Як у падручніках часоў Расійскай імперыі трактавалася беларуская дзяржаўнасць? Растлумачыў Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры, добрым людзям! Сёння пагаворым аб вельмі важным пытанні. Аб падручніках па гісторыі Беларусі. Аб першых падручніках. І аб іх з’яўленні ў школах Беларусі ў XIX стагоддзі. А таксама пра тое, як у выданнях прызначаных да навучання ў часы Расійскай імперыі трактавалася беларуская гістарычная дзяржаўнасць. Пачнем!

Ужо ў першай палове XIX ст. адбываецца накапленне ведаў аб беларусах – іх этнаграфіі, гісторыі і мове. Прычым вывучэннем беларусістыкі ў той перыяд пачалі займацца і польскія вучоныя, і расійскія. Але было яшчэ ўласна беларускае інтэлектуальнае кола, якое ясна ўсведаміла, праз адукацыю, праз вывучэнне ўласнай гістарычнай традыцыі, этнаграфіі, фальклору, генеалогіі, што іх радзіма – Беларусь.

Пасля падаўлення паўстання 1831 года, якое ў публіцыстыцы пафасна называлася «польскай рэвалюцыяй», людзі з беларускага інтэлектуальнага атачэння пабачылі шанс змяніць сітуацыю да лепшага на карысць беларушчыны, выціснуць мову і культуру чужога панавання – выціснуць пальшчызну. Менавіта ў гэты час робяцца першыя спробы па падрыхтоўцы навуковых твораў і падручнікаў, дзе Вялікае Княтсва Літоўскае паказваецца як наша дзяржава, а беларускі народ, дзяржаваўтвальным народам з вялікім гістарычным мінулым.

Заўважым, «славяна-рускімі», ці проста «рускімі» народамі ў той час называлі не толькі велікарусаў але і беларусаў і ўкраінцаў. Гэтай тэрміналогіяй карысталіся ў тым ліку і людзі, якія казалі аб самабытнасці кожнага з народаў, аб самастойных рускіх народнасцях. Азначэнне «рускі» і «ўсходнеславянскі» – то ў той час словы сінонімы. А «рускасць», то памяць аб агульным вытоку, увасобленым у гісторыі Русі. Гэта як і «германскасць» і «Германія», азначэнне якое выкарыстоўвалася для ўсіх германскіх народаў – у тым ліку шведаў, нарвежцаў датчанаў, галандцаў.

Гродзенскі шляхціц, рыма-каталік па веравызнанню, польскамоўны літаратар-паэт Ігнат Кулакоўскі, у запісцы на імя міністра адукацыі Расіі (1834 г.), як і ў прыкладзеным да яе ўласнаручна напісаным падручніку па гісторыі Беларусі, падкрэслівае выключнае значэнне беларускага (славяна-рускага) элемента «Заходніх Губерняў» у дзяржаўным жыцці ВКЛ.

Ігнат Кулакоўскі акрэсліваў планы маштабнай дэпаланізацыі Беларусі ў сваёй нататцы. Ён прасіў вярнуць беларускую мову ў грамадскае жыццё, прапаноўваў выкладаць на ёй вучэбныя дысцыпліны ў школах. Ён, паўторымся, напісаў першы падручнік па гісторыі Беларусі. Яго рукапіс да сёння не апублікаваны, перахоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе, у гістарычным архіве.

У падручніку ён падкрэсліваў, што балцкая Літва першапачаткова была даннікам «славяна-рускіх» плямёнаў, нашчадкамі якіх з’яўляюцца сучасныя беларусы. Пасля ўтварэння ВКЛ балты не мелі моцы канкурыраваць з нашай культураю – у выніку літоўская знаць стала ўсходнеславянскай па мове і праваслаўнай па веравызнанню, ды ўвогуле – «Літва» ператварылася ў славянаў.

