Марзалюк: Скарына і яго Біблія – сведчанні неўміручага беларускага духу, сімвалы беларускай вечнасці

Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.

Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Сёння размова пойдзе пра волата беларускага духу, пра слаўнага сына старажытнага Полацка – пра Францыска Скарыну і створаную ім, яго рупнасцю і дбаннем друкаваную Біблію. Другую славянскую Біблію ў свеце. Нашу Біблію. Біблію Руску.

Як вядома, першы пераклад – чэшскі. У 1487 годзе быў надрукаваны пераклад Новага Запавету па-чэшску, а ў 1488 годзе ў Празе выйшла першая поўная Біблія па-чэшску. Тут, у Празе Чэскай, Францыск Скарына ў 1517 годзе здейсніць свой знакаміты старабеларускі пераклад.

Паводле падлікаў аўтарытэтнейшага знаўцы спадчыны Скарыны ў Беларусі Георгія Галенчанкі, знакамітаму палачаніну на сёння прысвечана больш за 6 тысяч публікацый! Мы дакладна не ведаем, калі ён нарадзіўся на свет Божы. Верагодней за ўсё, у 1490 годзе. Паходзіў наш герой з сям’і не надта багатага полацкага купца Лукі Скарыны.

Першую сваю школьную асвету ён атрымаў у Полацку. На той момант у горадзе ўжо існаваў бернардынскі манастыр, заснаваны ў 1498 годзе. Хутчэй за ўсё, ён прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага ўзору ў полацкіх бернардынаў і ў іх жа, як мяркуе Галенчанка, атрымаў пачатковую адукацыю, вывучыў неабходную для паступлення ва ўніверсітэт лацінскую мову.

Адукацыя працягнулася ў Вільні. Віленская кафедральная школа была найлепшай у ВКЛ. Яна мела трывалыя сувязі з Кракаўскай акадэміяй. Як сведчаць акты Кракаўскага ўніверсітэта, менавіта ён стаў першай альма-матар Францыска Скарыны. З грашыма было не надта. У Кракаве Скарына плаціць невялікі ўзнос ва ўніверсітэтскую касу, а ў Падуанскім універсітэце наш герой увогуле просіць прыняць іспыты (экзамены) бясплатна з-за незаможнаасці.

У Кракаве Францыск вучыўся з 1504 па 1506 гады. Скарына меў тры навуковыя ступені: бакалаўр філасофіі (або вольных навук, арціум), што дакументальна пацверджана запісам у кнізе прамоцый Кракаўскага універсітэта 1506 года, магістр арціум (гэта значыць магістр мастацтваў). З такім магістарскім тытулам Скарына згадваецца ў першым экзаменацыйным акце Падуанскага ўніверсітэта ад 5 лістапада 1512 года. Ступень «доктара ў лекарскіх навуках» Скарына, як вядома, атрымаў экстэрнам.

Ігар Марзалюк:
Акты Падуанскага ўніверсітэта малююць Скарыну як прышэльца з далёкай і невядомай, экзатычнай краіны – Полаччыны. Страх сказаць, чалавек з мясцінаў, што знаходзяцца за некалькі тысяч рымскіх міляў ад Падуі! Упарты хлопец здабыў у Італіі усё, аб чым марыў. Ён атрымаў афіцыйную згоду на здачу экзаменаў, як занатавана ў дакументах, на яго просьбу і з-за яго незвычайных здольнасцяў.

А потым была «злата Прага». Яго першы пражскі перыяд. 1517-1519 гады. Падрыхтоўка і выданне кнігі кніг – Бібліі. 1517 год. З-пад друкарскага варштату выходзяць яго першыя друкаваныя кнігі. То пачатак нашай з вамі друкаванай Бібліі. Ён марыў аб поўным выданні «Бібліі Рускай» (нашы з вамі продкі тады карысталіся менавіта гэтым метаэтнонімам). Гэта зразумела па аўтарскай прадмове Францыска Скарыны ў кнізе «Быццё». Фактычна ж былі надрукаваны 20 кніг Старога Запавету – кнігі Царстваў. Не атрымалася ў яго цалкам выканаць сваю творчую задуму.

