«Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне». Чым знакаміты Леў Сапега – паведаў Ігар Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра ўнікальную постаць у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – Льва Сапегу. Пра яго жыццё, дзейнасць, палітычныя праекты. І, безумоўна, пра велічны помнік нашай прававой культуры і нашай старабеларускай мовы – пра Статут ВКЛ 1588 года. Калі кажам Леў Сапега, прыгадваем Статут, калі кажам Статут 1588 года – прыгадваем Льва Сапегу.
Патрыярх літоўскай гісторыяграфіі Станіслаў Лазутка некалі слушна сказаў: кожнае пакаленне і кожная школа гісторыкаў маюць свайго Юлія Цэзара. Нашым Юліям Цэзарам, безумоўна, з’яўляецца Леў Іванавіч Сапега. Уплывовейшы палітык, бліскучы дзяржаўны дзеяч і дыпламат ВКЛ канца XVI – першай трэці XVII стагоддзя. За створаную пад яго кіраўніцтвам кадыфікацыю Статута 1588 года яго яшчэ называюць «літоўскім Салонам».
Леў Сапега пабачыў свет 4 красавіка 1557 годза ў вёсцы Астроўна Віцебскага павету (цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці). Наш герой паходзіў са старажытнага беларускага магнацкага роду, які меў карані на Смаленшчыне. Леў Сапега вучыўся ў Нясвіжскай школе, заснаванай князем Мікалаем Радзівілам Чорным. Пасля быў Лейпцыгскі ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння бліскуча адукаваны малады арыстакрат быў пакліканы на дзяржаўную службу каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем.
У няпоўныя 23 гады Леў Сапега пачынае свой феерычны ўзлёт ва ўладнай эліце ВКЛ. Ён ішоў па прыступках дзяржаўнай лесвіцы, паслядоўна займаў усе буйнейшыя пасады ў Вялікім Княстве. Пералічым: сакратар Вялікага Княства Літоўскага, пісар ВКЛ, падканцлер (1585-1589 гады), канцлер (1589-1623 гады), віленскі ваявода, вялікі гетман (1625-1633 гады). Акрамя таго ён быў старостам слонімскім, мядзельскім, берасцейскім, магілёўскім.
Леў Сапега прыклаў тытанічныя намаганні, каб пасля Люблінскай уніі 1569 года захаваць дзяржаўнасць, захаваць правасуб'ектнасць ВКЛ. Першай значнай справай Льва Сапегі на шляху адстойвання інтарэсаў Вялікага Княства як суб’екта дзяржаўнай федэрацыі пасля Люблінскай уніі 1569 года было стварэнне ў 1581 годзе Галоўнага трыбуналу ВКЛ – вышэйшай судовай установы дзяржавы. Стварэнне Трыбунала, які дзейнічаў незалежна ад аналагічнай установы ў Кароне Польскай, падкрэслівала самастойнасць Вялікага Княства ў межах Рэчы Паспалітай.
Другой такой падзеяй стала зацвярджэнне ІІІ Статута 1588 года. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гадоў – унікальная з’ява ў гісторыі права ВКЛ XVI стагоддзя. Вяршыняй гуманістычнай, рэнесанснай традыцыі нашага права, безумоўна, з’яўляецца ІІІ Статут – Статут ВКЛ 1588 года. Гэты ўнікальны помнік нашага права яшчэ і красамоўны прыклад выдатнага ведання стваральнікамі гэтага помніка ўсёй еўрапейскай традыцыі права, пачынаючы ад часоў антычнасці.
Неаднаразова адзначаўся грунтоўны ўплыў рымскага права пры распрацоўцы нормаў Статута. Але вырашэнне задач гарманізацыі судовай і адміністратыўнай практыкі, заканадаўства і звычаёвага права ВКЛ з каштоўнасцямі рымскай сістэмы права, творчае запазычанне, засваенне і выкарыстанне нямецкага і чэшскага права – то безумоўная заслуга нашых кадыфікатараў, нашых правазнаўцаў.
