Марзалюк: за «Пагоняй» – стагоддзі нашай гісторыі, таму мы шануем гэты герб як наш гістарычны набытак
Новы праект Ігара Марзалюка – «Сімвалы беларускай вечнасці». Праект пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці. У трэцім выпуску пагаворым пра герб «Пагоня».
Ігар Марзалюк, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук, прафесар:
Дзень добры добрым людзям. Сёння мы працягваем нашу размову пра сімвалы беларускай вечнасці, пра сімвалы беларускай дзяржаўнасці. Пра тое, што стварае нашу вялікую гістарычную традыцыю.
Паступова, з утварэннем новай формы нашай старабеларускай дзяржаўнасці, увасобленай у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, гэта значыць у другой палове XIII – XIV стагоддзяў, узнікае і пачынае распаўсюджвацца і новы герб гэтай дзяржавы – «Пагоня». Адразу скажу. Зараз можна прачытаць і пачуць проста мора лухты і хлусні пра гэты высакародны сімвал нашай беларускай, старасвецкай мінуўшчыны. Можна нават пачуць паклёпніцкія заявы, што нібыта беларуская дзяржава забараніла гэты герб, які сведчыць аб нашай старабеларускай дзяржаўнасці.
Таму адразу раставім кропкі над «і». Запомнім: усе гістарычныя выявы герба «Пагоня» XIV – XVI стагоддзяў, згодна з Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь за № 578 ад 14 мая 2007 года, з’яўляюцца нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яны пад аховай і абаронай беларускай дзяржавы.
Ігар Марзалюк:
Герб «Пагоня» працягваў актыўна выкарыстоўвацца ў якасці герба шэрага беларускіх гарадоў і адміністрацыйных адзінак і ў часы існавання Рэчы Паспалітай, і ў часы Расійскай імперыі. Менавіта гэты герб быў галоўным сімвалам беларускіх земляў у дарэвалюцыйны час. І гэта не дзіўна, бо ў Расійскай імперыі, рускія гісторыкі выдатна ведалі, што ВКЛ было дзяржавай найперш Русі Літоўскай, гэта значыць Беларусі. Што наша старажытная сталіца Вільня была суперніцай Масквы ў справе збірання і аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель, зямель старажытнай, Кіеўскай Русі. Таму гордыя гербы з «Пагоняй» аздаблялі ў XIX – пачатку XX стагоддзяў, у тым ліку і вялікі герб Расійскай імперыі. Менавіта таму і мы сёння у нашай незалежнай дзяржаве выкарыстоўваем гэты сімвал у гербах беларускіх гарадоў і адміністрацыйных адзінак, а таксама на іх сцягах. Іншая справа, што існуюць варыянты герба, якія прынцыпова адрозніваюцца і сваёй ідэалогіяй, і сваімі выявамі ад «Пагоні» гістарычнай.
Ігар Марзалюк:
Той, хто вывучаў геральдыку, ведае, што нават змена аднаго элемента на гербе азначае, што перад намі іншы герб. Прынамсі іншы варыянт герба. Гэта тычыцца герба БНР, у тым ліку і адной з яго разнавіднасцей, што выкарыстоўвалася падчас акупацыі беларускімі нацыяналістамі-здраднікамі, верай і праўдай служыўшых нацыстам.
Мастацкім і геральдычным новатворам з’яўляецца і дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 1991-1995 гадоў. Называць гэтыя гербы гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, прыпісваць ім старажытныя вытокі азначае толькі адно – хлусіць бязбожна. Але па парадку.
Ігар Марзалюк:
Вобраз вершніка з’явіўся ў XIII стагоддзі ў працэсе складання ВКЛ, а яго вытокі адносяцца да яшчэ больш старажытнай традыцыі. Сярод найбольш важных крыніц з’яўлення такога сімвала на дзяржаўным гербе магла стаць візантыйская праваслаўная хрысціянская традыцыя, якую ў пэўнай меры прынялі першыя кіраўнікі новай дзяржавы. Адной з самых магутных фігур дадзенай традыцыі здаўна лічыўся святы Георгій, ці Георгій Пераможца.
Яго культ быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Усходняй Еўропы, і таму не дзіўна, што традыцыя яго ўхвалення і шанавання была запазычана і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падкрэслім, што святога Георгія адлюстроўвалі і з дзідай у руцэ, як на маскоўскім гербе, так і з мячом. Дарэчы, цэлы шэраг старажытных выяў «Пагоні» адлюстроўваюць вершніка не з мячом, а з дзідай.
