Ігар Марзалюк: «Беларускае паэтычнае слова вечна і не вынішчальна»
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння пра галоўны духоўны скарб нашай беларускай вечнасці – пра нашу спрадвечную беларускую мову.
На чым будаваць наша нацыянальнае адзінства? Толькі на традыцыйных каштоўнасцях. Толькі на роднай культурнай традыцыі, толькі на праўдзівай, не фальшывай памяці пра нашу нацыянальную гісторыю. Кажучы так, не будзем забываць пра роднае, беларускае слова, пра родную беларускую мову. Дык дзе нашы моўныя вытокі? Калі і як утваралася наша самабытная беларуская мова, загучала наша роднае гордае беларускае слова? Што яму папярэднічала? Аб усім па парадку.
Мы – славяне. І мова наша таксама славянская. Больш таго, так сталася, што землі Беларусі з’яўляюцца зыходным вытокам, месцам нараджэння асобнай славянскай, у тым ліку і моўнай, самабытнасці. Пераважная большасць сучасных археолагаў-cлавістаў (не толькі беларускіх, але і украінскіх, і расійскіх, і польскіх, і чэшскіх, і нямецкіх) лічыць, што рэкі славянскай прарадзімы – гэта не Вісла і Одэр, а Прыпяць і Дняпро – беларуска-украінскае Палессе, Сярэдняе (украінскае) і Верхняе (Гомельшчына і паўднёвы усход Магілёўшчыны) Падняпроўе. Менавіта адсюль на працягу наступных стагоддзяў адбывалася асваенне, заваёва і каланізацыя славянамі іншых еўрапейскіх зямель.
Так што сапраўды – славянская мова загучала ўпершыню ў свеце на землях паўднёвай і паўднёва-усходняй Беларусі. Таму вельмі важным этапам нашага протагістарычнага быцця з’яўляецца перыяд агульнаславянскага адзінства. Гэта час існавання адзінай славянскай агульнасці, фарміравання самастойнай славянскай мовы, самасвядомасці і культуры (IV-VIII стагоддзі н.э.).
Менавіта землі беларускага Палесся – ад Брэста на паўднёвым захадзе і Гомеля на паўднёвым усходзе – з’яўляюцца старажытнейшай часткай славянскай прарадзімы. Беларускае Палессе – зыходная тэрыторыя, дзе адбылося нараджэнне і афармленне агульнаславянскай супольнасці. Гэта мае пацверджанне і ў дадзеных сучаснай генетыкі.
Генетыкамі былі вызначаны дзве розныя групы славянскага насельніцтва. Адна з іх ахоплівае заходніх славян, усходніх славян і дзве групы паўднёвых славян – харватаў і славенцаў. Другая ўключае астатніх паўднёвых славян. Згодна вынікам даследаванняў, большасць славянскага насельніцтва першай групы мае падобны генафонд па мужчынскай (Y) храмасоме.
Сучасныя рускія, асабліва тыя, што жывуць на поўначы Расіі, адрозніваюцца дзякуючы спадчыне фінна-угорскіх народаў, гэта увасобленае ў іх геноме адлюстраванне асіміляцыі таго насельніцтва славянамі. Адрозненне заходніх славян праглядаецца за кошт спецыфікі распаўсюджвання генетычнай спадчыны народаў, якія размаўлялі на кельцкіх мовах і засялялі калісьці тую частку Еўропы, куды славяне вырушылі ў V-VII стагоддзях.
Паўднёвыя славяне на Балканах вылучаюцца дзякуючы наяўнасці генетычнай спадчыны фракійцаў, народаў Міжземнамор’я, у тым ліку і грэкаў, якіх таксама было шмат у зоне славянскай экспансіі на Балканах. Беларуская папуляцыя, па назіранням генетыкаў, стаіць бліжэй усяго да славянскага пранарода. Можна пачуць ад не вельмі абазнаных «спецыялістаў» пра тое, што мы, беларусы, «малодшыя браты» ці то рускіх, ці то украінцаў. Выглядае, што наадварот.
Ігар Марзалюк:
Вывучэнне генафонду беларусаў, рускіх і украінцаў паказала, што менавіта беларусы маюць усе спецыфічныя асаблівасці, характэрныя для двух астатніх папуляцый. Такім чынам, тэрыторыю Беларусі неабходна і з пункту гледжання генетыкі разглядаць як найстаражытнейшую частку славянскай прарадзімы, не кажучы ўжо пра ўсходнеславянскую. Генафонд беларускага этнасу ў цэлым вельмі блізкі да першапачатковага генафонду ранніх славян. Разам з тым роля асіміляванага балцкага субстрату вельмі выразна адчуваецца на паўночным захадзе і поўначы Беларусі (у Гродзенскай і Віцебскай абласцях).
Балцкі субстрат на поўначы Беларусі асіміляваны падчас яе славянізацыі і адлюстроўвае мешаны характар крывічоў. Усходнія славяне – продкі сучасных беларусаў – маюць балцкі субстрат (гэта значыць асіміляванае насельніцтва блізкароднаснае сучасным літоўцам і латышам), сучасныя украінцы – іранскі (спадчына скіфаў і сарматаў, якія насялялі землі Украіны ў даславянскі перыяд), рускія – фіна-угорскі. У выніку гэтага ўзаемадзеяння ўзніклі адметныя мовы і адметная духоўная і матэрыяльная культуры кожнага з усходнеславянскіх народаў.