Выйшла толькі палова поўнага зводу, ад праваслаўнага ці каталіцкага канону. А потым ён вернецца і прыедзе ў Вільню. Гэта адбудзецца недзе ў 1520-1521 гадах. Ажэніцца. У дакументах 20-х гадоў ХVI стагоддзя згадваецца жонка Маргарыта, якая мела нішто сабе ўласнасць у «месце сталечным Віленскім». Адзін яе дом знаходзіўся каля Рынка ў Вільні, а другі – на Нямецкай вуліцы. Другі дом – то яе спадчына ад першага мужа – Юрыя Адверніка.

Што тычыцца дзетак. Ведаем, што ў пары быў сама меней адзін сын – Сімяон. Ён згадваецца ў дакуменце 1552 года. Існуе версія, што быў яшчэ адзін сын. І звалі яго таксама, як і бацьку – Францішак, які загінуў падчас пажару ў Празе ў 1541 годзе. Але сведчанне гэта не бяспрэчнае.

Ігар Марзалюк:
Ведаем таксама, што «доктар у лекарскіх навуках» не цураўся і спадчыннай прафесіі – гандлю. Са сваім родным братам Іванам Скарынай ён удзельнічаў у гандлёвых аперацыях з Польшчай і з немцамі. У Вільні ў доме «почтивого мужа Якуба Бабича, наистаршего бурмистра славнаго и великаго места виленскаго» Скарына размясціў сваю друкарню. Сёння лічыцца, што самае яго першае віленскае выданне «Малая падарожная кніжыца» была надрукавана ў 1522 годзе. Аб гэтым сведчыць захаваная ў адным з асобнікаў Пасхалія, якая і дазволіла дакладна датаваць час яе выдання.

У 1523 годзе ў афіцыйных дакументах Францыск Скарына згадваецца як фізік, гэта значыць лекар віленскага каталіцкага біскупа Яна. Ян паходзіў з роду вялікіх князёў літоўскіх. Ён быў пазашлюбным сынам Жыгімонта Старога. Сам біскуп Ян рапрацоўваў планы аб ператварэнні ВКЛ у сувэрэннае каралеўства і лічыў, што свавольства магнатаў не давядзе да дабра, іх уладу неабходна абмяжоўваць. Але добрыя намеры засталіся на паперы.

Потым Скарына паблукае па Еўропе. Данія, Прусія, Кёнігсберг. Ну і напрыканцы жыцця ізноў Прага, праца ў адным з першых у Цэнтральнай Еўропе батанічных садоў – на Градчанах. Але не будзем дэтальна спыняцца на біяграфічных перыпетыях вялікага сына нашай зямлі. Лепш пагаворым пра яго хрысціянскую і грамадзянскую тоеснасць. Скарына, безумоўна шанаваў царкоўную традыцыю, важнасць дагматыкі і абраднасці. Таму яго нельга называць гусітам, пратэстантам. Бо ён пастаянна спасылаецца на творы айцоў царквы, пастановы ўсяленскіх сабораў.

Стаўшы каталіком, ён не адрокся ад свайго народа, пераважна праваслаўнага на той час, ды не забыўся і аб праваслаўнай традыцыі сваіх продкаў. Увогуле. З яго дзейнасці вынікае – ён марыў аб адзінай хрысціянскай супольнасці, па над канфесійнымі падзеламі і братазабойчай варажнечай. Пры гэтым падкрэслім, што праваслаўны сімвал веры ён не адмаўляў. Яго царкоўныя друкі, з пункту гледжання праваслаўнага багаслоўя, цалкам адпавядаюць канону.