Найбольш старажытная пячатка з выявай «Пагоні» – пячатка Аляксандра Неўскага, зяця віцебскага князя. Адна з самых старажытных пячатак такога кшталту – пячатка полацкага князя Глеба-Нарымонта. Падобную пячатку выкарыстоўваў і знакаміты маскоўскі ўладар Дзмітрый Данской. Таксама, нам, дарэчы, не чужы. Яго дачка была замужам за мсціслаўскім князем Сямёнам Лугвенам, героем Грунвальдскай бітвы.
Ігар Марзалюк:
У працэсе развіцця геральдыкі ў ВКЛ вершнік быў пакладзены ў аснову дынастычнага герба вялікіх князёў літоўскіх. Пры гэтым вершнік з узнятай дзідай ці дзідай наперавес быў досыць распаўсюджаны сярод прадстаўнікоў дынастыі Гедымінавічаў. Самым распаўсюджаным стаў варыянт з вершнікам, які трымае меч, пад капытамі каня якога гіне цмок. На вялікай троннай каралеўскай пячатцы Ягайлы 1388 года намаляваны менавіта такі варыянт «Пагоні».
У часы Ягайлы фарміруецца яго асабісты герб «Бойча» з выявай здвоенага крыжа, які з’яўляўся візантыйскім хрысціянскім сімвалам, які сімвалізаваў перамогу хрысціянскай традыцыі ў палітыцы і светапоглядзе ўладара ВКЛ. У праваслаўнай традыцыі здвоены патрыяршы крыж лічыцца сімвалам перамогі над язычніцтвам. Герб «Пагоня» успрымаўся тады не толькі як палітычны атрыбут улады, але і як сакральны сімвал, адзін з варыянтаў выявы святога Георгія Пераможцы. Пры гэтым няма ніякіх сумненняў, што выява ўзброенага мужа на кані ў сярэдзіне XV стагоддзя разумелася ў якасці князя – сімвалізавала суверэнную княжацкую ўладу.
Дарэчы, варыянт «Пагоні» на знакамітым Статуце ВКЛ 1588 года аздоблены лаўровым вянком. Такі ж стылізаваны лаўравы вянок, натуральна, што зялёнага колеру, прысутнічае на выяве дзяржаўнага герба, змешчанага на сцягу пяхоты войска ВКЛ пачатку XVIII стагоддзя.
Ігар Марзалюк:
Я да чаго? Продкі лічылі нармальным спалучэнне на дзяржаўным гербе белага, чырвонага і зялёнага колераў. Не называлі іх несумяшчальнымі, як асобныя «знаўцы». «Пагоня» была размешчана на харугвах беларускіх ваяводстваў – Віленскім, Брэсцкім, Віцебскім, Мінскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Гарадзенскім, Наваградскім.
Пасля далучэння да Расійскай імперыі герб працягваў жыць. Ён быў размешчаны пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 года на гербах Полацкага і Магілёўскага намесніцтваў. Потым – на гербах губерняў Віленскай, Гарадзенскай, Віцебскай.
«Пагоню» выкарыстоўвалі і асобныя вайсковыя часткі Расійскай імперыі. У 1775 годзе быў створаны Палявы гусарскі беларускі полк. Ён камплектаваўся з мясцовых, беларускіх выхадцаў. Полк меў уласны штандар з гербам. У верхнім залатым полі шчыта была размешчана выява імперскага двухгаловага арла, а ў дольнай – выява «Пагоні».
У гэты ж час ствараецца і Полацкі мушкецёрскі полк. На баявым сцягу палка быў змешчаны рассечаны на два полі шчыт: у правым залатым полі – выява двухгаловага арла, у левым, чырвоным – «Пагоня». Згодна з імператарскім указам ад 19 верасня 1827 года, «Пагоня» была размешчана на сцягах лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палка.
Ігар Марзалюк:
На вялікім гербе Расійскай імперыі асобна быў размешчаны геральдычны шчыт, які афіцыйна менаваўся так: «Гербы княжеств и областей белорусских и литовских». Справа ў тым, што расійскі імператар быў адначасна і вялікім князем Віцебскім, Полацкім і Мсціслаўскім. Пасярэдзіне шчыта змешчаны дзяржаўны герб ВКЛ, далей – Беластоцкі герб з выявай срэбнага арла ў верхняй частцы і «Пагоняй» – у дольнай, далей герб Самагіцкі – у залатым полі чорны стаячы на задніх лапах мядзведзь. Герб Самагіцкі – гэта герб часткі балцкай Літвы, Жмудзі, герб жмудзінаў. За ім герб Полацкі – у срэбным полі на чорным кані «Пагоня», вершнік у чорным узбраенні. Герб Віцебскі – у чырвоным полі срэбны вершнік ва ўзбраенні з узнятым мячом і круглым шчытом. Ды герб Мсціслаўскі – у срэбным полі чырвоны воўк.
