Ігар Марзалюк: «Беларускія землі былі асновай эканамічнай магутнасці ВКЛ»
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння працяг нашай размовы пра нашу, беларускую Вільню, пра нашу віленскую беларушчыну.
Сімвалам беларускай Вільні для мяне з’яўляецца Вострая брама. «Вострая брама святая» – так узнёсла апетая вялікім Максімам Багдановічам. Вострая брама – гэта яшчэ і цудатворны абраз Маці Божай Вострабрамскай. Абраз, які па праву лічыцца нашай агульнанацыянальнай святыняй. Абраз, які ўшаноўваюць і праваслаўныя, і каталіцкія вернікі Беларусі да сёння. Яшчэ мой дзед, праваслаўны Марзалюк Іван Васільевіч, заходнік са Стаўбцоўшчыны, вучыў мяне, што пад Вострай брамай мужчына можа ісці толькі з непакрытай галавой, у абавязковым парадку здымаючы галаўны убор.
Калі падыходзіш да Вострай брамы і ідзеш па вулках гэтага дзівоснага горада, то перад тваімі вачыма ўсплываюць святыя для беларускага сэрца вобразы Францыска Скарыны і яго віленскай друкарні, а таксама яго паслядоўніка Пятра Мсціслаўца, што таксама тут друкаваў кнігі. Міжволі прыгадваецца велічная постаць знакамітага канцлера ВКЛ Льва Сапегі ды выдадзены яго рупнасцю Статут ВКЛ 1588 года. І хіба толькі гэта! Горад, яго камяніцы, храмы, могілкі невымоўна сведчаць аб нашай беларускай прышласці. Скрадзенай, абылганай, вельмі часта прысабечанай хцівымі чужынцамі.
Ігар Марзалюк:
Але ёсць адзін знакавы сімвал беларушчыны, які найістотнейшым чынам спрычыніўся да ўзнікнення нашай нацыянальнай самабытнасці і дзяржаўнасці. Гэта Віленскі ўніверсітэт. Калыска нашых гістарычных сэнсаў. Калі мы кажам пра Вільню, то мы не можам абысці яе ролю ў развіцці і станаўленні беларускай культуры, нацыянальнай самасвядомасці, стварэнні ў тым ліку і канцэпцыі беларускай самабытнасці. А значыць, мы мусім згадаць нашу, беларускую прафесуру Віленскага ўніверсітэта. Людзей, якія баранілі права Беларусі і беларусаў на спадчыну ВКЛ, спадчыну гістарычнай Літвы. Літвы вялікіх сэнсаў, калыскі некалькіх народаў, але найперш нашага народу – народу беларускага.
Ігар Марзалюк:
Перш чым перайсці да знаёмства з гэтымі вялікімі людзьмі і іх творамі, мусім патлумачыць паспалітаму гледачу, якія сэнсавыя значэнні мелі тэрміны «Літва» і «літвіны» у старажытнасці. У гістарычнай навуцы даўно звернута ўвага на шматсэнсоўнасць тэрміна «Літва» ў Сярэдневякоўі. Можна лічыць даказаным факт выкарыстання гэтага тэрміна ў XIV-XVI стст. у некалькіх сэнсавых значэннях: 1) палітонім, ці абазначэнне ўсёй дзяржавы – ВКЛ; 2) харонім, ці «Літва ў вузкім сэнсе» – гістарычны цэнтр дзяржавы, які складаўся з заходнебеларускіх і ўласна літоўскіх (аукштайцкіх) зямель; 3) Літва ў сэнсе этнічна балцкім.
Пры гэтым з цягам часу тэрміны «Літва» і «літвін» пачалі пазначаць любога грамадзяніна той дзяржавы, незалежна ад этнічнага паходжання. Нават у часы паланізацыі ў шляхецкім асяроддзі працягвала існаваць асобная літвінская свядомасць, паяднаная са свядомасцю польскай. Яна была жывая яшчэ ў XIX стагоддзі. Носьбітаў такой свядомасці ў сучаснай навуцы называюць старалітвінамі.
