Марзалюк: вечавыя традыцыі нашых княстваў, то традыцыі нашага народапраўства

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння размова пойдзе аб сімвале беларускага народапраўства. Сімвале, без якога немагчыма ўсвядоміць і асэнсаваць і сучасную беларускую палітычную традыцыю. У тым ліку такі дзяржаўны інстытут, як Усебеларускі народны сход. Таму сёння будзем гаварыць пра традыцыі веча ў гісторыі нашай краіны і нашага народа. Пачнем!

Што ж такое веча? Што хаваецца за гэтым словам? “Веча” (літаральна – “нарада”, “народны сход”). Вечам звычайна называюць сходы гарадскога насельніцтва ў эпоху Старажытнай Русі. Але гэты інстытут мае даўнія вытокі і традыцыі ў агульнай славянскай мінуўшчыне. Першапачатковае веча ў славян, у яшчэ да дзяржаўны перыяд – то сход племені. Падкрэслім, усіх дарослых, правадзейных жанатых мужчын племені, а не каго-небудзь іншага. 

Права выбару і права голаса, як лічылі продкі, мае толькі той, хто мае ўласнасць і сям’ю, а значыць і адказны за свае ўчынкі, бо яму ёсць што страчваць, каго бараніць. Такія “вечы” у славян, як сведчыць гісторык VI ст. Пракопій Кесарыйскі, існавалі ўжо ў той час. Яны, славяне, сцвярджаў гісторык, “з старажытных часоў жывуць у народапраўстве; шчаслівыя і няшчасныя выпадкі склікаюць іх у агульны сход” .

Ішоў час. Паўставалі дзяржавы-княствы, узнікалі гарады. Веча пачынае праводзіцца ў галоўным горадзе зямлі-княства, яго сталіцы. Дарэчы, менавіта сталіца княства ў летапісах называецца ўласна горадам, а іншыя, залежныя, меншыя па памерах і значнасці гарадскія цэнтры, мянуюцца “прыгарадамі”. У галоўны горад, на веча, збіраліся “лепшыя людзі зямлі”. Гэта значыць “старцы градскія” ці “старцы людскія”, “мужы”, “мужы-палачане”.

Менавіта гэтыя людзі, разам з баярамі-дружыннікамі, як пішацца ў летапісах, “трымаюць зямлю”. Гэта выбарныя, самыя ўплывовыя прадстаўнікі абшчын – старажытная радавая арыстакратыя, уплывовая купецкая і рамесніцкая верхавіна. Правам прадстаўляць іншых яны валодалі ў сілу свайго аўтарытэту. Іх вылучалі і абіралі іншыя “людзі” – гэта значыць дарослыя грамадзяне-абшчыннікі. Іх голас гучаў поруч з княжымі-баярамі. Яны, “старцы” і “лепшыя мужы”, вызначаюць і зацвярджаюць, разам з епіскапамі, падаткі, а таксама важнейшыя траты, у тым ліку вайсковыя. І без іх парады ды без іх ухвалы князь нешта траціць самачынна, абсалютна па сваёй волі, не мог… 

 Як жа выглядала гэтая сістэма вечавога народапраўства ў часы Полацкай і Тураўскай зямлі, у XI – XIII стагоддзях?  Схема выглядала наступным чынам. Кожны з невялікіх гарадскіх цэнтраў, з’яўляўся адначасна цэнтрам той ці іншай тэрытарыяльнай абшчыны, тых вясковых паселішчаў якія шчыльна былі звязаны з сваім “градам” сацыяльна-эканамічна і палітычна.     

У сваю чаргу, кожная такая абшчына была злучана ў адной галоўнай гарадской абшчыне – старэйшага горада, гэта значыць сталіцы, Полацкай, Смаленскай, Тураўскай зямлі-княства. Выразнікам інтарэсаў усёй зямлі і было веча старэйшага горада. Падкрэслім, на гэта галоўнае веча, збіраліся ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ўсіх валасцей зямлі-княства. Рашэнне веча зямлі было канчатковым і вызначальным для ўсёй зямлі. Прыгадаем запіс змешчаны пад 1176 годам у Лаўрэнцьеўскім летапісу. Цытата:

«Новгородци бо изначала, и Смолняне, и Кыяне, и Полочане, и вся власти, якоже на думу, на веча сходятся: на что же старейшии сдумають, на томъ же пригороди стануть».

