Марзалюк: для нашага народа кіраўнік дзяржавы – вярхоўны арбітр, яго галоўная задача – справядлівы закон для ўсіх
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння размова пойдзе пра беларускія гістарычныя ўяўленні аб ідэальным кіраўніку дзяржавы – праз прызму вобразаў легендарных уладароў Полацкай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага.
Кіраўнік дзяржавы ў свядомасці падданых і суседзяў увасабляў сабой саму дзяржаву, бо менавіта ён распаўсюджваў сваю ўладу на пэўныя землі, якія з’яўляюцца дзяржаўнай тэрыторыяй. Практычна кожны славянскі народ ранняга сярэдневякоўя стварае вобраз ідэальнага ўладара, якія сваёй пабожнасцю працягвалі падаваць прыклад іншым і пасля смерці.
У жыціях «святых патронаў» ідэальны кіраўнік выступае і як адважны воін, які абараняе зямлю ад ворагаў, і як справядлівы суддзя, і як міласэрны чалавек, які ратуе бедных і ўбогіх ад несправядлівасці. Такой сакральнай асобай, валодаўшай звышнатуральнымі ўласцівасцямі, для сваіх сучаснікаў выступае полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Яшчэ ў 1896 г. гісторык Васіль Данілевіч дакладна акрэсліў гэтую акалічнасць.
«Усяслаў з’яўляўся адной з найбольш моцных асобаў свайго часу, і нядзіўна, што ў вачах сучаснікаў ён з’яўляўся нейкай звышнатуральнай істотай, чарадзеем і пярэваратнем».
Прычыны захаплення аўтара «Слова аб палку Ігаравым» Усяславам гісторык адзначыў гэтак жа пільна: «З бліскучай характарыстыкі, зробленай аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», відаць, што Усяслаў быў не толькі разумны, энергічны і прадпрымальны, але і справядлівы; наогул, ён уяўляўся аўтару ў такім выгодным святле, што мог, на яго думку, служыць годным пераймання ўзорам для сучаснікаў аўтара».
Усяслаў выдатна рабіў сваю княжацкую справу, таму і ўрэзаўся ў памяць сучаснікам. Яму сапраўды хацелі прыпадабняцца ў суровыя часы раздробленасці, а нашчадкі дадалі вастрыні паданням, дазволіўшы выдатнаму чалавеку з XI стагоддзя ўвайсці ў легенду.
У эпоху ВКЛ самым легендарным валадаром, якога ўжо пры жыцці называлі Вялікім, стаў Вітаўт. Вітаўта можна разглядаць як асноўнага пераемніка традыцыі абагаўлення манарха, створанай яшчэ ў Старажытнай Русі. Галоўным доказам імкнення не толькі князя адпавядаць аўтарытэту старажытных імператараў Візантыйскай імперыі, але і яго ўспрымання падобным чынам у вачах сучаснікаў, трэба лічыць «Пахвалу Вітаўту», створаную яшчэ пры жыцці ўладара ў Смаленску, у царкоўным праваслаўным асяроддзі епіскапа (пазней стаўшага мітрапалітам) Герасіма. Герасім, сын Ціта, дарэчы быў «маскавіцінам», калі што…
У «Пахвале...» Вітаўт выступае як «гаспадар», вярхоўны ўладар ўсёй Русі, не толькі Літоўскай, але і Усходняй, і Паўночнай. Панегірыст малюе велічную панараму ўсходнеславянскіх зямель, падуладных грознаму валадару Літвы – Пскоў, Ноўгарад, Масква, Цвер, Разань. Такім чынам, Вітаўту падпарадкавалася і скарылася «Уся Руская зямля». Галоўным горадам яго ўладанняў у «Пахвале» выступае «вялікі град» Кіеў. Вітаўт паказаны пераможцам і ўладаром Залатой Арды, татараў.
Вельмі сімвалічна падкрэсліванне стваральнікам «Пахвалы» тых абставін, што татарскія ханы падносяць яму дары і прысягаюць у васальнай вернасці менавіта ў Кіеве. Вітаўт, такім чынам, паказаны як манарх, які аднавіў Кіеўскую Русь і вызваліў яе ад татарскага прыгнёту. Пахвала з’яўлялася, акрамя ўсяго іншага, адлюстраваннем рэальнай палітыкі «агульнарускай» праграмы некаранаванага «караля Літвы і Русі», якую ён паслядоўна праводзіў ва ўзаемаадносінах з Масквой, Цвер’ю, Ноўгарадам, Псковам, Залатой Ардой.