Гэта значыць, што старалітвін усведамляе сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, не дзеліць сваіх суграмадзян па крытэрыю мовы і з’яўляецца патрыётам Рэчы Паспалітай. Называючы сябе літвінам, ён не ўяўляе сабе Літву і Польшчу як дзве дзяржавы, якія маюць розную будучыню. Літва для яго – проста частка Польшчы. Прычым лепшая частка, Польшча, так бы мовіць, са знакам якасці, маючая ўласную гістарычную традыцыю. Пры гэтым частка жыхароў так зразумелай Літвы мае свае мовы – літоўскую (жмудскую) і русінскую (беларускую), але мовай культуры і адукацыі ў ёй з’яўляецца польская мова.
Ігар Марзалюк:
З цягам часу значная частка такіх старалітвінаў займела звычайную польскую нацыянальную свядомасць і стала палякамі. Прычым самымі зацятымі. Класічны прыклад – Юзаф Пілсудскі. Другая – меньшая – стварыла плынь млада, ці новалітвінаў. Менавіта апошнія ўсвядомілі сябе этнічнымі літоўцамі, і гэта частка інтэлігенцыі стала стваральнікам сучаснага літоўскага нацыяналізму і літоўскай нацыянальнай дзяржавы.
Старалітвіны глядзелі на іх з пагардай. Бо іх Літва, у іх разуменні, дзяржава славянская. Старалітвіны абзывалі літоўскіх нацыяналістаў жмудзінамі і летувісамі.
Дарэчы, літоўскія нацыяналісты да канца XIX стагоддзя нават і не заікаліся, што Вільня можа стаць сталіцай іх дзяржавы. Бо ні ў горадзе, ні ў віленскіх ваколіцах літоўцаў тады там проста не было. Пераважала беларускамоўнае і польскамоўнае насельніцтва. І ніякае іншае. Напрыканцы XIX стагоддзя літоўскую мову лічылі роднай толькі 2 % насельніцтва Вільні. Што казаць? Яшчэ ў 1907 годзе сярод літоўскіх нацыяналістаў ішлі спрэчкі, які горад лепей выбраць у якасці сталіцы – Коўна ці Вільню? Але пра тое, як Вільня стала Вільнюсам, будзе асобны аповяд. Пазней.
Вяртаемся ў пачатак XIX стагоддзя. Акрамя гэтых двух вышэйзгаданых груп (палоналітвінаў і балтафілаў), у гістарычнай Літве была і трэцяя – наша, беларуская, альбо русінская. Гэта тыя старалітвіны, якія ўсведамлялі сябе найперш спадкаемцамі Русі Літоўскай, Белай Русі. Яе лідарамі ў пачатку XIX стагоддзя як раз і была прафесура Віленскага ўніверсітэта. У большасці сваёй яны паходзілі з нашай Беласточчыны. Гэтыя людзі любілі старажытную праваслаўную традыцыю сваіх продкаў, іх беларускую мову, мову Статутаў ВКЛ. Яны лічылі паланізацыю абсалютным злом, забойствам самабытнай дзяржаўнасці і душы беларускага народа. Прыгадаем іх імёны – Ігнат Даніловіч, Міхаіл Баброўскі, Язэп Ярашэвіч ды шэраг іншых.
Ігар Марзалюк:
Вось, што пісаў пазней пляменнік Міхаіла Баброўскага, генерал Павел Баброўскі, пра свайго знакамітага дзядзьку і яго паплечніка прафесара Ігнація Даніловіча ў сваё кнізе «Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра І». Цытата: «Пасля Венскага кангрэса ў Заходніх губернях утварылася яшчэ адна, малавядомая партыя, якая мела на чале некаторых прафесароў Віленскага ўніверсітэта, якія ахвотней жадалі б аднаўлення былога Вялікага Княства, чым яднання Літвы і Валыні з мінулай каронай (гэта значыць Польшчай); гэта нязначная па колькасці сяброў руска-літоўская партыя марыла аб адраджэнні беларускай мовы, на якой быў першапачаткова выдадзены Літоўскі статут, што яшчэ захоўваў сваю моц».
