Ігар Марзалюк: «Грунвальдская бітва – сапраўдны сімвал нашай беларускай няскоранасці»
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння мы з вамі будзем размаўляць пра адну з самых велічных падзей нашай гісторыі – Грунвальдскую бітву – бітву народаў. Пра яе лёсавызначальнае значэнне ў гісторыі нашага, беларускага народа, а таксама гісторыі народаў суседзяў, найперш літоўцаў і палякаў.
Прыгадаем, што перад гэтым амаль 200 год паміж Ордэнам, Польшчай і Літвой ішла амаль няспынная вайна. Крыжацкая пагроза з XIII стагоддзя была адной з істотнейшых небяспек, якая магла паставіць крыж і на нашай дзяржаўнасці, і на нашай самабытнасці. Магла б спыніць наша існаванне ў якасці самастойнага народа.
У 1409 г. насельніцтва Жмудзі зноў падняла паўстанне супраць сваіх прыгнятальнікаў – нямецкіх рыцараў. Вітаўт пачаў дапамагаць жмудзінам. Польшча рашуча падтрымала ВКЛ і ўльтыматыўна запатрабавала ў Ордэна спыніць вайсковыя дзеянні. У адказ вялікі магістр Ульрых фон Юнінген абвясціў вайну і захапіў польскую зямлю Добжынь.
Ігар Марзалюк:
Пасля непрацяглага міру, падчас якога заходнія манархі сталі на бок Ордэна, Ягайла і Вітаўт канчаткова пераканаліся ў тым, што канфлікт можа быць вырашаны толькі сілай, толькі вайной. Напачатку ліпеня 1410 г. злучаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага і Рускага і Кароны Польскай прыйшлі на тэрыторыю Прусіі для генеральнай бітвы з Ордэнам.
15 ліпеня 1410 г. аб’яднанае войска Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага ў сяла Грунфельд (зараз – Грунвальд) супрацьстаяла войску Тэўтонскага ордэна. У гэты дзень армія Тэўтонскага ордэну наблізілася да саюзных войскаў Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. Пасля набліжэння ворага саюзныя арміі былі таксама пастроеныя ў баявыя рады. Ад імя вялікага магістра і вялікага маршала Ордэна Ягайле і Вітаўту герольдамі былі прынесеныя два аголеныя мячы ў якасці сімвалічнага выкліку да бітвы. Выклік быў прыняты.
Ігар Марзалюк:
Войска крыжаносцаў налічвала 27 500 чалавек. Наймітаў было 5 750 чалавек. Ім супрацьстаяла 31 500 палякаў і літвінаў. Сярод іх каля 20 тысяч – воіны з Кароны Польскай (50 харугваў), астатнія – ВКЛ (40 харугваў). З 40 харугваў Вітаўта беларускімі былі 28, украінскімі – 8, а ўласна балцкімі, літоўскімі – толькі 4. Войска ВКЛ па этнічнаму складу выглядала наступным чынам: 2/3 – продкі сучасных беларусаў і украінцаў, 1/3 – балты-літоўцы. У гэты дзень адбылася адна з найвялікшых бітваў Сярэднявечча. Бітва, у якой на стагоддзі наперад быў вырашаны лёс народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Войска ВКЛ пачало змагацца першым, не чакаючы ўступлення ў бітву рыцараў Польскага Каралеўства. Войскі Вітаўта раней за палякаў разгарнулі свае баявыя парадкі, якія занялі правы фланг аб’яднаных сіл. Уперадзе першай лініі Вітаўт размясціў татар Джелал-ад Дзіна і лёгкую украінскую і літвінскую конніцу. Трохі пазней у бой уступілі палякі. Спачатку выступленне літвінаў не было заўважана польскімі саюзнікамі. На левым флангу войска ВКЛ былі размешчаны тры смаленскія палкі-харугвы (традыцыйна лічыцца, што гэта была мсціслаўская, аршанская і ўласна смаленская харугвы) пад кіраўніцтвам мсціслаўскага князя Сямёна Лугвена.
Ігар Марзалюк:
Асобныя даследчыкі выказваюць меркаванне, што разам з князем Сямёнам у бітве браў удзел і ягоны сын-юнак – князь Юрый (на момант бітвы яму не магло быць больш за 15 год). На левым фланзе смаленскія харугвы суседнічалі з польскімі. Іх польскімі суседзямі былі Гончая харугва і харугва святога Юрыя.