Не вельмі моцна грашыў супраць ісціны аўтар «Пахвалы...», калі казаў, што, па сутнасці, усе землі былой Старажытнай Русі прызналі вярхоўную ўладу Вітаўта. Варта ўспомніць палітычныя рэаліі таго часу. Да канца свайго панавання Вітаўт сапраўды ў той ці іншай ступені ажыццяўляў кантроль над усёй Руссю, а не толькі над землямі Літоўскай Русі.
Пры Вітаўце было ліквідавана Вялікае княства Смаленскае, а яго зямлі, як і большая частка зямель Чарнігаўскага княства, увайшлі ў склад ВКЛ. Вітаўт, па сутнасці, ажыццяўляў пратэктарат над Вялікім Княствам Маскоўскім. Ён апекваўся сваім малалетнім унукам, вялікім князем маскоўскім Васілём II Цёмным, пасля смерці яго бацькі. Вялікае княства Разанскае прызнала вярхоўны сюзерэнітэт Вітаўта. Рэзка ўзмацніўся і ўплыў Вітаўта на палітыку Вялікага Ноўгарада і Пскова.
Вітаўт у крыніцах уяўляецца не толькі незалежным і моцным кіраўніком, уладаром, але і богаабраным царом, улада якога надзелена асаблівай сакральнасцю. У Ніканаўскім летапісе Вітаўт кажа пра тое, што «Бог покорил [ему] все земли». Больш за тое, у планах у яго – значнае пашырэнне існуючых межаў ВКЛ, але галоўнае – прызнанне ўсімі тымі, што жывуць там, народамі, яго як «цара».
«Поидем пленити землю Татарьскую, победим царя Темирь Кутлуя, возьмем царство его и разделим богатство и имение его, и посадим во Орде на царстве его царя Тахтамышя, и на Кафе, и на Озове, и на Крыму и на Азтаракани, и на Заяицкой Орде, и на всем примории, и на Казани; и то будет все наше и царь наш, а мы не точию Литовскою землею и Полскою владети имамы, и Северою, и Великим Новымгородом, и Псковом, и Немцы, но и всеми великими княжении Русскими, и со всех великих князей Русских учцем дани и оброкы имати, а они нам покорятся и служат и волю нашу творят, якоже мы хотим и повелеваем им».
Летам 1399 г. Вітаўт пачаў рэалізацыю гэтай грандыёзнай задумы – з Кіева да межаў Арды, да Воркслы рушыла 20 тысяч рыцараў, шмат гармат, татары Тахтамыша, палякі. З войскамі ішло 50 князёў – цвет усёй палітычнай эліты Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. У паходзе брала ўдзел амаль уся знаць ВКЛ, у тым ліку і Альгердавічы – Андрэй Полацкі і Дзмітрый. Бітва на Ворксле скончылася, як вядома, катастрафічным паражэннем для Вітаўта і яго саюзнікаў. Пасля разгрому яго войска татары дайшлі да Кіева, рабуючы і знішчаючы ўсё на сваім шляху. Але поўнай катастрофай для Вітаўта гэта падзея ўсё роўна не стала.
Вітаўт сапраўды дасягнуў каласальных поспехаў у падначаленні палітыкі Арды сваім уладным інтарэсам. Прызначэнне і пасаджэнне Вітаўтам ханаў у Крым, у Арду, прычым гэта пасаджэнне ажыццяўлялася ў Вільні, гэта не метафары, гэта рэальнасць апошніх дзесяцігоддзяў яго праўлення. Прэтэнзіі на вярхоўны сюзерэнітэт над Ардой і Крымскім ханствам знайшлі адлюстраванне і ў нумізматыцы.
Перад трагічнай для Вітаўта і Тахтамыша бітвай на Ворскле, як сведчыць Ніканаўскі летапіс, адным з патрабаванняў, вылучаных Вітаўтам хану для ўстанаўлення міру, было наступнае: «Во всей Орде быти на денге ординских знак Витофтово». Паказальная сімволіка манет першай эмісіі Вітаўта, чаканеных у Вільні з 1396 па 1399 гг. На аверсе – выбіты надпіс кірыліцай слова «ПЕЧАТ» і намаляваны «Калюмны» – княскі знак Вітаўта. На рэверсе намаляваны Леў, які крочыць направа. У звера прыпаднята левая лапа. Яго хвост пераходзіць у пляцёнку.
