, у Галіцыю. Там нашы хлопцы засвоілі вопыт гэтай мануфактуры ды прывезлі «персідскія, стамбульскія і кітайскія» станкі. Акрамя таго яны па даручэнню Радзівіла запрасілі армянскага майстра Яна Маджарскага пераехаць у Слуцк. І той пагадзіўся. Напрыканцы 1757 г. Ян Маджарскі быў ужо на месцы. З ім быў падпісаны кантракт, згодна з якім Ян Маджарскі павінен быў
«Пасы рабіць з квятамі, фігуратыўнымі выявамі, манаграмамі, золатам, серабром, шоўкам паводле пададзенага абрысу (рысунку взору)». 
Кантрактам Маджарскаму прадпісвалася навучаць «рабоце персідскай» іншых рамеснікаў.
 Звернем увагу на такую важную акалічнасць, як згадка ў кантракце «кнігі взораў», на аснове якіх павінны былі ткацца вырабы. Гэта азначае, што мастацкая стылістыка слуцкіх паясоў ужо была распрацавана мясцовымі мастакамі да прыезда ў Слуцк Яна Маджарскага. Акрамя таго, нясвіжскія рэестры сведчаць аб вырабе «перскіх пасаў» у Нясвіжы яшчэ да 1743 г., у той самы час калі ўзнікла персіярня ў Заходняй Украіне, у Станіславе (1740-1742).

Марзалюк Игорь
 Ведамасці выдаткаў Нясвіжскай фабрыкі і рэестры прададзеных ёю за 1757-1760 гг. паясоў даюць уяўленне аб іх агульным выглядзе, структура і каларыт якіх пазней праявіліся ў слуцкіх паясах. Так што важнейшыя структурныя кампаненты, якія ляглі ў аснову слуцкага пояса, узніклі на роднай глебе. Іншая справа, што ў перыяд 1760-1778 г. адбылося завяршэнне фарміравання тыпу «слуцкага пояса» і роля ў гэтым працэсе Яна Маджарскага бясспрэчная.
На слуцкай мануфактуры працавала да 55 ткачоў – усе, без вынятку, мужчыны. Акрамя гэтага прыкладна столькі ж налічвалася чаляднікаў і прадзільшчыц. Станкоў у розны час было ад 20 да 25. На іх, штогод выпускалі каля 200 паясоў. Надзвычай вытанчаных, выкшталцоных, кожны з якіх быў сапраўдным узорам мастацтва.
 Слава пра слуцкія паясы грымела па ўсёй Рэчы Паспалітай і нават за яе межамі. Слуцкія паясы пачынаюць капіяваць і падрабляць. Іх капіравалі на іншых мануфактурах – у Гродна, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове. У Польшчы – у Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску. Ды што там – нават у французскім Ліёне, нават у Аўстрыі іх капіравалі і падраблялі выбіваючы знак «Мяне зрабіў Слуцк». Але то не былі сапраўдныя слуцкія паясы. Яны адрозніваліся і якасцю, і тэхнікай…

Марзалюк Игорь
Мастацтвазнаўцы падлічылі – сёння ў свеце захоўваецца каля тысячы слуцкіх паясоў. На жаль большасць з гэтых дзівосных вырабаў захоўваюцца далёка за межамі Беларусі, як у прыватных, так і дзяржаўных музейных калекцыях. Самыя вялікія зборы ў музеях Польшчы (Варшава, Кракаў Познань, Гданьск), Украіны (Кіеў, Львоў), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург), Літвы (Вільня, Каўнас).
Ёсць слуцкія паясы і ў беларускіх музеях. У музейных сборах Беларусі захоўваюцца 11 слуцкіх паясоў, а таксама іх шматлікія фрагменты. Як жа выглядае слуцкі пояс? Гэта шыкоўная доўгая тканіна даўжынёй да 3,5 – 4 метраў. Яе складвалі ўдвая, альбо скручвалі і павязвалі паверх кунтуша. Кунтуш – гэта верхняе мужчынскае шляхецкае адзенне. Асаблівасць кунтушу – разрэзаныя рукавы, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы.
Слуцкія паясы рабілі адна-, двух-, трох-, чатырохбаковымі. Кожны з бакоў пояса выкарыстоўваўся ў залежнасці ад сітуацыі і колераў адзення гаспадара. Пад час урачыстасцяў, на свята, пояс павязвалі наверх залатой, чырвонай часткай, у выпадку смерці блізкага чалавека пад час жалобы, выкарыстоўвалі чорны бок. Штодня – зялёны і шэры.
 Слуцкі пояс дзеліцца на тры часткі. Два прамавугольныя канцы і асноўная частка. Яна называецца «сярэднік». На «канцах» вытканы ўзоры кветак, лістота, сцябліны раслін, закампанаваныя ў медальны разнастайных формаў. Асноўная частка аздаблялася папярочнымі палосамі з арнаментам – «лускавым» (падобны на рыбіну луску) або ўзорам у «гарошак». Бакі пояса аздабляліся раслінным арнаментам, як і канцы. Канцы былі аздоблены акрамя арнамента яшчэ і махрой.