Войска Тэўтонскага ордэна было добра падрыхтавана і ўзброена. У крыжаносцаў была выдатная артылерыя, якая складалася з вялікай колькасці бамбард. Бамбарды былі і ў войсках Літвы і Польшчы, але яны ў бітве хаўруснікамі так і не былі выкарыстаны. Тактыка нямецкіх рыцараў базавалася на камбінаванай атацы пешых арбалетчыкаў, капійнікаў і цяжкай рыцарскай кавалерыі.
Перад пачаткам атакі Вітаўта тэўтонцы пашыхтаваліся ў дзве лініі, выставіўшы ўперад бамбарды. Пасярэдзіне дня тэўтонскія рыцары адкрылі гарматны агонь па суперніку. Аднак ядры не дасягнулі мэты. Тады Вітаўт кінуў у атаку сваю лёгкую конніцу. Яна хутка наблізілася да харугваў крыжакоў і абсыпала іх градам стрэл.
І хоць рыцарскія харугвы практычна не пацярпелі, аднак артылерыя была выведзена са строю, а лёгкаўзброеныя арбалетчыкі панеслі істотныя страты. У адказ рыцары пайшлі ў контратаку. Найбольшы корпус крыжакоў не замарудзіў абрынуцца лавінай цяжкаўзброенай конніцы на літвінаў. Гэта былі «госці» Ордэна (рыцары з іншых еўрапейскіх краёў) і найміты. Яны ішлі ў бой пад адной з найважнейшых харугваў крыжакоў – Найсвяцейшай Панны Марыі.
Няроўны бой ішоў каля гадзіны і нанёс войску ВКЛ цяжкія страты. Воіны пачалі адыходзіць. Выключэннем былі толькі тры Смаленскія харугвы пад камандваннем мсціслаўскага князя Сямёна Лунгвена. Ян Длугаш, знакаміты польскі храніст, так уславіў іх подзвіг: «Рускія рыцары Смаленскай зямлі зацята ваявалі, стоячы пад уласнымі трыма сцягамі. Адным толькі не пусціўшыся наўцёкі, і тым заслужылі вялікую славу. Хоць пад адным сцягам яны былі жорстка пасечаны і сцяг іх быў утаптаны ў зямлю, аднак у двух астатніх атрадах яны выйшлі пераможцамі, ваюючы з найвялікшай адвагай, як належала мужчынам і рыцарам, і нарэшце злучыліся з польскімі войскамі».
Ігар Марзалюк:
Але на момант нападу польскіх сіл большая частка першай лініі гэтага крыла здавалася пераможанай, і войска ВКЛ адыходзіла пад націскам пераважаючых сіл суперніка. Цытата: «Іншая ж частка ворагаў сярод тых, самых лепшых людзей крыжацкіх, сышлася з найвялікшай гарачнасцю і крыкам з людзьмі Вітаўта, і пасля, без малага гадзіны ўзаемнай бойкі, многія з абодвух бакоў паляглі так, што людзі князя Вітаўта вымушаны былі адысці».
Менавіта ў гэты час Ягайла кінуў у бой польскае войска. Атака польскіх сіл выратавала ад поўнага знішчэння воінаў Смаленскай зямлі, якія прадэманстравалі дзіўную стойкасць – харугваў Мсціслаўскай, Аршанскай і ўласна Смаленскай.
Адступленне ж большай часткі войска ВКЛ было добра прадуманым манеўрам, «татарскай хітрасцю» Вітаўта, падчас якога былі парушаны баявыя парадкі крыжакоў, якія кінуліся ў пагоню з корпуса Дзевы Марыі. Затым рушыла ўслед контратака літвінаў – зараз ужо немцам прыйшлося ратавацца ад пераследу тых, за кім яны толькі што гналіся. Цытата: «Тады ворагі, пераследуючы іх, лічылі, што ўжо атрымалі перамогу, і ў расеянасці аддаліліся ад сваіх харугваў і шыху сваіх атрадаў і перад тымі, якіх да ўцёкаў прымусілі, пачалі ўцякаць. У хуткім часе, калі прагнулі павярнуць, адрэзаныя ад сваіх людзей і харугваў каралеўскімі людзьмі, што іх харугвы напрамую ад крылаў прарэзалі, былі ўжо альбо захоплены, альбо пасечаныя мячамі».
