Як з’явілася беларуская нацыянальная ідэя? Растлумачыў Ігар Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (2).jpg

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння пагаворым пра сутнасна важныя рэчы – пра нараджэнне беларускай ідэі, пра яе сімвалы. Увасобленыя ў людзях, справах і лозунгах.

Што ж такое беларуская нацыянальная ідэя? Які сэнс стаіць за гэтым словазлучэннем, у чым яе важнасць для грамадства і дзяржавы? Само сабой, што казаць пра нацыянальную ідэю можна толькі ў адным выпадку: калі існуе асобны, самастойны народ, які імкнецца да стварэння ўласнай дзяржаўнасці, які патрабуе суверэннага права на кіраванне сваёй зямлёй – менавіта такая супольнасць людзей і называецца нацыяй.

Такім чынам, кажучы аб беларускай нацыянальнай ідэі, у самым агульным сэнсе гэтага слова, мы сцвярджаем факт існавання самастойнай беларускай нацыі. Пад беларускай нацыяй, у сваю чаргу, разумеецца супольнасць людзей, якія сваю краіну называюць Беларуссю, а сябе беларусамі.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (3).jpg

Ігар Марзалюк:
Любая нацыянальная ідэя – гэта адказ на тры фундаментальных для любога народа пытання: адкуль мы, хто мы, куды мы ідзем? Другая палова XIX стагоддзя стала часам, калі беларуская інтэлігенцыя ў поўны голас заявіла пра сябе, патрабуючы прызнання права беларускага народа на ўласную дзяржаўнасць, развіццё роднай мовы і культуры. Паражэнне паўстання 1863-1864 гг. было знакавай, найбольш важнай для нас, беларусаў, вехай у нашым беларускім нацыягенэзе.

З аднаго боку, былі ажыццёўлены вельмі эфектыўныя меры з боку царскай адміністрацыі па дэпаланізацыі тэрыторыі Беларусі. Была разбурана сістэма аднаўлення традыцыі Рэчы Паспалітай, польскасці як асноўнай гісторыка-палітычнай парадыгмы на нашых землях. З іншага боку, пры ўдзеле беларускай інтэлігенцыі заходнерусскага кшталту была распрацавана новая этнакультурная парадыгма, якая прывяла і да іншых трансфармацый. Пачаўся сапраўдны бум этнаграфічных, гістарычных, філалагічных даследаванняў нашых зямель.

Класік праваслаўнай гістарыяграфіі Міхайла Каяловіч стварае вобраз Беларусі як прыгнечанай палякамі зямлі. Яму належыць і пальма першынства ў навуковым вызначэнні тэрыторыі Беларусі, стварэнне канцэпцыі, што Беларусь «там, дзе ёсць беларуская мова» – так ён казаў у сваіх «Лекцыях па гісторыі Заходняй Расіі». Менавіта беларуская праваслаўная інтэлігенцыя сцвярджала, што этнаграфічным рабункам з’яўляюцца спробы аддаваць католікаў палякам па прычыне іх канфесійнай прыналежнасці.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (4).jpg

Ігар Марзалюк:
Агульнасць мовы, матэрыяльнай культуры, тэрыторыі, гістарычнага лёсу як нацыянальныя прыкметы беларусаў – гэта ўсё пастулявалася менавіта тады. Гэтыя ідэі адбіліся ў маладых душах новага пакалення беларусаў, якія, аднак, пайшлі далей сваіх папярэднікаў, усвядомілі беларускасць ужо не як рэгіянальную катэгорыю «рускасці», а як адмысловую самабытную нацыянальную ідэнтычнасць, як адну з усходнеславянскіх нацыянальных традыцый, роўную ўкраінскай і вялікарускай.

У выніку напружанага супрацьстаяння польскай і рускай нацыянальнай ідэй у Беларусі сустрэліся дзве плыні. З аднаго боку, пакрыўджаныя адміністрацыяй губернатара Мураўёва і яго паслядоўнікамі прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай беларускай эліты. З другога, расчараваная ў Польшчы дробная шляхта, якая тут змагалася за польскую справу, але ёй пастаянна давалі зразумець у Варшаве, што яны – «палякі другога гатунку».

