Марзалюк: судовая практыка мінулага сведчыць аб высокай прававой культуры нашых продкаў
Праект Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці» пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці.
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям! Сёння рамова пойдзе пра сістэму судовых органаў Вялікага Княства Літоўскага. Пачнем!
Першапачаткова судовая ўлада на месцах належала вялікакняжацкім ураднікам, ваяводам, старастам і дзяржаўцам. Спецыяльнымі судовымі органамі для простага народа былі копныя суды для сялян і магістрацкія для мяшчан. Вышэйшым судовым органам з’яўляўся Гаспадарскі (Вялікакняжацкі) суд, які да 1581 года (да стварэння Галоўнага суда) выступаў як апеляцыйны суд і як суд першай інстанцыі па найбольш важных справах, якія закраналі інтарэсы дзяржавы і шляхты.
Гаспадарскі суд быў вышэйшым усесаслоўным калегіяльным судом. Ён ажыццяўляўся вялікім князем з панамі-раднымі і іншымі ўраднікамі. Колькасны склад Гаспадарскага суда не быў рэгламентаваны: магло быць 2–3 чалавекі, магло быць 20 і больш. Кампетэнцыя Гаспадарскага суда была даволі шырокай. У якасці суда першай інстанцыі ён разглядаў найбольш важныя справы, напрыклад, спрэчкі аб сіле і значэнні розных дараваных грамат, якія закраналі інтарэсы дзяржаўнай казны, палітычныя злачынствы (уцёкі ў непрыяцельскую землю, непадпарадкаванне рашэнню гаспадара па судовых справах, непаважлівае стаўленне да афіцыйных актаў і іх падробка), ухіленне ад ваеннай службы, скаргі на злоўжыванне ўладай службовымі асобамі.
У якасці другой інстанцыі Гаспадарскі суд разглядаў любыя справы, якія паступалі да яго ў парадку апеляцыі з ніжэйстаячых судоў. Рашэнні Гаспадарскага суда лічыліся канчатковымі і абскарджанню не падлягалі. З 1581 года кампетэнцыя Гаспадарскага суда звужаецца і паводле Статуту 1588 года ён дзейнічае толькі як суд першай інстанцыі па справах пра дзяржаўныя злачынствы; па справах, якія закранаюць маёмасныя інтарэсы дзяржавы; пра незаконныя дзеянні вышэйшых ураднікаў; пра пацвярджэнне прыналежнасці да саслоўя шляхты.
Часта разгляд спраў даручаўся панам-радным ці спецыяльна прызначаным князем асобам – камісарам. Суд паноў-радных і камісарскі суд з’яўляліся разнавіднасцю Гаспадарскага суда. Калі суд паноў-радных па даручэнні гаспадара разглядаў розныя справы, то камісарскі суд ствараўся для разгляду адной пэўнай справы, якая паступіла на імя князя. Рашэнні гэтых судоў, вынесеныя без папярэдняга паведамлення аб меркаванні вялікага князя, можна было абскардзіць князю.
Разнавіднасцю Гаспадарскага суда таксама з’яўляўся маршалкаўскі суд, на чале якога стаялі адзін ці два маршалка. Гэты суд разглядаў справы па даручэнні князя, месцам яго пасяджэнняў звычайна з’яўляўся княжацкі двор. Акрамя маршалкаў члеамі гэтага суда былі прызначаныя гаспадаром асобы. Маршалкаўскі суд мог разглядаць самыя разнастайныя справы з тых, што паступілі на разгляд Гаспадарскага суда. Як пастаянная ўстанова пры вялікім князю маршалкаўскі суд з’явіся ў канцы XV стагоддзя.
Часам асобныя крымінальныя і грамадзянскія справы разглядаліся гаспадаром і панамі-раднымі на сойме. Такі суд паўстаў у канцы XV стагоддзя і называўся соймавым. У яго, апроч гаспадара і радных паноў, паводле Статуту 1588 года, уваходзіла яшчэ 8 дэпутатаў сойма. Гэты суд дзейнічаў толькі ў перыяд працы сойма. Рашэнні яго лічыліся канчатковымі. Калі на сеймавым судзе князь адсутнічаў ці яго пункт гледжання разыходзіўся з меркаваннем большасці, то за ім захоўвалася права памілавання.
