Чаму дуб сімвалізуе вечнасць, сілу і неўміручасць? Растлумачыў Ігар Марзалюк

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Дуб_14.10 (1).jpgІгар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння размова пойдзе пра дрэва, якое сімвалізуе вечнасць, сілу і неўміручасць. Сімвал сілы, сімвал мужчынскага пачатка – пра дуб. Пачнем!

Шанаванне дуба – то не толькі беларуская, але і агульнаславянская практыка. Практыка, якая была характэрна таксама і для іншых індаеўрапейскіх народаў – балтаў і германцаў. Нашы продкі ў язычніцкі, дахрысціянскі час лічылі, што дуб – то вечнае дрэва, якое існуе спрадвеку. Гэта дрэва жыцця. І на галінах гэтага спрадвечнага дуба трымаецца ўвесь свет, а яго карані дасягаюць апраметнай.

Дуб – у славянскім язычніцтве, то сімвал бога Перуна, абаронцы і апекуна воінаў ды мужчын увогуле. Ён увасабляе мужчынскі пачатак. У той час як бяроза – сімвал жаночага пачатка. Менавіта ў дубровах адпачывае і нябачна ад людзей знаходзіцца сам Пярун. Таму дуб – сакральнае дрэва, дрэва Перуна. У продкаў існавалі святыя, запаветныя дубровы. Іх ніколі не чапала сякера дрывасека.

Дуб_14.10 (4).jpgПад самым вялікім дубам, супольна з князем, збіраліся і вяршылі суд. Лічылася, што такі суд будзе праходзіць пад кантролем бостваў і абавязкова будзе справядлівым. І ўжо пасля таго, як славяне прынялі хрысціянства, праз стагоддзі пасля хрышчэння дуб працягваў заставацца ў свядомасці беларусаў святым дрэвам.

Духавенства не толькі ў Сярэднявеччы, а нават і зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі, з разуменнем ставілася да падобных вераванняў сваёй праваслаўнай паствы. Ды і не адмаўляла людзям у просьбе праводзіць малебны ў дубровах, побач з найбольш шанаванымі паспалітым людам дубамі. Асобныя з іх, з-пад якіх білі крыніцы, асвячаліся ў гонар таго ці іншага святога, ды высока ад зямлі, на раскідзістых галінах дрэва размяшчалі абраз. Так было, напрыклад, у Магілёве, на рэчцы Дубравенцы.

На магутным дубе была змешчана ікона Святога Пракопія, якая лічылася цудатворнай. Пад каранямі дрэва біла крыніца-прошча. У яе кідалі ахвяраванні – манеты. Сюды ўрачыста ішоў хрэсны ход, тут маліліся вернікі, правіліся малебны яшчэ ў 40-50-х гадах XX стагоддзя! Гэты дуб ацалеў і шуміць сваімі галінамі сёння, побач з вялізнай, але ўжо на жаль памерлай, ссохлай сасной... Але гэты дуб, векавечны волат, як і стагоддзі раней, учэпіста стаіць у Пячэрскім лесапарку, на беразе штучнага возера, створанага ў пасляваенны час на Дубравенцы. Калі прыгледзецца, то і зараз заўважна месца, дзе быў прымацаваны абраз Святога Пракопія. Крыніца ж то знікае, прытопленая возерам, то з’яўляецца ізноў, калі ў спякоту вада ападае…

Побач з такімі святымі дубамі продкі здзяйснялі шлюбныя рытуалы, сужэнцы кляліся ў вернасці адзін другому. А замест царкоўных вянцоў над іх галовамі трымалі вянкі з дубовых галінак. Думаеце, гэта толькі ў часы язычніцтва рабілася? Нічога падобнага! Праваслаўныя святары, як сведчаць дакументы, нават у XVIII стагоддзі па просьбе маладых і іх бацькоў маглі іх абвянчаць не толькі ў царкве, але і побач з магутным «святым» дубам. Пры гэтым цалкам адпраўлялася царкоўная служба, маладых прычашчалі, а пасля яны мусілі аб’ехаць вакол дуба не меней трох раз. Гэта рабілася дзеля таго, каб шлюб быў трывалым і шчаслівым. Галіны ж дуба раздаваліся на блаславенне на доўгае, здаровае жыццё.