Статут 1588 года – найперш сімвал захавання Вялiкага Княства Лiтоўскага як дзяржавы насуперак першапачатковаму акту Люблiнскай унii. Статут падкрэсліваў самастойнасць гэтай дзяржавы (панства), як і да Люблінскай уніі 1569 г. Вышэйшым заканадаўчым органам ВКЛ абвяшчаўся вальны сойм, месцам яго правядзення быў вызначаны Слонім. Іншаземцам забаранялася валодаць землямі (купляць маёнткі, браць у арэнду, атрымліваць у спадчыну) і атрымоўваць дзяржаўныя, духоўныя і свецкія пасады ў ВКЛ.
Толькі ўраджэнцы ВКЛ мелі права займаць любыя (і высокія, і малыя) дзяржаўныя пасады, палякі не мелі. Гэты артыкул абумовіў тое, што ў Беларусь і Літву не было наплыву польскай шляхты, які зведала пасля 1569 года Украіна. Нават дзеля таго, каб правесці польскае войска праз тэрыторыю ВКЛ, патрабаваўся дазвол Рады і вялікага князя. Новы звод законаў не прызнаў ранейшых тэрытарыяльных страт ВКЛ, у тым ліку на карысць польскай дзяржавы, а абавязаў «гаспадара» вярнуць усе страчаныя землі.
Ігар Марзалюк:
Дзяржаўнай мовай на ўсёй тэрыторыі княства Статут абвяшчаў старабеларускую. Лепш за ўсіх, надзвычай ёміста і трапна, акрэсліў сутнасць гэтага факта літоўскі гісторык Станіслаў Лазутка. Цытата: «Здесь хочу подчеркнуть лишь самое главное, что для канцлера ВКЛ Льва Сапеги и всего «народа» – шляхты этот язык был «уласным», то есть «собственным». По словам Л. Сапеги: «А если которому народу стыдно права своего не знать, особенно нам, которые «не чужим каким языком, но своим собственным права записанные имеем и в каждое время что нам необходимо к отражению всякой обиды можем знать». «Гимн» этому языку литовских статутов не просто красное словцо, а гордость за свой свод государственных законов перед «шляхетским народом» других стран Европы и прежде всего Польши. Вот, мол, вы имеете законы на непонятном для большинства шляхты латинском языке, а наш «шляхетский народ» – на своем собственном».
Статут ВКЛ 1588 года выкарыстоўваўся да 1840-га. Ён аказаў уплыў на развіццё права Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі. З цягам часу ў Рэчы Паспалітай у выніку паланізацыі нашых магнатаў і шляхты, знішчэння дзяржаўнага статуса нашай мовы прыйшоў час і крадзяжу нашых здабыткаў – нашай гісторыі і нашых выдатных дасягненняў. Тры выданні Статута 1588 года былі надрукаваны на мове арыгінала на старабеларускай русчызне, на нашай мове. Усе астатнія выданні былі здзейснены на польскай мове. Беларускае паходжанне Статута з цягам часу было схавана.
У выніку на пачатак XIX стагоддзя агульнапрызнаным лічылася яго польскае паходжанне. Паступова ў польскія пераклады Статута ВКЛ пачалі ўносіць нормы польскага права. Езуіты атрымалі ў караля прывілеі на выданне Статута на польскай мове і ўнеслі ў надрукаваны ў 1693 годзе Статут выпіскі з польскіх законаў, прынятых да 1690 года.
Ігар Марзалюк:
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Вільні і ў Пецярбургу Статут быў выдадзены на польскай мове на падставе польскага выдання, які скажаў яго змест. Але неўзабаве было даведзена, што аўтэнтычным, зыходным тэкстам Статута ВКЛ 1588 года з’яўляецца выданне на старабеларускай мове. У сваёй палітычнай дзейнасці Леў Сапега адным з першых у Беларусі дэклараваў ідэю прававой дзяржавы, вяршэнства закона. У прадмове да Статута 1588 года ён пісаў, спасылаючыся на Цыцэрона, што «иж естесьмо невольниками прав для того, абысьмы вольности уживати могли».
Характэрнай для Статута 1588 года была зафіксаваная прававая норма, паводле якой вольны чалавек ні за якое крымінальнае злачынства не павінен быў выдавацца ў няволю. Згодна з палажэннямі Статута, злачынцу, яго жонку або дзяцей дазвалялася перадаваць пацярпелым асобам, але не ў якасці нявольнікаў, а толькі з мэтай адпрацоўкі пэўнай сумы грошай. Статут 1588 года ўпершыню ўвёў прававую норму крымінальнай адказнасці шляхціца за забойства чалавека простага стану.