Ігар Марзалюк:
Палякі, прыкрытыя з правага флангу беларускімі палкамі, а з тылу чэшскай пяхотай, рашуча пачалі ціснуць на тэўтонцаў. Рыцары паступова ахапілі польскія флангі і зайшлі ў тыл да палякаў. Асабліва глыбока рыцары зайшлі ў правы фланг. Вялікі магістар Ордэна Ульрых фон Юнгінген кінуў у бой свае апошнія рэзервы, «пятнаццаць ці больш» харугваў, лічачы, што бітва ўжо выйграна. У гэты час раптоўна за яго левым флангам з'явіўся Вітаўт са сваёй конніцай. Вокамгненным нападам ён ударыў у тыл тэўтонцаў, пасеяў паніку ў іх шэрагах і змяшаў іх баявыя парадкі.
У першай жа сутычцы вялікі магістр, маршал і шэраг комтураў Ордэну былі забітыя. Варожае войска кінулася бязладна ўцякаць. Пачаўся яго бязлітасны пераслед. Пры гэтым шмат уцекачоў патанула ў азёрах і балотах. Рэшткі крыжацкага войска ўкрыліся ва ўмацаваным вазамі лагеры, які быў узяты штурмам саюзнікамі. У гэтай, апошняй фазе бітвы, Ордэн панёс найбольшыя страты: «У лагеры ж многія, убачыўшы, што ўцёкі ніяк не дазволяць пазбегнуць смерці, стварыўшы з вазоў падабенства вала, там жа ўсе пачалі абараняцца, але ўсё ж такі, пераможаныя, у пашчы мяча загінулі».
Ордэн пацярпеў поўнае паражэнне. Гэта бітва была адной з найвялікшых бітваў у Еўропе эпохі Сярэднявечча. Яна скончылася зруйнавальным разгромам ордэнскага войска. Пасля бітвы пераможцам без бою здаваліся прускія замкі і гарады, шляхта і біскупы прысягалі на вернасць Вітаўту і Ягайлу. Аднак сталіца Ордэна, Мальбарк, аказала адчайнае супраціўленне, двухмесячная аблога горада аказалася безвыніковай. Ордэнская дзяржава захавалася на палітычнай карце Еўропы, але была вельмі моцна аслаблена.
Ігар Марзалюк:
У 1422 г. пачалася новая вайна з крыжакамі. Ваенная ініцыятыва адразу апынулася на баку Польшчы і ВКЛ. 27 верасня 1422 г. каля возера Мельна быў падпісаны Мельнаўскі мір. Паводле ўмоў міру Жмудзь і Судавія назаўсёды вярталіся Вялікаму Княству Літоўскаму. Мельнаўскі мір паставіў апошнюю кропку ў спыненні крыжацкай агрэсіі ў дачыненні да ВКЛ. Мяжа паміж ВКЛ і Прусіяй пасля гэтай падзеі заставалася нязменнай стагоддзямі. Ордэнская дзяржава назаўжды страціла магчымасць праводзіць агрэсіўную палітыку ў адносінах да Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.
А што было б, калі б Ордэн перамог? Калі б гэта здарылася ў рэальнасці, можна ўпэўнена казаць аб тым, што карта Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы выглядала б інакш. Ордэнская пагроза Беларусі была больш небяспечнай нават за мангола-татарскую, бо манголы захопленыя імі землі не каланізавалі, у адрозненне ад нямецкіх рыцараў, і не прымушалі да змены мовы і веравызнання.
Нашых продкаў, роўна як і палякаў, і літоўцаў, і ўкраінцаў, чакаў бы лёс балцкага народу прусаў. Эліта была б знішчана, народы падвергліся б гвалтоўнаму анямечванню. Нямецкая каланізацыя стала б рэальнасцю нашых земляў на стагоддзі, магчыма, што назаўжды. Ад Гданьска да Таліна ўзнікла б яшчэ больш магутная Ордэнская дзяржава, нямецкая па свайму духу і нацыянальнаму характару.
Ігар Марзалюк:
На нашай самабытнасці і развіцці быў бы пастаўлены крыж. Уся Прыбалтыка, Польшча, Беларусь, ды і значная частка сучаснай Украіны сталі б часткай Нямеччыны. Замест нас на нашых землях зараз бы жылі немцы і гучала нямецкая гаворка. Прыгнечанне, рабства, духоўная і фізічная смерць – такім быў бы вынік у выпадку пройгрышу для нас. Але рэальная гісторыя, як вядома, іншая – перамогу атрымала войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.
Грунвальдская бітва – сапраўдны сімвал нашай беларускай няскоранасці – сімвал нашай беларускай вечнасці.