Дуб_14.10 (8).jpgСтарадаўні шматвекавы дуб – то святы дуб. Гэта дрэва, якое чалавек не мае права кранаць, яго нельга секчы. Іначай бяда, нядоля, іначай смерць крыўдзіцеляў. Яшчэ ў XIX стагоддзі нашы продкі-беларусы ў Мінскай губерні распавядалі незвычайныя легенды пра тое, што калісьці рос на лясной палянцы спрадвечны старадаўні дуб. Ён быў надзвычай вялікіх памераў, сапраўдны волат, сапраўднае Цар-дрэва. Калі хто-небудзь біў па ім сякерай, то з гэтым чалавекам потым абавязкова здаралася няшчасце.

Урэшце зламысны і лядашчы пан, уладальнік тых мясцін, загадаў той Цар-Дуб ссекчы. Дуб зрубілі. Пад час, калі яго секлі, дрэва плакала крывавымі слязьмі. Падаючы, дуб раздавіў усіх сваіх крыўдзіцеляў, а потым цэлы тыдзень шалела страшэнная віхура з громам і маланкай-бліскавіцай. Віхура дзіка раўла, раскідвала будынкі, калечыла і забівала людзей і жывёлу, маланкі бязлітасна палілі хаты.

Дуб непарыўна звязаны з нараджэннем і ростам дзіцяці, натуральна, што з хлопчыкам. Першую ваду пасля купання спадчынніка трэба было выліваць пад дуб. Калі маленькі хлопчык пытаўся, адкуль ён узяўся, то яму казалі: «Ты на дубочку сядзеў». Жыццё хлопца залежала ад жыццёвай сілы і развіцця пасаджанага пры нараджэнні маладога дуба. Свой дуб уласнымі рукамі мог пасадзіць і падрослы хлопчык. Саджанец дуба мусіў быць меншы за яго рост. На Палессі казалі: «Калі перарасце дуб хлопца – здаровы будзе той хлопец. Як пасадзе ён дуба, а дуб не расце – захварэе хлопец».

Дуб_14.10 (7).jpgУ рытуалах-ініцыяцыях – гэта значыць пасвячэннях у дарослы, мужчынскі стан, дуб граў каласальнае значэнне. Паўторымся, дуб – Перунова дрэва. Пярун – бог маланкі, вярхоўнае боства. Ён жа і бог вайны, апякун і абаронца воінаў. Менавіта таму, калі хлопчык, сын дружынніка, дасягаў узросту отрака, гэта значыць 14 гадоў, бацька здзяйсняў абрад пасвячэння хлопчыка ў воіны. Адбываўся так званы «пастрыг». Хлопца садзілі на абух баявой сякеры, а ягоны бацька падстрыгаў валасы падлетка ў «скобку» – мужчынскую прычоску дарослага дружынніка.

Пасля гэтага бацька садзіў сына на каня і абводзіў яго, трымаючы за аброць, вакол самага магутнага дуба ў дуброве тройчы. Потым хлопец атрымліваў сваю першую зброю – баявую сякеру. А яшчэ бацька дарыў яму амулет у выглядзе маленькай, дакладнай копіі гэтай сякеры. Сякерка-амулет, у залежнасці ад заможнасці дружынніка, магла быць выраблена як з жалеза ці свінца, гэтак і высакародных металаў і сплаваў – бронзы, срэбра і нават золата.

Такі амулет воін насіў на целе ўсё сваё жыццё. Гэты звычай захаваўся і пасля хрысціянізацыі. Стагоддзі нацельны хрысціянскі крыж суседзіў з сякеркай амулетам ці на адным ланцужку, ці на спецыяльным ланцужкатрымальніку побач з іншымі амулетамі, якія мусілі засцерагаць воіна ў бітве.

