Чаму васілёк не проста кветка для беларусаў? Растлумачыў Ігар Марзалюк
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння працягваем размову пра народныя сімвалы Беларусі. І адным з такіх народных, нашых спрадвечных нацыянальных сімвалаў, безумоўна, з’яўляецца васілёк. Размова аб ім. Пачнем!
А пачнем з таго, што ў нашай мове ёсць дзве назвы гэтай дзівоснай,чароўнай кветкі. Васілёк і валошка. І так, і гэтак будзе правільна! Агульная народная назва гэтай палявой расліны васілёк сіні, але на Гарадзеншчыне можна пачуць валынка, раднянка, хабэрка, гарандлянка, на Магілёўшчыне – сіноўнік, у Жыткаўскім раёне – сінька, на Гомельшчыне – валамені і валамекі, на Віленшчыне – казэлец . Назву Васількі маюць вёскі ў Віцебскім, Бялыніцкім і Пухавіцкім раёнах.
Васілёк у беларускім фальклоры не проста кветка. Сіні колер суадносіўся ў беларускім фальклоры з воднай стыхіяй. З вадой. З яе ачышчальнай і магічнай функцыяй. Беларускі народ верыў у гаючую, ачышчальную моц гэтай палявой кветкі. На Івану купалу беларускія траўнікі збіралі наборы лекавых траў, якія, як лічылася, мелі максімальную гаючую моц. Васілёк у абавязковым парадку ўключаўся ў купальскі набор лекавых збораў і ў абавязковым парадку асвячаўся ў Іванаў дзень у царкве.
Аўтапрытэтнейшы знаўца ўсходнеславянскага фальклору, маскоўскі даследчык Б. Успенскі лічыць, што такое шанаванне васілька ў беларусаў звязана з тым, што ў дахрысціянскі час гэтая кветка лічылася кветкай бога Вялеса – бога плоднасці, урадлівасці, бога ўладара падземнага царства, дзе жывуць душы памерлых продкаў. А яшчэ наш фальклор, нашы цудоўныя народныя песні сведчаць, што васілёк успрымаўся як сімвал прыгажосці: «Пайду я ў садочак, // Сарву я васілёчак, // Васілёчак сіненькі, // Мой дзядулька міленькі, // Васілёчак найсінейшы, // Мой дзядулька наймілейшы». У даўнія часы васілёк упляталі ў вянок маладой. Васілёк успрымаўся як сімвал чагосці найдасканалейшага, добрага, вернага, надзейнага. Васілёк – сімвал вернасці сужэнца, чалавека з мякім вы марыце пабрацца шлюбам, звязаць з ім назаўжды уласны лёс: «Німа сінейшага цвету ды над васілёчка, Дынад васілёчка, // Німа вярнейшага слоўца над міла дружочка, над міла дружочка».
А яшчэ ёсць вельмі прыгожая беларуская легенда «Чаму васілёк васільком завецца?» Згодна старажытнага падання русалка закахалася ў беларускага хлопца, сына ўдавы. Звычайнага, маладога селяніна, аратая, якога звалі Васілём. Перакажам яе. Аднойчы Русалка заўважыла ў полі прыгожага хлопца, і пачала штодня цікаваць за ім з густых зараснікаў хмызняку.
У хуткім часе, яна адчула, што закахалася. І з’явілася ў чароўнай і спакуслівай красе перад Васілём. Закаханыя пачалі сустракацца, але русальчыны дні на зямлі цяклі надзвычай хутка. Неўзабаве трэба было вяртацца ў валадарства Вадзяніка. Русалка маліла хлопца пакінуць поле і пайсці з ёй у водныя глыбіні, але Васіль не пагадзіўся. І русалка заманіла яго ў чарговы раз у поле, заказытала да смерці ды ператварыла ў сінюю кветку, спадзеючыся, што каханы калі-небудзь прыплыве да яе хоць бы гэтай кветачкай. Шкадуючы бедную ўдаву, людзі назвалі кветку Васільком. З тых часоў васількі заўсёды пачынаюць квітнець на Русалле і жытнёвае поле на сем кароткіх дзён становіцца месцам сустрэчы закаханых – Васіля і Русалкі.
На Гомельшчыне пад час абрада провадаў русалак выбіралі дзеўчыну, якая потым выконвала ролю русалкі. Так як лічылася, што назва кветкі васілёк паходзіць ад імя юнака Васіля, то абранай дзеўчыне надзявалі на галаву вянок з васількоў і пелі «Васілька»:
Ой. Васiль жа мой, васiлечак,
Васiлечак, васiлечак!
Бярозавы мой цвэточак!
Мой цвэточак, мой цвэточак!
Часам цебэ я садзiла,
Другiм часам палiвала,
Трэцiм часам сырывала!
Сарву цьвяток, саую вянок,
Завiушы вянок, пайду у танок.
Увогуле ў славянаў да апошняга часу з васількамі былі звязаны два народныя святы. Першы меў назву – «Пайшоў колас на ніву». Ён адзначаўся, калі на ніве з’яўляліся першыя каласкі. Моладзь збіралася на краю вёскі. Дзяўчыны і хлопцы станавіліся ў два шэрагі насупраць адно другога, браліся за рукі, а па руках, як па масту ійшла ўпрыгожаная васількамі і лентамі дзяўчынка. Пары пераходзілі з апошніх шэрагаў уперад да тае пары, пакуль дзяўчынка не даходзіла да нівы. Тут яны сходзіла на зямлю, зрывала некалькі каласкоў ды бегла з імі на сяло, дзе яе сустракалі бацькі.