Такім чынам, галоўны горад зямлі, напрыклад, Полацк, гэта і ёсць галоўны прадстаўнік усяго княства. Веча ж Полацка набывае форму народнага сходу грамадзянаў усёй зямлі-княства. Таму пад “палачанамі”, ці “смалнянамі”, ці “кыянамі” гісторыкі разумеюць не толькі жыхароў аднаго горада, але і ўсёй зямлі. Полацкай, Смаленскай, Кіеўскай ці Тураўскай адпаведна. 

Таму галоўнае веча ў сталіцы яшчэ і называлі агульназемскім. Калі таго патрабавала сітуацыя, то маглі быць, кажучы, так бы мовіць, сучаснай мовай, выязныя сесіі – веча магло сабрацца не толькі ў Полацку, але і ў якім-небудзь меншым горадзе Полацкай зямлі, у так званым “прыгарадзе”. Так было, напрыклад, у 1159 годзе ў Друцку, калі “усе палачане” прымалі там новага князя. 

 Веча захоўвала за сабой функцыі вышэйшага кіравання: пакліканне і выгнанне князёў, заключэнне з апошнімі дамовы “ряда”, кантроль над іх кіраваннем, вышэйшы суд, пытанні вайны і міра, міжнародныя дамовы, заканадаўства. А пасля гэтых слоў задумайцеся. Вазьміце ў рукі нашу беларускую Канстытуцыю і звярніце ўвагу на тыя функцыі, якія мусіць выконваць Усебеларускі народны сход. Падабенства відавочнае і надзвычай яскравае, якое сведчыць аб пераемнасці з той даўняй, спрадвечна нашай, традыцыяй.

Але падабенства на гэтым не скончваецца. Веча не займалася ніякімі цякучымі пытаннямі заканадаўства, суда і кіравання. Для гэтага існаваў князь, княская адміністрацыя, самакіраванне гарадскіх і мясцовых сельскіх абшчын. Справа веча – стратэгія, а не дробная тактыка! 

 Веча збіралася заўсёды для вырашэння лёсаносных падзей, у асабліва важных выпадках. Пры гэтым веча магло быць склікана альбо па ініцыятыве князя, альбо сабрацца па закліку грамадзянаў. Якія ж справы выклікалі аператыўнае скліканне веча? Гэта тыя пытанні, якія ў прынцыпе без веча не маглі быць вырашаны, а таксама такія, дзе ўдзел веча патрабаваўся ў выпадках экстраардынарных, звязаных з пагрозай існавання дзяржаўнасці і сацыяльнай стабільнасці ўнутры грамадства.  

 Без веча немагчыма была легітымная княская ўлада. Менавіта пакліканне і выгнанне князя – то выключная кампетэнцыя веча. Таксама да гэтага разраду рашэнняў адносяцца і пытанні вайны і міру. Без веча князь не меў права ні абвесціць вайну, ні яе спыніць. Абмяжоўваючы ўладу князя веча пры гэтым, яе не знішчала. Князь меў шырокія паўнамоцтвы. Ён камандаваў войскам, меў уласную дружыну, вяршыў суд, узначальваў выканаўчую ўладу.

Прызванне, пакліканне князя вечам, гэта адмысловы рытуал, пра які мы ўжо казалі ў папярэдніх перадачах. Таму толькі нагадаем самае істотнае. Прызваны вечам князь заключаў дамову з падданымі. Яна называлася “ряд”. У гэтай дамове пералічваліся правы і абавязкі старон. З аднаго боку князя, з другога – усёй зямлі, усіх свабодных уласнікаў-грамадзянаў. Завяршалася гэта працэдура ўзаемнай клятвай і крыжацалаваннем. 

 Побач з гэтай галоўнай функцыяй знаходзіцца і другая функцыя веча – улада над народным апалчэннем. Усеагульная мабілізацыя правадзейных мужчын праводзілася не іначай, як па рашэнню веча. У князя ёсць дружына. А ў веча – узброены народ. Свабодныя абшчыннікі, рамеснікі, купцы і гандляры. Пытанні вайны і міру – гэта выключна пытанні веча. Веча магло прымусіць князя заключыць мір, нават калі таму карцела яшчэ паваяваць і наадварот, адмовіць у міры, калі лічыла, што гэта пярэчыць інтарэсам княства кажучы: «Аще ты миръ даси ему, но мы ему не дамы». 