Гэтыя дзве плыні зліліся разам і стварылі беларускі нацыянальны рух у поўным сэнсе слова. У ходзе далейшага вывучэння маладым пакаленнем беларускай інтэлігенцыі сваёй краіны, кантактаў з украінскім нацыянальным рухам, знаёмства з ідэямі федэралізму, умацоўвалася іх уяўленне аб неабходнасці стварэння беларускага палітычнага руху, беларускай палітычнай суб’ектнасці.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (5).jpg

Ігар Марзалюк:
Праз 20 гадоў пасля паўстання 1863-1864 гг. змяняецца цэлае пакаленне беларусаў і нараджаецца з’ява дагэтуль неверагодная. У пачатку 1880-х гг. выходзяць адно за адным заклікі беларускіх народнікаў, адзін з якіх падпісаны псеўданімам «Даніла Баравік», а яшчэ адзін – «Шчыры беларус». У 1884 г. з’яўляецца часопіс «Гоман». У гэтых лістах, брашурах, часопісе прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі сцвярджаюць сам факт існавання свайго народа і яго права на дзяржаўнасць у выглядзе федэрацыі з Расіяй.

Абсалютная для таго часу інавацыя! Гаворка ішла пра дзяржаўнасць менавіта Беларусі, а не Вялікага Княства Літоўскага ці, напрыклад, Рэчы Паспалітай. Наша краіна ўяўляецца як адрозны суб’ект, які мае роўныя правы, уласную гістарычную традыцыю. Гэта першы крок, які сведчыць аб нараджэнні сучаснай беларускай нацыі.

Неабходна прыгадаць і беларускія сюжэты Міхаіла Бакуніна, бакунінскую праграму дэмакратычнай федэрацыі, якая была сфармулявана напрыканцы 1840-х гг. Землі Украіны, Літвы, «Беларусь са Смаленскам» павінны былі мець поўнае права на самастойнае развіццё. Нельга не пагадзіцца з тым фактам, што ідэі Бакуніна былі пачуты беларускімі народнікамі ў 1880-х гг., надрукаваўшымі ў 1884 г. у Пецярбургу два нумары нелегальнага часопіса «Гоман».

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (9).jpg

Ігар Марзалюк:
Такім чынам, менавіта ў расійскім палітычным дыскурсе былі сфармуляваны ідэі, якія істотнейшым чынам паўплывалі на беларускую палітычную праграму ад «Гомана» да «Нашай нівы» і Беларускай сацыялістычнай грамады. Падкрэслім і характэрную рысу нацыянальнай беларускай традыцыі, якая была адлюстравана ў рэлігійным індыферэнтызме яе прадстаўнікоў: яны абыходзілі праблему канфесійнага раскола беларускага грамадства і звярталіся да ўсіх беларусаў, незалежна ад веравызнання.

Прадстаўнікі беларускай традыцыі належалі як да каталіцкага шляхецка-сялянскага асяроддзя так і да праваслаўнага інтэлігенцка-сялянскага асяроддзя Пецярбургскага ўніверсітэта, нарадавольцы, заснавальнікі часопіса «Гоман» шклоўскі мешчанін, яўрэй па этнічным паходжанні, Хаім Ратнер і мсціслаўскі мешчанін, праваслаўны беларус Аляксандр Марчанка першымі фармулююць беларускую нацыянальную ідэю, абгрунтоўваюць права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць.

Яны сцвярджалі, што беларусы – самастойны славянскі народ, а не галіна ці складовая частка якой-небудзь іншай нацыянальнай супольнасці. Іх заклік без усялякага перабольшання можна назваць першым нацыянальным беларускім маніфестам: «Далоў эксплуатацыю, мы самі жадаем кіраваць сабой! Далоў чужыя рукі, Беларусь павінна быць для беларусаў. Даволі нам падпарадкоўвацца наймацнейшым і чакаць, куды яны нас павароце – направа або налева! Мы самі павінны заваяваць сабе свабоду, не ўскладаючы надзеі на іншых! Мы – беларусы і павінны змагацца за мясцовыя інтарэсы беларускага народа і федэратыўную аўтаномію краіны».

