Ігар Марзалюк: нашы продкі мелі значна больш высокі культурны ўзровень, чым паганскія балцкія плямёны

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:

Сёння размова будзе ісці пра чалавека, які стаіць ля вытокаў Вялікага Княства Літоўскага, пра князя Войшалка. А таксама пра Лаўрышаўскі манастыр і знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле. 

Але спачатку колькі слоў пра гісторыю Беларускага Панямоння, найперш пра Навагрудчыну. Як вядома, землі Літвы знаходзіліся ў данніцкай залежнасці ад Полацкага княства і княстваў Беларускага Панямоння на працягу XI-XII стст. Полацкія князі актыўна выкарыстоўвалі атрады ваяўнічых літоўцаў пад час міжусобных войнаў, гэтак жа як князі Паўднёвай Русі полаўцаў.

У 1237-1239 гадах мангольскія тумены Бату-хана заваявалі Паўночна-Усходнюю Русь і Чарнігаўскую зямлю, у 1240 годзе – Кіеў і Паўднёвую Русь. Над усёй Усходняй Еўропай навісла рэальная пагроза мангольскага панавання. Большасць беларускіх зямель пазбеглі гэтага лёсу. У гэты ж час у княствах Беларускага Панямоння і ў Полацку замацавалася дынастыя літоўскіх князёў. З тых падзей бярэ адлік працэс узнікнення і развіцця новай формы дзяржаўнасці на нашых землях – Вялікага Княства Літоўскага.

З першых крокаў утварэння ВКЛ фарміравалася як двухэтнічная дзяржава, дзяржаўны твор Літвы і Русі, паўстаўшы на аснове зямель сучаснай Літвы і Беларусі. Нашы продкі мелі значна больш высокі культурны ўзровень і традыцыі дзяржаўнасці ў параўнанні з паганскімі балцкімі плямёнамі. Іх культурная перавага прыводзіла да таго, што прадстаўнікі літоўскіх княжых радоў прымалі хрышчэнне па праваслаўнаму ўзору і засвойвалі разам з верай мову і пісьменнасць нашых продкаў, моўна і культурна асіміляваліся ў славянскім асяроддзі.

Сучасны Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, які зараз дзейнічае ў Навагрудскай і Слонімскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, з'яўляецца гістарычным пераемнікам старадаўняга Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, заснаванага каля 1258 года пры ўдзеле Войшалка Міндоўгавіча (ён стане вялікім князем ВКЛ у 1264 годзе). Летапіс так паведамляе аб гэтай падзеі: «Войшелкъ… приде опять в Новъгородокъ, и учини собѣ манастырь на рѣцѣ на Немнѣ, межи Литвою и Новымъгородкомъ, и ту живяше». Заснавальнікам  манастыра быў таксама прападобны Елісей, першы ігумен Лаўрышаўскі. 

З манастыром звязана і знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле – адметны помнік ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі. У Евангеллі змешчана 18 шыкоўных мініяцюр на біблейскую тэматыку. Падобныя Евангеллі ствараліся адмыслова ці для вялікіх саборных храмаў, ці для значных, вельмі важных манастыроў. Прыгадаем: самае старажытнае Евангелле – Тураўскае (XI стагоддзе), потым Полацкае (XII – пачатак XIII стагоддзя), Аршанскае (XII – пачатак XIII стагоддзя, таксама хутчэй за ўсё паходзіць з Полацку) і Лаўрышаўскае.

Апошнія даследаванні літоўскага вучонага Сяргея Цямчынаса паказалі, што Лаўрышаўскае Евангелле было створана ў 60–80-х гадах XIII стагоддзя манахам кніжнікам Іевам. Падкрэслім той факт, што Лаўрышаўскае Евангелле па сваёй аздобе і багаццю стаіць у адным шэрагу з Евангеллямі, створанымі для Полацка і Турава. А гэта значыць, што Лаўрышаўскі манастыр меў такое ж самае значэнне для Панямоння, якое мелі ў сваіх землях цэнтры першых беларускіх епархій у Полацку і Тураве.