Дуб_14.10 (6).jpgА яшчэ продкі свята верылі, што дуб лекуе ад усіх хваробаў. «Хадзіць да дуба за здароўем» было ўласціва для ўсіх без выключэння славянскіх народаў. Дуб – галоўны ахоўнік дзяцей. Ён лекуе маленькіх ад плача і крыку, ад самых разнастайных дзіцячых хвароб і агульнай слабасці маленькага чалавечка. Беларусы слабенькае, хворае ці неданошанае дзіцятка насілі да дуба, у якога прасілі сілы, жыццёвай моцы для малога. Выпякаючы хлеб на вялікіх дубовых лістах, продкі, як і нашы суседзі-палякі, верылі, што з’еўшы такі хлеб, чалавек набывае сілу дуба.

Калі чалавек знаходзіўся пад дубам, то ён мог не толькі пазбавіцца ад хваробы, але і набыць звышдольнасці і веды. Таму самы вялікі дуб у дубраве для беларуса то месца, то прасторы сілы, якую ён можа здабыць праз шчырую малітву і пакаянне, праз просьбу ад сэрца. У чарадзейных казках і легендах нашага народа можна знайсці веру ў тое, што чарадзейныя дубы, іх лістота могуць вяртаць страчаную маладосць і нават жыццё. Мёртвых у гэтых легендах вяртаюць да жыцця, уваскрашаюць пры дапамозе лістоў цудадзейнага дуба, якія прыкладаюць да ілба і сэрца забітага чалавека.

З дубам і ва ўсходніх (гэта значыць у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў) і ў заходніх (палякаў, чэхаў, славакаў) славянаў звязана шмат традыцыйных прыёмаў лячэння. Цяжкахворага чалавека працягвалі праз расшчэп у ствале дуба – звычайна маладога дрэва. Асабліва карысным лічылася такая практыка, калі дрэва было расчэплена натуральным чынам – маланкай. Хворага маглі праносіць, альбо ён сам пралазіў праз дупло ці пад каранямі дрэва, ці нават скрозь вялікія галіны дуба.

Дуб_14.10 (2).jpgАсабліва часта так праносілі дзяцей, якія хварэлі рахітам, ліхаманкай, эпілепсіяй, грыжай, бяссонніцай. Як правіла бацькі стаялі з двух бакоў дуба, тройчы перадаючы дзіцяці адзін другому праз адтуліну. Пры гэтым на дрэве пакідалі кашульку дзіцяці ці ніткі ад яго адзення. Пасля гэтага рытуала бацькі абавязкова купалі хворага рахітам дзіцяці ў адвары маладых парасткаў дуба.

Беларусы шчыра верылі, што каб не балела спіна, трэба ўвесну пацерціся той спіной аб дуб. Але абавязкова пры першым громе ці пабачыўшы першую птушку. Увогуле. Віцебскія беларусы мелі свой пункт гледжання на тое, калі пачынаецца лета насамрэч. Свой уласны віцебскі каляндар. Расцвёў дуб – лета пачалося. Каб спіна не балела пад час жніва, у нашага народа было прынята затыкаць за пояс дубовую галіну. Дуб лічыўся самым надзейным лекам ад болі зубоў і хваробаў горла. Гэта дарэчы не расходзіцца і з парадамі сучаснай медыцыны. Адвар з дубовай кары выкарыстоўваюць і сёння пры запаленні слізістай, ангіне і зубной болі.

Дуб апеты ў беларускай літаратуры, у беларускай паэзіі як сімвал нязломнасці нашага народа, яго жыццёвай сілы і мужнасці. Прыгадаем радкі з верша Петруся Броўкі «Як ліст дубовы …»

Дуб_14.10 (3).jpg

Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст. 

Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць...
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ
Звініць. 

Калі зімой
Мятлюга грае
І злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос. 

І толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол, 
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол.

Дуб і ў нашай традыцыйнай культуры, і ў літаратуры, і ў мастацтве, то сімвал спрадвечнасці нашай зямлі, нашага народа, сімвал нашай, беларускай вечнасці!