Ігнат Даніловіч, Міхал Баброўскі і Язэп Ярашэвіч распрацоўвалі выразна беларусацэнтрычную версію гісторыі ВКЛ. Пры вывучэнні гісторыі і культуры Літвы яны выразна вылучалі ды падкрэслівалі славянскі, «рускі» (старабеларускі), элемент у дяржаве, робячы націск на яго выключнае значэнне ў культуры і дзяржаўных формах жыцця ВКЛ, якія былі, як яны лічылі, усходнеславянскімі, нашымі, беларускімі традыцыямі мясцовай Літоўскай Русі.
Беларуская віленская прафесура з гонарам падкрэслівала культуртрэгерскую ролю ўсходнеславянскага, «рускага» элементу ў справе цывілізаванасці Літвы, бо менавіта мовай культуры, дзяржавы і права той дзяржавы стала мова «руская» (бо значыць старабеларуская). Яны марылі аб вяртанні ў грамадскае жыццё «Северо-Западного края» гэтай даўняй дзяржаўнай мовы ВКЛ, мовы Статутаў.
Міхал Баброўскі быў першым беларускім даследчыкам, які згадаў у 1826 годзе былую веліч беларускай мовы і беларускай культуры, спасылаючыся ў тым ліку на велічную постаць Францішка Скарыны і ягоную Біблію. Цытата: «Калісьці ў Літве панавала беларуская мова, на ёй друкаваліся палемічныя кнігі, павучанні, катэхізісы і іншыя духоўныя творы. На гэтую мову Скарына пераклаў Св. Пісанне. Затым, калі Польшча перамагла Літву, пачалася перавага польскай мовы».
Ігар Марзалюк:
З русінацэнтрычных пазіцый трактаваў гісторыю ВКЛ і такі віленскі прафесар, якім быў Язэп Ярашэвіч. Усе бакі жыцця Літвы, як сцвярджаў Ярашэвіч, развіваліся пад уплывам дзяржаўнасці і права русінаў. Паводле гэтага аўтара толькі хрост Літвы на каталіцызм спыніў яе пераўтварэнне ў цалкам «рускую» (гэта значыць старабеларускую) дзяржаву і паставіў бар’ер паміж літоўцамі і русінамі. Хрышчэнне літоўцаў у праваслаўную веру, цвердзіў Язэп Ярашэвіч, прыводзіла да іх асіміляцыі, пераўтварэння ў русінаў (беларусаў).
Большасць беларускіх гісторыкаў сёння працягваюць развіваць і ўмацоўваць тэзісы аб характары дзяржаўнасці ВКЛ, якія калісці агучылі нашы вялікія папярэднікі – беларуская прафесура Віленскага ўніверсітэта. Мы лічым, што з першых момантаў дзяржаваўтварэння ВКЛ фармавалася як двухэтнічная дзяржава, дзяржава славяна-балцкая, узнікшая на грунце земляў сучаснай Беларусі і Літвы.
Утварэнне ВКЛ канчаткова завершылася толькі тады, калі ў яго склад увайшлі ўсе беларускія землі. Прычым большасць беларускіх княстваў увайшла ў склад новай дзяржавы добраахвотна на падставе «ряда» (дамовы) у якасці ўдзельных княстваў. Гэтыя княствы працягвалі традыцыі дзяржаўнасці, якія склаліся на нашых землях яшчэ ў папярэдні перыяд – у Полацкай і Тураўскай землях.
Старабеларуская мова стала дзяржаўнай мовай на ўсёй тэрыторыі краіны, у тым ліку і на этнічных літоўскіх землях. Беларускія землі былі асновай эканамічнай магутнасці ВКЛ. Менавіта беларуская дзяржаваўтвараючая традыцыя стала грунтам падатковай сістэмы новай дзяржавы, што знайшло адлюстраванне нават у тэрміналогіі подацяў і падаткаў (адзінкі абкладання і адзінкі вымярэння).
Прававая традыцыя ВКЛ грунтавалася на прававой культуры беларускіх земляў, што найбольш поўна і красамоўна знайшло адлюстраванне ў Статутах ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гг. Такім чынам, для нас, беларусаў, факт існавання ВКЛ, яго гісторыя – неад’емны элемент нашай дзяржаўнай гістарычнай суб’ектнасці і ідэнтычнасці.
Вільня, Вострая брама, Віленскі ўніверсітэт – сімвалы нашай вялікай беларускай гісторыі, сімвалы нашай, беларускай вечнасці.