Для таго каб паскорыць вядзенне судаводства і разгрузіць Гаспадарскі суд, граматай караля Стэфана Баторыя ад 1 сакавіка 1581 года быў заснаваны Галоўны суд, ці Галоўны літоўскі трыбунал. У гэтым жа годзе быў прыняты Статут аб арганізацыі і кампетэнцыі Галоўнага суда. Сесіі Галоўнага суда праводзіліся кожны год у Вільні, а ў Менску і Наваградку – папераменна праз год. Кожная сесія магла працягвацца не больш за 22 тыдні, потым суддзі пераязджалі ў наступны горад. Уся тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, такім чынам, была ўмоўна падзелена на 3 судовых акругі, з улікам якіх і разглядаліся судовыя справы ў названых гарадах.
Галоўны суд вёў усе справы па апеляцыйных скаргах. Па першай інстанцыі ён разглядаў некаторыя справы, якія раней былі падсуднымі Гаспадарскаму суду. Асобую катэгорыю спраў прадстаўлялі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых службовых асоб і суддзяў. Членамі Галоўнага суда былі шляхцічы, выбіраныя штогод на павятовых сойміках у колькасці двух. Выбранымі маглі быць толькі шляхцічы, якія валодалі нерухомасцю, разбіраліся ў мясцовым праве і звычаях. Колькасць членаў Галоўнага суда не была пастаяннай, але, як правіла, іх было каля 40 чалавек.
Усёй працай Галоўнага суда кіраваў выбраны суддзямі маршалак. Кожны член Галоўнага суда павінен быў удзельнічаць у яго працы на працягу не меней за 6 месяцаў, а затым мог не з’яўляцца на сесіі як выканаўшы свае абавязкі. Па заканчэнні тэрміну паўнамоцтваў ізноў абрацца членам Галоўнага суда можна было толькі праз 6 гадоў.
На месцах дзейнічалі суды першай інстанцыі, сярод якіх асноўным лічыўся замкавы (гродскі) суд – усесаслоўны суд, які дзейнічаў штомесяц, але не быў адлучаны ад адміністрацыі. Замкі даваліся ў кіраванне ваяводам, а таксама старастам, якія ажыццяўлялі адміністрацыйныя, фінансавыя і судовыя функцыі. Ваявода ці стараста разглядалі справы не аднаасобна, а з удзелам мясцовых феадалаў. У кампетэнцыю гродскага суда ўваходзіў разгляд крымінальных і некаторых грамадзянскіх спраў (невыкананне дамовы пазыкі, арэнды).
Але галоўным чынам гродскі суд разглядаў крымінальныя справы, прычым толькі ў тых выпадках, калі злачынец быў затрыманы на месцы або злоўлены на працягу 24 гадзін пасля здзяйснення злачынства ці калі заява была пададзена не пазней за тыдзень пасля яго здзяйснення. Ва ўсіх іншых выпадках трэба было звяртацца ў земскі суд.
Гродскі суд ажыццяўляў і адміністрацыйныя функцыі: выконваў рашэнні земскага, Галоўнага суда, фіксаваў завяшчанні, акты дарэння, куплі-продажу, закладу, пазыкі, усынаўлення. Пры гродскім судзе знаходзіліся кат і турма, у якой утрымліваліся зняволеныя па рашэнні гродскага, земскага і Галоўнага судоў.
Земскі суд быў выключна выбарным, калегіяльным і цалкам адлучаным ад адміністрацыі судом. У земскі суд не маглі быць выбраны асобы, якія знаходзіліся на іншай пасадзе, а таксама асобы духоўнага звання. Але гэта быў і чыста саслоўны суд, які фарміраваўся толькі са шляхты і разглядаў справы толькі ў адносінах шляхты. У склад земскага суда ўваходзілі тры чалавекі: земскі суддзя, падсудак і земскі пісар, выбраныя са шляхты дадзенага павета.