Разам з гэтым усе мы, братнія усходнеславянскія народы, сучасныя гордыя, самастойныя, усходнеславянскія нацыі, паходзім са Старажытнай Русі. Яна для нас тое ж самае, што для заходнееўрапейцаў імперыя Карла Вялікага, іх дзяржаватворчы выток. Пачатак гістарычнага шляху. У той час, гэта значыць у X-XIII стагоддзях, існавала і ўсходнеславянская еднасць, увасобленая ў адзінстве літаратурнай усходнеславянскай старажытнарускай мовы, адзінстве веры і княскіх радоў Рурыкавічаў. І супольнай назве, якая замацавалася за ўсімі княствамі-землямі – Русь. І гордыя полацкія Рагвалодавічы-Ізяслававічы, і кіеўскія Яраслававічы ведалі, што яны «адзінага дзеда ўнукі». Усходнія славяне падзяліліся на тры галіны і ўтварылі тры блізкароднасныя, але самостойныя народы.
Ігар Марзалюк:
У эпоху ВКЛ канчаткова афармляецца агульная дзяржаўная тэрыторыя, у межах якой цалкам быў аб’яднаны беларускі этнаграфічны масіў. Узнікае «высокая» мова, мова справаводства і літаратуры, якая стала афіцыйнай мовай дзяржавы. У свой час акадэмік Яўхім Карскі паказаў, што беларуская моўная спецыфіка прасочваецца ў помніках XIII стагоддзя, а самастойны комплекс старабеларускай літаратурнай мовы не маладзейшы за XV стагоддзе. На ёй гавораць і пішуць Ягайла, Вітаўт і наступныя Ягелоны ўключна да Жыгімонта Аўгуста.
Мы мусім ганарыцца велічным подзвігам Францыска Скарыны і надрукаванай ім Бібліяй Рускай. Другой друкаванай Бібліяй у славянскім свеце пасля чэшскай. Прадмовы і пасляслоўі Скарыны ў Бібліі – то старабеларуская мова, наша жывое слова. Старабеларуская мова – то мова Статутаў ВКЛ – 1529, 1566, 1588 гадоў. Мова перакладаў, у тым ліку рыцарскіх раманаў і антычных філосафаў. Мова, якую выкарыстоўвалі ва ўсіх дзяржаўных установах ВКЛ і на землях Беларусі, і на землях Літвы, і на землях Украіны.
Негледзячы на паланізацыю ў эпоху Рэчы Паспалітай, на страту большай часткі эліты, якая прадалася за польскія пернікі ў выглядзе шляхецкіх прывілеяў, беларускі селянін, частка беларускага мяшчанства і дробнай беларускай шляхты захавала родную мову. Гаварылі на ёй, лічылі сваёй. Пранеслі праз усе выпрабаванні. І ўжо ў XIX і ў пачатку XX стагоддзяў беларускае слова ізноў загучала як слова высокай культуры, а не толькі сялян у сярмязе.
Літаратурная творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча сведчыла: беларускае паэтычнае слова вечна і не вынішчальна. Нацыянальная дзяржаўнасць беларусаў, увасобленая ў БССР, у 20-х гадах мінулага стагоддзя зрабіла беларускую мову мовай справаводства, адукацыі, культуры і мастацтва. Зрабіла дзяржаўнай мовай.
Ігар Марзалюк:
Руская мова не можа быць перашкодай для развіцця беларускай мовы ў сучаснасці ды і ніколі ёй не была. Для Беларусі ХХ стагоддзе склалася так, што руская мова стала дамінуючай у паўсядзённай бытавой практыцы. Гэта вынік урбанізацыі і індустрыялізацыі. Відавочная блізкасць моўнай групы беларускай і рускай моў стварае ўсім зразумелыя цяжкасці ў адраджэнні нацыянальнай мовы. Патрэбны час, крапатлівая праца, цярпенне і гранічная карэктнасць. І двухмоўе тут не перашкода.
Адраджэнне нацыянальнай мовы патрабуе ад усіх і кожнага дадатковага інтэлектуальнага намагання і разумення значнасці гэтай праблемы як адзінай умовы захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Кожны, у каго беларускае сэрца, можа не камунікаваць штодня па-беларуску, але прынамсі імкнецца ведаць мову і не будзе яе зневажаць.
Беларуская мова не прыдуманая – ні палякамі, ні бальшавікамі – гэта найважнейшы элемент нашай ідэнтычнасці і струмень жыццядайнай крыніцы для народа. Нацыянальная мова, літаратура і гісторыя ствараюць каркас асобы, які дазваляе не згубіцца, кажучы словамі вялікага рускага філосафа Аляксандра Зіноўева, у «глобальном человейнике».
Наша гісторыя і літаратура ствараюць тое, што ўсе мы называем адным агульным словам «культура». Часта можна пачуць, што сёння ў беларусаў няма твора, роўнага па маштабе «Вайне і міру» Льва Талстога. А «Каласы пад сярпом тваiм» Уладзіміра Караткевіча – якога ўзроўню гэты раман? На маю думку, узроўню Льва Талстога. Недаацэненасць твора ў тым, што існуе праблема перакладу на іншыя мовы, складана перадаць усе тонкасці мовы Караткевіча – гэта абсалютная велічыня ў нашай літаратуры і культуры.
Любіць Беларусь – гэта значыць любіць беларускую мову. Спрадвечную мову нашага народа. Мову нашага дзяржаўнага гімна, мову нашай нацыянальнай дзяржаўнасці, мову нашай беларускай вечнасці.