«Мсціслаўскі вулкан талентаў». Якія людзі ўслаўляюць гэтую зямлю праз стагоддзі – распавёў Ігар Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы. Гэтая выслоўе выдатна перадае і характар жыхароў стражытнага Мсціслава, і характар горада. Людзей, якія гатовы былі здзейсніць подзвігі ў імя радзімы і роднай зямлі. Пачнём!
Ну і пачнём з князёў. Знаёмімся. Сямён Лугвен Мсціслаўскі (нарадзіўся ў 1356 годзе – памёр 19 чэрвеня 1431-га) – сын вялікага князя Літоўскага Альгерда ад яго другога шлюбу з Ульянай Цвярской, заснавальнік роду мсціслаўскіх князёў, апошні вялікі князь Полацкі. Герой Грунвальдскай бітвы. У 1408-1411 гадах быў намеснікам вялікага князя Літоўскага ў Смаленску. Руплівец праваслаўнай веры. Менавіта яму прыпісваецца заснаванне знакамітага Пустынскага манастыра, знакамітых Пустынак.
Ігар Марзалюк:
Пасля палявання стомлены князь Сямён, які тады пачаў слепнуць, заснуў у лесе каля крынічкі. У сне яму з’явілася Багародзіца. Яна сказала «Прамый свае вочы ў гэтай святой вадзе і будзеш бачыць». Князь прачнуўся і адразу зрабіў так, як яму загадала Божая Маці. Да яго вярнулася вастрыня зроку. У падзяку за гэта князь збудаваў Пустынскі манастыр. У 1407 годзе ён заклаў ля Мсціслава манастыр святога Ануфрыя над рэчкай Чорная Натапа, які славіўся сваім скрыпторыем. Гэта значыць месцам, дзе перапісвалі старажытныя рукапісныя кнігі. Манастыр быў пабудаваны ў падзяку за цудоўнае ўратаванне сына Сямёна, Юрыя.
Падчас палявання княжыча ў пушчы панёс конь, хлопчык заблукаў у нетрах дзікага лесу. Але здарылася цуда. Княжычу з'явіўся сам Святы Ануфрый, які вывеў яго да людзей, а потым цудоўным чынам знік, растварыўся ў паветры. Гэта паданне захоўвалася ў родзе мсціслаўскіх князёў. Як і ікона з арыгінальным сюжэтам, на якой было адлюстравана цудоўнае ўратаванне княжыча. На жаль, да нас дайшоў толькі фотаздымак таго абраза. Ён знік. Але хто ведае, магчыма, ён яшчэ знойдзецца. Бо Мсціслаўшчына – то край цудаў. І самы неверагодны цуд – гэта яе людзі. Мужныя, адважныя, працавітыя.
Ігар Марзалюк:
Юры Мсціслаўскі – то асоба не менш легендарная, чым яго бацька. Дзмітрый Данскі, герой Кулікоўскай бітвы, быў яго дзедам. Маскоўскі князь лічыў за гонар парадніцца з Сямёнам Мсціслаўскім ды выдаў за яго сваю дачку Марыю. Вяселле адбылося 14 чэрвеня 1394 года. Але княгіня памерла вельмі рана, у 1399 годзе, пакінуўшы мужу маленькага хлопчыка. Такім чынам, Юры Мсціслаўскі нарадзіўся паміж 1395–1399 гадамі. Яму было наканавана даволі доўгае, як па тых часах жыццё – ён памёр у 1460 годзе. Асобныя даследчыкі лічаць, што Юры зусім маладым яшчэ падлеткам разам з бацькам біўся супраць пыхлівых тэўтонаў на Грунвальдскім полі пад сцягамі харугваў Смаленскай зямлі. У той час яму было не больш за 15 год.