Леў Сапега лічыў: захавальнікам моцы, стабільнасці, росквіту любой дзяржавы з’яўляецца грамадская згода: «Абы толькі згоду і міласці паміж сабой захавалі, а ў згодзе і міласці братэрскай да вырашэння спраў у Рэчы Паспалітай прыступалі. Бо калі ў згодзе, тады з малых рэчаў вялікія вырастаюць, а нязгода й найвялікшыя дзяржавы разбурае. Паглядзіце толькі за сценку да суседаў сваіх, да Вугорскага (Венгерскага) Каралеўства, якое было на ўвесь свет слаўнае, моцнае, багатае, квітнеючае. А як нязгода ўчынілася паміж самымі вуграмі, тады каралеўства да мізеру спала і знішчана стала».
Самая вялікая загана дзяржавы – унутраныя канфлікты, якія можна не дапусціць толькі шляхам строгага выканання законаў ва ўсім, асабліва ва ўзаемадачыненнях вышэйшых органаў улады: караля, рады, сойму. Менавіта таму Статут 1588 года называе хрысціянамі і праваслаўных, і каталікоў, і пратэстантаў. І гарантуе ім захаванне рэлігійнай свабоды. Свабоды рэлігійнага выбару. Леў Іванавіч Сапега быў хрышчаны праваслаўным, потым стаў пратэстантам, скончыў свой жыццёвы шлях каталіком. Але яму не была, ніколі не была уласціва нецярпімасць!
Як вядома, афіцыйна Леў Сапега падтрымліваў Брэсцкую царкоўную ўнію 1596 года. Але рэалізацыя царкоўнай уніі, фанатызм і экзальтаванасць Ясафата Кунцэвіча, гвалтоўныя метады перавода праваслаўных у унію не знаходзілі ў яго падтрымкі. Абвастрэнне канфліктаў на рэлігійнай глебе прывяло ў 1623 годзе да паўстання ў Віцебску праваслаўных і забойства ўніяцкага архіепіскапа Ясафата Кунцэвіча. Шырока вядома перапіска Льва Сапегі з полацкім архіепіскапам. У тых лістах ён рэзка крытыкаваў Кунцэвіча за распаўсюджванне уніі пры дапамозе сілавых метадаў, якія могуць выклікаць грамадзянскую вайну.
Ігар Марзалюк:
Леў Сапега асуджаў прымус, ужыты полацкім архіепіскапам у дачыненні да праваслаўных, ды казаў апошняму, што не прымае ўніяцтва ў такой форме. Канфесійны мір – гэта галоўнае для дзяржавы. Прыгадаем яго ўласнае выказванне: «Я католік, але не жадаю таго Айчыне, каб у нас тут было, як у Францыі, і лічу, што шмат ёсць такіх католікаў, якія гэтага не толькі не жадаюць, але, калі б да такога прыйсці магло, працівіцца будуць, бо гэта была б апошняя згуба для нашай Айчыны».
І яшчэ. Нягледзячы на частыя войны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ, Леў Сапега не меў ніякай ксенафобіі ў дачыненні да ўсходніх суседзяў, з якімі, дарэчы, ваяваў. Але Леў Іванавіч лічыў рэгіянальныя войны, братнюю крывавую калатнечу згубнымі для ўсяго рэгіёну. «Мы з вамі славяне, адзін народ», казаў ён падчас пасольства ў Маскве ў 1600 годзе. Леў Сапега быў гарачым прыхільнікам збліжэння Масквы і Вільні. Больш таго, можна сказаць, што першы праект Саюзнай дзяржавы ды магутнага геапалітычнага еўразійскага аб’яднання выспеў менавіта ў яго галаве.
Ужо пасля смерці Стэфана Баторыя ў 1586 годзе Леў Сапега ачольваў так званую маскоўскую партыю ды ратаваў за вылучэнне маскоўскага прэтэндэнта на вольны на той момант трон Кароны Польскай і Вялікага Княства. Леў Сапега прапанаваў выбраць вялікім князем літоўскім і каралём польскім маскоўскага цара Фёдара – сына Івана Грознага. Ён лічыў, што маскоўскі кірунак знешняй палітыкі найгалоўнейшы для ВКЛ.
Заняцце трона маскоўскім царом, па задуме Льва Сапегі, аб’яднала б пад адным скіпетрам у буйную еўразійскую федэрацыю тры суседнія краіны: ВКЛ, Польшчу і Маскоўскую дзяржаву. Гэты альянс, як лічаць даследчыкі, быў карысным па тром прычынам. Па-першае, ён умацоўваў пазіцыі Рэчы Паспалітай у барацьбе са Швецыяй на поўначы і з Турцыяй на поўдні. Па-другое, ён адводзіў менавіта ВКЛ, а не Польшчы ролю геапалітычнага цэнтра і палітычнага лідара велізарнага еўраазіяцкага аб’яднання. Па-трэцяе, гэты план забяспечваў бы княству першынство над Польшчай і пазбаўляў бы дзяржаву ад усходняй небяспекі.
Ігар Марзалюк:
Падчас канвакацыйнага (гэта значыць прысвечанага выбару караля) сойма 1587 года шляхта ВКЛ пераважна падтрымала кандыдатуру маскоўскага цара Фёдара. Але Карона Польская не была ў захапленні ад такой перспектывы. Пасля няўдачы з абраннем Фёдара на караля Рэчы Паспалітай дэлегацыя ВКЛ усур’ёз разглядала магчымасць яго абрання толькі вялікім князем літоўскім.
Сапега быў ініцыятарам падрыхтоўкі некалькіх праектаў уніі з Маскоўскай дзяржавай. Першае такое пасольства было адпраўлена ў Маскву ў 1590 годзе. Потым будзе яшчэ некалькі такіх спроб. У пачатку 1598 года быў дапрацаваны першапачатковы праект уніі 1597 года, які зараз зводзіўся да ўтварэння федэрацыі на землях Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы. Федэратыўны саюз меў антытурэцкую накіраванасць. У 1600 годзе ў Рэчы Паспалітай быў распрацаваны яшчэ адзін варыянт федэрацыі, у тым жа годзе ў Маскву накіравалася вялікае пасольства на чале з Львом Сапегам, якое налічвала з аховай і слугамі каля 1 000 чалавек. Вынікам пасольства, на жаль, стаў толькі мір з Масквой.
Таму канцлер спачатку з асцярогай глядзеў на авантуру польскіх магнатаў з Ілжэдзімітрыем І – яна магла разбурыць так нялёгка здабыты Сапегам у 1600 годзе 22-гадовы мір з Масквой, была варожай яго праграме стварэння аб’яднанай дзяржавы з ВКЛ, Польшчы і Маскоўскага царства. Нездарма пазней уяўныя правы і прэтэнзіі Рэчы Паспалітай да Расіі ўжо пасля Смутнага часу ён назаве «воўчым правам».
Ігар Марзалюк:
Ён пражыў вірлівае, поўнае прыгодаў і небяспек, надзвычай насычанае жыццё. Не менш яркім і прыгожым быў апошні дзень ягонага жыцця. 7 ліпеня 1633 года 80-гадовы Леў Сапега прымаў дэлегацыю з Італіі. Цытата: «Пасля абеду, калі грала музыка, вясёлы дзядок пляскаў у далоні і кружыў у гурце; неўзабаве, пакінуўшы з гасцямі сына, пісара ВКЛ (Казімера Лявона), сам выйшаў... І ўжо жывым не вярнуўся, бо адным духам закончыў жыццё. Далі знаць сыну, той прыбег, але ўжо знайшоў мёртвым. Дом напоўніўся смуткам, страх разагнаў гасцей; вакансіі, якія засталіся пасля яго, прымусілі многіх з-за іх спаборнічаць».
Помнім! Жыццёвым дэвізам для Льва Сапегі было перакананне: «Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне». Леў Сапега, падрыхтаваны ды выдадзены пад яго кіраўніцтвам Статут ВКЛ 1588 года – то сапраўдныя сімвалы нашай беларускай вечнасці!