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (7).jpg

Ігар Марзалюк:
Падкрэслім, гэта быў першы ў гісторыі Беларусі тэкст, у якім паняцці «беларусы», «народ» і «краіна» былі пастаўлены ў адзін сэнсавы шэраг. Па сутнасці, гэты часопіс заклаў асновы той парадыгмы палітычнай арыентацыі і разумення будучыні беларускай нацыі, якая з пэўнымі мадыфікацыямі захоўваецца і сёння. «Гоман» стварыў нацыянальны праект, які для таго часу быў найбольш удалы, рацыянальны і прагматычны.

«Гоманаўцы» звязвалі нацыянальнае пытанне з сацыяльнай мадэрнізацыяй. «Гоман» рэальна паўплываў на беларускі палітычны дыскурс да 1918 года. Усе канцэпцыі эпохі «Нашай Нівы» і палітычныя праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады паўтаралі асноўныя моманты праграмы «Гомана»: самабытнасць беларускай нацыі плюс федэралізм у складзе Расійскай імперыі.

У хуткім часе распачаў ахвярную працу на навуковай ніве Мітрафан Доўнар-Запольскі, выхадзец з дробнай неапалячанай шляхты, сын правінцыйнага жандарскага чыноўніка. У ХХ стагоддзі ён стаў заснавальнікам нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі і гарачым прыхільнікам стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Вялікі беларускі мовазнавец Яўхім Карскі , «прыродны беларус», па ўласнаму азначэнню, стваральнік шматтомнай працы «Беларусы», увёў у навуковы дыскурс паняцце «старабеларуская мова» і «старабеларускае пісьменства», сваёй творчасцю завяршыў этнаграфічную фазу канструявання беларускай нацыі.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (8).jpg

Ігар Марзалюк:
«Беларусы» Карскага сталі свецкай «Бібліяй» для дзеячаў беларускага Адраджэння. Тут было ўсё: канцэпцыя беларускага этнагенэза, аналіз помнікаў беларускага пісьменства і веліч старажытнай культуры Беларусі. Важкі ўклад у працэс беларускага нацыяўтварэння выпала ўнесці ў 1890-я гады Францішку Багушэвічу. Францішак Багушэвіч выдаў у 1891 годзе на беларускай мове зборнік вершаў «Дудка беларуская». З вуснаў яго літаратурнага персанажа Мацея Бурачка мы чуем словы, якія сакралізуюць беларускую мову, пастулююць яе самакаштоўнасць і самадастатковасць: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная».

Для Мацея Бурачка не было паспяховай дарогі ні ў палякі, ні ў вялікаросы – ад Бога дадзеная мова патрабавала адпаведнай этнічнай самаідэнтыфікацыі, а адмова ад яе азначала духоўную смерць: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!»

У 1902 годзе ў Пецярбургу Браніслаў Эпімах-Шыпіла стварае «Гурток беларускай народнай асветы і культуры», у 1906 годзе выходзяць газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Працэс развіцця і ўмацавання беларускай нацыянальнай свядомасці набіраў моцы. Палымянае «Людзьмі звацца!» прадвызначала беларускае змаганне за сваю нацыянальную самабытнасць, за свой нацыянальны дом і дзяржаўнасць.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (12).jpg

Ігар Марзалюк:
Ідэі аб самабытнасці беларускай нацыі развіваліся ў жорсткай канкурэнцыі з польскай элітай Беларусі, якая бачыла ў беларускім руху толькі расійскую інтрыгу супраць «польскасці» на «крэсах». Любы прадстаўнік вышэйшага саслоўя, хто адважваўся толькі заікнуцца пра сваю «беларускасць», у гэтым асяроддзі неадкладна падвяргаўся астракізму.