У жылах Юрыя цякла кроў двух найбольш магутных дынастый Усходняй Еўропы таго часу: Гедымінавічаў па бацьку і маскоўскіх Рурыкавічаў па маці. Мсціслаўскія князі, услаўленыя сваімі перамогамі супраць крыжакоў, карысталіся вялізарнай павагай на землях Вялікага Ноўгарада. З 1388 па 1458 год мсціслаўскія князі (спачатку Сямён Мсціслаўскі, а потым і яго сын Юрый), героі Грунвальдскай бітвы па запрашэнню наўгародцаў займалі пасаду служылых князёў у Вялікім Ноўгарадзе. У Наўгародскай зямлі мсціслаўскія князі за службу валодалі асобнай воласцю ў якую ўваходзіла Ладага, Арэхава, Карэльскі гарадок, Карэльская зямля і палова Капор’я. Мсціслаўскія князі былі выдатнымі палкаводцамі. Наўгародцы пад кіраўніцтвам мсціслаўскіх князёў не прайгралі ніводнай бітвы супраць нямецкіх і швецкіх рыцараў.
Ігар Марзалюк:
А зараз ад князёў да вялікіх дзеячаў культуры. Пётр Мсціславец. Дата нараджэння яго нам не вядома. Памёр не раней за 1579 год. Першадрукар, які разам з другім друкаром-беларусам Іванам Фёдаравым (апошні падпісваўся, дарэчы, прозвішчам Федаровіч, а яго друкарскі знак – то герб «Рагоза») у 1564–1565 гадах выдалі першыя дакладна датаваныя кнігі маскоўскага друку. «Апостал» у 1564 годзе і два «Часасловы» у 1565 годзе. Потым яны пакінулі Маскву, вярнуліся на радзіму і ўладкаваліся ў Заблудавае, маёнтку апекуна праваслаўя гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча, дзе і надрукавалі «Евангелле Вучыцельнае» у 1569 годзе.
Прыкладна тады ж, у тым жа годзе, Пётр Мсціславец развітваецца са сваім кампаньёнам і перабіраецца ў сталіцу, у Вільню. На сродкі віленскіх беларускіх праваслаўных купцоў Мамонічаў ён абсталяваў друкарню і надрукаваў у Вільні не менш за тры кнігі: «Евангелле», «Псалтыр», «Часоўнік». А яшчэ былі першадрукі і на землях сучаснай Украіны.
Ігар Марзалюк:
Як бачым, Пётр Мсціславец разам з Іванам Фёдаравым-Федаровічам надрукаваў першыя велікарускія і ўкраінскія кнігі, з’яўляецца заснавальнікам кнігадрукавання ў Расіі і Украіне. У Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім ён працягваў традыцыі беларускага кнігадрукавання закладзеныя вялікім Францыскам Скарынай. Асобная размова – браты Куторгі. Вучоныя з сусветным іменем, якія паходзілі з старажытнай, радавітай мсціслаўскай праваслаўнай шляхты. Што праўда, гэты дваранскі род быў не надта багаты.
Міхаіл Сямёнавіч Куторга. Нарадзіўся 18 верасня 1809 года, памёр 7 чэрвеня 1886 года. Бліскучы гісторык элініст, знаўца Старажытнай Грэцыі, заснавальнік прафесійнага антыказнаўства ў Расійскай Імперыі, першы самастойны ўсходнеславянскі даследчык старажытнагрэчаскай гісторыі. Прафесар гісторыі Санкт-Пецербургскага (з 1844-га па 1869 гады) і Маскоўскага (з 1869-га па 1874 гады) універсітэтаў, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук (з 1848). Заснавальнік Пецербургскай гістарычнай школы. Яго працы па гісторыі «Антычнага рабства», «Афінскай палітыі» да сёння з’яўляюцца класічнымі працамі ўпісанымі ў гісторыю навукі.
Ігар Марзалюк:
Міхаіл Куторга – заснавальнік цывілізацыйнага падыходу ў тлумачэнні розных шляхоў гістарычнага развіцця Усходняй і Заходняй Еўропы. Яму належыць, асабліва актуальная і сёння, ідэя аб супрацьборстве двух розных светаў – рамана-германскага і грэка-славянскага, дзе краевугольным каменем была думка аб супрацьстаянні праваслаўя і каталіцтва. Для Міхаіла Куторгі рамана-германскі свет асацыяваўся з гвалтам і прыгнечаннем, з тыраніяй цэзараў, якая пазней увасобілася ў папстве як інстытуце і ў асобе Папы Рымскага.