Толькі злучэнне з Польшчаю прывяло да рэгрэсу і знішчэнню мясцовай старажытнай высокай культуры, паланізацыі вышэйшых пластоў грамадства. Пальшчызна адлучыла мясцовую знаць ад роднага народа, зрабіла іх палякамі. Паланізацыя, цвердзіў ён – гэта забойства нацыянальнай душы, духоўная смерць лепшых сыноў народа, ператварэнне іх у здраднікаў, у рэнегатаў. Але жывая беларуская мова ў вуснах простага народа, як і створаныя яго рукамі замкі і гарады, былі для яго сімваламі няскоранасці і неўміручасці беларускага духа.

Цытата:

«Несмотря на то, впечатление сие принято не всею массою жителей. В простонародии не изгладились следы первобытности, следы древних нравов, обычаев и образов их предков; сохранился ещё простонародный язык – эта граница природою начертаная между народами; наконец, возвышающиеся обломки древних городов и замков, сии беседующие с потомками развалины, еще существуют».

Вельмі кампліментарную карціну беларускай мінуўшчыны ў эпоху ВКЛ стварыў Восіп Сянькоўскі – гадунец Віленскага ўніверсітэта (скончыў у 1819 г.), вучань знакамітага польскага гісторыка Іахіма Лелевеля, ардынарны прафесар па кафедры арабскай і турэцкай славеснасці Санк-Пецербургскага ўніверсітэта. У тэксце гэтага чалавека, датаванага 1835 годам у закончанай форме мы можам знайсці ўсе тэзісы так званага беларускага літвінізма. Іх сутнасць – ВКЛ дзяржава славянская.

Паводле В. Сянькоўскага ў мінулым існавала не адна, а дзве ўсходнеславянскія дзяржавы (Масква і Літва), дзве Русі і два рускія народы. Палітычны падзел гэтых рускіх народаў, сягае часоў хрысціянізацыі Русі, бо ў Літве, аказваецца, былі важнейшыя ўсходнеславянскія паганскія святыні. Ён нават называе Літву «паганскім Ватыканам». Таму тая Русь, якая не схацела прыняць хрост у часы Уладзіміра Святога, пабегла ў Літву ды зацята бараніла там веру продкаў.

У выніку, акрамя свайго спрадвечнага наймення гэтая «Русь» пачала менаваць сябе «Літвою». Балты, аказвацца, не гралі аніякага значэння ў гісторыі гэтай дзяржавы, уласна літоўцаў трэба зваць «летувісамі» піша наш аўтар, каб адрозніваць ад сапраўднай славянскай Літвы-Русі. І сталіца дзяржавы Вільня, і дзяржаўная мова – то ўсё гістарычная спадчына Русі Літоўскай, а не балтаў-летувісаў.

Цытата: 

«…Народонаселение обоих государств было одноплеменное, и принадлежало к одной и той же отрасли славянского народа. Не надобно основываться на том, что был особый народ, который говорил другим языком и назывался Литува, и от которого произошло имя целого государства, Литвы: этот народ составлял незначащее поколение, каплю воды в море; он занимал не более пяти или шести нынешних уездов и не был господствующим; он играл простую роль одной из пятидесяти провинций равно подвластных общей династии; он находился даже в унижении: язык его был исключен из области правительства и законов, столица государства была построена не на его земле, а на земле славянской; его древняя вера была оставлена самими повелителями, которые под конец исповедывовали уже религию огромного большинства своих славянских подданных».

Восіп Сенькоўскі – віленскі шляхціц. Ён заўсёды падкрэсліваў, што яго маці – беларуская шляхцянка з Мінску. Спачатку сябраваў з Адамам Міцкевічам, але неўзабаве пасварыўся на нацыянальнай глебе. Бо ў адрозненне ад Міцкевіча польскую справу сваёй не лічыў, а адраджэнне польскай дзяржавы лічыў згубнай і шкоднай для Беларусі. Сенькоўскі настолькі любіў Беларусь, што перабольшваў значэнне роднай моўнай традыцыі ў славянскай і сусветнай гісторыі.

Ён, у палемічным запале сцвярджаў, што беларуская мова гэта не толькі зыходны выток усіх астатніх славянскіх моваў, але нібыта нават індаеўрапейскіх, зыходная прамова большасці моў еўрапейскіх народаў! Хочаце правільна разумець Гамера і старажытнагрэчаскую – вучыце беларускую гаворку, катэгарычна сцвярджаў наш герой. Гэта той выпадак, калі патрыятызм нічога супольнага з навуковай аб’ектыўнасцю не мае…

Першую ж сістэматызаваную гісторыю Беларусі было наканавана напісаць магілёўскаму даследчыку Восіпу Турчыновічу. Працу над рукапісам ён скончыў у 1855 годзе. А публікацыя кнігі пад назвай «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времён» адбылася ў Санкт-Пецярбурзе, у 1857 годзе. Магілёўскі даследчык мэтанакіравана праводзіў тэзіс аб тым, што Беларусь мае сваю ўласную гісторыю.

В. Турчыновіч таксама першым прапанаваў 5-членную перыядызацыю гісторыі Беларусі, якая потым скарыстоўвалася ці не ўсімі прадстаўнікамі нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі ды і сёння скарыстоўваецца ва ўсіх падручніках і дапаможніках: «Старажытнасць – Полацкае княства – Літва – Польшча (Рэч Паспалітая) – Расія». Узнікненне Вялікага княства Літоўскага В. Турчыновічам паказваецца як трыумф дзяржаватворчай традыцыі беларускіх земляў, як іх новая, супольная з літоўцамі дзяржава. Вялікае Княства для Турчыновіча – спадкаемца ў першую чаргу дзяржаўнай традыцыі Полацкага княства.

Гэтыя ідэі былі выкладзены ў афіцыйным падручніку, які са згоды віленскай цензуры быў надрукаваны ў 1863 годзе пад назвай «Расказы на белорусском наречіи». У якасці чытання для народных школаў яна выкарыстоўвалася ў 1863 годзе па ўсёй Віленскай вучэбнай акрузе. Гэта значыць па ўсёй Беларусі. Тэксты гэтай кніжкі напісаны на розных дыялектах беларускай мовы – заходне-палескім (на ім і сёння размаўляюць у раёне Пінска і Брэста) і паўночна-ўсходнім.

Найважнейшы тэкст напісаны на заходне-палескім дыялекце і пастаўлены першым па парадку. Ён называецца «Хто былі нашы найдаўнейшыя дзяды і якая іх была доля да уніі». Сцвярджаецца, што ад старажытнасці існуе асобны, беларускі народ, асобная краіна – Белая Русь. Аўтар цвердзіць, што гісторыя беларускага народа «хаваецца» пад старажытнай назвай – крывічы. «Билорусській народъ» мае свае этнічныя межы, сваю адметную мову. Беларусы паказаны як старажытны народ, што мае традыцыі ўласнай дзяржаўнасці:

«Милы воны своихъ князювъ, и якъ вси Словэнэ въ тую пору и воны-диды наши жилы въ поганьстви, нэ знаючы Бога истынного. Князи Полоцькыи-Билорусськыи булы вэльмы отважныи, воевалы з сосиднымы своимы браттямы Словянамы».

Натуральна, што і ВКЛ – то працяг гістарычнай дзяржаўнасці беларусаў. Аўтар гэтага падручніка вучыў дзяцей, што беларусы – то народ, які размаўляе на роднай беларускай мове, мае агульную культуру. Таму католік – не паляк, а такі ж самы беларус, як і праваслаўны. «Мы – народ асобны, беларусы» горда гучала са старонак гэтага падручніка.

Такім чынам, ужо ў XIX стагоддзі ў першых выданнях і падручніках, прысвечаных нашай гісторыі, сцвярджалася, што беларусы мелі ўласную гістарычную традыцыю, уласную дзяржаўнасць. Тыя кнігі сведчылі аб нашай самабытнай гісторыі, сімвале нашай беларускай прышласці, сімвале нашай, беларускай вечнасці!