Што зрабіў Адам Чарноцкі для вывучэння нашай краіны і яе гісторыі? Растлумачыў Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра чалавека, які стаіць у вытокаў вывучэння гісторыі ўсіх славянскіх народаў, пра чалавека, які з”яўляецца і па праву лічыцца адным з аснавальнікаў славяназнаўства. Пачнем!
Адам Чарноцкі, ён жа Зарыян Даленга-Хадакоўскі — пачынальнік славяназнаўства. Гісторык, археолаг, мовазнаўца. Нарадзіўся наш герой 24 снежня 1784 года пад Гайнай сённяшняга Лагойскага раёна ў сям’і збяднелага шляхціца Якуба Чарноцкага і Секундзіны Бародзіч. З бацькам хлопцу, калі па шчырасці, не вельмі пашанцавала. Летуценіў аб багацці, а ў выніку страціў усё – ўласны мураваны дом, два пляцы на вуліцы Валоцкай у Мінску, а потым і грошы з пасагу жонкі. Нягледзячы на тое, што завяшчаныя яны былі ёй, памерлай у 1787 годзе «на навуку сына» Адама.
Бацька не надта рупіўся сынам, адукацыю будучая зорка славяназнаўства атрымлівала дзякуючы радні па маці, у Слуцку, у Ксаверыя Чарноцкага. Хлеб той быў гаркавы. З-за яго захаплення старадаўнімі рукапісамі суродзічы глядзелі на яго як да не прыстасаванага да сур’ёзных заняткаў летуценніка. Але яму было ўсё роўна – гісторыя, геаграфія, старажытныя рукапісы – гэтую дзялянку навукі, ужо ад маладых пазногцяў лічыў для сябе галоўнай справай. У 1800 годзе памірае бацька, не пакінўшы ні капейчыны, а на 15 гадовага хлопца звальваецца клопат пра дзяйкй бацькі ад другога шлюбу – брата і сястру. Таму адразу пасля заканчэння ў 1801 годзе Слуцкага павятовага вучылішча хлопец едзе ў Мінск, шукае працу. Уладкоўваецца хатнім настаўнікам, хапае любыя часовыя заробкі-рэпетытарствы каб зарабіць на хлеб і сабе, і малодшым…
Адам разумеў – каб былі грошы, трэба больш сур’ёзны занятак. Таму вырашае стаць юрыстам, спасцігае навуку права. У Навагрудку праходзіць юрыдычную практыку, захапляецца Статутамі ВКЛ. 1805 год. Хлопец здае экзамен па юрыспрудэнцыі. Усе грошы, якія зарабіў да гэтага часу, ён спяшаецца патраціць на тое, каб у Мінску выкупіць дом, закладзены бацькам-няздарай ды перадае яго малодшым – свайму брату і сястры.
Здавалася, жыццё пайшло ў гору. У 1807 годзе ён уладкоўваецца на працу спачатку намеснікам упраўляючага, а потым і ўпраўляючым маёнтка ў Варончы, які належыў былому наванрадскаму ваяводзе Несялоўскаму. Гаспадар плаціў шчодра – 300 срэбрам, але не змог спакойна глядзець на ўціск і гаротны стан сялян. Сябру казаў, што служба прыватніку гаспадару сталася для яго няшчасцем, нягледзячы на маёмасны дабрабыт.
А потым адбылася надта непрыемная рэч – у 1808 ён быў затрыманы паліцыяй. Яго лісты неабвержна сведчылі, што ён хацеў служыць імператару, але не Расіі, а Францыі, Напалеону Банапарту. Арышт, адзіночка Петрапалаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга. 26 кастрычніка 1809 быў прысуджаны за здраду да смерці, але з ласкі імператара Аляксандра ІІ смяротнае пакаранне яму не было заменена пажыццёвай службай у салдатах і ён быў пазбаўлены годнасці двараніна. Пачаў служыць салдатам у Омску, а ў 1811 годзе ў складзе 24 дывізіі вярнуўся на Радзіму і 21 чэрвеня прыбыў да месца службы ў Бабруйск.
У верасні 1811 года збягае з войска, імітуе ўласнае ўтапленне, пакінуўшы на беразе Бярэзіны адзежу. Улады паверылі, рэчы перадалі родзічам на Случчыну. Адам жа дабраўся да Варшавы, дзе перадаў французам план Бабруйска ды паступіў на службу ў 5 пяхотны полк корпуса маршала Даву. Адам быў шпіёнам, выконваў сакрэтныя заданні. Што праўда ў паходзе на Расію не ўдзельнічаў, на той момант падаў у адстаўку. Неўзабаве ён узяў сабе новае імя — Зарыян Даленга-Хадакоўскі.