Імператар Аляксандр, зацвярджаючы 8 снежня 1856 года герб Віцебскай губерні, не мог праігнараваць «Пагоню» як складовую частку Вялікага дзяржаўнага герба Расійскай імперыі. Паказальна, што зацверджаны 2 чэрвеня 2009 года герб Віцебскай вобласці супадае з ім не толькі ў цэлым, але і ў прыватных дэталях – нават блакітны колер ордэнскай Андрэеўскай ленты ў ім захаваўся.
Ігар Марзалюк:
За «Пагоняй» – стагоддзі нашай гісторыі. Менавіта таму мы шануем герб «Пагоню» як наш гістарычны набытак. Выкарыстоўваем яго ў нашай афіцыйнай сімволіцы. Ён аздабляе сцяг Віцебскай вобласці. «Пагоня» з’яўляецца элементам герба Гомельскай вобласці. Выява «Пагоні» размешчана на гербе Магілёва, з’яўляецца галоўнай геральдычнай фігурай на гербах Лепеля, Верхнядзвінска, Рэчыцы.
У 1918 годзе адрадзілася ідэя выкарыстання старадаўняй «Пагоні» як герба БНР. Што праўда, першы герб Народнага Сакратарыята, урада БНР, выглядаў іначай – па цэнтру сноп, перакрыжаваная каса і граблі. Але неўзабаве перавагу аддалі менавіта «Пагоні». Магчыма, гэта адбылося зусім стыхійна і, наколькі вядома, не было замацавана якім-небудзь дакументам БНР, што кананізаваў бы «Пагоню» ў якасці герба і меў бы строгае апісанне ўсіх яго дэталей. Таму ад тых часоў захавалася некалькі варыянтаў герба. Выява «Пагоні» была размешчана на пячатках розных устаноў БНР.
Ігар Марзалюк:
Беларускія здраднікі, які прыехалі з немцамі ў акупаваную сталіцу Беларусі, адразу, явачным парадкам, пачалі выкарыстоўваць «Пагоню». У аснове іх «Пагоні» быў пакладзены адзін з варыянтаў герба БНР. Менавіта ён быў афіцыйна зацверджаны ў якасці эталона Вільгельмам Кубэ 27 ліпеня 1942 года.
Ігар Марзалюк:
Гэты варыянт «Пагоні» выкарыстоўваўся на кукардах галаўных убораў беларускіх паліцаяў, пазней, са стварэннем 21 снежня 1943 года марыянетачнай Беларускай цэнтральнай рады – на яе бланках, пячатках і штэмпелях. Існавалі і іншыя варыянты «Пагоні» ў спалучэнні з нацысцкай сімволікай на аусвайсах-пасведчаннях БНС (Беларускай Народнай Самапомачы). Свой варыянт «Пагоні» з круглым шчытом выкарыстоўвала вайсковая камісія Беларускай цэнтральнай рады, адказная за стварэнне вайсковых фарміраванняў, у тым ліку СС, з этнічных беларусаў у 1944-1945 гадах.
Пасля распаду СССР з палітычнай карты свету і абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь герб «Пагоня» нават атрымаў на пэўны час статус яе Дзяржаўнага герба (1991-1995 гады). Падкрэслім, гэты герб быў новатворам, адмыслова створаным у той час і распрацаваным беларускімі мастакамі. Ён не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ані разу. Як не з’яўляўся экстрэмісцкім і нацысцкім сімвалам.
Раней. Да апошняга часу. Бо сёння менавіта гэты герб, як і герб БЦР, актыўна выкарыстоўваюць беларускія неанацысты і экстрэмісты. Тыя, хто браў самы актыўны ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту ў 2020 годзе. Тыя «героі», якія пад гербам 1991-1995 гадоў паехалі забіваць на Данбас у 2014 і ваююць там зараз, мараць праліць кроў на нашых беларускіх вуліцах. Я пра так званы полк Каліноўскага і іжэ з імі.
Ігар Марзалюк:
Але сёння мы гаварылі не пра іх, не пра блюзнераў і злачынцаў, не пра здраднікаў. Мы казалі пра нашых вялікіх продкаў, стварыўшых сваю магутную дзяржаву. З самым дасканалым правам у Еўропе XVI стагоддзя – Статутам ВКЛ 1588 года. Пад знакам «Пагоні». Гістарычнай «Пагоні», якая ўвасабляла сімвал абароны Айчыны. Той «Пагоні», гістарычнай, нашай, агульнабеларускай. Той, пра якую казаў Максім Багдановіч, што яе «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць».