Марзалюк: першы ў свеце буквар прыдумалі нашы продкі!

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Набліжаецца дзень ведаў, 1 верасня. Упершыню за парты сядзе чарговае пакаленне маленькіх беларусаў. І як мы ў свой час, яно атрымае сваю першую кнігу – буквар. Кнігу, па якой будзе вучыцца чытаць. Сёння мы пагаворым аб першых беларускіх букварах. Першых у славянскім свеце. Як і пра само слова – буквар. Пачнем!

Самы першы друкаваны буквар на беларускіх землях быў створаны ў 1596 годзе, але гэтае выданне яшчэ словам «буквар» не было пазначана. Гэта слова яшчэ нашым продкам трэба было прыдумаць, трэба было вынайсці. Выданне называлася «Наука ку читаню и розуменю писма словенскаго». Яго аўтарам быў Лаўрэнці Зізаній, а надрукавана кніга была ў знакамітай віленскай друкарні Мамонічаў. Да выдання спецыялізаваных падручнікаў людзі вучыліся чытаць па кнігах Святога Пісання – Псалтыры і Часаслове.

Назва «буквар» упершыню ў свеце з’явілася ў выданні  Віленскага Свята-Духавага праваслаўнага брацтва 24 ліпеня 1618 года. Гучала поўная назва літаральна так: «Букварь языка славенска писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковожение». Кніга была надрукавана ў друкарні брацтва, якое знаходзілася ў горадзе Еўе, размешчанага на адлегласці 32 кіламетраў ад Вільні. Зараз назва беларускага горада нашай гістарычнай Віленшчыны перайначана літоўцамі на Вевіс.

Тытульны аркуш змяшчае дэкаратыўныя элементы. У тэксце маюцца гравіраваныя мастацкія застаўкі, літары-ініцыялы. Арнаменты гравюраў выкананы ў рэчышчы традыцый, якія былі закладзены ў віленскіх выданняў Францыска Скарыны. Выданне аздоблена акрамя таго дзвума шыкоўнымі гравюрамі. Гэта гравюра-эмблема (крыж з кап’ём і посахам), а таксама – герб беларускага праваслаўнага магната Багдана Агінскага. Ён быў уладальнікам горада Еўе. Агінскі падтрымліваў друкарню і выданні брацтва, выдаткоўваў на выдавецкую справу неабходныя сродкі.

Мы дакладна не ведаем аўтара першага буквара. Але сярод найбольш верагодных – беларускі і ўкраінскі царкоўны дзеяч таго часу Мялеці Сматрыцкі. Ведаем дакладна, што праз год пасля выдання буквара, у гэтай жа друкарні ў Еўі ў 1619 годзе ён выдасць сваю знакамітую граматыку. Да буквара меў дачыненне і найвядомейшы праваслаўны аўтар-палеміст Стэфан Зізані – напрыканцы выдання змешчаны на старабеларускай мове яго тэкст «О знамении крестном».

У свеце да сёння захаваліся толькі два асобнікі першага буквара. Адзін з іх знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. А другі экземпляр — у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы Мідл Тэмпл, якая размяшчаецца ў гістарычным раёне Лондана. З пачатку XVII стагоддзя, дарэчы, перахоўваецца ўнікальны асобнік першага беларускага буквара, у гэтым лонданскім кнігазборы.

Акрамя алфавіта ў буквары былі змешчаны малітвы, 10 запаведзяў, Сімвал веры. Продкі разумелі: мала навучыць чалавека чытаць. Самае важнае – выхаваць. Ясна, што на традыцыйных, хрысціянскіх каштоўнасцях. Для дасягнення гэтай мэты ў якасці важнейшых тэкстаў для чытання ў буквар і былі ўключаны шматлікія малітвы, рэлігійныя гімны, Сімвал веры, Божыя запаведзі, казанні, пералік добрых якасцей чалавека і яго грахоў.

У 1631 годзе магілёўскі першадрукар Спірыдон Собаль выдае ўласны «Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати». І гэта не быў проста паўтор папярэдняга выдання! Нагадаем пра творчы лёс і кар’еру Спірыдона Собаля, вялікага магілёўца, вялікага беларуса і вялікага славяніна. Спірыдон Собаль быў рупліўцам роднай культуры і праваслаўнай веры. Паходзіў са знакамітага магілёўскага рода, быў сынам магілёўскага бурмістра Багдана Собаля. Актыўны ўдзельнік Магілёўскага праваслаўнага брацтва. Бліскуча адукаваны. Валодаў польскай, грэчаскай, лацінскай і нямецкай мовамі. Практыкуючы педагог і арганізатар старэйшай праваслаўнай навучальнай установы Магілёва. Быў «ректором школы Могилевское». Менавіта там, у нашым Магілёве, у працэсе навучання дзяцей, ён вынаходзіць і распрацоўвае сваю арыгінальную методыку па засваенню дзяцьмі граматы.

У 1624 года Собаль пераехаў у Кіеў. Тут ён таксама ўзначаліў праваслаўную брацкую школу ды вучыў дзяцей. Дарэчы, Спірыдон Собаль меў вучоную ступень магістра. Але творчыя амбіцыі ды прадпрымальніцкая натура прагла большага. У Кіеве ён заснаваў друкарню, у 1628 годзе тут ім была выдадзена кніга «Лімінар, сірэч кветнік» маральна-павучальных апавяданняў візантыйскага пісьменніка Яна Мосха. Кіеўскі перыяд будзе працягвацца яшчэ два гады. Але роднае беларускае Падняпроўе ўладна клікала да сябе…

У 1630 годзе Спірыдон Собаль, па запрашэнні мсціслаўскага кашталяна Багдана Статкевіча, ўзначаліў друкарню ў Куцеінскім праваслаўным манастыры каля Оршы. Нагадаю: і аршанцы, і магілёўцы ўваходзілі тады ў адно Магілёўскае праваслаўнае брацтва. Разам супрацьстаялі апалячванню, разам баранілі веру. І словам, і справай. А значыць і друкарскай, выдавецкай дзейнасцю. Менавіта тут, у Куцейні плённай была ягоная праца. Адна за другой выходзілі кнігі: «Псалтыр» (з загалоўкам «Брашна духоўнае»), буквар, «Малітвы паўсядзённыя» (1631 год), «Часаслоў» (1632 год).

Але самая галоўная кніга, не памылімся калі скажам, што і сам ён, Собаль, так лічыў, быў буквар. Арыгінальнасць буквара Спірыдона Собаля ў тым, што ў гэтым выданні была ўвасоблена яго аўтарская методыка «учения детям начинающим чтению» – вельмі простая, даступная і даходлівая для авалодання граматай маленькімі вучнямі. Методыку Собаля пазней выкарыстаў і запазычыў маскоўскі друкар Васіль Бурцаў. Ён, дарэчы, ўслед за магілёўскім асветнікам назаве сваю граматыку букваром. Пачалося трумфальнае шэсце і методыкі Спірыдона Собаля і самаго слова «буквар» у славянскім праваслаўным свеце.

Спірыдон Собаль працягваў традыцыю буквара, закладзеную яго аднадумцамі ў Еўі. Таму выхаванне дзяцей у рэчышчы хрысціянскай, праваслаўнай, маралі, хрысціянскім духу лічыў найважнешым. Таму ў яго буквары быў і Сімвал веры і малітвы. Ён выдатна разумеў, бездухоўная адукацыя – амаральная па сваёй сутнасці. Яна не стварае, а разбурае чалавека, руйнуе храм ягонай душы, пазбаўляе сэрца і сумлення. Па просту, адукацыя без выхавання – разбуральны працэс, які вядзе ў нікуды. Вядзе да духоўнай смерці, да д’ябла, а не да Бога.

У 1635 годзе ў ваколіцах Магілёва, у Буйнічах, Спірыдон Собаль засноўвае друкарню і выдае Псалтыр. У 1636 годзе, у родным Магілёве, ён перавыдае «Буквар языка словеньска», у 1637 годзе тут пабачыў свет яго друкаваны Псалтыр, а ў 1638-м – Тастамент. Ён яшчэ не ведаў, не здагадваўся, што гэта апошнія, выдадзеныя ім друкі.

Прадпрыймальны Спірыдон Собаль хацеў асвоіць рынак Маскоўскага царства. Ён імкнецца перанесці сваю дзейнасць у Маскву. У 1637 годзе, разам з сваімі сябрамі, магілёўскімі купцамі, ён прыязджае ў Маскву. Тут адбылася сустрэча з маскоўскім друкаром Васілём Бурцавым. Апошні з вялікай павагай ставіўся да Спірыдона Собаля, лічыў яго сваім настаўнікам у друкарскай справе. Васіль Бурцаў набывае ў Спірыдона Собаля прывезеныя ім друкарскія прылады.

Собалю здаецца, што ўсё атрымоўваецца. Ён вырашае паехаць у Маскву, распрадае ў Магілёве ўласную маёмасць, карацей, рыхтуецца да пераезда ў белакаменную. Але, як кажацца ў вядомай маскоўскай прымаўцы «мать Москва, бьёт родімая, с носка».