Войшалк быў хрышчаны Давідам, манаскага яго імя мы не ведаем. Калі Міндоўг, яго бацька, у 1251 годзе разам з астатнімі прадстаўнікамі сям'і і набліжанымі да яго хрысціўся па каталіцкаму абраду, то ўжо на той момант Войшалк спавядаў праваслаўе і веру змяняць не збіраўся. Ён ужо княжыў у Навагрудку і быў той самай веры, што і яго падданыя. Пры гэтым ён старэйшы сын Міндоўга. І як бы не складваліся ў яго на працягу жыцця адносіны з бацькам, ніхто не сумняваўся ў яго праве на трон. Але душа Войшалка прагла духоўнай чысціні, маральнай хрысціянскай дасканаласці, прагла збавення. 

У 1254 годзе Войшалк прыязджае ў Холм да галіцка-валынскага князя Данілы і («оставив княжение свое») прымае манаства. Свае ўладанні ён са згоды бацькі перадае князю Раману Данілавічу. Той прызнаў за тое над сабой зверхнасць Міндоўга. Войшалк жа выпраўляецца ў падарожжа на Святую Гару, на Афон. Але ён дайшоў толькі да Балгарыі ды мусіў вярнуцца з-за таго, што ў Македоніі тады ішла вайна. Наш герой вяртаецца дамоў, вяртаецца ў Навагрудак. Што праўда, у Наўгародскім першым летапісе паведамляецца аб гэтых падзеях іначай. Нібыта Войшалк пасля прыняцця манаскага пострыга зышоў на Сінайскую Гару і менавіта адтуль, з Сіная, праз тры гады жыцця ў манастыры вярнуўся да дому.

Як бы там ні было, небяспека прыйшла ў Панямонне. Князь Даніла Галіцкі здейсніў тры паходы «на Литву, на Новгородок». Войскі мангольскага палкаводца Бурундая ў 1258 годзе «взяша всю землю Литовскую». Разам з ардынцамі ізноў прыйшлі іх даннікі, галіцка-валынскія князі Даніл і Васілька. Супраць мангола-татараў і галічан супольна выступілі балты (продкі сучасных літоўцаў) і ўсходнія славяне, нашы продкі. Поруч з Міндоўгам змагаліся і князь Таўцвіл, і Глеб Ваўкавыскі, і Войшалак. Дзеля абароны роднай зямлі князь змяніў сутану і крыж на кальчугу і меч. Ён пакінуў любы яго сэрцу Лаўрышаўскі манастыр. Дзеля абароны роднай зямлі ад мангольскай навалы. Войшалак дзейнічаў так спрытна і рашуча, што нават узяў у палон князя Рамана Данілавіча.

12 верасня 1263 года Міндоўг разам з сынамі Руклем і Рэпекьем быў забіты князям Даўмонтам. Так Даўмонт адпомсціў Міндоўгу за тое, што апошні прысабечыў яго жонку, якая была, як вядома, роднай сястрой памерлай жонкі Міндоўга. Даўмонт змыў абразу мужчынскага гонару кроўю. Пасля гэтай падзеі велікакняжацкі стол займае саюзнік Даўмонта князь Транята. Імкнучыся пазбегнуць сумнага лёсу бацькі Войшалк бяжыць у Пінск, дзе кіравалі яго саюзнікі – пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры. 

У летапісу пад 1263 годам апавядаецца, што: «По Миндовговѣ же убитьи, Войшелкъ убоявъся того же и бѣжа до Пиньска и ту живяшеть». Пры падтрымцы ўладароў Пінскага княства, іх дружын, ён вырушыў у Наваградак: «…Войшелкъ, пойде с Пиняны к Новугороду, и оттолѣ поя со собою Новгородцѣ и пойде в Литву княжить…». На мяжы 1264-265 гадоў Транята быў забіты. Пры дапамозе пінскіх і навагрудскіх дружын князь-інак вяртае сабе спадчыну бацькі. 1265-1266 гады былі гадамі, калі Войшалк знішчаў здраднікаў, знішчаў бунтоўную балцкую знаць, прыводзіў літоўскія плямёны да паслушэнства, да пакоры: « Войшелкъ же нача княжити во всей земли Литовьской, и поча вороги своѣ избивати, изби ихъ бесчисленое множество, а другии розбѣгошася, камо кто видя…».