Як вядома, Леў выкарыстоўваўся ў якасці геральдычнага сімвала Русі, пляцёнка – сімвал Залатой Арды. Спалучэнне гэтых выяў на манетах – своеасаблівая дэкларацыя знешнепалітычнай праграмы ўсходняй палітыкі Вітаўта – Арда і ўсе залежныя ад яе землі Русі павінны належаць ВКЛ. Гэта знешнепалітычная праграма знайшла адлюстраванне і ў скарбах з надчаканкамі «Калюмнаў» Вітаўта на джучыдскіх манетах Крымскага ханства, асноўная маса якіх датавана 1425 –1430 гг.
Бліскучая перамога на Грунвальдскім полі, актыўнае ўмяшальніцтва Вітаўта ў супрацьстаянне гусітаў з Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі прымушала лічыцца з ім і Нямецкі Ордэн, і імператара Жыгімонта Люксембургскага. Жыгімонт Люксембургскі быў вельмі занепакоены падтрымкай Вітаўтам гусітаў.
У 1430 г. тэрыторыя ВКЛ дасягнула найбольшых памераў за ўсю яго гісторыю – да 900 тысячаў квадратных кіламетраў. Усходнеславянскія землі дзяржавы пераўзыходзілі балцкія ў 12 раз. У Мікалая Гусоўскага ў яго знакамітым творы 1522 года, у «Песні пра зубра», зубр выступае як сімвал ВКЛ, а вялікі князь Вітаўт як сімвал былой магутнасці дзяржавы.
Ну і што ён нам, той Вітаўт? Якая беларуская гісторыя? Хіба беларускія сяляне яго помнілі? Хіба лічылі сваім? Скажа які-небудзь «разумнік»… Мусім расчараваць тых, хто так лічыць. У беларускім сялянскім фальклоры вобраз Вітаўта захоўваўся яшчэ і ў канцы XIX стагоддзя. Паказальна, што ў беларускім фальклоры вобраз Вітаўта зліваецца ў адно арганічнае цэлае з вобразам Уладзіміра Святога, Хрысціцеля Русі. Гэта вельмі красамоўна знайшло адлюстраванне ў беларускай песні, змест якой дайшоў да нас у запісах XIX ст. «Выіскався бо там хітрэй-мудрэй цар… Володімер-цар, Вітаўцеевіч».
Вітаўт у беларускім фальклоры выступае як тыпова міфалагізіраваны персанаж, эпічная, сакральная постаць. Імя Вітаўта захавалася ў фальклоры, легендах і паданнях беларускага народа, якія былі запісаны этнографамі ў XIX–XX стст. Паданні пра Вітаўта актуалізуюць яго нібыта велізарны рост, сілу, суадносяцца з пашыраным у беларускім фальклоры матывам аб волатах. Хаця рэальны Вітаўт зусім не быў волатам.
Асабліва цікавым з’яўляецца паданне, якое існавала на беларускай Смаленшчыне і было апублікавана ў Смаленскім этнаграфічным зборніку ў 1891 г. Гэта паданне носіць лаканічную назву «Вітаўт». Памірае ў Польшчы кароль-волат. Усё польскае «начальства» не ведае, што рабіць. Вырашаюць падрыхтаваць багатырскага каня ранейшага караля «ў сядле» і ўсклаўшы на яго «меч і вострыя копія» пусціць у «свет». Каго конь прызнае за гаспадара, таго і выбраць каралём. Конь ходзіць два месяцы, нарэшце, прыходзіць у вёску, заходзіць на гумно (хлеў). Там сядзіць стары і «ўе абрыўкі за клуняй». Конь, убачыўшы старога, упаў перад ім на калені.