Што ён хацеў рабіць у сталіцы суседняй дзяржавы? Яго памкненні былі высакародныя, мусілі, як яму здавалася, прынесці толькі карысць братняму народу. Ён збіраўся навучаць «словалитному делу» (гэта значыць якаснаму друкарству) маскоўскіх друкароў. Акрамя таго, ў яго была распрацавана маштабная праграма па развіццю вывучэння і засваення замежных моваў. Ён збіраўся скласці для патрэбаў Маскоўскай дзяржавы слоўнікі лацінскай, нямецкай і грэчаскай моў.

Але таму не было наканавана стаць рэальнасцю. Наш друкар быў затрыманы ў Вязьме. Цару Міхаілу Фёдаравічу паведамілі аб яго жаданнях. А жаданні магілёўскага друкара  былі наступныя – перакладаць на рускую мову ды друкаваць «богоносныя» кнігі. І навучаць, на падставе гэтых выданняў, дзяцей грэчаскай, лацінскай і польскай «писмени». Спірыдон Собаль напісаў цару чалабітную з просьбай дазволу «издавати и прочая книги божесвенныя, душеполезныя и языка научити ся или толмачити».

Дзякуючы гэтай чалабітнай мы ведаем, што Спірыдон Собаль прапаноўваў цэлую асветніцкую праграму для дзяржавы: кнігадрукаванне, пераклад кніг, стварэнне школы для навучання дзяцей замежным мовам. Ён не быў самотным адзінцам. Разам з ім ехалі і выгадаваныя ім «паспешнікі»-паплечнікі. Яго аднадумцы, яго вучні, падрыхтаваныя ім для асветніцкай дзейнасці. Калі б Собаля падтрымала маскоўская ўлада! У Маскве ён мог стварыць магутны культурны цэнтр. Паставіць асвету і адукацыю ў Расіі на новы, больш якасны, узровень!

Але таму не было наканавана збыцца. Неўзабаве з Масквы прыйшоў царскі загад. Цытата:

Государь указал того могилевца Спиридона Собаля из Вязьмы отпустить назад у Литву, а в Москву его отпущать не велел, чтоб в его ученья и в книгах смуты не было... и от него б, Спиридона, какая ересь не объявилась». Спірыдону заставалася толькі са скрухай з-за гэтай нсправядлівасці, з-за гэтай хлусні сказаць:

«О сих ответу не прием, по смотрению Божию, нужди настоящаго дела моего печатного возвратихся к себе».

Спірыдон Собаль вяртаецца назад, да дому, але лічыць, што свецкае жыццё вычарпала свае магчымасці. Трэба ратаваць душу. Едзе ў Кіева-Пячорскую Лаўру, прымае там манаскі пострыг.

Але слава яго выданняў, слава яго друкаў, працягвала ісці па праваслаўным свеце. Таму ў 1645 годзе, з далёкай Валахіі (гэта гістарычная вобласць на поўдні сучаснай Румыніі) з’явіўся ганец, які пагрукаў у браму Кіева-Пячэрскага манастыра, ды перадаў Спірыдону Собалю пасланне. То было афіцыйнае запрашэнне. Што змяшчала і просьбу, і прапановы. Прыехаць у Валахію ды заснаваць там друкарню. Займацца любімай дзейнасцю – асветніцтвам і адукацыяй. І Спірыдон Собаль зазбіраўся ў няблизкую дарогу. Але так сталася, што тая дарога была ў яго жыцці апошняй. Мары не было наканавана спраўдзіцца. Напрыканцы 1645 года Спірыдон Собаль «печатник писаний божественных» адыйшоў у лепшы свет, спыніўся бег яго зямнога жыцця.

Але яго буквары працягвалі жыць. Па іх вучыліся авалодванню славянскай мовы і грамаце ва ўсім праваслаўным свеце. І гэтак было  не адно пакаленне… Не адно стагоддзе. Якасны падручнік – то амаль вечны падручнік. А вынайдзеную Спірыдонам Собалем методыку навучання граматыцы выкарыстоўваюць і зараз.

Запомнім: першы ў свеце буквар прыдумалі нашы продкі! Само слова «буквар» – то вынаходніцва беларускае! Менавіта па беларуску, на беларускай мове і з беларускіх вуснаў прагучала слова буквар. І гэта нашае, спрадвечнае слова ўвайшло у лексіку самых розных моў. Назва «буквар» увайшла ў сучасныя беларускую, рускую, украінскую, балгарскую, серба-харвацкую, баснійскую мовы, а таксама ў абхазскую, аварскую, адыгейскую, айроцкую, алеутскую, балкарскую, гагаузскую, дагестанскую, далганскую, даргінскую, хакаскую, ханту, цыганскую, чувашскую, чукоцкую, эвенкійскую.

Помнім: стваральнікі беларускага буквара – то годныя сімвалы нашай ітэлектуальнай магутнасці, нашага беларускага духу – сімвалы нашай, беларускай, вечнасці!!!