Ігар Марзалюк:
Дазволім сабе на гэты конт прамую цытату з твора наша класіка скарыназнаўства Георгія Галенчанкі: «Не толькі віленскія, але і пражскія выданні, як сведчаць, напрыклад, паметы на экзэмпляры Пражскага музея, выкарыстоўваліся ў праваслаўных літургічных службах. Глыбокая хрысціянская свядомасць відавочна ў яго стаўленні да царкоўнага размежавання ў свеце і на Радзіме. Складана ў лацінскай тагачаснай Еўропе знайсці асветнікаў і выдаўцоў, якія выдавалі б адначасова свае кнігі таксама для праваслаўнага паспалітага люду, захоўваючы грэка-візантыйскі сімвал веры. Віленскія выданні Скарыны ў сваёй аснове мала чым адрозніваліся ад традыцыйных праваслаўных тэкстаў Апостала і Псалтыра, нягледзячы на вядомае дабаўленне да 13-га псалома («Гроб разверсты...»). Па сутнасці, Скарына з’яўляецца адным з першых прыхільнікаў экуменічнага збліжэння ўсіх хрысціянскіх народаў і цэркваў. У яго прадмовах і каментарыях няма палемічных і ідэалагічных акцэнтаў, скіраваных супраць каталіцкай ці праваслаўнай канфесіі, ці нават і рэфарматараў».

Тое, што Францыск Скарына быў рыма-католікам, сёння ўспрымаецца як бясспрэчны факт усімі сур’ёзнымі даследчыкамі. Пасля знаходкі Галенчанкам аўтэнтычнага кракаўскага гаспадарскага прывілея Скарыне, які датаваны 25 лістапада 1532 года, адпалі апошнія аргументы на карысць таго, што нібыта ён меў праваслаўнае імя Георгій. Пацвердзілася здагадка вядомага польскага даследчыка Генрыха Лаўмяньскага, які яшчэ ў 1925 годзе выказаў такую гіпотэзу: «Георгій» – пераблытанае ў варшаўскай канцэлярыі слова egregius – выдатны, знакаміты.

Нягледзячы на сваё рыма-каталіцкае веравызнанне, Францыск Скарына ўсведамляў сваю этнічную прыналежнасць менавіта як рускую. Важнейшым фактарам належнасці да рускай этнічнай супольнасці ён лічыў не канфесіянальную прыналежнасць, а мову: «Я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенским языком <…> которыи суть в Псалтыри неразумныи простым людем, найдуть е на боцех руским языком, что которое слово знаменуеть <…> казал есми тиснути книгу святого Иова рускым языком богу ко чти и людем посполитым к научению <…> братия моя Русь».

Ігар Марзалюк:
Францыск Скарына пэўна і адназначна вызначае сваю этнічную прыналежнасць, азначае, што ён «нароженый в руском языку», што яго «милостивый Бог с того языка на свет пустил». Надзвычай важным для нас момантам з’яўляецца тая акалічнасць, што Францыск Скарына прызначаў свае выданні ўсім людзям «языка рускага», не выключаючы нікога з тагачасных саслоўяў. Скарына ў сваіх уяўленнях аб этнічнасці арыентаваўся зусім на іншыя прыкметы, у параўнанні з тымі, што існавалі ў папярэдні перыяд.

Для яго свядомасці былі ўжо ўласцівыя ўяўленні, характэрныя для ранняга Новага часу. У сярэдневякоўі пад народам разумеўся найперш «палітычны народ», шляхта. Сацыяльная і культурная прорва паміж пануючым станам і яго падданымі разглядалася як рэч сама сабой зразумелая. Ніхто нават і не спрабаваў ствараць аднароднае культурнае поле ды распаўсюджваць каштоўнасці высокай культуры на простых людзей, а тым больш падкрэсліваць агульнасць іх паходжання і традыцый.