Марзалюк Игорь
 Слуцкі пояс – то заўсёды натуральныя, шаўковыя ніткі. Ніткі ў сваю чаргу дзяліліся на звычайныя і абкручаныя срэбным ды залатым дротам. Такі пояс, з скарыстаннем каштоўных металаў, называўся «літым». Пасля пракаткі праз спецыяльны вал, ён набываў гладкасць і шыкоўна блішчэў. На кожным слуцкім поясе майстры ставілі сваі брэндавыя, так бы мовіць «лэйблы» – асаблівыя меткі – лацініцай ці кірыліцай: «Слуцк», «Мяне зрабіў Слуцк», «В ГРАДЕ СЛУЦКЕ».
Нагадаем, што адзін сапраўдны, літы, слуцкі пояс змяшчаў у сабе да 200 грамаў золата. Кошт аднаго такога выраба раўняўся кошту некалькіх пародзістых коняў, альбо кошту невялікага маёнтка. Вось так… Унікальная калекцыя слуцкіх паясоў захоўвалася ў Нясвіжскім замку. У 1939 годзе яна была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю Беларусі. У часы вайны тая калекцыя слуцкіх паясоў незваротна знікла…
Калі вы едзеце ўздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску, то звярніце абавязкова свой погляд на ліхтарныя слупы. Прыгледзьцеся і вы пабачыце, што ўзоры на іх створаны па матывах слуцкага пояса. Яны створаны па праекце даваеннага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі Мікалая Міхалапа.
У незалежнай Беларусі адбылося адраджэнне нашага старажытнага брэнда. Па даручэнні Прэзідэнта ў Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012-2015 гады.
У нашым, старадаўнім Слуцку ў 2012 – 2013 гадах на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў Беларусі была арганізавана вытворчасць копій, аналагаў слуцкіх паясоў сувеніраў з іх матывамі. У выніку вывучэння сакрэтаў старажытнай тэхналогіі, супольна з навукоўцамі НАН Беларусі, на прадпрыемстве аднавілі ўнікальную старасвецкую тэхналогію.

Марзалюк Игорь
Першы адроджаны слуцкі пояс – поўная копія арыгінальнага гістарычнага шэдэўра – быў урачыста ўручаны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. Цяпер ён захоўваецца ў Палацы Незалежнасці.
Сучасныя слуцкія ткачы, годныя нашчадкі сваіх папярэднікаў, пры вырабе слуцкіх паясоў выкарыстоўваюць толькі натуральны шоўк, ніткі з золатам і срэбрам. Падкрэслім – аналагам гэтым вырабам у сучасным свеце проста няма. На прадпрыемстве «Слуцкія паясы» працуе музей, дзе вас пазнаёмяць з тэхналогіяй вырабу слуцкага пояса. Вы зможаце паназіраць, як ствараюцца шэдэўры зямлі беларускай, набыць тут сувеніры.
Слуцкі пояс – то сімвал мастацкай самабытнасці Беларусі, сімвал, які яднае нашу мастацкую традыцыю з традыцыямі іншых краін рэгіёну Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
Слуцкі пояс, яго адраджэнне ў сучаснай незалежнай беларускай дзяржаве, то надзвычай яскравы сімвал адраджэння беларускага мастацкага генія, сімвал беларускага духа, сімвал нашай, беларускай вечнасці!

Беларусь.Новости