Зусім у іншай іпастасі паўставаў у прачытанні Міхаіла Куторгі грэка-славянскі свет – ён спадчыннік першых хрысціянскіх абшчын. А яны у сваю чаргу былі пабудаваны на падабенстве старажытнай «Афінскай палітыі» і успрыняўшых самое яе імя – палітыя, грамадзянства, экклесія – гэта значыць веча. А гэта ў выніку азначала для Куторгі «адраджэнне Афінскай палітыі, але пераўтворанай па вучэнню Евангелля».
Ігар Марзалюк:
Сам дух афінскіх грамадзянскіх свабодаў перайшоў, па меркаванню Куторгі, у праваслаўную царкву: «захавалася да сённяшняга часу абшчыннае абранне Усяленскага Патрыярха, роўна як і абшчынныя абранні прыходскіх святароў у Грэцыі. Старажытная Еўропа, адзначаў Куторга, распалася на Заходнюю і Усходнюю, на дзве зусім у сваёй істоце супрацьлеглыя часткі: «Падзенне Заходняй Рымскай імперыі не знішчыла і не паслабіла гэтага раздзела, не спыняючыся і да сёння утварылася два глыбока адрозных хрысціянскіх свету: германа-раманскі на захадзе; славяна-грэчаскі на ўсходзе».
Гэты акцэнт, зроблены Куторгай на пераемнасці грэчаскага і славянскага свету, не выпадковы. Па яго меркаванню, асноўныя ідэі палітыі ў трох яе найбольш істотных рысах – абшчыны, веча і царквы – перайшлі да ўсходніх славян, на Русь і ў Расію. Падсумаванне сваіх навуковых поглядаў, калі выйшаў у адстаўку, падрыхтоўку да выдання сваіх кніг, ён здзяйсняў у сваім маёнтку Барках Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні, дзе і знайшоў свой апошні спачын.
Ігар Марзалюк:
Ягоны брат, Сямён Сямёнавіч Куторга – заолаг. У 1827 годзе ён паступае на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Ужо студэнтам ён прыцягнуў увагу да сябе з-за выключных здольнасцяў. У выніку ўжо ў наступным, 1828 годзе, быў у ліку 20 студэнтаў, абраных з усіх універсітэтаў ды адпраўленых да навучання ў Дерпт для падрыхтоўкі к заняццю ў будучым прафесарскай пасады.
Восенню 1833 года Сямён Куторга займае кафедру заалогіі ў Пецярбургскім універсітэце і застаецца на ёй да самай смерці. Звыш таго, ён выкладае з 1848 года мінералогію і геалогію ў Галоўным педагагічным інстытуце. 1835 год – зацверджаны ў годнасці экстраардынарнага, а ў 1837 годзе – у званні ардынарнага прафесара. З 1835 года і да 1848 года ён выконваў абавязкі цэнзара Пецярбургскага цэнзурнага камітэта.
Працы па заалогіі, палеанталогіі і геалогіі – вось яго дзялянка навуковай дзейнасці. Самай вялікай працай Сямёна Куторгі стала створаная ім у 1852 годзе геалагічная карта Пецярбургскай губерні – плён яго шматгадовых даследаванняў. За яе ён быў узнагароджаны Дзямідаўскай прэміяй і залатым Канстанцінаўскім медалём. З 1842 года да сваёй смерці Сямён Куторга быў дырэктарам мінералагічнага таварыства Расійскай імперыі. Але не толькі зямныя нетры вабілі пытлівых мсціслаўцаў. Іх вочы звярталіся да зорак, імкнуліся да пазнання таямніц нябёсаў.