Як слушна адзначыў Георгій Галенчанка, для Францыска Скарыны важнейшымі этнічнымі маркерамі былі моўнае, культурна-гістарычнае адзінства, паходжанне, агульная тэрыторыя. Па сутнасці, гэта ўжо не этнічная мадэль самаідэнтыфікацыі, а артыкуляцыя менавіта нацыянальнай канцэпцыі быцця народа. Перад намі мадэль этнакультурнай, а не палітычнай нацыі, мадэль, па якой ішлі працэсы нацыяўтварэння практычна ва ўсім нашым рэгіёне, Усходне-Цэнтральнай Еўропе. Упершыню яна была агучана ў Чэхіі, калі ў 1409 годзе Геранім Пражскі сфармуляваў тры важнейшыя прыкметы, неабходныя для існавання народу: кроў, мова, вера.

У Еўропе прагучалі словы пра «найсвяцейшую супольнасць чэшскую» як супольнасць усіх людзей, ад караля і архібіскупа да простых жыхароў гарадоў і вёсак. Падобнае ў дачыненні да старабеларускага этнасу здзейсніў на стагоддзе пазней наш першадрукар, праўда, другім у Еўропе. Хутчэй за ўсё, ідэі гэтыя былі сфармуляваныя ім менавіта пад чэшскім уплывам.

Мова прадмоваў і пасляслоўеў Бібліі Скарыны – то лексіка старабеларускай мовы, мова тэкста ўласна самой Бібліі – беларуская рэдакцыя славенскай, гэта значыць стараславянскай мовы. Гэта акалічнасць рабіла мову Бібліі зразумелай нашым продкам, суайчыннікам вялікага палачаніна.Скарына безумоўна патрыёт роднай яму зямлі, Русі Літоўскай, гэта значыць гістарычнай Беларусі. І самай любімай часткі сваёй Радзімы – улюбёнага града Полацка.

Ігар Марзалюк:
Дазволім сабе яшчэ адну цытату з працы Георгія Галенчанкі: «Патрыятычныя погляды Скарыны выцякалі з яго разумення патрэб грамадства, асэнсавання цэласнасці беларускага народа, пры ўсіх унутраных супярэчнасцях і канфліктах. Сталае згадванне Полаччыны – сваёй малой Радзімы, рысы народнай беларускай мовы праследжваюцца ў большасці яго выданняў (даследчыкі называюць яе царкоўнаславянскай мовай беларускай рэдакцыі). Яны паказваюць, каму ў першую чаргу прызначаў ён свае выданні: усяму беларускаму паспольству, усім яго станам, гараджанам, шляхце, духоўным асобам, у больш шырокім кантэксце – усім беларусам, украінцам і рускім, што пражывалі на землях ВКЛ. Можна сказаць, што тэксты Скарыны былі вядомы і сялянам, бо ў шмат якіх прыхадскіх храмах чыталі іх галосна і адпраўлялі па іх патрэбныя службы».

Скарына Волат Духу, Волат Рэнесансу. Безумоўна, толькі свабодны, ведаючы сабе кошт чалавек, мог двойчы ў Бібліі надрукаваць свой партрэт! Скарына вучыў: у Бібліі ўтрымоўваецца дваякая мудрасць. Тая, якая даступная толькі для абраных (гэта значыць эзатэрычная), а таксама тая, якая зразумелая і даступная для ўсіх разумных людзей без выключэння. Першыя ісціны – то ісціны богапазнання. Іншыя – то ісціны, скіраваныя на вывучэнне прыроды, грамадства і чалавека.

Вялікі палачанін заклікаў не забывацца, што няма грамадства без чалавека, як і чалавека без грамадства. Толькі ў грамадстве жыццё чалавека напаўняецца сапраўдным сэнсам, таму людзі абавязаны навучыцца ў згодзе «у купе жыці». І няма згоды і жыцця без любові да сваёй мовы, да сваёй зямлі, да сваёй малой і вялікай Айчыны. Прыгадаем надрукаваныя і выпеставаныя ім словы любові да Бацькаўшчыны: «Понеже от прирожения звері, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя …; тако ж и люди, игде зродилися а ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Францыск Скарына і яго Біблія – то сведчанні нашага неўміручага беларускага духу, то сімвалы нашай беларускай вечнасці.