Польскія вяльможы, бачачы такую пакору каня, прызнаюць старога за «Круль-Цара», а так як ён віў вяроўкі, то і называюць яго Вітаўтам. Пасля гэтага Вітаўт правіў шмат гадоў, мудра і справядліва, «абараняў іх добра». Адчуўшы набліжэнне смерці, Вітаўт выклікае сваіх набліжаных і загадвае ім пахаваць сябе з музыкай. Затым ён кажа: «калі хто вас пакрыўдзіць, Польшчу, вазьміце музыку і зайграйце над маёй магілай; я ўстану і дапамагу вам». Пасля смерці Вітаўта выбіраюць «каралькоў на час», у паданні падкрэсліваецца, што пана «абралі каральком». Аднак не маглі паверыць вяльможы, не можа быць, казалі, каб ён з мёртвых устаў. Вырашылі праверыць, прыйшлі на магілу:
«Паўстае кароль з таго свету:
– Пра што, дзеці мяне будзіце? Хто вас крыўдзіць?
А яны яму адказваюць:
– Кароль Вітаўт, нас ніхто не крыўдзіць, а мы думалі, ці сапраўды праўда гэта, што ты сказаў, што ўстанеш.
– Ну, дзеці мае, не гневайцеся. Вы мяне з таго свету ўзбунтавалі і будзеце вы праклятыя ад мяне на стагоддзі на вечны бунт!
З тых часоў і пайшлі бунты ў Польшчы».
Як бачым, у гэтым усходнебеларускім паданні Вітаўт выступае «сваім» манархам, манархам, родным па сацыяльным паходжанні, носьбітам беларускай фальклорнай традыцыі. Ён, нібыта, як і яны, селянін. Ён абраны Божым промыслам, яго вобраз у паданні ўтрымлівае рысы Хрыста. Вітаўт здольны ўваскрэснуць, як Хрыстос, каб абараніць сваіх падданых ад людской злосці і несправядлівасці. Толькі глупства польскага панства прыносіць вечны праклён «Польшчы». Улада пасля Вітаўта таксама малюецца як улада чужая, мяцежная, чалавечая. І паставілі то «Круля» «часовага», і наогул ён зусім чужы для іх «пан-паляк».
Вобраз Вітаўта, мудрага кіраўніка, які выступае ў якасці ідэальнага гаспадара, караючага «злых» і міласэрнага ў адносінах да «добрых», кіраўніка-рэфарматара, кіраўніка, які стаяў на варце закона і інтарэсаў усіх яго падданых, менавіта такі, кампліментарны і пазбаўлены ад негатыву вобраз гэтага манарха замацоўваецца і ў беларускай гістарыяграфіі XIX ст. Вітаўта апяваў Міхал Каяловіч, зусім не нацыяналіст, а беларускі праваслаўны манархіст.
У першай беларускамоўнай гісторыі Беларусі, напісанай Вацлавам Ластоўскім, якая ўбачыла свет у Вільні ў 1910 г., сустракаем усё тыя ж цалкам кампліментарныя характарыстыкі ў адносінах да Вітаўта. Пад пяром В. Ластоўскага нараджаецца, акрамя таго, вобраз «народнага» кіраўніка, тоесны фальклорным паданням беларускага народа, суровага да разбэшчаных раскошай і багаццем і міласэрнага і справядлівага ў адносінах да простых людзей: «Пры Вітаўце Беларусь уздыхнула лягчэй. Дрэнна было пры ім князям і баярам, але народу лепш жылося». Гэты вобраз мудрага валадара, вялікага ваяўніка, «свайго» князя працягвае функцыянаваць у масавай свядомасці беларускага грамадства да сёння.
Такім чынам, для ментальнасці беларускага народа характэрна перакананне, якое склалася гістарычна, што для эфектыўнага функцыянавання дзяржавы неабходны яе кіраўнік. Так было ў дарэвалюцыйны і савецкі час, так ёсць і цяпер. Дзяржава для нас без інстытута яе кіраўніка немагчыма, як немагчымы парадак і нармальнае існаванне сям’і без яе кіраўніка – бацькі. Для нашага народа кіраўнік дзяржавы – гэта вярхоўны арбітр, які стаіць над групавымі інтарэсамі і эгаістычнымі памкненнямі асобных груп грамадства. Яго галоўная задача – справядлівы закон для ўсіх.
Ідэальны кіраўнік дзяржавы мусіць, паводле ўяўленняў беларусаў, увасабляць ідэал сацыяльнай справядлівасці. Так было, ёсць і будзе. Пакуль будзе існаваць беларускі лад жыцця, беларускі чалавек, пакуль мы будзем існаваць у нашай беларускай вечнасці!