Паводле Статуту 1588 года шляхта павета высоўвала па чатыры чалавекі, з якіх затым гаспадар зацвярджаў аднаго на пасадзе пажыццёва. Да кандыдата прад’яўляліся адпаведныя цэнзы: маёмасны, адукацыйны, аселасці і добранадзейнасці, акрамя таго, улічваліся грамадзянства і вера (толькі хрысціянская). Законам не быў выразна вызначаны ўзроставы цэнз, але звычайна патрабавалася, каб асоба была не маладзей за 23 гады.
Кампетэнцыя земскага суда была даволі шырокай. Галоўным чынам ён разглядаў справы па маёнтках, з якіх спраўлялася земская ваенная служба, іскі пра незаконны збор прыватнымі асобамі гандлёвай мыты ці павелічэнне яе памеру, спрэчкі пра прыналежнасць да шляхецтва, а таксама іншыя крымінальныя і грамадзянскія справы. Усё справаводства знаходзілася ў веданні земскага пісара і яго памочнікаў – падпіскаў, колькасць якіх вызначалася самім земскім пісарам.
Справы, якія тычацца зямельнай уласнасці, былі ў веданні спецыяльна створанага ў 1565 годзе на Віленскім сойме падкаморскага суда. Гэта быў выбарны, выключна шляхецкі і адлучаны ад адміністрацыі суд. Ён засноўваўся ў кожным павеце і разглядаў толькі адну катэгорыю грамадзянскіх спраў – межавыя спрэчкі па маёнтках. Прычым ажыццяўлялася гэта не калегіяльна, а адным суддзёй – падкаморыям – на месцы знаходжання спрэчнай зямлі. Суддзя-падкаморы спачатку прызначаўся, а па Статуце 1588 года выбіраўся на павятовым сойміке пажыццёва. Памочнікамі падкаморыя былі землямеры – каморнікі, якія прызначаліся ім з ліку шляхцічаў, якія мелі зямельныя ўладанні. Каморнікі па даручэнні падкаморыя маглі разглядаць справы ў адносінах да зямлі памерам не больш за адну валоку.
Каптуровы суд з’яўляўся часовым надзвычайным судом і дзейнічаў у перыяд безкаралеўя. Ён ствараўся на аснове спецыяльнай пастановы Вальнага сойма з ліку мясцовых суддзяў. Членамі гэтага суда былі ўсе члены земскага, падкаморскага і гродскага судоў. Судамі для простага народа, у прыватнасці для сялян, апроч суда службовых асоб і феадала, былі копныя суды – сходы сялян, скліканыя для разгляду крымінальных спраў. Суддзямі былі прадстаўнікі сялянскіх органаў самакіравання – старцы, а таксама копныя мужы, да якіх адносіліся не ўсе сяляне, а толькі гаспадары. Кольскасць членаў копнага суда не была пастаяннай і выразна вызначанай. Гэта залежала ад шматлікіх акалічнасцей (важнасці справы, пары года, надвор’я і г. д.). Але звычайна суд лічыўся правамоцным, калі ён складаўся з 10–20 членаў.
Дзейнічалі копныя суды на падставе норм традыцыйнага права. Кампетэнцыя суда была даволі шырокай: ён разглядаў і асоба небяспечныя злачынствы, і дробныя правапарушэнні. Гэта былі хуткадзейныя суды: любое пакаранне аж да пакарання смерцю адразу ж прыводзілася ў выкананне. Пры разглядзе спраў у копным судзе маглі прысутнічаць і прадстаўнікі адміністрацыі, якія ажыццяўлялі кантроль за правільнасцю копнага судаводства.
Наша традыцыя, увасобленая ў судовай практыцы мінулага, сведчыць аб высокай прававой культуры продкаў, з’яўляецца яскравым сімвалам нашай, беларускай вечнасці!