Менавіта пад ім ён і стаў вядомым навукоўцам, заснавальнікам славяназнаўства, здабыў навуковую славу і аўтарытэт. Натуральна, што ў Расійскай імперыі, якой ад гэтага часу аддана служыў. Адам Чарноцкі, шпіён Напалеона памёр, жыў і займаўся навукай Зарыян Даленга-Хадакоўскі, адданы падданы імператара Расійскай імперыі. І ьтак было да яго скону. Ніхто не выкрыў і не высветліў пры жыцці яго таямніцы.
Даленга-Хадакоўскі вывучае «Слова пра паход Ігаравы», звяртае на яго падабенства з песенным фальклорам беларусаў і украінцаў. Яго захапляе гісторыя і культура славян. Але піша, што і ў рускіх, і польскіх, і чэшскіх вучоных адна на ўсіх, але вялікая загана. Цытата: «кожны з іх сваім патрыятычным вокам бачыў толькі свой народ і сваю мову, забыўшы, што ён з’яўляецца толькі крупінкай вялізнейшай славяншчыны…».
У 1818 годзе з’яўляецца артыкул, які робіць яго вядомым «Пра славяншчыну да хрысціянства». Гэты твор заклаў вялікай навуковай распрацоўкі славянскай археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі, дыялекталогіі і тапанімікі. Хадакоўскі першы звярнуў важнасць тапонімаў – назваў рэк, азёр, урочышчаў і паселішчаў у якасці важнай гістарычнай крыніцай для высвятлення этнічнага паходжання старажытнага насельніцтва, якія гэтыя назвы пакінулі. Важнае значэнне было надазена і памятнікам археалогіі.
Хадакоўскі памылкова лічыў, што там дзе былі гарадзішчы, то там жылі славяне. Лічыў гарадзішчы выключна славянскай адзнакай. Але ў выніку ён стварыў першую навуковую тыпалогію і класіфікацыю гарадзішчаў, рабіў іх замалёўкі, апісанні, планы. І гэтыя матэрыялы і да сёння не страцілі сваю каштоўнасць для навукі.
Хадакоўскі пазнаёміўся з графам Румянцавым, уладальнікам Гомеля. А той даслаў яму «Гісторыю дзяржавы Расійскай» Карамзіна. У адказ Хадакоўскі напісаў рэцэнзію, дзе раскрытыкаваў монгія палажэнні, знайшоў памылкі. Асабліва ў дачыненні да гісторыі Беларусі. Ён устанавіў, што бітва 1067 года паміж Усяславам Полацкім і Яраславічамі адбылася на Нямізе каля Мінска, а не на Нёмане, як сцвярджаў Карамзін. Карамзін быў не проста пакрыўджаны, пасля гэтай публікацыі ён быў проста раз’юшаны…
Не заладзіліся добрыя адносіны і з прафесурай Віленскага ўніверсітэта. Апякаўшы Хадакоўскага князь Чартарыйскі, 5 кастрычніка 1818 года звярнуўся з дакладной запіскай да Віленскага ўніверсітэта і папрасіў прызначыць яму штогадовы аклад у 1000 рублёў серабром, а таксама даць адкрыты ліст на права правядзення археалагічных раскопак і карыстанне архівамі і кнігасховішчамі.
Але ўніверсітэт адмовіў у просьбе Чартарыйскаму. Віленскім вучоным былі недаспадобы канцэпцыі Хадакоўскага ды яго нападкі на каталіцызм і каталіцкае духавенства. Князь настойваў. Звярнуўся ў ўніверсітэт, у Вільню яшчэ раз. У выніку адкрыты ліст на археалагічныя раскопкі Хадакоўскі, упершыню дарэчы, атрымаў, а вось грашовы аклад не… Не далі ні капейчыны…
У Маладзечанскім музеі зараз захоўваецца гэты ўнікальны экспанат, адкрыты ліст на права правядзення раскопак на тэрыторыі Расійскай імперыі. Зарыян быў першым археолагам, які афіцыйна атрымаў дазвол на раскопкі. Даследчык з радасцю паведамляў: «Віленскі ўніверсітэт вымушаны быў засведчыць урадава маю працу і пергаментны ліст на трох мовах з прывешанай вялікай пячаткай прыслаў мне ў Кіеў». Выпісаны дакумент быў 14 снежня 1818 года.
Пасля гэтага Зарыян Хадакоўскі едзе спачатку ў Кіеў, а адтуль у Гомель, да графа Румянцава. У падарожжы ён не траціў час. Ды паспрабаваў вызначыць, дзе заканчваецца ўкраінская і пачынаецца беларуская мова. У выніку прыйшоў да высновы, што «ў Чарнігаве і ад яго на поўнач і ўсход гавораць дыялектам беларускім». Акрамя гэтага займаўся раскопкамі курганоў.
Неўзабаве Хадакоўскі едзе ў Пецярбург. Але па дарозе ён спыняўся ў розных гарадах, вывучаў архівы, у іх ваколіцах праводзіў археалагічныя раскопкі, абследваў гарадзішчы. У Магілёўскай гімназіі ён знайшоў невядомы экземпляр выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года.
У 1820 годзе праект падарожжа Хадакоўскага словамі «Быть по сему» падтрымаў імператар Аляксандр ІІ. Расійскі ўрад па загаду цара выдаткаваў яму 3000 рублёў. 17 жніўня 1820 года Хадакоўскі выправіўся ў падарожжа-экспедыцыю па Расійскай імперыі — «для назірання і апісання розных прадметаў, якія адносяцца да гісторыі славянскіх плямён». Даследчык паспеў сабраць звесткі больш чым аб тысячы пасяленняў. Навуковец склаў чатырохтомны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», першым пачаў вывучэнне старажытнай сталіцы Русі – Ладагі.
Але першы поспех змяніўся фіяска. Справаздачу і яе навуковыя вынікі не падтрымаў Карамзін, ды і іншыя зайдроснікі ад навукі. 11 красавіка 1823 года Хадакоўскаму афіцыйна адмовілі ў працягу фінансавання. У хуткім часе ён памёр — «ад раптоўнай прастуды» 17 лістапада 1825 года ва ўзросце 40 гадоў. Якія ж заслугі ў яго перад Беларуссю? Што ён зрабіў для вывучэння нашай краіны і яе гісторыі?
Па-першае, менавіта Зарыян Хадакоўскі першым у мовазнаўстве вылучыў беларускую мову сярод іншых славянскіх моваў, вызначыў яе фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці, арэал распаўсюджвання. Паказаў яе нацыянальна-спецыфічныя рысы. Пры гэтым Хадакоўскі падкрэсліваў – славянскія народы, то дзеці, што выйшлі з адной калыскі, ва ўсіх адзін выток. Калісці яны складалі адзін народ з адметнай традыцыйнай культурай і мовай.
Па-другое. Лічыў, што беларускія землі, што найдаўнейшыя землі старажытных славян, выток усяго славянства. А прыйшлі нашы продкі на землі Беларусі ў глыбокай першабытнасці, нібыта з далёкага Індастана, прарадзімы большасці еўрапейскіх народаў.Не меньш цікавыя яго ўяленні аб гістарычнай дзяржаўнасці на нашых землях. Хадакоўскі лічыў, што народ крывіцкі (беларускі), гістарычная дзяржаўнасць беларускай Русі, то выток і пазнейшай дзяржаўнасці Вялікага княства Літоўскага. Працяг той даўняй, Полацкай, Тураўскай, Смаленскай і Кіеўскай дзяржаўнасці.
Таму пад пяром З. Даленгі-Хадакоўскага Літва выступае як культурны рэцыпіент Русі, «прымаючы многае ад Русі ў шанаванні багоў, пісьменнасці і дзяржаўнай мове». Ды і герб «Калюмны», як цвердзіў наш аўтар, нішто іншае, як знак Рурыкавічаў – «трызуб». Нагадаем словы Рамуальда Падбярэскага аб яго навуковай творчасці і яе значэнні для ўсіх народаў славянскіх гістарычнай Русі:
Цытата:
«Каму з даследчыкаў даўніны старажытнай рускай зямлі невядома гэта імя? Адзін чытаў ягоныя рукапісы, іншы ведае ягоныя працы па фрагментах, што друкаваліся ў асобных сучасных выданнях, той перадусім чуў пра іх, але анікому да гэтага часу не ўдалося адшукаць годных увагі звестак пра акалічнасці жыцця гэтага працалюбівага даследчыка першабытнага этнаграфічнага становішча славянскіх плямён. Ягоныя працы настолькі дакладныя, даследаванні настолькі важныя, заслугі настолькі годныя ўвагі, што (хоць зусім нязначная частка працаў была надрукавана), імя яго стала агульнавядомым і ён належыць да ліку тых, што прынёс свой дар на святы алтар любові да Айчыны і заплаціў павінны доўг зямлі, якая яго ўзгадавала і выхавала! …
Адзінокі самотны вандроўнік з посахам пілігрыма ў руцэ, ён наведваў мясціны, што прыцягнулі ягоную асаблівую ўвагу. У вёсках распытваў старажылаў, ад іх збіраў паданні, ад дзяўчат пераймаў песенькі. Блукаючы па прасторным раўнінам славянскім, паміж Одрам і Волгаю, паміж Балтыйскім і Чорным марамі, ён адкрыў стройную сістэму старажытных пагостаў першабытных плямён, і стукнуўшы жазлом успамінаў па надмагільным групам гранітных стодаў, што забыліся ў сне стагоддзяў, ён здабываў запамяталыя іхнія назвы, захінутыя туманам мінулых часоў!..»
Зарыян Даленга-Хадакоўскі – то сімвал годнасці ўсіх славянскіх народаў. А яго творы, любой да роднай зямлі, яе гісторыі і дзяржаўнасці – то годны сімвал нашай, беларускай вечнасці!