 У астатніх выпадках веча выступае ў выпадку крызісных сітуацый. Яно магло ўладна і жорстка ўмяшацца ў княжае кіраванне, калі князь парушаў закон, прынятыя на сябе абавязкі, як гарант захавання стабільнасці і правапарадку ў зямлі. У Полацку ў XII стагоддзі менавіта веча самастойна мяняла сваіх князёў. Як сведчаць летапісы, адной з уплывовых вечавых полацкіх партый была купецкая «братьщина», гэта значыць брацтва (аб’яднанне) полацкіх купцоў, якая выступала ініцыятарам змены аднаго князя на другога.

Веча без ваганняў магло выгнаць князя з пасады, замяніць яго на іншага, а былі выпадкі, калі кар’ера занадта прагнага ўладара завяршалася смерцю, ад рукі раз’юшаных прадстаўнікоў веча. Што праўда, забойства князя, то выключныя, адзінкавыя, выпадкі ў гісторыі таго часу. Веча магло судзіць і караць людзей, якія з яго пункту гледжання сталі пагрозай для краіны, веча магло само, альбо па ініцыятыве ўласнага князя ўмешвацца ў палітыку князёў, прымаць лёсавызначальныя рашэнні ў знешняй палітыцы.   

 Асабліва важную ролю, паўторымся, набывала веча ў выпадку крызісных сітуацый у лёсе дзяржавы, калі неабходна было бараніць яе суверэнітэт, змагацца за палітычную самастойнасць, за сваё годнае існаванне. Прыгадаем. 1129 год. Вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч ажыццявіў пераможны вайсковы паход на нашу Полацкую зямлю. У выніку ён захапіў у палон ды выслаў у Візантыю ўсю дынастыю полацкіх князёў. Разам з сем’ямі. З жонкамі, з дзецьмі… Навязаў палачанам нелігітымную ўладу. 

 Але ўжо ў 1132 годзе палачане паўсталі, выгналі кіеўскіх прыбышаў ды абралі на вечы сваім князем Васільку, прадстаўніка мясцовай, полацкай дынастыі Ізяслававічаў-Рагвалодавічаў, які на той момант вярнуўся з далёкай грэчаскай высылкі на родную крывіцкую зямлю. Калектыўны розум, вернасць уласнай традыцыі, дазволілі палачанам вярнуць сваю ўласную княскую ўладу, аднавіць легітымную дзяржаўнасць, пазбавіцца ад чужынскай апекі.

Увогуле менавіта веча грала выключную ролю па захаванню палітычнай стабільнасці ў Полацкай зямлі пад час княскіх міжусобных войнаў. Па просту кажучы – хто папала на полацкі трон патрапіць не мог. Палачане лічылі – чым нікчэмны, лядашчы князь, дык лепш зусім без князя. 1180 год. Памірае князь Усяслаў Васількавіч. Князь надзвычай шанаваны і любімы суграмадзянамі – вольнымі палачанамі. Палачане пасля яго смерці не бачылі фігуры сярод кандыдатаў-прэтэндэнтаў роўным яму па здольнасцям. Таму і не сталі абіраць сабе адразу новага князя. 

 На веча быў сфармаваны ўрад з 30 “старцаў” – найбольш уплывовых і аўтарытэтных прадстаўнікоў Полацкай зямлі. Гэта быў калектыўны розум, калектыўны орган выканаўчай улады. Што праўда, ён быў часовым органам, з цягам часу у Полацку з’явіўся новы князь. Той, якога яны палічылі якасным, здольным, дзяржаўным лідарам! Натуральна, што ўсё адбылося па ўзгадненню з полацкім вечам, па волі палачан. 

 Такім чынам, вышэйшыя пытанні палітыкі, грамадскага жыцця і палітычнага ладу – то пытанні, якія былі ў руках калектыўнага розума княства – веча. Веча, паўторымся, складалася з лепшых людзей княства, “залатых паясоў”, як іх яшчэ называлі. І яны неслі вышэйшую адказнасць перад абраўшымі іх свабоднымі суграмадзянамі зямлі. Як тут не спакусіцца і не правесці паралель з Усебеларускім народным Сходам – нашым усебеларускім народным сучасным вечам. Калектыўным розумам Рэспублікі, які мусіць стаяць на варце нацыянальных інтарэсаў, вызначаць стратэгію развіцця нашай краіны, легітымнасць усіх галінаў улады. 

 Сучасная беларуская традыцыя народапраўства грунтуецца на нашай даўняй вечавой традыцыі. Вечавыя традыцыі нашых княстваў, то безумоўна традыцыі нашага народапраўства, сімвал нашай беларускай вечнасці!

Беларусь.Новости