У гэтай барацьбе ён абапіраўся на безумоўную падтрымку праваслаўнага насельніцтва з земляў сучаснай Беларусі. Войшалк звярнуўся за дапамогай і да галіцка-валынскіх князёў Васількі Валынскага і Шварна Галіцкага. Пасля таго як стаў вялікім князем, ён зрабіў нават Шварна сваім суправіцелем, а Васільку назваў «отцом» і «господином», гэта значыць прызнаў вяршэнства яго ўлады над сабой. Пралічаныя палітычныя рашэнні далі князю-інаку магчымасць зламаць супраціўленне ў Паўночнай Літве, скарыць Дзяволтву (раён сучаснага Вількаміра) і Нальшаны. У выніку – толькі ў Пскоў збегла не меньш за 300 знатных літоўскіх сем’яў. Войшалк святкаваў перамогу. Галоўная мэта была дасягнута, становішча ў дзяржаве стабілізавана.

У рэшце рэшт у душы Войшалка манах перамог ваяра і палітыка. І ён дзеля сваёй веры, дзеля ўласных рэлігійных перакананняў адмаўляецца ад улады. Адмаўляецца добраахвотна. Учытаемся ў радкі летапісу: «Войшелкъ да княжение свое зятю своему Шварнови, а самъ опять восхотѣ прияти мниский чинъ. Шварно же моляшеся ему повелику, абы еще княжилъ с нимъ в Литвѣ, но Войшелкъ не хотяшеть, тако река: «cогрѣшилъ есмь много перед Богомъ и человѣкы, ты княжи, а земля ть опасена». Шварно же не може умолити его…». Войшалк, нягледзячы на просьбы Шварна, вяртаецца да манаскага жыцця. Але жыць яму засталося зусім нядоўга. У тым жа 1268 годзе п'яны Леў Данілавіч Галіцкі пад час піра забівае Войшалка. Іронія лёсу ў тым, што ён быў у свайго забойцы ў гасцях у Уладзіміры-Валынскім. У гэтым жа горадзе цела Войшалка і было пахавана: «…и такъ бысть конѣць убитья его; спрятавше тело его и положиша во церкви святаго Михаила Великаго». Пры археалагічных раскопках была знойдзена прамавугольная ў плане цагляная пабудова другой паловы XIII стагоддзя. Яна была адкрыта непасрэдна к захаду ад уладзіміра-валынскай Міхайлаўскай царквы ў 1955 годзе. Як мяркуюць вучоныя, гэта і ёсць усыпальніца Войшалка, месца яго апошняга спачыну.

Ён быў сынам свайго бацькі і сынам свайго часу. А яшчэ ён быў сапраўдным палітыкам і ўладаром, які умеў браць на сябе цяжар адказнасці за дзяржаву і за падданых. Бог, Бацькаўшчына, бацькі – не памылімся, калі скажам, што гэта быў яго сімвал веры. Ідэалы і прынцыпы, паяднаныя ў яго душы, душы князя-воіна і інака-манаха. Князя, які імкнуўся да святасці, манаха, які разумеў усю сваю грахоўнасць і недасканаласць. 

Калі будзеце ў Лаўрышаве, у манастыры, прыгадайце добрым словам Войшалка. Памаліцеся за супакой яго душы. Войшалк, Вялікае Княства Літоўскае, Лаўрышаўскі манастыр, Лаўрышаўскае Евангелле – гэта сімвалы нашай беларускай вечнасці.