Марзалюк: Яўхім Фёдаравіч Карскі – наш акадэмік № 1

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра волата беларускага духа, сімвала беларушчаны, чалавека, адрадзіўшага гісторыю беларускага слова, – пра акадэміка Яўхіма Карскага. Пачнем!

Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861—1931) – філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт 1901), правадзейны член Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929).

Нарадзіўся гэты вялікі чалавек ў вёсцы Лаша, Гродзенскага павету (сёння Гродзенскі раён) у праваслаўнай шляхецкай беларускай сям’і, што давала падставы Яўхіму Фёдаравічу з гонарам называць сябе «прыродным беларусам».

Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Мінскай духоўнай семінарыі, дзе вучыўся 10 гадоў. Пасля заканчэння, у 1881–1885 гадах, Карскі займаецца ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі. Там, пад кіраўніцтвам прафесара Р. Ф. Бранта, ён напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы – «Обзор звуков и форм белорусской речи». Пасля заканчэння інстытута да 1893 года Карскі выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі.

Карскі

Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Мінскай духоўнай семінарыі, дзе вучыўся 10 гадоў. Пасля заканчэння, у 1881–1885 гадах, Карскі займаецца ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі. Там, пад кіраўніцтвам прафесара Р. Ф. Бранта, ён напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы – «Обзор звуков и форм белорусской речи». Пасля заканчэння інстытута да 1893 года Карскі выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі.

У кастрычніку 1893 года у Кіеўскім універсітэце вучоны абараніў магістарскую дысертацыю «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» – першую ў гісторыі дысертацыю па беларускаму мовазнаўству. За даследаванне беларускай мовы Яўхіму Карскаму прысудзілі вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці. Са студзеня 1893 года ён працаваў ў Варшаўскім універсітэце. На пасадах спачатку экстраардынарнага прафесара, потым загадчыка кафедры рускай і царкоўнаславянскай мовы і гісторыі рускай літаратуры. 14 лютага 1897-га стаў ардынарным прафесарам. З 1902 года – ён ужо дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, а ў 1905-1910 гадах – рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908 гады).

За працы ў беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе за даследаванне «Заходнерускія пераклады псалтыра ў XV— XVII стагоддзях» савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень доктара філалогіі. Ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнага пісьменства (1898 год). У 1901 годзе за працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская АН узнагародзіла яго малой Ламаносаўскай прэміяй.

Палеаграфія

У 1905 годзе ён узначаліў найбольш буйны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – «Русский филологический вестник», дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе стаў першым выбраным рэктарам Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта. У 1908 годзе пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 годзе адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра Касо.

У 1915-1916 гадах працаваў у Растове-на Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі ўніверсітэт, а пасля выбрання правадзейным членам Акадэміі навук (1916 год) пераехаў у Петраград. У 1917 годзе стаў парфесарам Петраградскага ўніверсітэта. Потым жыў у Мінску, дзе яго застала польская акупацыя. У снежні 1919 года пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму ўніверсітэту.

Асобна трэба адзначыць уклад Яўхіма Карскага ў арганізацыю навукі ў Беларусі і развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён склаў праграму вывучэння беларускай мовы, супрацоўнічаў з П. Шэйнам, М. Нікіфароўскім, Е. Раманавым. Яўхім Фёдарвіч Карскі – аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры ў беларускім перыядычным друку.

Карскі

Ён падтрымліваў першыя беларускія выданні і выдавецтвы, «Нашу ніву», Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Сябраваў з выдатнымі пісьменнікамі і вучонымі Белурусі, якія стаялі каля вытокаў нацыянальнай ідэі: Янкам Купалам, Якубам Коласам, М. Гарэцкім, С. Некрашэвічам, І. Замоціным, Я. Хлябцэвічам, М. Шчакаціхіным.

Ён быў бліскучым вучоным. Яго пяру належаць такія грунтоўныя даследаванні як «Славянская кірылаўская палеаграфія», «Руская праўда» паводле старажытнага спісу ды шэраг іншых. Самай вядомай навуковай працай ў спадчыне Я. Ф. Карскага стала шматтомнае даследаванне «Беларусы» (т.1-3, 1903-22, у 7 вып.) — вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства. На працягу 48 гадоў навуковай дзейнасці Яўхіма Карскім было напісана звыш 96 кніг, 149 артыкулаў і 777 водгукаў, анатацый, крытыка-бібліяграфічных артыкулаў. Усяго напісана акадэмікам Карскім 1 016 прац.

Наогул, такіх грунтоўных даследаванняў у галіне вывучэння славянскіх народаў, якія здейсніў Яўхім Карскі, яшчэ не было. Карскі паказаў, што беларуская мова роўная сярод іншых славянскіх моў, мае свае адметныя рысы і гісторыю развіцця. Для таго часу такая заява была рэвалюцыйнай.

Кніга Карскага

У выніку шматлікіх экспедыцый (па падліках навукоўцаў, Карскі пабываў больш чым у 100 пунктах) былі створаны дзве карты, якія ён змясціў у першым томе «Беларусаў» – «Этнаграфічная карта беларускага племені» і «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі». На другой адлюстравана тэрыторыя пашырэння разнастайных фанетычных з'яў беларускай мовы і зроблена класіфікацыя беларускіх дыялектаў. З гэтага пачалася новая галіна ў беларускім мовазнаўстве – лінгвагеаграфія.

Пытанням беларускага мовазнаўства вучоны аддаў амаль паўстагоддзя. Кожны тэзіс ён падмацоўваў фактамі, дбайным аналізам крыніц, прычым імкнуўся працаваць з арыгіналамі пісьмовых помнікаў. Даследаваў скарбы царкоўнай кніжнасці і духоўнай літаратуры, прысвяціў дысертацыю перакладам «Псалтыра» на беларускую мову, якія рабіліся на працягу ХV–ХVІІ стагоддзяў, дзе звярнуў увагу на тое, што калі такія папулярныя кнігі, па якіх раней вучыліся чытаць, з царкоўнаславянскай мовы былі перакладзены на старабеларускую – гэта найлепшае сведчанне важнасці і запатрабаванасці мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Карскі ведаў і любіў нашу краіну. Ён шмат падарожнічаў па Беларусі, праводзіў палявыя даследаванні, занатоўваў фальклор і моўны матэрыял. Яго паездкі па памежных тэрыторыях мелі яшчэ адну практычную мэту – вызначыць межы рассялення беларускага этнасу і тэрыторыю пашырэння беларускіх гаворак. Асновай для вывучэння граніц этнічнай беларускай тэрыторыі Карскі лічыў выключна мову:

«Навука валодае помнікамі матэрыяльнай археалогіі, данымі народнага побыту і асабліва багаццямі мовы... Далей за мову не пашыраецца ніводная з крыніц».

Кніга

Яўхім Фёдаравіч – заснавальнік беларускай палеаграфіі. У сваіх працах ён вызначыў асноўныя заканамернасці змен у абрысах кірылічных літар у старабеларускім пісьменстве на працягу ХІV–ХVІІ стагодзяў, правёў вялікую пошукавую работу і ажыццявіў палеаграфічны аналіз шматлікіх унікальных тэкстаў. Каб вывучыць старадрукі і рукапісы, ездзіў у Варшаву, Кіеў, Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады. Ён быў першым беларускім літаратуразнаўцам, прааналізаваў усе віды і жанры старога беларускага пісьменства, глыбока вывучаў летапісы, знаёміўся з творчасцю пісьменнікаў, якія тварылі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Паслярэвалюцыйны час быў нялёгкім для яго і яго сям’і. Пазнаёмцеся з выданнем «Жыццё і дзейнасць акадэміка Я. Ф. Карскага. Зборнік дакументаў і матэрыялаў». Тут змешчана таксама перапіска вучонага са знанымі дзеячамі таго часу па пытаннях гісторыі і культуры, напрыклад, лісты, дзе Янка Купала просіць Яўхіма Фёдаравіча, каб той «звярнуў увагу на пераклад «Песні аб паходзе Ігара», і адказ, у якім вучоны ўхваляе работу пісьменніка. Таксама тут змешчаны дакументы сям'і, а з дзённіка, што Яўхім Карскі вёў падчас камандзіроўкі 1918–1920 гадоў, мы даведваемся, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца знакамітаму вучонаму і ў якім запусценні ён заспеў гарады падчас змены ўлад.

Вясной 1918 года ў Петраградзе асабліва моцна

«Вясной 1918 года ў Петраградзе асабліва моцна даў сябе адчуваць голад. Хлеба сталі адпускаць па 1/4 фунта, затым па 1/8 на чалавека, а здараліся дні, што і такіх водпускаў не было. Бульбы таксама не было, а іншыя прадукты сталі паступова знікаць. Асобе, якая жыве толькі на сваё дараванне, абсалютна стала немагчыма існаваць. Мы з жонкай і дачкой моцна схуднелі... Раз нават я страціў прытомнасць на вуліцы. Зразумела было, што далей заставацца ў Петраградзе немагчыма.»

У Нежыне яго засмучае заняпад інстытута, у якім ён раней вучыўся. У Варшаве прафесар застае сваю кватэру разнесенай і разрабаванай, важныя дакументы былі раскіданыя па падлозе, а значная частка кніг распрададзена букіністам... А таксама з дзённіка мы бачым, як у Мінску, нягледзячы на ўсе нягоды і пошукі розных падпрацовак, каб элементарна здабыць харчаванне, вучоны не перастае дбаць пра асвету і навуку.

Пры гэтым Яўхім Карскі працягваў браць актыўны ўдзел у грамадскім і навуковым жыцці. Ён – ганаровы Старшыня Прэзідыума Усебеларускага з’езду у Мінску у 1917 годзе. Тут ён выступае з прамовай у якой кажа. Для таго каб Беларусь была моцнай і самастойнай, мусім мстварыць Беларускі універсітэт. Менавіта з гэтай прамовы можна лічыць першыя крокі па ставарэнню сучаснага БДУ.

Я.Ф. Карскі ўдзельнічаў у распрацоўцы статута Інбелкульта (будучай Акадэміі Навук), быў членам праўлення і прэзідыума АН. Летам 1921, ён назаўсёды пераехаў у Петраград. Удзельнічаў у Першым міжнародным кангрэсе славянскіх географаў і этнографаў (Прага, 1924). У 1926 г. наведаў з навуковай камандзіроўкай Польшчу, Чэхаславакію, Югаславію. У снежні 1926 г. адмовіўся прэтэндаваць на прапанаваную яму пасаду віцэ-прэзідэнта АН СССР. 29 красавіка 1931 года Я.Карскі памёр і быў пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Ленінградзе.

Ён быў, безумоўна, нашым акадэмікам № 1. Асэнсоўваючы яго навуковую спадчыну выдатны беларускі даследчык Міхаіл Булахаў пісаў:

У працах Я. Ф. Карскага лінгвіст знойдзе ўзорнае апісанне стараславянскай, старажытнарускай і сучасных славянскіх моў

«У працах Я. Ф. Карскага лінгвіст знойдзе ўзорнае апісанне стараславянскай, старажытнарускай і сучасных славянскіх моў; палеограф – сістэматычнае даследаванне старажытнай гісторыі славянскай пісьменнасці і яе трансфармацыю ў пазнейшую эпоху; літаратуразнавец – яскравую карціну развіцця вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры беларусаў са старажытнасці да першай чвэрці ХХ ст. уключна».

Калі мы кажам Яўхім Карскі, то адразу уяўляем Беларусь, яе этнаграфічныя межы, узгадваем крынічную беларускую мову. Яўхім Карскі – то наша годнасць і гонар, наш сімвал беларускай вечнасці!