Ігар Марзалюк:
Дзмітрый Іванавіч Дубяга (гады жыцця 1849-1918) – выбітны астраном, доктар навук, тайны саветнік. Акрамя таго, прафесар кафедры астраноміі і геадэзіі Казанскага ўніверсітэта. Пасаду гэтую займае з 1884 па 1918 год. У тым жа ўніверсітэце быў спачатку з 1890 па 1899 год дэканам фізіка-матэматычнага факультэта, а потым і стаў ягоным рэктарам. На пасадзе рэктара Казанскага ўніверсітэта ён працаваў з 1899 па 1905 год. А яшчэ ён быў дырэктар Казанскай гарадской абсерваторыі і заснавальнікам, і першым дырэктарам астранамічнай абсерваторыі імя Энгельгардта.
Ігар Марзалюк:
Гэты бліскучы вучоны нарадзіўся ў старажытнай шляхецкай сям’і, на той час меўшай патомнае дваранства Расійскай імперыі, у Мсціславе. Яго бацька – Іван Сямёнавіч Рэпойта-Дубяга. Бліскучае заканчэнне з залатым медалём Магілёўскай гімназіі ў 1869 годзе, паступленне і не менш бліскучае навучанне на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Заняткі любімай навукай, дзе ён не меў сабе роўных. Працы па тэарэтычнай астраноміі, астраметрыі, гравіметрыі. Па выніках вывучэння зорнага неба з 1852 па 1892 год ён складае каталог каардынат 4 281 зоркі. Стварае тэорыю руха астэроіда з маляўнічым жаночым імем – Дыяна. Адкрыў камету. Якая ад таго часу так і завецца – Дубяга. Мсціслаўскаму роду няма пераводу. Рухаецца камета ў вечнасці, у космасе, маючы старажытнае мсціслаўскае прозвішча.
Ён першым у Расійскай імперыі выдаў курс уласных лекцый па тэарэтычнай астраноміі. А потым і падручнікі. У 1914 годзе пабачылі свет два яго падручнікі. Адзін так і называўся «Асновы тэарэтычнай астраноміі», а другі – «Практычная астраномія». Ён без перабольшвання – цэлая эпоха ў развіцці астраноміі ў Расійскай імперыі. Ад яго адлічвае радавод выпеставаная і заснаваная ім Казанская астранамічная школа.
Ігар Марзалюк:
Ён, а ніхто не будзь іншы, ператварыў Казанскі ўніверсітэт у галоўны цэнт па падрыхтоўцы спецыялістаў па астраноміі і геадэзіі. Дзяржава была шчодрай да яго. Ён кавалер ордэнаў Святога Станіслава ўсіх ступеней, Святога Уладзіміра ўсіх ступеней, Святой Ганны і вялікай колькасці іншых ўзнагарод. У ягоны гонар, а таксама ў гонар яго сына, выдатнага савецкага астранома, названы месяцовы кратэр. Як тут не прыгадаць словы вялікага Уладзіміра Караткевіча:
«На жаль, такія з’яўляюцца не так часта, як хацелася б. А яны як дрожджы ў жыцці грамадства. І не загадам яны вядуць людзей да лепшага, а ўласным прыкладам. Тым, што людзі не хочуць адстаць ад іх і хочуць быць падобнымі да іх. Больш чыстымі, больш высакароднымі, лепшымі, чым яны ёсць. О, дзіўная і праз меру небам прыкрашаная мсціслаўская зямля! З далёкімі званіцамі і звонам каласоў, са светлымі рэкамі і светлымі людзьмі, з гарачым блакітам улетку і блякла-шафранавым, з палосамі колеру прускага блакіту, заходам узімку. З трапяткімі і шоўкавымі бярозавымі гаямі – і пахмурным заснежаным яловым лесам (на грані прыцемку і ночы), над якім безнадзейна змірылася глухое неба. З залатым россыпам вясновай лотаці і крывавым асеннім лістападам. Услаўленая будзь і шчаслівая будзь!»
Ігар Марзалюк:
Сапраўды, людзі, аб якіх мы гаварылі, – гэта «мсціслаўскі вулкан талентаў» – лепш за Караткевіча не скажаш. Бо сімвал беларускай вечнасці – гэта найперш геніяльныя людзі Мсціслаўскай зямлі – шчодрыя, мудрыя, вялікія. Як мудрая і вялікая Мсціслаўская зямля – сімвал нашай, беларускай вечнасці.