Вельмі паказальны прыклад з княгіняй Марыяй Магдаленай Радзівіл з Завішаў. Добра вядома, што яна не шкадавала ўласных сродкаў на выданне кніг і на літоўскай, і на беларускай мовах, падтрымлівала першую беларускую масавую газету «Нашу Ніву», дзякуючы яе фінансавай падтрымцы быў выдадзены і бессмяротны «Вянок» Максіма Багдановіча. Марыя Магдалена Радзівіл у 1912 годзе прама заявіла ў інтэрв’ю газеце «Мінскае рускае слова»: «Я лічу сябе беларускай літоўскага паходжання, таксама як і мой муж, полькай жа я сябе не адчуваю зусім».

Падобныя выказванні сталі прычынай байкатавання яе польскім грамадствам, польскай арыстакратыяй Беларусі і Літвы – тут яе са здзекам сталі называць «Магдаленай Іванаўнай». Прынцыпова важна тое, што з часоў «Гомана» і да часу стварэння «Нашай нівы» беларускі рух развіваўся ў першую чаргу як антыпольскі, асноўным ворагам і апанентам гэтага руху быў польскі нацыяналізм. Стаўка рабілася на супрацоўніцтва, у першую чаргу, з палітычнай элітай Расіі. Натуральна, што гаворка ішла не пра сяброўства з вялікадзяржаўнымі расійскімі шавіністамі, для якіх беларускага народа не існавала ў прынцыпе і па азначэнні.

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (10).jpg

Ігар Марзалюк:
Нагадаем малавядомы факт – Антон Луцкевіч, лідар БСГ, будучы прэм’ер-міністр БНР, сябраваў з Мілюковым, а Партыя кадэтаў аказвала фінансавую падтрымку «Нашай Ніве». Паслярэвалюцыйныя перыяд паказаў прынцыповую правільнасць падобнай стратэгіі – бальшавікі, Савецкая Расія, у рэшце рэшт, падтрымалі беларускую савецкую дзяржаўнасць.

Ад адроджанай Польшчы ж беларусы, роўна як і ўкраінцы, у палітычным плане не атрымалі роўным лікам нічога, акрамя планамернага знішчэння беларускіх школ, палітыкі паланізацыі і каланізацыі асаднікамі «Крэсаў Всходніх» (так польскія шавіністы афіцыйна называлі Заходнюю Беларусь), канцлагера для палітвязняў у Бярозе-Картузскай і турмы на Лукішках у Вільні.

Факт застаецца фактам: без БССР не было б сучаснай, суверэннай Рэспублікі Беларусь, нашага агульнага нацыянальнага дома. Шматгадовае існаванне БССР стварыла канчатковыя ўмовы для афармлення сучаснай беларускай нацыі і незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. Сваю нацыянальную ідэю беларускі народ фармулюе проста і дакладна: «Быў, ёсць, буду! На сваёй зямлі ў сваёй незалежнай дзяржаве. Бо толькі ў уласным нацыянальным доме мы можам і павінны людзьмі звацца!»

марзалюк белорусская национальная идея 24 06 2023 (11).jpg

Ігар Марзалюк:
Болей аптымізму! Мы яго заслужылі! Над намі наша, беларуская птушка бусел, з намі магутнасць нашай зямлі, яе несакрушальная моц, як несакрушальныя і непарушныя ў сваёй сіле і магутнасці беларускія зубры. З намі наша крынічнае беларускае слова, хараство і прыгажосць нашых жанчын, мудрасць і веліч нашых продкаў, увасобленая ў пабудаваных імі храмах, замках, ратушах.

З намі наш беларускі свет, наша беларускае сумоўе. Наша зямля, наша сонца, наша паветра! Бог, Бацькаўшчына, бацькі! Парадак ва ўсім! Наш беларускі парадак, на нашай зямлі пад белымі крыламі! Усё гэта і ёсць сімвалы нашай беларускай нацыянальнай самабытнасці, сімвалы нашай, беларускай ідэі, нашай беларускай вечнасці!