Свята «Імянны сноп» праходзіла напрыканцы лета, перад уборкай зернавых. Жанчыны-гаспадыні выходзілі ў поле з хлебам і соллю зажынаць ніву. Вязалі першы сноп, аздаблялі яго васількамі, урачыста з песнямі прыносілі ў хату і станавілі ў чырвоны кут. Гэтая кветка вядома з даўніх часоў сваімі лекавымі ўласцівасцямі. У якасці лекаў выкарыстоўваюць толькі сінія краявыя кветкі, якія пры высыханні павінны быць яркага сіняга колеру. Лекавы настой з яго пялёсткаў дапамагае пры захворванні ныркаў і вачэй. У народнай медыцыне кветкі васілька сіняга, якія маюць супраць запаленчыя ўласцівасці, выкарыстоўваюць таксама ў мачагонных зборах пры мочакаменнай хваробе, неўрозах, цысцітах, пры лячэнні ран і кан’юнктывітах, хворай печані, пры прастудзе, як жарапаніжаючае.
А яшчэ васількі можна есці! Кветкі дадаюць у першыя і другія стравы, соусы і падліўкі. Парашок з сухіх кветак – выдатная заправа для супоў, баршчоў, мясных і рыбных страў. Паспрабуйце, не пашкадуеце! Выкарыстоўвалі васількі і пры варажбе, як прываротнае зелле, гэта значыць як сродак каб прывярнуць і закахаць у сябе таго, без каго і жыццё не жыццё!
Вобраз-сімвал васілька праходзіць праз усю беларускую паэзію, але ніхто так не ўславіў гэтую кветку ў сваіх геніяльных вершах, як наш апостал беларускага духу, наш волат беласкага паэтычнага слова, як наш Максім Багдановіч. Ён з пяшчотай і замілаваннем называе гэтую кветку «мой дружа» у сваім дзівосным па лірычнай мілагучнасці вершы «На чужыне». Менавіта дзякуючы творчасці М. Багдановіча васілёк ўспрымаецца ў беларускай паэзіі як сімвал Радзімы і жывой мовы роднай зямлі.
З сябрам-васільком ужо згаданы раней лірычны герой верша «На чужыне» вядзе маўклівую размову «аб беднай далёкай сваёй старане». І пачуццё адзіноты знікае, зыходзіць. Бо сінявокая «васільковая» Беларусь галоўная, адзіная і непаўторная абранніцай сэрца паэта. Жыццё чалавека неаддзельна ад лёсу Радзімы. І гэтым сімвалам для Багдоновіча быў васілёк. Наша сінявокая валошка. Колер гэтай кветкі для М. Багдановіча неаддзельны ад ўспрыманне родных краявідаў у самых розных яго вершах. З гэтым васільковым колерам у Максіма Багдановічпа атаясамляецца і ноч, і нават маладзік . Сіні колер у яго выклікаў успаміны аб маладосці і каханні. Эпітэт сіні ўжыты ў апошнім развітальным вершы М. Багдановіча з Радзімай.
У эстэтычнай канцэпцыі, канцэпцыі беларускага хараства, М. Багдановіча васілёк – гэта яшчэ і ўвасабленне лёсу беларускай нацыі. Праз словазлучэнні «шэпча панура», «шэпча нявесела», «забыты васілёк» паэт перадае хваляванне за будучыню беларускага народа, які з-за хцівых чужынцаў не можа скарыстацца з сваіх духоўных і матэрыяльных скарбаў, пазбаўлены ўласнай дзяржавы і ўласнай долі.
А яшчэ, для М. Багдановіча, васілёк – сімвал маральнай чысціні і духоўнай дасканаласці душы чалавека. Памятаеце біблейскую метафару «Не хлебам адзіным»? У прачытанне нашага нацыянальнага генія яна гучыць так:«Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?» Гэтыя словы запытанні М. Багдановіч укладвае ў вусны Хрыста ў празаічным творы «Апокрыф». Гэтак і Беларусь цвердзіў наш вялікі «Максім-кніжнік» з яе багатаю культураю займае адметнае месца на сусветным небасхіле, мусіць займаць годнае і пачэснае месца ў сузор’і славянскіх народаў. Як годны з годным, як роўны з роўным.
Але вяршыня апявання васілька, кульмінацыя яго ўхвалення як сімвала Беларусі зроблена Максімам Багдановічам у вершы «Слуцкія ткачыхі». Даруем нашаму паэту гістарычную памылку. Слуцкія паясы ніколі не ткалі жанчыны, гэта заўсёды была мужчынская работа. Але Багдановіч не гісторык, ён паэт. І яму можна тое дараваць. За любоў да роднай зямлі, за яго вобразы Беларусі, за яго лірычны гімн роднай краіне і таленту яе людзей. Бо Багдановічаўскі «цвяток радзімы васілька» становіцца сімвалам неўміручасці духоўнага аблічча Беларусі, нашай нацыянальнай душы, увасобленай у творах беларускага мастацтва – слуцкіх паясах.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна,
– І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.
Беларускі, сінявокі васілёк у нашай незалежнай краіне паўсюль – ім аздоблены памятныя беларускія манеты, самыя разнастайныя лагатыпы. Ён сімвал беларускага адзінства і славянскага адзінства, сімвал фестываля «Славянскі базар» у Віцебску.
Такім чынам, васілёк – то кветка сімвал нашай беларускай душы, нашых сінявокіх людзей, нашых азёраў і рэк, то сапраўдны сімвал нашай, беларускай вечнасці!